кніга |
Пэтэр Гандке
|
Ты пойдзеш
Пачатак успаміну Тады, сказаў мой брат, я нібыта сядзеў ля печы, утаропіўшыся ў полымя. Калі ён прыйшоў, яшчэ мераскацеў дождж, яшчэ не занялося на дзень, ён узышоў ззаду на пагорак, не зважаючы на драцяную агароджу ступіў на поле, і дрот падрапаў яму твар; ён пабег уніз праз поле, а яно тады было ўжо пад папарам. Гразь і прыгнанае ветрам гнілое лісьце ліплі да падэшваў; крок за крокам ён набліжаўся да дому, перад дрэвамі ён зноў рушыў подбегам, бег па траве, па дарозе; на гэты бок дарогі ён, не спыняючыся, абцёр з падэшваў зьлева і справа камякі калу і папраставаў уздоўж мура да складанкі дроў. Там ён прасадзіў нагу ў шчыліну між паленамі і спачатку ўроскарач, а потым выпрастаўшыся падаўся па складанцы ўверх, імкнучыся як мага хутчэй ужо цяпер нешта там убачыць у доме за падвойнымі шыбамі — і нібыта ўбачыў! Казаў, быццам убачыў, што нехта сядзіць перад агнём, быццам убачыў, што ўнутры на ложку перад агнём сяджу я. |
|
Ён сказаў, што я быццам бы так стуліў плечы пад пашкуматанай на палоскі кашуляй, што цёмная скура спаміж вузкіх вострых складак матар’ялу, якія набягалі промнямі ад напятага на сьпіне месца аж на рукавы, у спалучэньні зь сьветлым матар’ялам паласаціла сьпіну, а рукі так цесна абхоплівалі грудзі, што Ганс бачыў, як кончыкі пальцаў на сьпіне ўсё больш сьціскаюць кашулю, а пазногці ў вугальных плямах напалавіну пабялелі ад усё больш напятых маіх самаабдымкаў, і таму што яны, як ён сьведчыў, тым больш заглыбляліся ў скуру, чым даўжэй я душыў у абдымках сваё цела, — з гэтае прычыны яны прыцягвалі да рэбраў разам з матар’ялам і скуру. Аднак я ня рухаўся; глыбака апусьціўшы галаву, натапырыўшы ўперад вострыя плечы, якія мала не датыкаліся да вушэй, я сядзеў напалову ў выгіне матраца, напалову на краі ложка, наўскасяк прыткнуўшы ногі да краю адчыненае скрынкі, на дне якой ляжалі шуфлік і пакрышаны вугаль, і адстаронена глядзеў на полымя. Сьпярша ён (так ён казаў) прыняў мяне за другога. Ён кінуў позірк на тапчан, на якім надоечы спаў з другім братам, але там нікога не было. Доўгі час ён разглядваў пусты ложак. Потым тлумачыў — здавалася, што на падушцы ляжыць чыясьці галава, але хутчэй за ўсё яго ўвялі ў зман водбліскі агню, якія так і скакалі па сьценах. Ён зноў засяродзіўся, пачаў другім разам аглядаць пакой і яшчэ раз зірнуў на мяне. Ён бачыў, як напята прасоўваюцца пальцы, усё больш бялеюць пазногці. Ён бачыў парэпаную ад рыхлага сухога бруду скуру. Адвёў позірк. Паглядзеў вобмельгам на дзьверы. Яго позірк кінуўся прэч ад пустых дзьвярэй, вярнуўся да агню. Ён глядзеў на полымя, якое ў сталай суладнасьці з рытмам цягі то імкнулася ўсьлед за ветрам сваімі зьвівамі, то застывала, трымаючы штыль. Адразу твар шырака паехаў–глянуў праз шыбу на край мура, але там знутры з–за двайнога шкла пасоўваньня расплюснутай на шыбе шчакі не было чуваць. Ён стаіўся, закінуўшы назад галаву, і ўзорыўся на выступ даху; яго рука на хаду ўхапіла гзымс над акном, як на тросе выважыла цела, ён выпрастана ўкленчыў на складанцы і наўскось глядзеў на мяне праз даўгія сьляды пальцаў ды шырокую палоску ад шчакі на засмужанай ад пылу шыбе. Я якраз рэзка прыняў ногі з краю скрынкі і паўкругам перамясьціў іх, добра бачныя спачатку, потым ахінутыя цемрай перад сьветлым зыркім агнём, потым зноў сьветлыя ў цёмным пакоі, назад на сяньнік, які яны пры дотыку ўкінулі ў траскучае полымя. Так вось ён нейкі час бачыў галаву таго, хто сядзеў, збоку; ён знаў мяне, таму і пазнаў. Ягоная рука каўзанулася з гзымсу. Ён перанёс цяжар цела на пяткі і схаваў галаву за шырокай сярэдняй рамай; ён прыклаў выгнуты тыл далоні да ілба, распростаў далонь, прасунуўшы яе паміж шыбай ды ілбом і зафіксаваў позірк на мне. А я між тым нібыта павярнуў твар да календара над пустым тапчаном, але вочы, пукатасьць якіх была яму заўважнай збоку, нічога ня бачылі. Не зьмянілася і пастава рук. Цяпер ён чакаў паставаў паўторнага засынаньня. Пальцы адпусьцілі кашулю на сьпіне, пакінуўшы потныя сьляды, рукі, так і не расчапіўшыся, абсунуліся на жывот, верх тулава хіснуўся назад на жалезную бакавіну ложку. У той час як я неадрыўна глядзеў на каляндар, брат мой пачаў шкрабаць пазногцем вялікага пальца па шыбе. |
|
Я не адразу паглядзеў у акно. У той час, калі ён карачыўся і пластаўся на кострыку дроваў, я сонны да зьнямогі сядзеў на траскучым саламяным матрацы. Толькі пасьля таго, як ён укленчыў і ўсьпёрся рукамі на толь, я, быццам гук дасягнуў мяне толькі цяпер з далёкай адлегласьці, пачуў шаргатаньне пазногця па шыбе: спачатку глухі гук бяз рэха, зь якім пазногаць стукаў аб шкло, потым рыпучае церце аб шыбу, нібы па драўлянай падлозе валачылі цяжкую шафу альбо скрынку. Я паволі павярнуў галаву да шыбы і нібыта пачаў глядзець у той бок, а мой брат выціраў кулаком з шыбіны пару ад рытмічнага свайго дыханьня. Ён стаіўся. Я, здавалася яму, глядзеў на акно, а ён глядзеў на мяне; калі я ўдыхнуў паветра, твар мой звузіўся, але не таму, што я ўгледзеў яго, а таму, што я ўсё яшчэ ўслухоўваўся, што цягнуць шафу; дзеля гэтага вочы, зрэнкі якіх цэлілі проста на яго, былі скіраваныя ўнутро на шаргатаньне, сачылі эфэкт слыху. Ужо гэтым ранкам, як сказаў мой брат, я мірганьнем павекаў прыпадобніўся сьляпому і глядзеў як сьляпы. За вакном я ўспрымаў толькі змрочнае неба; з расплывістых плямаў я дадумваў таполі і за полем на пагорку як мяжу паміж небам і зямлёй драцяную агароджу; аднак галаву брата, які за вакном нецярпліва чакаў на мой адказ, я ня бачыў. Як ён сказаў, яшчэ праз колькі часу я ўстаў. Аднак нечакана я пайшоў не да вакна, а да дзьвярэй насупраць, бо ж шафу маглі валачыць толькі тут у доме; мне здавалася, што гук выходзіць з пакойчыка маёй сястры. Я нібыта хутка адняў засаўку. Калі дзьверы адчыніліся, другая рука, якая ўжо націснула ручку, правалілася ў пустку калідора. Цішыня мінулася, зашчэпленая за церце дрэва па дрэве і рыпеньне шарніраў. Яна трэснула ад удару латуні аб парэнчы лесьвіцы. Дзьверы біліся аб парэнчы гучна ўсё цішэй і цішэй; цёрлася валачэньнем дрэва аб дрэва; потым да мяне зноў падплыла і ўсталявалася цішыня. Я выгукнуў у яе і ў цемрадзь нейкае імя, якое, адно што выгукнуўшы, ужо не разумеў. Мой брат пачуў гук голасу; што выгукваў мой голас, было яму невядома; ён зноў пачаў шкрэбсьціся ў шыбу. Нерухомы, без уласнага руху, ён застаўся на ранейшым месцы, ня зводзячы зь мяне напружанага позірку. Я перакрочыў парог і ступіў на бэтон, які сваёй сьцюдзёнасьцю ў момант збасаножыў мяне, і зноў а зноў выгукаў ягонае незразумелае імя; потым я выгукнуў яшчэ гучней незразумелае імя другога майго адсутнага брата, быццам ссоўваньне шафы было ўжо знакам іхнага вяртаньня. |
|
Ён ня мог бачыць, што я ў калідоры стаў на дыбачкі і шукаю на сьцяне кончыкамі пальцаў акенца; але ён бачыў, як ад шкрабатаньня пальцаў кот, які драмаў пад лесьвіцай сярод матыкаў і лапатаў, падняў галаву і расплюшчыў вочы. Мне прыйшло на розум, што я ня чую зумканьня лічыльніка. Толькі тут я ўразумеў, што зьвер з задзёртым хвастом прасьлізнуў праз парог у пакой; галава з тулавам праставала да шыбы. Толькі цяпер я ўспомніў, што ўночы прыляталі бамбіць. У калідоры мой позірк спачатку прыцягнула засохлая гразь, слой якой на бэтонных плітах з кожным зробленым углыбкі ад уваходу крокам усё танчэў; тое самае было і там, дзе бацька атопваўся мінулай ноччу, трымаючы ў кулаку дрот ад газьніцы, што боўталася ля калена дзеля бессэнсоўных пошукаў; там, дзе ён атопваўся, заставаліся бурачковыя калюжкі; яшчэ адбліскваючы з краёў рэчкай, яны пранікалі аж да маіх дзьвярэй і ў мой пакой у зьменлівае, бо вецер гайдаў каптур лямпы, кола сьвятла на падлозе — я адсоўваўся пасьля ягонага стуку, праклёнаў і баханьня ў дзьверы; я спакойна стаяў ля яго ў сарочцы, а позірк майго бацькі аббягаў пакой, не спатыкаючы апроч мяне больш нікога, і яму нічога не заставалася, як, цяжка гледзячы перад сабой, стаяць на адным месцы пасярод пустога пакою зь сьмярдзючай чадам лямпай, якая пахіла зьвісала зь яго рукі. Цяпер там, куды я пазіраў, былі рэльефна адбітыя ў засохлай у міжчасьсі ручайнай гразі абцасы ботаў. |
|
Кот гучна замяўкаў ля вакна. Гук засмактаў мяне з калідору назад у пакой; за шыбай я ўбачыў твар майго брата, і я пазнаў, бо ж я знаў яго. У цябе скура брудная, сказаў я, і ў чорных пісягах. Кожны раз, калі я хацеў засяродзіць позірк на табе, гойсаючыя водбліскі–адбіткі агню, на які я быў дагэтуль утаропіўшыся, гасілі выяву твайго твару. Між тым сьнег, што прагнаў, заступіў дождж, спараджаў у пакоі ўсё большую сьветліню, і яна ўзрастала адпаведна з кожным новым узьвівам завеі. Ён не рабіў мне ніякіх знакоў. І я не рабіў яму ніякіх знакоў. Ён і я ведалі аднолькава добра, што бачым адзін аднаго. Я моўчкі глядзеў на галаву перад полем, да якога яна была так блізка, быццам я глядзеў на яе ў падзорную трубу. Не мяняючы палажэньня пільна ўзораных вачэй, ён абсунуўся тулавам на складанку; на пачатку руху крыху ззаду ад сярэдзіны галавы нахохлілася колькі пасмаў. Яны апалі, перш чым твар зьнік з засягу майго зроку.
|
|
Уцёкі У лістападзе зранку часта ідзе сьнег. Гэтую дзею часта апісваюць так: “Той, хто прачнуўся, і той, хто прачынаецца, глядзіць у акно, каб вызначыць па ступені сьветліні, колькі часу. Звонку ён бачыць, як дождж пераходзіць у сьнег. Кавалак толі, які цэлым слоем споўз з паленаў, бо зь яго, мабыць, нехта скокнуў (кот?), цяпер завальвае шапкай белы сьнег; на месцах, якія яшчэ цёплыя, бо там няйначай сядзела на каленях нейкая цёплакроўная істота, усё яшчэ расплываюцца сьняжынкі. Дождж вось толькі–толькі перайшоў у сьнег. Хмары зьмяшаліся і страцілі форму. Неба аднатоннае. Бачыў ты ці ня бачыў, але вецер перастаў, так што ты ня чуеш анічога. Таполі на краі поля, трава ля дарогі, травінкі на краі поля, засьпетыя зьнянацку хуткай сьнежнай навалай; і таму вось плугу (тут можна было б назваць некаторыя іншыя сельскагаспадарчыя прылады), які пад дажджом, здавалася, дыхаў, цяпер заняло дыханьне. Сьнег падае, але сьняжынак не відаць на фоне хмараў, і ты іх бачыш паасобку толькі тады, калі зірнеш на караставатую кару дрэваў, якая ўсё больш цямнее па меры ўзмацненьня сьнегападу, і яны кладуцца бы пух на кару, але над полем іх не адрозьніць”, і вось зноў яны бачныя паасобку на фоне мокрай цёмнай курткі дзіцяці, якое па барознах бяжыць шляхам, якім прыйшло, наверх, да небасягу, а рукі адстаўлены ад тулава, бяжыць, сьціснуўшы кулакі, якія, бы ўзьвівы ўверх–уніз поля, рухаюцца ўверх–уніз, падэшвы ўтоптваюць у барозны мокрае грудзьдзё, “і ўрэшце ты бачыш, як сьнег зноў раптоўна атуляе падрэзаную плугам зямлю, якая дагэтуль яшчэ ня страціла дажджыстай афарбоўкі”. У назіральніка, які стаіць на прыстаўленым крэсьле перад расчыненым акном, трымаючы руку перад сабой у сьнежным пуху, абсягі імкліва блытаюцца, захрасаюць разам з пустым позіркам унутро, белая роўнядзь неба прасякаецца бурачковай і жоўтай роўнядзяй палёў, белая роўнядзь поля і пажоўкла–жоўтая роўнядзь неба прасякае белыя роўніцы толі на складанцы, на якой нядаўна з–за цеплыні цела (але гэта быў ня кот) растаў сьнег, а белая роўнядзь неба ды белая роўнядзь поля, працятыя толькі дзідамі таполяў, прасякваюць белую пустку вачэй і прарэзваюць ды крэмзаюць на кавалкі белую пустую роўнядзь мазгоў.
|
|
Утойваньне весткі Цяжкая замкавая бэлька зь верхавіны мура трушком і подбегам набліжалася да героя, які ўзыходзіў па сходах з сваёй весткай, яна ўсё бліжэй і бліжэй прасоўвалася да зьвернутай да яе сеткавіцы, яна торкалася туды–назад, у той час як ён усё пашыраўся і разгортваўся дзякуючы так званаму “пошчаку” і “валачэньню” драўляных, падбітых цьвікамі пантопляў па драўляных прыступках; спачатку, як я прыкмеціў адсюль зьнізу, мне, таму, хто падняўся наверх, быў заўважны толькі адзін абчасаны вэртыкальна бок, над ім вузкія як здалёк, так і зблізку ліштвы, на ім паласаты грубы цень ад крокваў, рэзка падсьвечаных зьверху сьвежым сьвятлом з слыхавога акна на шчыце, так што яшчэ ўтоенымі для набліжэньня позірку былі трэскі–задзіры, пад якімі бэлька была яшчэ больш чорнай, і рассыпаныя дзе–нідзе гарошкам чорныя точыны з купкамі парахна пад імі; але потым, у меру таго як торкаючыся і дрыжучы набліжалася бэлька, гэтыя праявы, якія мне дагэтуль толькі ўяўляліся, зь няпэўнага задняга пляну сягнулі на пярэдні, і стаў бачным бязь ценю гарызантальны бок бэлькі, ад якога кроквы наўскасяк вялі да вільчака, і на іх я заўважыў павуціньне, у якім віселі камякі пылу ды спавітыя і высмактаныя мушыныя цельцы. Пакуль я ішоў зь весткай уздоўж бэлькі зьверху па падстрэшшы і дайшоў да сестрынага пакою, ніці павуціньня, якія я ідучы сьцягваў з цэглаў, ляпіліся да рукі. “Маленькае круглае люстэрка адразу ахінулі яе распрасьцёртыя пальцы; ёй нават ня трэ было хаваць насьценнае люстэрка, у якім я бачыў яе плечы”. Але гэтай раніцай я натрапіў на сваю сястру ня ў ейным пакойчыку. Раптам я згадаў, як яна пахне; я згадаў гэтыя пахі, праверыў іх усе. Я праверыў клеевы пах ляку для пазногцяў, пах вадкасьці, пры дапамозе якой яна яго змывала адразу пасьля таго як нанесла і перад тым як нанесьці яго ў чарговы раз, пах астылае рамонкавае гарбаты, якой яна прамывала вочы дзеля большага бліску, пах пірага з назьбіраных пустых пуздрэлачак з–пад пудры, пах “славутай парфумы”, якой яна апырсквала пакой, пах тых падобных да цытрыны яблыкаў, чайны пах адпаведнага ваеннаму часу мыла, якое ляжала ў куфэрку паміж вопраткі, што дасталася ў спадчыну ад маці. Прадметы ў пакоі падаваліся мне бясколернымі і бляклымі, быццам я перад гэтым доўга безь перапынку глядзеў на сонца і быццам я толькі што прачнуўся і ня мог адрозьніваць нічога апроч цемры і сьвятла; аднак потым мне падумалася, што гэта быў агонь, на які я доўга глядзеў там унізе, а потым сьнег, празь які я сьпяшаўся позіркам усьлед за бягучым братам, — гэта яны рабілі мяне неўспрымальным да колераў, так што мне здавалася, што бясколернае ўспрыманьне прадметаў насьміхаецца зь мяне, трымаючы, каб я ня мог успрымаць гэтага сваім асьлепленым полымем, дальтанічным зрокам, у няпэўнасьці адносна таго, што прадметы самі ў залежнасьці ад таго, ці ў пакоі станавілася сьвятлей, напрыклад, з–за павольнага адкрыцьця дзьвярэй, давалі ненатруджанаму воку знак наконт таго, што адбываецца, давалі тым, што пачыналі граць фарбамі і прыстасоўвацца больш рэзкімі контурамі да большай асьветленасьці, якая ўзьнікала хай сабе з–за таго, што за маёй сьпінай бязгучна шырылася пройма некім расчыняных дзьвярэй. |
|
Некранутасьць стала, шафы, камоды і прыбранага ложку здавалася падманлівай. Але я не азіраўся, а стаіў быў дыханьне, каб адным крыкам разарваць цішыню. І тут я пачуў дробны перастук яе пантопляў з боку сходаў, што вялі на падстрэшша. Што яна згубіла на тым падстрэшшы? Я хутка выйшаў з пакойчыка. Яна спынілася і з вышыні сваіх высокіх пантопляў на калодцы паглядзела на мяне зьверху ўніз. Мы абое адразу ўнурылі позірк далоўкі і, не прамаўляючы ні слова, рушылі адзін насустрач аднаму да пачатку сходаў на першы паверх. Яна моўчкі пачала спускацца. Я палез сьледам, смакуючы яе хаду з пошчакам, з наляганьнем на пяты. Я зьбіраў словы, якіх мне забракла, калі я выйшаў зь дзьвярэй ейнага пакою. Ці магу я перашкодзіць ёй пайсьці і займацца тым, чым яна прывыкла займацца? Раскінуўшы газэту, яна сядзіць на кукішках, абапіраючыся на гэтыя пяты, якія я цяпер разглядаю, альбо ў нейкай іншай паставе на кухні перад плітой, трымае раўнавагу, узяўшыся за парэнчы, і разгойдваецца на дыбачках туды–сюды, разьдзьмухваючы агонь і выціраючы сьлёзы тылам далоні. Але калі я прамоўлю вестку, я тым самым магу парушыць гэтую натуральную хаду рэчаў, і ўсё можа памяняцца. Аднак словы выйшлі зь мяне перш, чым я іх вымавіў, асобнымі складамі і літарамі, зразумець якія было не ў маіх сілах; я ня мог прадбачыць, што яна пачала б рабіць, каб я сказаў ёй гэта, я ня мог прадбачыць ні таго, як яна будзе выражаць жах, ні яе пасьпешлівых пытаньняў, ні як яна ў роспачы кінецца прэч. І калі ўжо я ня мог сабе ўявіць гэтага, я бадай што хацеў прадыктаваць сабе гэтыя вобразы словамі, — я пусьціўся за ёй па такім тонкім ільдзе, што нічога не сказаў пра вестку. Калі я маўчаў, і калі маўчала сястра, і калі яна перастуквала пантоплямі, ідучы ўніз па сходах, і калі я спускаўся ўсьлед за ёй, бацька яшчэ гробся цераз трысьнягі.
|
|
Перавоз патанулага брата Калі бацька апавядальніка гробся цераз трысьнягі, па гасьцінцы ішло трое мужчынаў. У той час, як доўжылася яго падарожжа, яны ішлі ад местачковае царквы, дзе да двух зь іх прыбіўся трэці, жандар, да дому, перад якім яны ля сьвінога катуха на прыступках ганка знайшлі двух змучаных цяжкай ноччу дзяцей. Яны ўвайшлі і глуха пратупалі па калідоры і зноў увайшлі і ўсьселіся і сядзелі ля сьцяны ў пакоі, у чаканьні скіраваўшы вочы да дзьвярэй, у той час як бацька апавядальніка гробся цераз трысьнягі, якія ён прыватызаваў, дзякуючы арэнднай дамове зь дзяржавай. Калі ён яшчэ сам сядзеў тут у доме на гэтай самай лаўцы, на якой цяпер сядзелі прыхадні, падымаў адну нагу ў калене і з сапеньнем сьцягаў бот з нагі за ніз халявы, то спачатку якраз абодва першыя, на выгляд цывільныя, у сутоньні ішлі перад і за адной з звычайных у гэтай мясцовасьці калясак па гасьцінцы зь мястэчка Заморск да мястэчка Пустэльнікі. Адзін зь іх потым пабудзіў у мястэчку жандара, калі бацька апавядальніка на таку над хлявом, ужо трымаючы серп у руцэ, пальцамі намацваў у цямрэчы сурдут і блакітныя брызэнтавыя штаны, якія віселі мокрыя ад дажджу на цьвіку на сьцяне; і калі ён кінуў штаны на воз з драбінамі і выгнаў каня з хлява і запрог яго, другі мужчына з разбуджаным ужо жандарам вярнуўся на царкоўны пляц. Бацька апавядальніка закінуў сурдут на плячо, нагнуўся і прыстаў раз ці два на калена, каб падняць лейцы, якія конь, што без прынукі ўзяўся наперад з возам, валок за сабой па брукаваным двары; ён выхапіў з–за халявы пугу і яе дзяржальнам па складох адбахаў па раме воза свой праклён; а ў гэты час жандар ставіў мужчыну, які перад царквой пільнаваў каляску, пытаньні, якія патрабавалі ўдакладненьня пасьля таго, што расказаў першы. Той, каго пыталіся, прыхінуўся ля калёны пад купалам, стоячы нагу за нагу; ён адказваў на сваім драўляным нязграбным дыялекце, не мяняючы паставы цела. Яго спадарожнік у адпаведнасьці з загадам жандара скінуў з каляскі мех, а ў гэты час бацька апавядальніка, разагнаўшы каня, прыціснуў тормаз перад блізкім крутым зьездам. Затарможаныя колы то пракручваліся, то ішлі юзам і кідалі ў твар чалавеку, які сагнуўшыся, улягаў у вагу тормазу і бег за возам уніз па схіле, камякі гразі ды пырскалі бруднай вадой, аж пакуль воз, пасьля таго як колы заблякаваліся, не тузануўся мякка туды–сюды і не пачаў прытанцоўваючы гладка абсоўвацца па дарозе. Чалавек, бегучы, выпінаўся, скалупваў з твару гразь, нагінаўся і адтарможваў, спачатку павольна, размашыстымі, цяжкімі рухамі ўсяго цела, потым лёгка, адно кісьцю рукі паварочваў з пошчакам вагу тормаза ў супрацьлеглы бок, так што воз пакаціўся і падпёр каня, а чалавек, выбягаючы ад сярэдзіны возу ўбок і наперад і дзіка напінаючы левую лейчыну, збочыў па гасьцінцы направа. У той час як бацька апавядальніка з подбегу заскочыў ззаду на воз і апусьціўся на адну з драбін упоперак да напрамку язды, безуважны да ўсяго наўкол, жандар ля каляскі прамовіў словы прызнаньня і кіўнуў галавой. Потым зноў заклалі на павозку мех, жандар зацёр мысам бота ў пясчанік тое, што ён думаў; потым ён прамовіў словы, якія мусілі суправаджаць жэст. Першы мужчына ўступіў у чатырохкутнік паміж дышламі і папярэчынай. Ён зачапіў локцем папярэчыну і выважыў каляску, другі зразумеў гэта як сыгнал, што трэба рушыць, і падабраўся ззаду. Знаёма для вуха выстуквалі і вызвоньвалі колы аб каменьне, потым гук глух і шорхаў шырокімі, гліністымі каляінамі побач з дарогай і губляўся, чым даўжэй кацілася павозка ў тым напрамку, у якім ехаў таксама бацька апавядальніка, перш чым ён павярнуў на дарогу да става, панура седзячы на драбіне пад сьнежнай завейкай і пачэсваючы дзяржальнай пугі лытку ў халяве бота. |
|
Да гэтых двух месцаў дзеі дадалося, пакуль бацька ехаў да става, а мужчыны ішлі гасьцінцам, яшчэ трэцяе месца дзеі, у якім апісвалася, як апавядальнік выйшаў з адчыненага дому і з ганка глядзеў на двор. Пры гэтым ён пільна глядзеў у бок сястры, якая перад ім ішла па двары, пільна глядзеў на яе. З пустым кошыкам на локці яна хутка ішла ўздоўж сьцяны хлява да сьвірна. Безуважная пад час хады, яна раптам павярнула галаву да сьвіранога акна і насьцярожылася, уражана спынілася і разгарнулася да акна ўсім целам. Яна падняла галаву. Яна апусьцілася на калені. Апавядальнік пільна глядзеў на яе. Аднак у той час як яна ўсё стаяла і глядзела, а апавядальнік пільна сачыў за ёю, і ў той час як трое мужчынаў з каляскай ішлі па гасьцінцы, бацька апавядальніка ўжо заматаў ля става лейцы за кусты, нацягнуў брызэнтавыя штаны паверх ботаў і другіх штаноў пад грудзі, прайшоў цераз трысьнёг да дрэва, адшпіліў падцяжкі, адкінуў убок пугу, потым, зашпільваючы і завязваючы гузікі і тармазкі на ўсіх штанах пасьля таго, як справіў патрэбу, залез на хісткую лодку, адчаліў ад берага і пагробся, адштурхнуўшыся вяслом ад слупа, цераз трысьнёг. У той час як трое мужчын з каляскай ішлі гасьцінцам, бацька апавядальніка укленчыў сьпераду на носе на самаробным трапе зь ліштваў, і калені яго прыгрузьлі ў чорнай бугрыстай гразі, якая выступала з–пад няшчытных ліштваў; тым часам, як яны ўсё ішлі і ішлі гасьцінцам, ён, выцяты распростанай трысьняжынай па твары, пракляў, скрыгочучы зубамі, і зямлю, і ваду, і паветра, выкасаваў сярпом з вады вінаватую расьліну, інэрцыя руху штурхнула яго наперад, ён торкнуўся ад сярэдзіны лодкі празь ліштву да зяленіва, хістаючыся, зьбіў трысьнягі ў жмут, пачаў гуртаваць з рэзанкі (так на чужой гаворцы называецца вельмі прыдатная на корм для скаціны вадзяная расьліна) ахапкі, фармаваў зь іх нягнуткімі грубымі пальцамі снапкі, з шумам усьцягваў рэзанку на лодку, ужо згуртаваў другі снапок, вырваў яго пад шоргат і сіпеньне сярпа па–над трапам, перакінуў у лодку, вырваў яшчэ адзін снапок і паклаў у лодку, і яшчэ наступны, у той час як расьліны ў лодцы нечым малочна–зялёным адцянілі яго сьпіну, моцнымі рухамі вёслаў рушыў далей, паставіў рыпучае вясло напоперак ходу лодкі, з–за рэзкага тармажэньня торкнуўся наперад, зноў сеў ямчэй, седзячы — яго рукі трымалі вёслы, а вада зь яго так і сьцякала цур’ём ды кроплямі — чакаў, калі суцішыцца хлюпаньне, апусьціўся на калені, кленчыў там, сьнег на заломе і на бартах капелюша, дым перад безуважна пыхкаючымі губамі; ён сядзеў, чорны пасярод куп’я травы, абвеяны сьнегам, у той час як мужчыны няўхільна ішлі гасьцінцам з каляскай, браў сабе хвіліну спачыну ў трысьняговай блытанцы, у моры трысьнягу, якое зноў і зноў выклікала ў апавядальніка галавакружэньне, блізка каля сябе выразныя абрысы расьлінаў з бурачковымі патаўшчэньнямі, ззаду безаблічная пустэча як глыбакая, блякла–зялёная прастора, у якую з шоргатам і шапаценьнем падае сьнег. У той час як мужчыны ішлі гасьцінцам, бацька апавядальніка пагробся па трысьнягу назад. У той час як абодва мужчыны цягнулі і штурхалі каляску, а жандар выкрочваў побач зь імі, сястра апавядальніка несла цераз надворак у кошыку бульбу для скаціны. У той час як апавядальнік моўчкі назіраў з ганка, бацька апавядальніка глядзеў на п’явак, якія клубіліся ў вадзе. У той час як мужчыны з каляскай падышлі да скрыжаваньня дарог, дзяўчына ля катуха гатавала сьвіньням есьці. У той час як яна запаўняла бульбай чоп у катуху, бацька апавядальніка апусьціў руку ў балотную твань, каб злавіць п’явак. У той час як бацька, растапырыўшы пальцы, разглядваў злоўленую п’яўку, мужчыны спыніліся перад скрыжаваньнем і запыталі, куды ісьці далей. У той час як жандар папераджальна жэстыкуляваў рукамі, бацька высыпаў на п’яўку з кішэні загадзя прызапашаную соль. У той час як апавядальнік з ганку папрасіў дзяўчыну, каб яна дала яму бульбіну, мужчыны падабраліся і павезьлі каляску па дарозе дадому. У той час як сястра апавядальніка узяла бульбіну з катуха і кінула яму на ганак, бацька ў лодцы выняў нож. У той час як апавядальнік перакідваў гарачую бульбіну з адной рукі ў другую і дзьмухаў на пальцы, бацька разрэзаў п’яўку на борце лодкі на дрогкія кавалкі. У той час як бацька апавядальніка пасьля гэтага выціраў нож аб брызэнтавыя блакітныя штаны, а першы мужчына ўбачыў, як вось у завейцы паказаўся дом, і ўсе трое ў згодзе заківалі галовамі, адказваючы на пытаньні, паскорылі хаду і нарэшце дайшлі да брамы, дзяўчына апякла сабе палец аб гарачы запарнік, каровы ў хляве пачалі мычаць ад голаду, а з другога хлява іх падтрымалі сьвіньні. У той час як бацька апавядальніка заматаў ланцуг за слуп, аўтар апавяданьня на ганку перастаў жаваць, убачыўшы каляску. У той час як бацька гробся цераз трысьнягі, у ягонага сына, які ляжаў у калясцы, на аблепленым гразьзю твары ляжаў мяшок, які хай сабе і захаваў смак многіх рэчаў, але яму ні адзін смак ня быў больш даступны.
|
|
Прамова жандара Жандар забясьпечвае ў вёсцы выкананьне законаў; у гэтым яму перададзена частка паўнамоцтваў дзяржавы. Ён прасякаецца гэтымі паўнамоцтвамі звонку тым, што дзе б ён ні ішоў, ён ходзіць у трывалых, дыхтоўных ботах, а ў дрэннае надвор’е мае на плячох тоўсты шынэль; адной рукой ён трымаецца за бляху над каўнерам, а другую падымае ў прывітаньні, якое, як і ўніформа, гэтаксама належыць да фармальнага боку ўлады. Аднак пасьля далёкай дарогі ўніформа ўжо ня тая; карычневыя плямы гразі выглядаюць больш цёмнымі на сьветлым шынэлі і больш сьветлымі на цёмных ялавых ботах. Рыпеньне ботаў, у якіх ён цяпер кіруецца праз двор, вядомае як службовае, але здаецца, што яно яму замінае ў хадзе, таму што ён мяняе крок і цяпер, каб пазьбегнуць гэтага рыпеньня, ступае плоска, ня цягне нагі, перастаўшы напружваць пальцы ў суставах. Але яго боты ўсё яшчэ рыпяць. Двое першых мужчынаў як прыйшлі, так і засталіся стаяць у браме. Трэба ўявіць сабе сястру, як яна па–ранейшаму прыгорбленая стаіць у водблісках агню ля катуха ўнутры чорнага круга, у якім тае вакол полымя сьнег; пара коса падымаецца ад катуха, ад напоўненага з гарой бульбай чопа каля яе ног, ад яе рукі зь вялікім чарпаком і ахінае яе. |
|
Уявім сабе адсутнага бацьку, як ён на беразе става асаджвае каня з возам назад паміж дрэвамі. Заблякаваны воз ідзе юзам. Ён дае назад аж у хмызьнякі, і калі яму гэта не пасуе, то ён проста кулаком паганяе каня ўперад. Пасьля гэтага ён ставіць воз і каня так наўскось да дарогі, што потым яму можна будзе разьвярнуцца. Націснуўшы абцасам, ён заганяе вілы ў кучу рэзанкі і грузіць, выважваючы другім абцасам і рукамі цяжар і адначасна падымаючы зубы вілак; так ён вызваляе зь пераблытанага зяленіва ўзятку за ўзяткай і перагружае пырскаючую вадой траву з лодкі на воз. У той час як жандар ідзе шырокімі крокамі, падыходзіць да апавядальніка, ён бязгучна фармуе губамі словы, якія ўжо падрыхтаваў па дарозе сюды (я аднойчы прачнуўся, ляжаў і слухаў, як бацька ў гасьцёўні што ёсьць сілы біў маці; спачатку я адрозьніваў прывычныя словы, якімі за сьцяной абменьваліся бацькі, і я добра чуў буханьне ўдараў, хоць побач са мной і пачалі ўжо з рогатам і лямантам біцца браты, малпуючы бацькоў; але потым, калі ён пачаў біць мацней, я стаў дранцьвець і здранцьвеў, і кроў зашумела ў жылах і аглушыла мяне, так што я перастаў успрымаць усялякі шум і мог чуць толькі шалёную кроў у сабе). Жандар пытае мяне тройчы, у той час як я аглушана прапускаю міма вушэй ягоныя словы, ці такое ў мяне імя, — пакуль я нарэшце не пацьвярджаю гэта. Тады я без запытаньня кажу, што бацька паехаў да става, — каб не сядзець проста так і не глядзець моўчкі на гасподу: ён мусіць хутка быць, працягваю я; і папраўляюся — мусіў. Гарачая бульбіна апякае мне руку. Бацька апавядальніка адмотвае лейцы ад куста, валачэ іх, ідучы ўздоўж воза, заскоквае, але яшчэ скачучы ўзгадвае пра нешта іншае, зноў саскоквае, тупае па мяккім дыване травы да дрэва з цыбулінападобнай адзнакай патрэбы на кары, падымае там забытую пугу, глыбака засоўвае яе за халяву, перад тым як цяпер заскочыць на воз, зноў выцягвае яе і хавае за халяву толькі пасьля таго, як усеўся шырака раскінуўшы ногі на самым версе стога. Конь ужо выцягнуў яго і калёсы з дрыгвяністых каляінаў. Тая, што адтуль уцякае, гэта мая сястра, рапартую я. Жандар дае знак мужчынам, патайно махаючы рукой. Хоць яны і рушылі з каляскай ад брамы, уражаньне такое, што яны ня рухаюцца; няйначай кручэньне зямлі падганяе іх, застылых, да мяне; чым бліжэй іх падганяе, тым больш падае на безабаронныя вочы мех у калясцы, на якім ужо зьявіўся сьнег. Нязьменна траскочуць і грукаюць па каменьні і па грэблі розныя колы розных вазоў. Бацька заціскае верх люлькі паміж указальным і вялікім пальцам і закладае ды набівае ў яе кончыкам вялікага пальца вільготны тытунь. Ён нагінаецца, запальвае і падносіць да тытуню збоку запалку і зацягвае пад каптурком згорнутай рукой доўгае перакрыўленае полымя запалкі ў галоўку люлькі. Нерухома, ня гледзячы на бярвеньні грэблі пад коламі, сядзіць ён там на стозе і выдыхае гарызантальны дым у вэртыкальна падаючы сьнег. Ён хутка будзе тут, паўтараю я, у той час як за мной глуха праходзяць па калідоры ў пакой мужчыны з закрытым грузам. |
|
Тым часам бацька супроць маёй волі нацягвае лейцы і спыняе каня. Ён злазіць шырокім бокам з воза і, паклаўшы растапыраныя далоні на сьцёгны, прыжмурыўшыся, дасьледуе задняе кола. Аберуч ён згінае і выломвае з кустоў алешыну і скалупвае з тармазной калодкі гразь, ужываючы алешыну як вагу. Жандар не адступаецца. Ён нават падвойвае колькасьць пытаньняў, ходзячы па пакоі ўзад і ўперад. Ён сунімае рыпеньне ботаў тым, што спыняецца. Калі, стоячы, ён больш ня можа выносіць свой рыпучы голас, ён зноў загадвае сабе безупынна хадзіць, і перашкаджае, і заглушае рыпучыя боты, даючы азвацца свайму рыпучаму голасу, дэманструючы яго тым, хто слухае, а таксама ўсебакова дасьледуючы яго прамоўніцкае ўзьдзеяньне, аднак ён ня можа ім прымусіць устаць тых падарожнікаў, што сядзяць ля мура, альбо дабіцца ад іх таго, каб яны, зьлітаваўшыся над ім, прыйшлі яму на дапамогу нейкім малазначным балбатаньнем, — абы бавіць час. Тады ён здаваляецца тым, што сыпле мне свае пытаньні як гарох аб сьценку: быццам яму вядома, што гэта мой брат Матт; для яго навіна, што прапаў мой брат Ганс; і што яго не датычыць, дзе я, апытваны, быў дзень таму назад; ягонае заданьне, тлумачыць жандар, устанавіць, чаму “яму не была даведзеная да ведама нічым не вытлумачальная адсутнасьць двух братоў”; што там думае сабе мой бацька (альбо хто там яшчэ павінен адказваць за гэта), задзірыста крычыць ён з самага аддаленага кутка пакоя, — гэта абсалютна няважна, пра гэта зусім няма чаго гаварыць, пра гэта можна забыцца. Быццам ты быў абсалютны нуль! — вылятае зь яго рота апошні сказ якраз тады, як ён утаймоўвае свае неспакойныя крокі і нарэшце спыняецца. Быццам усё не магло быць зусім іначай! — раззлавана пачынае сварыцца ён ізноў, і напяты твар яго сьведчыць пра незадаволенасьць. Быццам няма спосабаў і сродкаў! — выбухвае ён і адразу, ледзьве кінуўшы з акна на безуважна сядзячых чужаніцаў гэтыя падазроныя словы, зноў занурваецца ў нерухомасьць і маўчаньне, у якім ён, баязьліва касавурачыся наўкола сябе, ідзе супольна з гэтымі зьнерухомленымі сьледам за сваімі вольнымі думкамі. Між тым бацька зіркае на боты, змрочна ашчэрыўшыся, цыркае праз зубы на гуму. Ён пачынае ўспрымаць глухі перастук колаў. Воз з грукатам перакатваецца зь бярвеньняў грэблі на бярвеньні мосту. Пераехаўшы мост, ён услухваецца ў такі ж вядомы, як чвяканьне і ўздыханьне, гук капытоў у гразі, у зьвяганьне ланцугоў, у ёканьне ў конскай утробе, у знаёмае шаргатаньне сьняжынак у сухой лістоце кукурузнага поля. Ён кіруе да пад’ёму. Стромкасьць асаджвае яго назад і прыціскае сьпінай да дзяржальна вілак, якія тырчаць у стозе. Ён вызваляецца, грабучы рукамі і нахіляючы тулава да каленяў. Потым ён расставіўшы рукі ўпіраецца ў драбіны і ашчапервае пальцамі папярэчкі. Над кожным крокам каня вымахвае ўверх яго галава. Мой бацька падымаецца на ногі і збоку саскоквае з возу. Ён кульгае ўперад да каня, хапае яго за цуглі і прэ ўверх на гару. У каня з–за цяжару задзіраецца ўверх галава; цяпер ён стаіць тут бы на паказ з жоўтымі, у шматках пены зубамі, танцуючы на двух нагах, быццам ён хоча служыць, — а потым з стогнам і жаласным рыпеньнем воз, віляючы з боку на бок, валачэ яго, хоць ён і прыпаў на калені, улучна зь нязгодна ўпёртым чалавекам, кулак якога, бо ён так дзіка ўхапіўся ўсёй даланёй у грыву, ператварыўся ў лапішчу, у кувалду, — у адваротны сьвет уніз па дарозе. Я бачу іх зноў ля падэшвы гары. Рухомая пярэдняя вось вывернула воз на ўзаранае поле. Прыпадаючы на ногі, чалавек абыходзіць каня і вялізнымі крокамі прастуе праз поле аж да круглага бруса, да якога прыкаваная гэтая праклятая ручка гэтага праклятага тормаза; ён нагінаецца да яго і прасоўвае пад брус, падабраўшы ногі і сплёўшы пальцы рук, спалучаныя далоні. Нейкі час ён разважае, стоячы ў гэтай падрыхтоўчай позе, потым распростваецца і вырашае інакш. Не марудзячы ён падскоквае да незацуглянага каня і цугляе яго, безь нічога ніякага расшчымляючы яму пашчу ланцугом. Пасьля гэтага ён паляпвае яму даланёй па шыі і адначасна, хутка ведучы руку з цуглямі ўперад, спрабуе адным скачком вымыкнуць каня і воз з ральлі; ягоная рука не абмякла ў нямогласьці і не апала, яна цяпер знаходзіцца паміж ягоным нахіленым і наструненым у бок руху целам і напятымі цуглямі; яна цяпер цягне, у той час як бацька, твар, грудзі і калені амаль паралельна да зямлі, памыкаецца праз сустрэчную завею па полі, каня, падскокваючую фурманку і цела, да якога яна сама належыць, пад дзікую бесьперапынную лаянку, якой не дае рады нават задышка, да выратавальнай дарогі. Там бацька спыняецца і з зацятым выразам твару аглядаецца на дарогу. Яго позірк падае на люльку, якую ён вытрас з сурдуту, тупаючы па ральлі. Ён пускае цуглі, зачапляе нагой камень, вядзе яго, рухаючы то адным ступаком, то другім, пад задняе кола. Левую руку засунуўшы ў кішэнь, а правую трымаючы напагатове, каб пацягнуцца за люлькай, ён, згінаючыся ў каленях, ставіць ногі на пахіласьць і чэзьне і зьнікае, скурчваецца і сыходзіць на нішто цяпер вось у напрамку ўніз і зьнізу ўверх перад маім няўхільным унутраным вокам ажно пад зямную кулю. Але перш як яму зьнікнуць канчаткова, сапеньне каня і скрыгатаньне колаў, якія пераехалі камень, зноў выкрываюць яго. Пальцы намацваюць у паветры люльку, у той час як астатняе цела ўжо пасьпяшае наперад, пераймае цуглі, абшчапервае грыву, дробна ўпіраецца ботамі ў зямлю, пускае вось цуглі і грыву; аддаючыся цязе воза, губляецца само перад сабой ува ўладзе прыцягненьня зямлі, з возам, збруяй ды палахліва іржучым канём, у якога з–пад капытоў сыплюцца іскры як ад жалезнага абруча; перш як пакласьціся, ён трушком прароблівае свой шлях. Між тым жандар улоўлівае слыхам, што апавядае адзін з мужчынаў пра падзею, якая прывяла іх сюды. Пасьля кожнага сказу апавядальнік адварочвае галаву, не прымаючы яе ад мура, на які яна ўсьпёртая, у бок другога мужчыны, што побач зь ім на лаўцы, і паўтарае ўбок для свайго спадарожніка тое, што яны абодва, бо ж былі яны разам сьведкамі, і бяз гэтага ведаюць; ён гаворыць да спадарожніка на нетутэйшай, незразумелай гаворцы, хрыпліва і керхаючы выходзяць гукі зь яго глоткі, да таго ж ён, размахваючы рукамі, паказвае жандару, як яны сябе паводзілі. Ён паказвае, як яны, нічога не падазраючы, пасьля работы ішлі сабе сваёй дарогай, ён даводзіць жандару, робячы твар бесклапотным і вясёлым, што ім спадарожнічалі шчырая радасьць і сонца; потым з кожным разам твар яго азмрочвае нешта такое, што адкрывае нейкую жахлівую праўду; словы, якія похапкам сыплюцца зь яго вуснаў, аж запінаюцца адно аб адно, ён вымаўляе цяпер з кеханьнем і падвываньнем, аж пакуль ён і ягоны спадарожнік, які падвываючы пацьвярджае яго словы, ад усьведамленьня таго, што яны там мусілі пабачыць, не хапаюцца рукамі за галовы. Ён ня хоча нічога прыхарошваць, іхны лямант перабівае ад печы жандар — такі ўжо выпаў час, што ты нават як прыватная асоба ня можаш не прыходзіць да такіх думак, якія — тут ён, не даючы сябе перабіць, груба павышае голас — як і ўсё маюць свой зваротны бок, а менавіта, зьбірае ён у адно разрозьненыя словы і сказы, што табе, хочаш ці ня хочаш, а зойме слых і зрок! Нецярпліва глядзіць ён пасьля гэтай натацыі на аціхлых мужчынаў, якім адваротныя бакі думак азмрочана заходзяць і выходзяць праз адкрыты рот. Якраз тут перайшоўшы ад аднаго да другога, супакоена закончыў сваю прамову жандар. Бацька кленчыць на ральлі, упёршы адну нагу ў баразну, і прыціраецца плячом да перакуленага возу. Зьверху з дарогі ягоныя рухі з–за глыбіні сьнежнай белі здаюцца цельпукаватымі і нягеглымі. Бакавіна возу, якая вольна вісіць у паветры, зноў кратаецца за зямлю, калі ён падбіраецца пад другі канец возу і каленам выважвае яго з поля. Ён зноў ставіць воз на самога сябе, верхнюю частку наверсе, а ніз унізе. Уклаўшы дошкі і прыставіўшы драбіны, ён накідвае траву. Ён убівае ў купы травы зубы вілаў; на вуліцы чутно шаргатаньне сьцяблоў. Ён абчэсвае збоку лішак травы і чапляе абчасанае на вілы. Ягоны твар торгаецца і курчыцца, і ў роце відно шэрагі зубоў. Раз ужо сястра ідзе да яго ўніз з дрыжыкамі ў каленях, то яна можа гэта чуць; яна магла чуць, як ён крые. Мабыць, там нешта з канём здарылася, кажу я. Раптам бацька ўвесь зайшоўся ровам. Што там такое? — пытае жандар. Нічога, кажу я і адхінаюся на навыперадкі апавядаючых мужчынаў, так што жандар задуменна губляецца ў сваіх развагах. Бацька жыватом сьпёрся на воз і малоціць кулакамі па траве. Калі сястра перадае яму вестку, ён нутрана ўзвывае, раскідваючы ў бакі шарготкую траву. Аднак жа яна сустрэла яго на дарозе, апавядала сястра. Калі ён убачыў, што яна падбягае, ён нават не спыніўся; толькі калі яна памалу паднялася ззаду на едучы воз, ён суцішыў бег каня і хутка прытармазіў; калі яна потым паўзла да яго па купе травы, ён паволі павярнуў бараду да пляча і паглядзеў на яе; так вось седзячы за ім, заглыбіўшы рукі ў шорсткія сьцёблы, каб не спаўзьці, яна перадала яму вестку. Тут ён спыніўся. Аднаго дня перад гэтым, апавядаў ён пазьней, калі ён быў п’яны, ён бачыў, як яго сын, у якога на той час валасы, як ён ляжаў пад мяшком, былі яшчэ застыла–сырыя, стаяў на каленях з сваімі братамі адразу за парэнчамі балькону; адзін перад другім, але кожны быў заняты сам сабой, і яны праз выразаную ў дрэве дэкаратыўную адтуліну па загадзя разьлічанай траекторыі цалялі сваім струмянём у двор; выйграваў той, хто даставаўся найдалей. Матт, на чыім твары цяпер як знак адсутнасьці жыцьця напялася заглыбленая вэртыкальная баразна паміж сьценкай носу і сярэдзінай верхняй губы, так што зусім гладкія скура і мяса цяпер як у заколатай сьвіньні адстаялі ад запалага рота і зубоў, быў сярод нас трох пераможцам. Сястра сказала, што бацька сядзеў ціха так, пакуль яна зь ім сядзела. Потым ён торгнуў лейцы і зноў рушыў.
|
|
Шолахі Гарачы вецер гоніць пыл у акно. Я чую шолах фіранкі. Я чую шолах пяску, які б’ецца аб шкло. Я чую шолах адчыненай шафы. Я чую шолах мокрага лісьця на дрэвах. Я чую шолах травы пад дрэвамі. Я чую шолах колаў вэлясыпэду. Я чую шолах дроту паміж таполямі. Я чую шолах абруча, які вісіць на адрыне. Я чую шолах мокрага адзеньня на дроце. Я чую шум дзьвярэй сьвірна, якія стукаюць аб дрывотнік. Я чую шолах едучага цягніка.
“Сьведчу, што я тады сядзеў перад печчу і ўтрапёна глядзеў на агонь”.
Аповед сястры Мая сястра праз расьцярушаныя крылы молі глядзела ў адчыненую шафу. Часта ўвечары, падаўшы на стол вячэру, яна падымалася ў адведзены ёй пакой і там бавіла час перад трумо, пакуль яе ў выпадку неабходнасьці ня клікалі зьнізу. |
|
Тады яна спачатку безуважна глядзела на моль паміж пальцамі, якая несла на сьпіне чорна–кружлясты панцыр. Двума меншымі пальцамі абедзьвюх рук яна асьцярожна расчэсвала чатыры крылы; чатырма пальцамі яна расьцягвала, распрасьцірала гэтыя чатыры крылы, два малыя вузкія і два вялікія, якія былі пад імі. Яна адпускала з аднаго боку пару крылаў, так што моль, пырхаючы, ападала на другія пальцы. Яна нюхала пыл на руцэ і глядзела, усё яшчэ зблізку, нахіліўшыся, на дзьве суседнія кулі, якія былі галавой молі, і на чорны пункт пасярэдзіне галавы. Двума пазногцямі абодвух пальцаў яна пазбавіла моль абедзьвюх галоў, потым яна зноў разьвінула паміж пальцаў яе крылы. Гэта і ёсьць часіна, калі яна праз расьцярушаныя крылы глядзіць у шафу. Яна адкідае ад сябе моль. У чорным шорсткім строі яна адкідваецца на сьпінку крэсла, у той час як зрэнкі вачэй, пашыраючыся, патанаюць у зманлівым цальнягу шафавае цямрэчы; пад зыркім электрычным сьвятлом, якое зноў уключылі ўвечары (бамбіць больш не прыляталі), яны разглядаюць нерухома павіслыя кадаўбы вопратак і змрочна занавешаную, ахінутую тайнай прастору за імі, якой, здаецца, нідзе не схавацца ад яе позіркаў. Глыбіня прасторы, у якой блукае яе зрок, цяжарам кладзецца ёй на галаву, вочы пачынаюць гарэць; хутка, быццам заклён, яе вусны вымаўляюць слова. Нарэшце вобраз вопратак і засмоктваючай прасторы за імі замыкаецца ў яе галаве на адпаведны запас назоваў, і яна пачынае распазнаваць і называць прадметы. Паліто, прас, моль і пыл. У той час як яна, пазбаўленая чараў гукамі, якія яна прамаўляе, водзіць вачыма навокал, яна працягвае агучваць назовы: акно, мур, дзьверы, ручка, печ, іржа, агонь. Куфэрак, люстэрка, ложак, люстэрка. Адбітак пальца рукі. Адбітак пальца рукі на люстэрку. Яна пачынае сьмяяцца і разглядае свой твар, што сьмяецца. Сьнег, камень, вада. Лёд, цьвік, дошка. Вада, мех, пясок. Калі яна падымаецца і кіруецца ў шорсткім матчыным строі да акна, яна чуе з хлява несумерны зь яе разьмераным поступам грубы звон ланцугоў і шаханьне корму ў каровіных зяпах. Яна хапатліва вяртаецца і проста з руху, якім ідзе назад, апускаецца перад вялікім люстэркам на калені. Тут яна чуе ўжо і мармытаньне людзей, якія моляцца ў пакоі пад ёй. Яна падымаецца. Яна крочыць да шафы, закрывае і замыкае яе нутро. Потым яна кіруецца да люстэрка, якое пажоўкла вісіць на сьцяне, і паварочваючыся паволі закідае назад галаву. Паволі закідваючы назад галаву, яна насуперак павароту касавурыць вочы да люстэрка. Разам шырака разяўляецца рот. Адвальваецца сківіца. Пачынае загладжвацца баразна паміж носам і губой. Аднак паколькі яна пра гэта нічога ня ведае, то яна зноў нахіляецца наперад і, не адрываючы позірку ад люстэрка, кіруецца назад да крэсла, бярэ яшчэ адно люстэрка. Яна зноў кіруецца да люстэрка, якое вісіць на сьцяне. Яна падымае другое люстэрка. Яна паварочвае твар і разглядае ў другім люстэрку, што трымае воддаль сябе, як праз паступовае заплюшчваньне павек узьнікае і адбіваецца ў люстэрку на сьцяне профіль. Яна разглядае ў люстэрку адбіты разяўлены рот і гладкую порыстую скуру паміж насавой перагародкай і сярэдзінай верхняй губы: тут раней была вэртыкальная вышчарбленая баразна. Яна глядзіць на вобраз, які яна стварыла ў люстэрку паводле свайго брата. У яе атрымліваецца скапіяваць патанулага. Яна зусім блізка падыходзіць да адбітка, так што люстэрка затуманьваецца ад дыханьня, і ў той час як пальцы выціраюць запацелае шкло, яна цікаўна разглядвае няспынна выцісканыя з глоткі лямант і галашэньне на перакошаным твары. Стол. Акно. Крэсла. Акно, стол, крэсла. Крэсла стол акно. Акно: акно: акно!
|
|
Як здарылася тапельства Апавядаю я. Я быў найстарэйшы з трох братоў. Мы былі сынамі нашага бацькі і нашай маці, якую я згадваю як зычлівую і прыстойную жанчыну. Прыйшоў той час, калі мы звычайна хадзілі ў школу. Туды мы ішлі сьцежкай ля рэчкі. Іншым разам мы галасавалі малакавозу на гасьцінцы; пазьней шафёр пачаў спыняцца сам, калі ён бачыў, што мы ідзём альбо стаім. Ён чакаў, пакуль мы не залезем па колах цераз борт і ня ўсядземся паміж бідонамі на свае ранцы. Але часьцей за ўсё малакавоз праяжджаў раней, чымся мы выходзілі з дому на гасьцінец. Тады мы звычайна зрэзвалі дарогу, паварочваючы з гасьцінца і ідучы цясьнінай уздоўж рэчкі. Школьны будынак знаходзіўся ў мястэчку Заморск. Школа больш блізкага мястэчка Пустэльнікі год таму згарэла. З гэтай прычыны ўсе дзеці школьнага ўзросту мястэчка Пустэльнікі мусілі хадзіць на заняткі ў Заморск. Пазьней, калі вайна закранула і школу ў мястэчку Заморск, дзеці школьнага ўзросту мястэчкаў Заморск і Пустэльнікі мусілі хадзіць у школу мястэчка Ўзвышанск. Мястэчка Ўзвышанск, якое дзякуючы афіцыйнаму статусу было горадам, знаходзілася ў напрамку на поўдзень за столькі і столькі кілямэтраў ад мястэчка Заморск і за столькі і столькі кілямэтраў ад мястэчка Пустэльнікі. Адлегласьць населеных пунктаў адносна адзін другога і іх месцазнаходжаньне зь цягам часу не зьмяніліся. Яшчэ пазьней, незадоўга перад канцом баявых дзеяньняў, пасьля таго як у сэкулярызаваным кляштары мястэчка Пустэльнікі былі зычліва адбудаваныя некалькі памяшканьняў, дзеці школьнага ўзросту гэтага мястэчка пачалі хадзіць на заняткі ў абацтва, у той час як асобы, адказныя за выхаваньне дзяцей школьнага ўзросту мястэчка Заморск, былі пастаўленыя перад выбарам, пасылаць дзяцей у школу мястэчка Пустэльнікі, якая знаходзілася на поўнач у столькіх і столькіх кілямэтрах ля гасьцінца, альбо ў школу мястэчка Ўзвышанск, якая знаходзілася на адлегласьці, якую можна вылічыць, на поўдзень ля асфальтаванае дарогі. Большасьць спыніла выбар у няпэўныя часы, калі ніхто ня ведаў, што мог прынесьці наступны дзень, на мястэчку Пустэльнікі, якое ня мела права гораду, не гаворачы ўжо пра пэрспэктыву стаць жаданай мэтай для паветраных атакаў з прычыны існаваньня на сваёй тэрыторыі небясьпечных ваенных лягероў; мястэчка нават страціла права праводзіць рэгулярны кірмаш. На дарогу ў школу было тры прыказкі, якія былі ў сталым ужытку: Я іду ў кляштар. Я выпраўляюся за мора. Я іду ўніз на ўзвышша. Я пачынаю апавядаць яшчэ раз. Звычайна мы хадзілі ў школу ўздоўж рэчкі. Але аднойчы, у лістападзе, мае браты пайшлі адны. Школьная ўстанова знаходзілася тады ў мястэчку Заморск. Але яны пайшлі не ў мястэчка, а спачатку прабавілі дзень на ставе, дзе яны ламалі трысьняговыя пачаткі і падымалі з трысьнягу фазаны, дзікія качкі ды іншую дзічыну, потым у палёх паміж мястэчкамі, дзе яны раздушвалі ляжачыя дзе–нідзе гнілыя гарбузы і кідаліся наўцёкі з пакрадзенай бручкай. Можна было б працягваць у гэтым жа духу, апавёўшы, што ў апошні раз іх бачылі разам, калі яны дзесьці ўжо пад вечар, перш як пачаўся дождж, выйшлі з кукурузы, падняліся ўверх па адхоне да гасьцінца і на пэўнай адлегласьці адзін ад аднаго (як кінуць каменем) сядзелі на прыдарожным бардзюры і жавалі скрадзеную бручку. Гэта ўсё толькі прыклады. Прыкладам будзе й тое, калі я скажу, што іх бачылі з аўтамабіля, які спачатку праімчаўся з мястэчка Пустэльнікі ў накірунку на мястэчка Заморск. Пад час гэтай першай паездкі, як было расказана, іх бачылі, калі яны якраз выбеглі з кукурузы, знаходзіліся на адкрытым месцы і, чэшучы галовы, выглядалі нешта ў паветры і ўслухваліся ў гудзеньне. Такімі іх бачылі, аднак, толькі на працягу шчаўчка фотаапарату, таму што як толькі яны пачулі шум, які стаў узмацняцца, яны адразу зашыліся ў кукурузу і акрылі галовы рукамі, у той час як гудзеньне скокнула ад гарызонту і заспакаяльна прымацавалася да аўтамабіля, чые шыны з скрыгатам і грукатам выстрэльвалі друз з шашы ў поле. Цяпер яны самі, падняўшы галовы, назіралі праз голыя сьцёблы кукурузы пыл, які шыны выдрапвалі з друзу; празь сьцішэньне і заканчэньне гудзеньня зь імклівага аўтамабіля яны чулі аднатоннае безупыннае на высокай ноце выцьцё сабакі. Калі аўтамабіль імчаўся зь мястэчка Заморск назад у мястэчка Пустэльнікі, яны ўжо бесклапотна падняліся па шэрай траве да гасьцінца і спакойна сядзелі ў нейкіх дваццацёх мэтрах адзін ад аднаго на бардзюры. Яны сядзелі, аднолькава нахіліўшыся наперад і моцна заціснуўшы ў руцэ бручку, у той час як рука беспасярэдне перад раскрытым, а шчакавінай яшчэ часткова жуючым ротам адрэзвала тонкія скрылікі і, яшчэ рэжучы, накіроўвала іх лязом да губаў, так што ім толькі і трэба было, што высунуцца ўперад і падхапіць спажыву. Калі браты ў другі раз пачулі гук, падобны да гудзеньня бамбоўцаў, яны ўтаропіліся ў бок, адкуль ён ішоў, і адразу зьнерухомелі, быццам уцятыя. Нязграбна гарбацілі шчаку непраглынутыя кавалкі. Яны дапялі, што аўтамабіль едзе з другога боку сьвету. Яны з натугай дыхалі. Скура на тварах пачырванела. Аднак з аўтамабіля іх убачылі, калі яны зноў узяліся актыўна жаваць; было сказана, што яны харчаваліся, не зважаючы болей на аўтамабіль. Яны не зьвярнулі ўвагі і на сабаку, які працягваў бясконца выць унутры аўтамабіля. Тут пайшоў дождж; каб акрыцца, у братоў былі на каленях сумкі; адзін зь іх якраз акрыўся мешкавінай. Гукалі, што ён устаў, устаючы падхапіў сасьлізгнулую з каленяў сумку, зрабіў зь мешкавіны каптур для галавы, акрыўся, перахапіў зьвіслую тканіну і, мокрую, заправіў яе ў штаны; пазьнейшыя яго рухі ўсё больш і больш, у меру таго як аддаляўся аўтамабіль, які шалёна імчаўся, выціраліся дарогай і палямі, якія выцягвалі з сабой прэч аж да небакраю няроўныя купіны маіх братоў, — гледзячы на іх праз залепленую дажджом заднюю шыбу, выглядала на тое, што яны кіпелі, варыліся, — і там разроўнялі, расплаўлялі іх. |
|
Я апавядаю. Я сьпяшаюся расказаць далей. Аднаго дня ў лістападзе, як было засьведчана, мае браты сядзелі на бардзюры гасьцінца паміж мястэчкам Пустэльнікі і мястэчкам Заморск. Цяпер я закончу гісторыю пераказам з другіх вуснаў. Пасьля таго, як яны пасядзелі на бардзюры, яны прывялі свае ногі ў дзеяньне. Яны пайшлі далей і назад па дарозе, пакуль не дайшлі да скрыжаваньня, дзе яны павярнулі, пакуль не прыйшлі яшчэ да аднаго скрыжаваньня, дзе яны павярнулі і пайшлі далей. Гэтым узбочным шляхам яны выйшлі да рэчкі і ішлі ўздоўж яе, пакуль не прыйшлі да цясьніны. Яны ішлі праз гэтую цясьніну, пакуль не прыйшлі пад мост да скрыжаваньня, дзе яны між тым не паварочвалі. Другімі днямі было так, што яны пасьля гэтага скрыжаваньня збочвалі і паміж мястэчкам Пустэльнікі і мястэчкам Скокі, якое ляжыць на поўнач, зноў выходзілі на гасьцінец, па якім яны ішлі далей, пакуль не дасягалі скрыжаваньня, дзе яны ішлі бакавой дарогай, пакуль не прыходзілі дадому, праз калідор якога яны праходзілі ў гэты пакой, у якім я цяпер ляжу. Але тады яны, нібыта, пачынаючы ад моста не паўтаралі гэтага шляху; яны затрымаліся там і размаўлялі. Пасьля гэтага яны павярнулі і пайшлі назад, у скалістую цясьніну. Тады яны быццам яшчэ былі ўдвух. Язь–баязь, сказаў адзін. Сам баязь, сказаў другі: вось прыклад іхных размоў. Цяпер яны стаялі ў цясьніне і размаўлялі; яны крычалі і моцна жэстыкулявалі. Ты ня скочыш. (Быццам адзін зь іх занадта баязьлівы, каб скочыць.) Дай мне ліяну. (Другі павінен сарваць першаму з прыбярэжнага дрэва ліяну.) Баязьлівец. (Першага зноў заводзяць.) Ліяна. (Маецца на ўвазе, што ня трэба дарма час на размовы траціць.) Ганс падаў Матту ліяну. Матт зь ліянай вярнуўся да скалы. Дзьве скалы, паміж якімі цячэ рэчка, разам утвараюць цясьніну. Спачатку я, потым ты. (Пасьля аднаго павінен скакаць другі.) Так. (Ён згодны.) Той зь ліянай задраўшы галаву глядзеў на другі бераг. (Гэта дазваляе меркаваць, што ён яшчэ вагаецца.) Ты баішся. (Яшчэ раз закранаецца гонар другога.) Не. (Папрок не прымаецца.) Баішся ты. (Папрок хітра вяртаецца аўтару.) Раптам ён разьбягаецца. Ганс чуў нібыта шкрабатаньне падэшваў, калі той адштурхнуўся ад скалы. Матт праляцеў высака над рэчкай і ўпаў на калені ў траву на другім беразе. Калі ён скочыў, ліяна стала разгойдвацца, і Ганс, пацэліўшы, злавіў яе. Матт пасьлініў палец і сьлінай выцер плямы ад травы на каленях. Я перакажу да канца. Ганс кінуў ліяну Матту. Матт зачапіўся за яе, пераскочыў назад да скалы і адштурхнуўся. Ганс паклікаў яго. Ён не аказваўся. Калі ён скакаў на гэты бок, сіла руху сарвала ліяну з дрэва. Рух сарваў ліяну з дрэва. Ён упаў у ваду.
|
|
Назовы шолахаў Шолах фіранкі на ветры разумеецца сам па сабе як шум; яго можна параўнаць зь сіпеньнем агрэсіўнага агню ў печы; калі фіранка з шчыльнай тканіны, то яе шум на ветры называецца траскатаньнем; гэты выраз ужываецца таксама для сьцягоў. Шолах пяску, які вецер б’е аб шыбы, называецца шорганьнем; магчыма таксама параўнаньне з плескатаньнем дажджу па бляшаным даху; больш жорсткае плескатаньне дажджу аб бляшаны дах называецца дробатам. Шолах шафы, якая адчыняецца на ветры, называецца рыпеньнем. Шолах таполяў на ветры параўноўваюць зь мяккім цурчаньнем вады. Шолах зялезнага абруча, які вецер скідае зь сьцяны адрыны на падворак, разумецца як звон. Шолах мокрай травы пад ветрам называюць шапаценьнем; можна ўжыць тут таксама параўнаньне з шумам галаўні, якую акунаюць у ваду. Калі травінкі сухія, то іхны шум на ветры называецца шаргатаньнем. Шум незамацаванага балотніка на вэлясыпэдзе называецца ляпаньнем. Шолах нацягнутага дроту на ветры называецца зычаньнем; шолах мокрай кашулі на дроце ўспрымаецца як лапатаньне; часта лапатаньне кашуляў на ветры параўноўваюць з глухімі ўдарамі птушыных крылаў; зноў–такі, аднастайны гук шматлікіх крылаў чарады малых альбо аддаленых птушак называюць посьвістам. Шолах сьвіранных дзьвярэй, што па тым баку падворку, калі яны ўдараюцца аб штабель дошак, называецца груканьнем; але калі ці дошкі, ці ліштвы дзьвярэй падгнілі ад мокрадзі, то наскок на штабель дзьвярэй, гнаных ветрам, будзе называцца буханьнем. Шум вэлясыпэда, перш як ён апракінецца, называецца ляскатаньнем; шум сьпіцаў, якія пасьля гэтага яшчэ круцяцца, гэта зумкатаньне, шум штангі, якая перад гэтым удараецца аб камень, гэта стуканьне.
|
|
Жамяра на конскіх вачох Мы ўжо апісалі, як бацька, пераважнай часткай у прыцемках, запрагае каня; як ён, нагнуўшыся, папіхае ўпарта сагнутую пярэднюю нагу каня над капытом паміж бабкай і каленам, каб яна ступіла за дышаль да другіх ног, і як конь паслухмяна ступае гэтай нагой праз дышаль і адначасна выходзіць заднімі нагамі. Я ўзгадваю, як ён вяртаецца, жорстка ўпіраецца плячом і галавой у конскую тушу і шматкроць ляпае плоскай даланёй, сыплючы з рота кароткія злосныя каманды, па тым месцы конскай ляжкі, дзе скура пачынае зьбірацца ў доўгія столкі, як толькі конь, павольна пераступаючыся перад возам, пачынае рух гэтай нагі, і дзе доўгія столкі скуры зноў зьнікаюць, калі конь, мяняючы крок, пачынае цяпер ступаць другой нагой; я ўспамінаю, як яго рука ляпае па конскім крыжы і як ён тады сьціскае руку ў кулак, і як ён піхаецца галавой у заліты потам конскае бруха, і як конь пасьля гэтага манерна ставіць капыт на кант, і як ён манерна–паслухмяна заходзіць за дышаль, як ён перастае крычаць, як выпростваюцца сьціснутыя ў кулакі пальцы і як ён падымае імі капялюш з бруку. Потым ідуць звыклыя рухі, якімі ён закрываецца капялюшам, якімі ён крочыць наперад, якімі ён з мэтай праверкі абыходзіць вакол каня, якімі ён, абыходзячы каня, устаўляе абодва канцы дышляў у прызначаныя для іх колцы ланцугоў, рухі, якімі ён абмотвае ланцугі вакол канцоў дышляў і прывязвае іх. Рухі, якімі ён ацірае мокры твар перадплеччам рукі і якімі ён потым выцірае аб кашулю на грудзёх пот з твару “быццам бруд з нажа”. Але гэта належыць ужо да другога апісаньня, у якім паказваецца, як воз з травой па дарозе са ставу да хаты перакульваецца, як з–за аварыі дышаль вылузваецца з ланцуговага суплёту, як чалавек плячом ставіць на колы воз, які ляжыць збоку поля на крушні каменьня, і як ён вось цяпер зноў запрагае каня. Але і гэта ўжо зроблена, калі ён выцірае з твару пот і заўважае на тыле далоні і на рукаве кашулі кропачкі дробных мухаў (якіх я часта знаходзіў на маім твары, калі я ўлетку езьдзіў на вэлясыпэдзе па ваколіцы, і якіх я адну за другой пераносіў з рукі на пусты аркуш з сшытка, і якія потым на гэтым аркушы былі ў сказах, якія я запісваў на загад бацькі, знакамі прыпынку). “Мухі здохлыя”. Ён скідвае іх спачатку з рукі на грудзі, потым выварочвае руку і скідвае іх таксама з рукава. “Калі ён гэта робіць, узыходзіць сонца. Адначасна з сонцам гарачы вецер урываецца ў шэрасьць, якая ня ёсьць ні цемрай, ні відном, і ў якой рухі здаваліся сьпятрэлымі і змарнелымі, і якая адрывае ад прадметаў, якія стаяць на зямлі, доўгія цені, і выпетрывае і разломвае твар чалавека”, які, не падняўшы галавы на гэтую праяву, атрасае з кашулі кончыкамі пальцаў рэшту мух. У той час як ягоная другая рука цягнецца па цуглі, ён цяпер заўважае расплывістыя чорныя кропкі на нагавіцах: крылцы непашкоджана вытыркаюцца з кропак. Ён напінае на ўказальны палец вялікую насоўку, сашкрэбвае кропкі з нагавіцаў і страсае іх з анучы; пазьней, перад полуднем, ён раскіне насоўку на каменнай падлозе царквы і ў часе ператварэньня хлеба, падцягнуўшы нагавіцы ўверх, каб не пакамечыліся, стане каленам адной нагі на рэшту мух, што прыклеіліся да хусткі. Але гэта яшчэ ня здарылася. Апісаньне было спынена, калі ён стаіць перад канём, і калі ён пры ўзыходзе сонца разглядвае большыя мухі, “якія згуртаваліся на адкрытых вільготных вачах каня як на сьвежым памёце; дзеля таго, што яны так цесна зьбітыя, што за смактаньнем і піцьцём ледзьве могуць рухацца, бальшыня зь іх, калі конь міргае вачыма, застаецца сядзець на краёх павекаў, быццам яны зьяўляюцца часткай гэтых міргаючых вачэй. Тыя нешматлікія, якія ўзьлятаюць, адразу зноў прыбіваюцца да гурта альбо цікуюць побач. Яшчэ адзін рой жыве ў храпках каня. Цела і выемка пад хвастом па прыпацелых чарэслах таксама наскрозь аблепленая мухамі”. Ён разглядае авадня, які, склаўшы крылы, прабіваецца да вока праз кішачы рой; яго шэрае цела апісваюць як доўгае, пляскатае і вузкае; ён з таго драбнейшага заводу, палёт аднаго прадстаўніка якога амаль нячутны і якога заўважаеш толькі тады, калі ён кусае цябе ззаду на сьпіне. Ад патрэсканай перавязі цугляў пад вухам ён цяпер — руху і пасоўваньня яго ног зусім не відаць — падабраўся паміж мух да края вока. На сагнутых лапках сядзіць ён ля верхняга павека пасярод лускападобнага мушынага рою. Чалавек не спускае зь яго вачэй; яго вочы глыбака пасаджаныя ў чэрап і сьвецяцца бляклым колерам сталага веку. “На ветры з боку крупа кашлацяцца валасы, кашлацяцца травінкі паміж каменьнямі, кашлацяцца цені валасоў над ілбом, цені кашлатай грывы і кашлатых чартапалохаў паміж каменьнямі ператвараюцца ў ветрацені, аднак больш выразны фон мокрай травы на возе, вілаў у траве, самога воза, каня і чалавека ўсё яшчэ застаецца нерухомым”. Аднак калі конь быццам страсае галаву з шыі і быццам скідвае яе і, не зважаючы на гнёт хамута і дышля, падскоквае ўверх і становіцца на дыбкі, зь ім у руху ўзьвіваецца і гэты рой, і сплеценыя адзін з адным цені на краю поля. Чалавек прынукае палахлівага каня да руху. Цягнучы за цуглі, конь зрушвае воз, мухі ўзьлятаюць і пачынаюць атаку, зноў бяруць у асаду на нейкі момант выслабаненыя вочы, трава падскоквае на дошках, вілы пачынаюць хістацца, колы вырэзваюць свой сьлед у полі, мухі зноў роем увіваюцца ля вачэй. “Авадзень, прыдушаны павекам, вытыркаецца, пасьля таго як ён нанёс укус, сваім расьціснутым ушыркі целам наўскасяк з конскага вока.” У той час як я ўзгадваю вобраз каня і вобраз ідучага побач з канём чалавека, у той час як я чую з двара шум падаючага вэлясыпэда і ўсе тыя іншыя шумы, у той час як намацваю пад ложкам чаравікі, мне да галавы прыходзіць згадка пра бзычаньне авадня, вялізнага авадня, да якога, здаецца, прыслухоўваецца конь, іншы конь з выцягнутай наперад галавой, пра тое бзычаньне, якое, калі яно наблізілася, ператварылася ў магутнае брумканьне, якое раптам сьціхла; я адначасна згадваю, як конь, запрэжаны ў воз з снапамі, адразу выбрыкнуў нагамі, яшчэ раней, чымся авадзень уцяў яго, і пачаў біць хвастом па бакох; згадваю, калі я стаю тут, калі я намацваю шлях да адчыненае шафы, як Ганс вырваў з поля сухую саломіну, як конь, калі авадзень упіўся ў ягоную скуру, раптам аслабіў супраціў, як ён бездапаможна сноўдаў галавой у паветры, як ён пачынаючы з шыі здранцьвеў і як Ганс лёгка ўзяў авадня паміж вялікім і ўказальным пальцам і надарваў галаву і зусім адлучыў яго ад конскага трыбуха; згадваю, выбіраючы тут сабе з шафы што апрануць на сьвята, як ужо другім вялікім і ўказальным пальцам мой брат заводзіць вершалінку вырванай з поля саломіны ў мажную заднюю частку аваднёвага тулава, як ён упарта затыкае цьвёрдае гнуткае сьцябло ўнутро авадня, як авадзень таксама гнецца і, курчачыся, спрабуе выкруціцца, і як не беручы да галавы мой брат працягвае яго пратыкаць, як авадзень здаецца; я згадваю, што потым браты ўтрох басанож стаяць на пожні, што яны ўтрох шасьцьма вачыма разглядваюць авадня, што ён, злосны і жоўты, з штучным джыгалам сядзіць перада мной на руцэ, што мы весела сьвістам і воклічамі заахвочваем авадня да палёту, што мае пальцы глыбей засоўваюць джыгала, што ён вэртыкальна ўзьлятае ўверх, што ён застыў у паветры над намі, што, зрабіўшы кульбіт, ён з бзыкам, зыкам і зумкаценьнем адлятае і што яго нельга больш перасьледаваць ні цупкімі рукамі, ні нагамі, ні позіркамі, у той дзень адным летам, дзеля таго што сьвяціла сонца, якое сьвеціць і сёньня, аднаго сонечнага дня, які таксама быў нядзеляй, які ёсьць нядзеляй, таму што я прачнуўся да часу і ляжаў бяз сну і напалову спаў і зноў ляжаў ды спаў, таму што я аж пакуль не заснуў, чуў з падворку шолахі на ветры, таму што я зьдзіўляўся гукам, таму што я думаў і разважаў, таму што я спаў і напалову спаў і больш ня выйшаў са сну, таму што я заўважыў, што зычаньне лініі электраперадачы за домам зьнікла, што зьнікла тое зычаньне, зычаньне, якое нагадвае мне пра брата, якога больш няма тут, якога цяпер няма больш тут, у гэтым будынку, у гэтым мястэчку, у гэтай мясцовасьці, гэтым ранкам і гэтым летам, калі сонца сьвеціць мне ў твар, калі я акунаю рукі ў цеплаватую, пазбаўленую пасьля начной навальніцы смаку і рудую як зямля ваду і глуха стукаю пазногцямі ў дно міскі.
|
|
Абуджэньне Час паміж абуджэньнем і выспанасьцю, прамежак пачынаючы з удара сэрца, дзякуючы якому пачуцьці ляжачага вяртаюцца да яго, так што ён зноў можа слухаць і нюхаць і ўспрымаць на смак, гэты час, сказаў мой брат, натрапляе на безабаронную, адкрытую сьвядомасьць; таму што ляжачаму яшчэ не вярнулася ўспрымальнасьць, ён ня можа болей абараніцца ад думак, якія ідуць да яго, у той час як выспаны ён можа зусім добра паразумецца зь імі, адмазаўшыся ад іх добрым абедам, заліўшы іх смачнымі напоямі, заглушыўшы іх сваімі хапатлівымі пальцамі, прымусіўшы іх замаўчаць няспынным балбатаньнем, зьвязаўшы іх успрыманьнем шолахаў альбо аслабіўшы іх празь яшчэ нейкае пачуцьцёвае раздражненьне; наадварот, павучаў ён мяне, час ад абуджэньня і да таго моманту, у які ляжачы прыходзіць у сябе, зьяўляецца часам бяды таго, хто прачнуўся, злым часам, часам каяты, які змушае яго курчыцца ад сораму, часам халоднага поту, часам усьведамленьня, сказаў ён, празрыстым часам, ледніковым пэрыядам часу, ваенным часам, сказаў ён, ліхім часам. Хоць маё цела яшчэ было спаралюшавана сном, я ўжо адчуваў далоні, якія зьвісалі адна побач з другой з ложка. Калі я сьцяў пальцы і пакратаў іхнымі пучкамі пукатасьці далоні, то мне падалося, што я намацаў на іх засохлы бруд; я адчуваў на пукатасьцях і пучкох пальцаў ня скуру, і дзеля свайго досьведу дацяміў, да чаго я датыкаўся і чым датыкаўся. Скура трашчэла, як высушаная на сонцы нягнуткая папера. Калі ўначы ні ішоў дождж, я даведваўся пра гэта, калі наступаў дзень, па далонях: яны былі засохлыя, скурчаныя і зьвісалі зусім незалежна ад рук, быццам яны былі зацэмэнтаваныя брудам. У мяне ўжо быў аднойчы засохлы бруд на пальцах, калі я спаў. Напярэдадні ўвечары я быў у пясочніцы і ў пошуках некага перакапаў пясок, які з–за дажджу споўз з адхонаў; вярнуўшыся дахаты, я не памыў рукі; схаваўшыся пад коўдрай, я паспрабаваў заснуць. Гэта было як у часы, калі бацька не вяртаўся аднекуль увечары: мы ўсе ляжалі пад коўдрамі і спрабавалі заснуць, і штораз, калі мы ранкам выглядвалі яго, ён ужо патыхаў смуродам у пакоі. Было многа сродкаў для таго, каб заснуць. Напрыклад, часта згадваецца лічэньне. Аднак у некаторыя ночы думкі ўжо даўно ішлі па крузе, перш як я лавіў іх і заўважаў, што я, сам таго ня ведаючы, паралельна з думаньнем усё яшчэ лічу. Таму я ляжаў, стаіўшы дыханьне, каб выціснуць думкі з галавы; між тым яны зноў напаўзалі адусюль зь цемры. Потым я тармазіў адну думку і пераключаў увагу на другую, якая ніяк не хацела аформіцца; я цалкам аддаваўся ёй, у той час як прытарможаная зноў даганяла мяне, таго, хто яе прытармазіў, і авалодвала мною. Альбо я дыхаў так няглыбака, што паветра ў горле, у грудзёх і ў страўніку ператваралася ў сталёвую спружыну, якая прымушала мяне хістацца туды–сюды, пакуль я зноў ня ўсмоктваў паветра на поўныя грудзі, а разам зь ім і дрэнныя думкі. Альбо я, дыхаючы, засяроджваў сьвядомасьць на самім дыханьні, якое ўваходзіла ў мяне і выходзіла зь мяне, і я разважаў над гэтым, пакуль дыханьне і сьвядомасьць не заблытваліся адно з другім і кроў не прылівала мне да галавы. Гэта здаралася, аднак, і тады, калі я разьнявольваўся і пачынаў дыхаць яшчэ да таго, як наступіць голад на паветра, і як я прычэкваў тады, калі цела маё без удзелу волі, дыхаючы згодна з уласнымі правіламі, пачне падымацца і апускацца, таму што цяпер рабілася так, што я стойваўся з запалым страўнікам і нічога ня чуў, акрамя таго шуму ў слыхавай адтуліне, якім я поўніўся і ад якога пухнуў і які мне вельмі дацінаў, так што я нарэшце мусіў браць дыханьне пад кантроль. Потым я меў завядзёнку безвач ісьці па калідоры на кухню, усьляпую адчыняць дзьверы кухоннай шафы і з мурашкамі на пальцах намацваць хлеб і нож. Калі я зноў ляжаў у ложку і еў хлеб, то ў прыкусе імжыла стома; я мог расьцягнуцца і жаваць, безь перастанку напіхваючы хлеб у рот, і дажаваць думкі з хлебам у сьне. Але калі я прачынаўся, яны зноў былі ў сухасьці на языку, а таксама і ў рэшце хлеба, які, нагадваючы мне пра тое, што было, ляжаў у моцна сьціснутай руцэ. Я ня рухаўся. Я прыходзіў да разуменьня, адкуль смак на языку і адкуль пясок, які рабіў ломкай скуру на пальцах, быццам звонку ішоў дождж; аднойчы, так мне гэта прыйшло на розум, у мяне быў на пальцах бруд, калі я спаў. Потым, калі я аднаго разу варухнуўся (калі б я ні пачынаў варушыцца), мае мазгі ўспаміналі пра шолахі, якія вуха чула калісьці даўно, пра пах вуглю ў глотцы і водбліскі ад жару на змрочных мурах, якімі перапоўненыя былі ўжо шырака адчыненыя вочы, у той час як я без супраціву ляжаў яшчэ нейкі час (ліхі час, сказаў мой брат) паміж абуджэньнем сьвядомасьці і абуджэньнем пачуцьцяў. Потым я нібы сядзеў перад печчу, утаропіўшыся ў полымя.
|
|
Вэлясыпэд “Пару дзён таму”. Пару дзён таму іду я паўз спартовую пляцоўку і чую, што крычаць дзеці. Я спыняюся і чакаю, калі яны наблізяцца; я чую, як яны падбіваюць перад сабой мяч і як яны паступова перастаюць крычаць, і як яны гавораць перабіваючы адзін аднаго, і як яны гавораць гучней, і як яны ўсё больш расьцягваюць словы, і як яны гавораць больш павольна, чым больш павольна яны набліжаюцца. Я стаю і слухаю, што яны кажуць і пра што распавядаюць, і я слухаю, пра што яны распавядаюць, як яны гавораць і як паўтараюць сказанае. Я чую, што яны без упыну гавораць пра нейкі вэлясыпэд; я чую, як адзін зь іх распавядае і пытае, ці не належыць гэты вэлясыпэд часам мне; потым я чую, як тое самае гаворыць другі, а потым чую, як тое самае гаворыць трэці: ці не належыць гэты вэлясыпэд мне. Які вэлясыпэд? гавару я. Той, ля кінатэатру, чую я адказ аднаго зь іх. Адкуль у мяне мог бы быць нейкі там вэлясыпэд? кажу я. Нібы я там яго ўчора паставіў, чую, як гаворыць другі. Калі? гавару я. Увечары, зноў чую, як гаворыць адзін зь іх. Калі ўвечары? гавару я. Я чую, як адзін зь іх называе час. У гэты час я быў дома, гавару я. У гэты час ты быў у мястэчку, чую, як гаворыць другі. Мне не было чаго шукаць у мястэчку, гавару я. А ты нічога і не шукаў, зноў чую, як гаворыць другі. Мне не было чаго там рабіць, гавару я. Яшчэ як табе было што там рабіць, чую, як кажа адзін. У мяне было, гавару, другіх справаў даволі, чымся ісьці ў мястэчка. Твой твар выдае, што ты хлусіш, чую, як гаворыць другі. Ну добра, кажу, я, як вы гаворыце, ішоў па мястэчку і каціў вэлясыпэд. Я каціў вэлясыпэд паўзь іх, чую, як гаворыць адзін. Правільна, гавару, вы бачылі, як я ў азначаны час каціў па мястэчку вэлясыпэд, ахвотна вам веру. Такім чынам, я перакінуў куртку праз руль і штурхаў вэлясыпэд па мястэчку, трымаючы яго адной рукой за сядло, а другой за хамут руля; сьцены дамоў, якія пабудаваны адзін да аднаго ўпрытул, давалі мне накірунак. Вы стаялі ля акна, можа быць, вы падцягнулі крэслы, большыя стаялі на падлозе, меншыя на крэслах ззаду вялікіх, вы стаялі за акном, не штурхаючы адно аднаго і ня тоўпячыся і не паказваючы воклічамі, заўвагамі на чалавека, які сьлепа піхаў перад сабой па мястэчку вэлясыпэд; зусім наадварот, вы заставаліся спакойнымі, вы спакойна круцілі галовамі, прапускаючыя мяне позіркам, а я памалу ішоў па шырокай, пыльнай палосе побач з вуліцай паўз муры дамоў насустрач сонцу паўз стойку для вэлясыпэдаў аўтабляхара, паўз стойку для вэлясыпэдаў першага шынка, паўз стойку для вэлясыпэдаў другога шынка, паўз стойкі для вэлясыпэдаў рамізьніка, паўз стойку для вэлясыпэдаў трэцяга шынка, паўз стойкі для вэлясыпэдаў маёй сястры, паўз стойку для вэлясыпэдаў гандляра электратаварамі, паўз стойку для вэлясыпэдаў гандляра напоямі і паўз стойку для вэлясыпэдаў гандляра сельскагаспадарчымі прадуктамі аж да кінатэатру, дзе я нарэшце прысланіў вэлясыпэд да сьцяны пад вітрынай. Як ні ў чым не бывала, чую, як гаворыць зноў другі, я разьмераным крокам прайшоў праз усё мястэчка. Такім чынам, акрамя вас мяне мусіў заўважыць яшчэ нехта, гавару я. Увесь сьвет бачыў цябе, чую, гаворыць другі. Але ж ніхто з тых, хто мяне бачыў, не прамовіў ні слова, гавару я. Шмат каго не было, чую, як зноў гаворыць адзін, шмат хто выйшаў з дому; вокны шынкоў, чую, як гаворыць другі, не маглі стрымаць наплыву наведнікаў; тыя, хто выходзіў на вуліцу, чую, як зноў гаворыць другі, ад цікаўнасьці і пасьпеху перадавалі гэта адзін аднаму, але словы, чую, як гаворыць чацьвёрты, яны, зважаючы на мяне, не прамаўлялі. У адпаведнасьці з гэтым, гавару, я паставіў вэлясыпэд пад вітрынай і зноў пайшоў. Ды не, чую, як гавораць некалькі чалавек адзін цераз аднаго, я прыткнуў яго да слупа прыпынку ля кінатэатру; потым я стаяў побач і чакаў на аўтобус. Гэта зразумела, гавару, але як вы растлумачыце сабе, што я паставіў вэлясыпэд туды? Да яго рамы быў прывязаны цэтлік, чую, як гаворыць адзін; на цэтліку, чую, як гаворыць другі, быў напісаны адрас; адзін з наведнікаў, чую, як гаворыць трэці, набраўся нават сьмеласьці спытаць мяне, каму я хачу пераслаць вэлясыпэд; я нібыта ня доўга думаючы, адказаў, што гэта вэлясыпэд майго брата; я спатыкнуўся на яго сёньня ў сьвірне і ўпаў; пара яму з двара, кінуў я коратка таму, хто пытаўся; нажніцамі я штампануў дзірку, прасунуў празь дзірку палоску паперы і потым прывязаў цэтлік да рамы. |
|
А ну апішэце вэлясыпэд, гавару я. Гэта вэлясыпэд зь перадачамі, чую, як гаворыць адзін. А тросік перадачы парваны зьверху каля руля; на ім узьдзьмулася фарба; тут і там пухіры ўжо палопаліся, вэлясыпэд занадта доўга стаяў на сонцы і на дажджы; ён занадта доўга стаяў пад адкрытым небам, чую, як гаворыць другі, адышоў задні балотнік і аж да стоп–сыгналу даў касую, вышчарбленую расколіну. “Калі ты будзеш закідаць на яго нагу, ты лёгка можаш зачапіцца нагавіцамі. Трэба зважаць; гума на левым панажы крыху адышла. Найлепш здымай чаравікі, каб не сасьлізнула нага. Ідзі сюды. Гэта зусім проста. Табе трэба толькі паставіць левую нагу на левы понаж, разьбегчыся, прыхінуцца да руля і, адштурхнуўшыся, перакінуць ззаду правую нагу цераз задняе кола. Падкурчы пальцы на нагах, калі стаіш на панажы. Не глядзі на дарогу перад пярэднім колам, глядзі туды, куды ты едзеш. Глядзі на кіёк. Глядзі сюды на кіёк, баязьлівец такі. Ідзі з вэлясыпэдам назад да ганка і станавіся на ніжнюю прыступку. А цяпер стоячы закідвай нагу за раму. Цісьні цяпер пальцамі на понаж і штурхайся. Ідыёт. Уставай. Уставай жа. Падымай вэлясыпэд. Станавіся на прыступку. Падымай нагу і націскай на понаж. Трымай вэлясыпэд роўна. Адштурхніся ад прыступкі. Табе трэба толькі адштурхнуцца і адразу злавіць другой нагой понаж. Потым ты цісканеш яго ўніз, і першы понаж падымецца, і ты нахінеш яго ўніз. Не глядзі на ногі. Глядзі туды, дзе кіёк. Сюды глядзі. Штурхайся цяпер. Глядзі, камень. Выкіроўвай. Выкіроўвай, кажу. Казаў жа, глядзі, камень. Уставай. Уставай ужо. Нічога. Ідзі сюды. Станавіся на прыступку. Не глядзі на ногі. Глядзі туды, куды ты павінен ехаць. Трымайся. Руль трымай мацней. Не глядзі на рукі. Цяпер піхайся. Не забывайся націскаць на панажы. Кіруйся ўбок. Глядзі на кіёк. Націскай нагой на тормаз, сказана табе!” У вэлясыпэдаў зь перадачамі няма нажнога тормаза, гавару я. Ніхто і ня кажа пра нажны тормаз, чую, як гаворыць адзін; вэлясыпэд пафарбаваны ў чырвонае і белае, чую, як гаворыць другі; доўгая белая страла ў чырвонай рамцы, чую, як гаворыць адзін; панажы, калі я ішоў, круціліся, пагнуты задні балотнік цёрся аб раму, у адным месцы рамы сьпіцы дзынкалі аб крывы мэтал, і гула дынама–машыны. Я што праўда сярод белага дня ішоў па мястэчку? гавару я. Бадай што так, чую, як гаворыць другі, аднак увечары ты зноў ішоў назад. Расказвайце далей, гавару я. А менавіта я не аддаў вэлясыпэд у апошні аўтобус, чую, як гаворыць другі; зьдзіўлена абмяркоўвалі тыя, хто выходзіў, маё набліжэньне і непатрэбнае спыненьне перад адкрытай машынай; між тым, чую, як гаворыць другі, зь сьветлых палосак на кантактнай частцы пратэктара яны не маглі зрабіць аніякае іншае высновы, акрамя таго, што я ішоў з вэлясыпэдам па пыльнай палосе побач з вуліцай. Добра, гавару, няхай я стаяў, як вы сьцьвярджаеце, перад адчыненымі дзьвярыма, пакуль сьціснутае паветра не затуліла створкамі дзьвярэй выхад; потым я на месцы і адразу, трымаючы вэлясыпэд у руках, без аніякага выніку пасунуўся да сябе назад празь мястэчка. Ня так, чую, як гаворыць адзін. Якраз наадварот, чую, як гаворыць другі, я застаўся і прастаяў ня рухаючыся да познай ночы. Я пярэчу, гавару я, наўрад ці маглі б вы да познай ночы быць там. Нам гэта перадалі, чую, як гаворыць адзін. Хто? гавару я. Людзі з кіно, чую, як зноў гаворыць адзін. І вы ані не сумняяцеся? гавару я. Гэта ж быў кароткі фільм, чую, як гаворыць другі; гэта і ня быў нават фільм, чую, як зноў гаворыць другі; у кінатэатры быў сход, чую, як гаворыць яшчэ адзін. Гэта быў кароткі фільм, чую, як гаворыць адзін, альбо рэклямная акцыя, чую, як гаворыць адзін, альбо вучэньні грамадзянскай абароны, чую, як гаворыць адзін, альбо разявакі зьбегліся, чую, як гаворыць адзін, не, заклік адміністрацыі, чую, як гаворыць другі, агалошаньне абвесткі, чую, як зноў гаворыць другі, трывога, чую, як гаворыць адзін, абвяшчэньне надзвычайнага становішча, чую, як гаворыць адзін, публічная перасьцярога, чую, як гаворыць яшчэ адзін; і я слухаю, як яны гавораць наперабой і падказваюць адзін аднаму словы і гавораць ціха і гучна і цішэй і зусім ціха, і выгаворваюць, і я чую, як яны адно ставяць пад сумлеў, другое прызнаюць і пярэчаць адзін аднаму і падказваюць адно аднаму супярэчнасьці, і я слухаю, як яны гавораць і выгаворваюцца, аж пакуль справа не даходзіць да таго, што я стаю, магу стаяць, магу стаяць сабе тут і гляджу на іх. Хоць я і сьляпы, я гляджу на іх.
|
|
Апрананьне Тымчасам Ґрэґар Бэнэдыкт (так яго клічуць альбо нешта накшталт таго) апрануўся па–нядзельнаму. Ён сядзеў на ложку і чысьціў чаравікі. Ён пагаліўся і памыўся. Ён пайшоў да ложка і мяккай шчоткай навёў бліск на скуру. Ён пайшоў да стала і прысеў ля стала на ўслон. Ён апрануў на ногі шкарпэткі. Ён устаў і пайшоў да шафы. На гэтую дзейнасьць ён патраціў многа часу. Апранаючы шкарпэткі, ён патраціў менш часу. Ён павярнуў ключ і адкрыў дзьверцы шафы. Ён выняў з шафы гарнітур. Ён сьцягнуў з плечыкаў нагавіцы і паклаў пінжак на ложак. Ён сеў побач зь пінжаком. Ён залез левай нагой у калашыну. Ён залез правай нагой у калашыну. Ён патраціў на гэта, і не таму што ён сьляпы, шмат часу. Ён устаў і падцягнуў нагавіцы. Ён зашпіліў іх. Ён працягнуў пас праз спражку. Ён зашпіліў спражку. Вялікім пальцам накіраваў ён цьвічок спражкі праз звычную, пашыраную ў параўнаньні з другімі дзірку. Паступова ён прасунуў канец паса праз усе петлі. І на гэта ён патраціў даволі часу. Цяпер ён стаяў паміж сталом і ложкам. |
|
Ён пераадолеў нерухомасьць і падышоў да шафы. Ён узяў з шафы гальштук. Ён пайшоў да акна. Па дарозе ён працягнуў пятлю гальштука праз галаву. Ён зашпіліў кашулю і паставіў каўнер тырчма. Ён узяў вузел гальштука двума пальцамі, а другой рукой зацягнуў пятлю вакол шыі. Завязваньне гальштука доўгі час займала яго. Ён пайшоў да ложка і ўзяў пінжак. Ён накінуў пінжак на плячо і пайшоў да шафы. Ён зачыніў дзьверцы шафы і павярнуў ключ. Ён скінуў пінжак з пляча. Рукой ён адтуліў яго ад сябе. У гэты час ён стаяў пасярод пакоя. Правую сьціснутую руку прасунуў пад левую руку і ў пінжак. Ён нацягнуў пінжак на правае плячо. Правай сьціснутай рукой ён замацаваў пінжак на правым плячы. Ён растуліў кулак правай рукі на плячы. Растульваньне кулака каштавала сьляпому многа часу. Левай рукой ён хватануўся ззаду. Ягоная левая рука ўехала ў пінжак. Ён пацягнуў пінжак уверх і нацягнуў яго на плячо. Ён пайшоў да ложка. Ён нахінуўся, каб узяць шчотку. Ён паклаў шчотку ў адпаведную скрыньку. Ён пайшоў з скрынькай да стала. Ён засунуў яе пад стол. Гэты працэс забраў у яго колькі часу. Ён пайшоў да мыйніцы і выліў праз мыйку ваду зь міскі. Ён стаў побач. Тылам далоні ён пачасаў бараду. Потым ён даволі доўгі час ішоў да дзьвярэй, доўгі час ішоў па калідоры і вельмі доўгі час спускаўся з ганка. Ён хутка перайшоў падворак. Ён вярнуўся. Цяпер ён, глыбака засунуўшы рукі ў кішэні, стаіць прытуліўшыся да сьцяны дому побач з прыступкамі ганка. Трэба ўявіць яго сабе, як ён стаіць, курыць, зь вялікай, урачыста нахіленай галавой, шыя ў ценю, у ценю і рука, якая, як заўсёды, абхоплівае ніжні рант крыса, а твар у сонцы, не заняты нічым, акрамя таго, што выпускае дым з рота і адтулінаў вачэй. Думкі прыходзяць і адыходзяць.
|
|
Зьяўленьне жанчыны Пасьля гэтага я зноў дому і сяджу на кухні, і я чую, як мой бацька, які скончыў працу, праходзіць тыя пару крокаў па бэтоне ў калідоры і як ён, стоячы на месцы, скідае боты, спачатку прытрымліваючы ззаду за ўнутраную частку пад’ёму адзін, і як ён такім чынам вылузвае пятку да халявы і як мяч прысаджвае на нагу пусты бот і з стукам пуляе яго аб сьцяну пад сходы, як ён пасьля гэтага вольнай ужо цяпер нагой, якая, упёртая ў раму дзьвярэй, служыць яму лаўкай для здыманьня ботаў, турзаючы і тупаючы цягне з нагі другі бот і, не перастаючы быць у рухах разчэйшым альбо спакайнейшым, пуляе па сьцяне і гэтым ботам. Потым я чую, як ён з сапеньнем уваходзіць, ідучы далей выхоплівае з пліты коўш і тыцкае яго пад кран. Я чую гергатаньне крану і глухое помканьне паветра, калі бацька засоўвае ў кран палец, пустое смактаньне пальца, якое абрываецца глухім помканьнем, калі ён зноў вымае палец. Я зноў чую ў трубе толькі гергатаньне. У той час як ён вешае коўш на край мыйкі, ён схінаецца ўніз і абхоплівае кран губамі; як толькі ён уцягвае ў сябе паветра, я чую ў ягоным страўніку тугое, высокае керханьне, якое я сам сабе параўноўваю з крыкам фазана. Ён з чмяканьнем прымае губы ад латуні і стаіць згорбіўшыся, з губ цяпер ужо пры каўшы з ломкім гукам падае вада на бляху, а потым, зьвёўшыся амаль да бязгучнасьці, вада на ваду; аднак перш чым яна падступае да губ, бацька хутка апракідвае коўш і вылівае яго. Калі потым ліючая з крана вада становіцца халоднай, ён зноў набірае яе і пачынае сёрбаць і глытаць, пастаянна паварочваючы судзіну наперад у рот, аж пакуль яму не закрывае рот. Праз паўкруг перад сваім тварам ён глядзіць на мяне вачыма, якія зусім ня рухаюцца, і п’ючы выплюхвае ў ваду пытаньне, якое я не разумею; толькі па падвышаным тоне апошняга слова я пазнаю, што ён пра нешта пытаецца, таму я належным чынам ківаю і прамаўляю слова, якое належыцца пры ківаньні. Ён выпростваецца на ўсю сваю велічыню, выцірае рот, аднак ня тылам далоні, а яе патаўшчэньнем перад вялікім пальцам, і размыкае губы, пакідаючы маленькую адтуліну. Пасьля гэтага ён вешае коўш назад на гучок і закручвае за сабой кран; сьпінай да мяне, падняўшы спачатку левае, потым правае плячо, ён шкрабе сябе пад пахай, потым залазіць рукой у нагавіцы і чэша пад чэравам, напасьледак вялікім пальцам правай нагі скрабе костку левай і ставіць сваё пытаньне ў другі раз. Ён пытаецца ў мяне (другімі словамі), дзе я быў увечары. Я быў у мястэчку, адказваю я, прайшоўся крыху сабе. Было некалькі дробных справаў, паправіўся я, бяз справы я там не застаўся. Чуць такое яму радасна, гаворыць бацька (другімі словамі), тручы пальцы аб анучу для посуду. Але дзе ж ты там бадзяўся? Я заходзіў у глядзельную залю кінатэатру, пярэчу я, але там было зусім пуста. Тады я памкнуўся да сястры ў шынок і там спытаўся пра сёе–тое. Вечарам, заканчваю я свой аповед, мне ўжо нічога іншага не заставалася, як ісьці дахаты. Ня гледзячы на мяне, бацька круціцца на адным месцы, нешта выглядаючы, і прастуе да судніка. Я пазнаю ціхае шмяканьне пантопляў, калі ён адсланяе ідучы босыя ногі ад падлогі, і потым шчоўканьне ў каленях, калі ён прысядае на кукішкі і адчыняе дзьверцу шуфляды. Я чую, як ён, адно засунуўшы руку ў суднік, ужо зноў дастае яе і патэльню, прысядае на калені, зноў выпростваецца, пальцамі нагі наўскась закрываючы шуфляду і на хаду прапіхвае мне да стала часткамі сваё наступнае пытаньне, апошняе слова якога вымаўляе ўжо вяртаючыся да пліты: ці гэта я паставіў вэлясыпэд ля сьвірна? Бо ён наўрад ці мог. Ён гаворыць, што можа лёгка паверыць, што вэлясыпэд мне дзе–небудзь, хай сабе ў мястэчку, настолькі абрыд, што я ніяк ня мог зрабіць іначай, акрамя як прывалачы яго сюды. Я хітаю галавой і гавару словы, якія належаць да хітаньня. Ці гэта праўда? пытаецца ён (другімі словамі). Гэта праўда, настойваю я на сваім адказе. Калі я прыйшоў? Я кажу яму час, калі я прыйшоў, спачатку з свайго месца за сталом проста ў твар, калі ён нахіляецца і вымае з шуфляды нож, потым такім самым цьвёрдым голасам яму ўсьлед да халадзільніка, зь якога ён бярэ масла. Аднак перш як ён, з патэльняй пад пахай, у адной руцэ масла, у другой нож, паварочваецца да пліты, перакочвае масла з адной рукі ў другую, якая трымае нож, свабоднымі пальцамі мацае пад пахай да дзяржальна патэльні і перастаўляе інструмэнт з–пад пахі на роўнядзь пліты; перш як я пазнаю аддаючае рэхам у пліце клёканьне выключальніка, шкрабаньне нажа аб паперу, у якую загорнутае масла, мяккі гук падзеньня і спаўзаньня масла на награванай патэльні, сіпеньне і гатаваньне таючага масла; перш як бацька зноў прастуе да пліты, разьбівае на патэльню яйка, выкідвае шкарлупіны ў сьметніцу, перш як ён сыпле на яйка соль; перш як я пазнаю насупраць мяне за сталом шоргат крэсла, перазвон сталёвага судзьдзя для яды, турзаньне за перакошаную шуфляду; перш як бацька, штурхаючы шуфляду адначасна грудзямі і чэравам, пры хцівым маўчаньні сядае да мяне за стол і з занесенай для захвату над лустай хлеба на воскавым абрусе левай рукой закалвае зубцы відэльца наўскась зьверху ўніз у яйка на патэльні і праз плячо, адварочваючыся, кідае, перабіты ў ядзе, позіркі на яе; і перш як я чую выбух увушшу — увайшла яна, ідучы, павесіла хвартушок на пліту, сухімі босымі нагамі ходка і спакойна рушыла да канапы, я пазнаў пах хлява, яна цяжка і спакойна апусьцілася на канапу, грузна паставіла ў шырокай сукенцы ногі адна побач з другой, зачапіла ўласнай нагой ножку канапы, прытулілася там, седзячы, да сьцяны і глядзела сюды, не міргаючы павекамі і не падглядваючы на мяне цішком, — альбо не глядзела. Потым, раз гэта выконвае ён, раз ён гатуе на пліце сабе вячэру, яна сядзіць занурыўшыся ў сябе, сядзіць з адсутным тварам, калі ўжо ён з поўнай патэльняй наведвае стол, калі ўжо цяжка апускаецца на крэсла, калі ўжо хапатліва пачынае зьядаць вячэру, сядзіць нахіліўшыся наперад на скосе седзіва, выпускае з шырака разамкнутага рота згаданыя гукі, бяздумным позіркам глядзіць на маўкліва–чуйнага сьляпога; нарэшце амаль не адкрываючы рот пытае бацьку пра гэта, быццам яго і не было тут самога, ці ўжо сыты сын, чуе, як над сталом бацька з боку перажоўваючых зубоў пытае (другімі словамі) сына, ці ён, сын, ужо сыты, чуе, як ён, сын, дае бацьку для яе, для бацькавай жонкі, адказ, што ён, сын, наеўся, павячэраўшы ў мястэчку ў сястры і што ён дзякуе за пытаньне; і чуе цяпер, як бацька, напіхаўшы рот, пераказвае ёй другімі словамі адказ, што сын ужо сыты; нажэрся ў сястры. Памалу–памалу яна ўстае і разглядвае чэзлыя потныя сьляды ад падэшваў яе мужа на падлозе і чорныя палосы поту на голых нагах пад сталом, якія падымаюцца і курчацца, як толькі галава торгаецца па ежу. Што са мной? пытае яна, пасьля таго як у маіх вушах выбухнуў гук. Ён перадае пытаньне другімі словамі. Гэта відэлец упаў? пытаю я ўслухваючыся. Але гэта толькі выпала ў яе з рук альбо з сукенкі, калі яна ўстала, нягнуткая папера ліста.
|
|
Лінія электраперадачы Драты лініі электраперадачы выходзяць з электрастанцыі Бронц. “Яны цягнуцца адтуль ува ўсходнім накірунку да мястэчка Чау, збочваюць на паўночны ўсход, праз прасекі цягнуцца на гару Вал, у тым самым накірунку апускаюцца да мястэчка Грудэн, неўпрыкмет пакідаюць мястэчка Шланц, мястэчка Рыч, мястэчка Полаш, мястэчка Чэрнаглаў, мястэчка Дзявіцк, мястэчка Прокі, мястэчка Акоп, мястэчкі Дваццаць, Трыццаць і Балоты, неспадзеўкі паварочваюць на поўнач і цягнуцца далей у гэтым накірунку празь мястэчка Гразі, празь мястэчка Прух, празь мястэчка Смакі, празь мястэчкі Сродма, С’ютра, Трэкіш, Крыж і цягнуцца далей празь мястэчка Узвышша і празь мястэчка Заморск да мястэчка Пустэльнікі”, дзе я стаю пад бакавінамі апоры і прыкладваю вуха да бакавой нясучай, пасьля таго як я, з нагой на бэтонным фундамэнце, стукнуў каменем па гулкім рыштаваньні там, дзе я стаяў, і пачуў над сабой гул і шаргатаньне шорсткіх крылаў, дзе я цяпер чую далёкае водгульле, на поўнач, “куды ўверх па полі вядуць драты, ад мястэчка Пустэльнікі празь мястэчка Скокі, празь мястэчка Канары, празь мястэчкі Сьвятакаламанаўку, Сьвятабэнэдыктынаўку, Сьвятаянаўку ў ценю, Сьвятакасьмінку–і–Даміянаўку пры дарозе, Сьвятагатаўку, Сьвятаагнэсаўку, Сьвяталюцыеўку (просіць за нас)” і ў гэтым накірунку далей праз падобныя месцы, аж пакуль мне ня чутна болей бамбардавальнікаў. “Ідыёты стаяць з ранку да вечара ля сьцяны дому, пускаючы сьліну з рота, і гуляюць з сваім ценем у сонечны гадзіньнік”.
|
|
Час, праведзены ля сьцяны У той час, як я стаю ля сьцяны (апісаньне яшчэ не прасунулася далей), я наважваюся ісьці цераз падворак да сьвірна і паставіць на колы вэлясыпэд. Ноччу я чуў, як вецер альбо дождж зрабіў зямлю пад коламі сьлізкай, апракінуў яго. Так будзе прынамсі пазьней за сьняданкам спрабаваць растлумачыць гэта бацька. Я зьбіраюся зрабіць гэта, не перастаючы церці абедзьвюма даланямі справа і зьлева па сьцяне. Я стаю ля сьцяны дому і паказваю сваім ценем час. Цяпер толькі бярэцца на дзень. Я зьбіраюся ісьці да сьвірна, растлумачваючы сам сабе, як гэта карысна падняць там вэлясыпэд. Я нерухома стаю ля сьцяны. Дождж парным цяплом падымаецца ад зямлі. “Перад справамі гаворыцца многа слоў. Паміж словамі і справамі праходзіць час”. Цела цяжка набрыньвае млявасьцю. Пальцы шорстка шкрабуць сьцяну. Прыходзяць шмат якія думкі, аднак ні з воднай зь іх не гавораць млосныя члены. Мой цень на сьцяне дома мізарнее. Загады мазгоў натыкаюцца на глухое каменьне. Я не магу сысьці зь месца і прайсьці ў сьвіран. Шоргаючыя кончыкі пальцаў млява соўваюцца па зярністай тынкоўцы. Час праходзіць у руках, дарма што я шалёна злуюся на млявасьць, — я з–за шаленства амаль губляю над сабой кантроль. Я не магу перасіліць сябе і накіравацца з гэтага месца празь бездань падворку ў другое месца. Што я ні камандую сваім нагам, гэта ня зрушвае мяне зь месца ў дарогу, якой дзесяць крокаў. Сьцяна пыльная. Круглястыя павукі торкаюцца на доўгіх нагах уніз і ўверх. У тынкоўцы адтуліны бы кеглявідныя ўваходныя адтуліны стрэлаў. У адтулінах цэлы дзень вісяць, растапырыўшы крылы, заснулыя молі. Пальцы маглі б распрастацца і пагладзіць адну з моляў. Але моль застаецца бяз руху. Я адштурхваюся. Я стаяў ля сьцяны з завязанымі вачыма. Я выкарыстоўваю час, шукаючы з гэтымі завязанымі вачыма дарогу ад сьцяны да сьвірна. Я іду спатыкаючыся, быццам я толькі што стаў сьляпы. Між тым каля сьвірна я не знаходжу ніякага вэлясыпэда. Ці там хоць калі быў які? Мой бацька яшчэ едзе ад става. Бацькава жонка яшчэ ня выйшла з дому. Пра нейкую трэцюю асобу я да гэтага часу ня чуў.
Кот Хоць у сьвірне і няма травы, але там пахне травой. Пах ідзе ад другога воза, стаіць з паднятым дышлем ззаду на вяршыні бэтоннага мура; першы воз яшчэ ў дарозе; для яго прызначаныя пляц і прастора, куды я ступаю. Я адчуваю пад падэшвамі адбіткі капытоў у стаптанай гліністай глебе, пілавіньне і рыпучыя кавалкі кары, якія паадвальваліся, калі пілавалі бярвеньні. Каленам я натыкаюся збоку на дзяржальна сякеры; калі я намацваю яго, я заўважаю, што лязо ад штуршка вызвалілася з амаль разваленай ударам калоды і цяпер паступова выходзіць наперад, а дзяржальна ў маёй руцэ ідзе ўніз. Перш як сякеры вываліцца з калоды, я перахопліваю яе, вымахваю над сабой, даю дзяржальну прасьлізнуць праз адно зьлёгку абнялыя яго пальцы амаль да самага зялеза і дрыготкай рукой уганяю лязо цераз усю шыю ў дробных жылах ў калоду. Іншым разам тады курыца, калі моцна не трымаць яе за крылы, лятае без галавы па сьвірне; яна імчыцца па бэтоне, б’ецца аб складанку дроў, аб ліштвы, аб бэлькі столі, аб пілы, якія вісяць на ліштвах, аб дрыжачае яшчэ дзяржальна сякеры, зьмятае з калоды ўласную галаву і яшчэ раз стукаецца ў мур, які што мага адмахвае яе на падлогу, дзе тая, ляпаючы крыламі, бегае па крузе і малоціць па пілавіньні чырвоным шлянгам шыі, які рытмічна выкідае на драўляны пыл кроў. Альбо ты што другое хочаш? спытаў ты. З воза, на якім я сяджу, чуцён магутны плюскат вады, якая праз поўны вадасьцёк абрыньваецца на падворак спачатку з даху сьвірна, потым далей з даху хлява і з даху дому. Мала што бачна: куры пасталі ў дзьвярах хлява, на гзымсах двух вакон і на гзымсе перад чорнымі дошкамі току. Яны стаяць шчытна адна пры адной, ня рухаючыся. Не, яны не натапырваюць пер“е. Вось адну зь іх выціскаюць з падваконьня; летучы яна разьвінае крылы. Я слыхам распазнаю лапатаньне крылаў і пырсканьне калюгі. Курыца справа і зьлева заточвае аб камень дзюбу і пярэкулем кідаецца да дзьвярэй хлява; яна шчыміцца праз шэраг другіх; сярод нерухомых жоўтых ног яе больш нельга адрозьніць. У калюжынах я бачу варонкі ад кропляў, заглыбленьні і выкіды ад апалых струмянёў, якія потым гонка плывуць бурбалкамі па вадзе. Я чую плескатаньне дажджу па бляшаным даху сьвірну і бесьперапыннае сіпеньне і пошчак на надворку. Ніжняя частка брамы ўжо цёмная ад вільгаці; на фарбе бачныя адштурхнутыя ёю кроплі; там, дзе яна аблушчылася, дрэва ўжо паглынула ваду. Дзьверы цяпер крышку падаюцца ўнутро, але клямка застаецца на сваім месцы; рух дзьвярэй пазнаецца толькі па растучай цені, якая пашыраецца з боку клямкі. Я нічога ня чую. Зьяўляецца кот. Ты што, нічога лепшага ня змог прыдумаць? Гэта кот, сказаў ты. Яго нясе ўніз па прыступках; пад вадасьцёкам ён пракоўзваецца ўздоўж сьцяны хлява, застывае цяпер перад каленам вадасьцёку, пераскоквае трубу і шыбуе ўздоўж сьцяны далей. Цяпер ён узіраецца на чародкі курэй. Я між тым нічога ня чую. Ён паварочвае галаву да курэй, якія дрэмлюць на гзымсе акна. Тады ён рэзка павяртае галаву да сьвірана. Ён усё яшчэ цікуе пад дахам хлява. Я чую толькі сіпеньне і пошчак кропляў на падворку; наўрад ці твой покліч даляцеў да ягонага вуха. Ён пачуў мяне. Ён подскакам кіруецца сюды. Вось ён ужо ў сьвірне. Я ня чуў, як ён прыбег. Я ўсё яшчэ ня чую яго. Ён стаіць на пілавіньні і абтрасаецца. Калі ён бег ўжо па дажджы і калі ўжо дождж вогкімі аблокамі туга прыпускае па падворку, гэтага руху варта было чакаць. Цяпер ён, нічога не падазраючы, скача цераз паленьне, заскоквае на козлы і сядае там на драбінах. Ён зноў падымаецца, каб рухацца. Сасьлізгвае ўніз і неспакойна цялёпаецца да складанкі дроў. Гэта вельмі кашчавы кот; ён блізкі да галоднай сьмерці; вочы па кутках поўныя гною; на хрыбце месцамі бачная голая скура. Цяпер ён прысеў наверсе на складанцы; ён зноў рушыў; ён кідае касы позірк сюды; ён круціцца на месцы і па паленах бяжыць у дальнюю палову сьвірну. У баразьне, якую выбілі кроплі, пад дахам ляжыць на зямлі кантаватае палена. Гук кропляў, якія падаюць на палена, адрозьніваецца ад гуку кропляў, якія падаюць на друз, пясок і калюгі вадасьцёку. Кот стаіць на кучы дроваў у дальнім кутку сьвірну; ягоная поўсьць дыбіцца; ён высочвае зьверху, ён круціць галавой. Вось ён, неадрыўна гледзячы на воз, на якім мы сядзім, кіруецца цераз дровы ўздоўж задняй сьцяны. Ён надта худы. Пад поўсьцю бачныя скабы: адна, другая, трэцяя, чацьвёртая... Я чую шум кропляў, якія падаюць з цэглаў на кантаватае палена; ад кропляў у драўніне зьяўляецца шум; хай сабе ён глушэйшы і цішэйшы за шапаценьне кропляў па друзе і калюгах вадасьцёку, але ён выразна чутны мне. Драўніна пакрытая шкляністым слоем вады; у дзірках ад сучкоў выбліскваюць кроплі, перш як быць паглынутамі наступнымі. Дождж сьціхае. Кот скача на бэлькі столі, ён скача яшчэ раз, ён зачапляецца лапамі за драты, якія тырчаць з бэтону. Я чую, як кроплі падаюць у баразну. Іхнае шапаценьне цяпер паўсюль аднолькавае. Кот бяжыць назад у куток, там ён прыціскаецца да падлогі і падкрадваецца бліжэй; ён адскоквае ўбок і затойваецца за дровамі; ён раптам пачынае віскатаць і якатаць нешта дзіцячае, становіцца на заднія лапы і цягнецца да бэлек столі; ён цягнецца, аж пакуль не стаіць адно на кіпцях, і прыціскаецца жыватом да сьцяны. Пры гэтым яго сьпіна пайшла ямамі; галава ў яго торгаецца са сьпіны; ён паглынае позіркамі непразрыстую столь; пярэднімі кіпцямі ён дзіка шкрабе бэтон. Я чую шкрабаньне, казаў ужо я. А цяпер я чую сьвіст паветра і ўдар цела. Ён адно скура і косьці, ты ўжо казаў: ты можаш памацаць — у жываце адбіліся канты бэтоннай апалубкі. Я чую ўдар і якатаньне; якатаньне выцясьняе ўдары, а ўдары спрычыньваюць якатаньне. Я чую ўдары, скуголеньне, якатаньне. Потым я чую толькі якатаньне. Потым я чую ўдары і якатаньне. Потым я чую толькі ўдары. Потым я чую ўдары, скуголеньне і якатаньне. Усе гэтыя гукі ўтвараюць трохтактнае адзінства. Я паслабляю пальцы і нарэшце адпускаю дзяржальна сякеры. Я чую, як па надворку, з кашулямі цераз руку, крочыць жонка бацькі. Яе рухі пераходзяць адзін у другі; мае рухі, якія я цяпер пачынаю рабіць, настолькі аддаленыя адзін ад аднаго, што яны зь цяжкасьцю чаргуюцца; спыненьне яшчэ ідучых целаў роднаснае адно аднаму. Менавіта я першым успрымаю гэта і крычу тое, што пачуў, ёй усьлед: пасьля гэтага ўжо яна вачыма пацьвярджае пачутае. Потым мы, перш як увайсьці ў дом, разам слухаем, яна наверсе ля дзьвярэй, я ўнізе на падворку, як воз паварочвае з гасьцінца наверх на дарогу да дома і як зьнізу бацька з патрэскваючай пад яго вагой купы трысьнягу яшчэ здалёк у добрым настроі выкрыквае прысутным свае вітаньні.
|
|
Пачатак эпізоду за сьняданкам “Калі я быў там”. Калі я быў там у доме, я па начах чуў, як едуць цягнікі, і да паўночы чуў, як унізе ў горадзе езьдзяць трамваі, і ўсю ноч напралёт чуў на аб’язной дарозе цяжарнікі дальняга прызначэньня. Я адрозьніваў шумы і адным надзяляў маторы, другім рэйкі, другім сігнал, адным стрэлкі, адным пару; я надзяляў шумам матораў барзьдзіню, а барзьдзіню чаравікам і нагой, якая наском наступае на понаж, і рукой, якая цягнула за вагар, і я надзяляў чаравік і руку чалавекам, а чалавека надзяляў галавой паміж плячэй, а галаву вузкімі стомленымі вачыма і вочы позіркамі. А позіркі я напачатку нічым не надзяляў. Але потым я надзяліў іх адваротным бегам асфальтавай смалы, а бег межамі берагоў, бардзюрнымі камянямі, а межы расхінаньнем зеўраньня кашэчых вачэй і чэзлымі кружляючымі ценямі. Я надзяляў шумы, якія я чуў, вобразамі. Я надзяляў вобразы шумамі, якіх я ня чуў. Я надзяляў шумы, якія я ня чуў, вобразамі. Шум счапленьня і сучляненьняў я надзяляў заднім вагонам трамвая. Сьветлы сьлед трамвайных вагонаў я надзяляў асобнымі вобразамі пасажыраў за вокнамі, калені пасажыраў кішэнямі, рукі складзенымі, яшчэ пахнучымі кіслай газэтнай фарбай, пасьведчаньнем, капелюшом, белымі пальчаткамі зь сьлядамі губной памады на пучцы сярэдняга пальца. Вобраз рота я надзяляў гукамі, і варушлівы рот я надзяляў адпаведнымі гукамі. Я ўявіў адзін рот і другі рот і прымусіў іх памяняцца гукамі, а вобразы ўзаемазаменных целаў прыхінуцца адно да другога. Я надзяліў губы вобразам рухомага рота, а рухомы рот гукамі. Я надзяліў прыхінутыя адзін да аднаго вобразы целаў размовай. Я прымусіў вобразы целаў устаць, зрабіў так, што вобраз аднаго твару, ідучы наперад, паглядзеў на вобраз другога твару, прымусіў вобраз другога твару ззаду кіўнуць галавой вобразу першага. Я пабудаваў дакладны вобраз гэтага ківаньня, я ўявіў вобраз выцягнутай вэртыкальнай прамой рукі і пальцаў, якія моцна абхапілі парэнчы. Парэнчы я надзяліў потым вобразам пустых хісткіх петляў. Я правёў па вагоне шэраг людзкіх постацяў. Я прымусіў іх зайсьці, прайсьці, я прымусіў іх выйсьці. Заціханьне вагону і цішу я надзяліў сьветлавым колам канцавой станцыі, бэтоннымі лаўкамі на газоне, паўценем павеці і замкнёнай прыбіральняй. І гэтыя нябачныя вобразы я надзяляў шумамі, якіх я ня чуў, а гэтыя шумы зноў нябачнымі вобразамі людзей, якія зьнікалі зь сьветлавога кола ўва ўсе бакі сьвету, цёмным і сьветлым веяньнем вопратак над асфальтам, паваротамі галавы перад тым, як перайсьці вуліцу, патуханьнем цыгарэтаў і сьветлым водбліскам газэты ў сьметніцы. Пасьля таго, як я нячутныя гукі надзяліў вобразамі, я надзяліў нячутную цішыню, якая наступіла сьледам, вобразам кандуктара, які сядзеў на больш высокім сядзеньні перад адчыненымі дзьвярыма і запісваў лічбы, вобразам кіроўцы, які хадзіў туды–назад у коле сьвятла, падбіваючы нагой скамечаны талён, і вобразам чалавека, чый абрыс, спачатку сьветлы, потым зацемнены з–за сустрэчнага сьвятла з другога боку вуліцы, зь цемры рухаўся па дзірване да трамвая. Аднак потым пачалі праяўляцца шумы ад’езду, якія я чуў і ўспрымаў, так што я стаміўся надзяляць у гэтым месцы шумы вобразамі і нябачныя вобразы іхнымі шумамі. Я надзяляў другія шумы, якія я чуў, другімі вобразамі. Я чуў далёкае пагрукваньне едучага цягніка. Я выклікаў у сабе вобраз едучага цягніка. Я дадаў да пагрукваньня гукі, якіх я ня чуў, і з гэтых гукаў я ствараў вобразы, таксама і тады, калі пагрукваньне цягніка ўжо аддалілася і змоўкла. Кожны гук я абазначыў вывучаным сымбалем і імем і, дзеля таго каб бавіць час, параўноўваў з другімі гукамі. Я бавіў час, называючы гук тармажэньня бруеньнем і раўнуючы бруеньне з шумам парывістага ветру пад час залевы. Потым бруеньне раптам перапынілася. За ім настала амаль бясшумнае качэньне колаў; я параўнаў яго з шумам рамянёў бэтонамяшалкі, матор якой ужо адключаны. Я чуў усё больш пругкі вецер, усё больш частае падвойнае татаканьне і глухі паўтор буфэраў, і з гэтых шумоў, якія я яшчэ чуў, я стварыў сабе вобраз цягніка на цяпер яшчэ вольнай каляіне. Цягнік я надзяліў пырскаючым алеем, лятучымі ўздоўж вагонаў іскрамі і матава–чорнымі вокнамі вагонаў. За вокнамі я паклаў пасажыраў. Іх я надзяліў лаўкамі, складзенымі як падушкі паліто, якія ляжалі ў галаве да згібу локця, паміж тварам і посьцілкай падсунутая рука, якая абараняла скуру ад гузікаў, а тых, хто сядзеў ля акна, я надзяліў фіранкай і пальцамі, якія нацягвалі фіранку на галаву, і галава апускалася торгаючыся. Я ўявіў сабе купэ, біркі зь імёнамі на валізках у багажнай сетцы, парасоны, якія хістаюцца на кручках, разьвязаныя матузкі чаравікаў на падлозе, абсунутыя панчохі, падцягнутыя да жывата калені, бачныя палоскі скуры паміж нагавіцамі і панчохамі. Цішыню, у якой я цяпер ляжаў, я надзяліў цягніком, які па цемрадзі ехаў праз прасьцяг, і сьцішаным дыханьнем сьпячых у едучых вагонах. Вагоны я надзяліў напаўгучным пошаптам і рыпеньнем, а сядзеньні ў яшчэ пустым купэ патрэскваньнем. Потым я рашчыніў усе гукі ў гудзеньні расьсяканага паветра. І я параўнаў гудзеньне з чутным выцьцём электрастанцыі і з посьвістам вады ў кране перад тым, як яна пачынае ліцца. Гудзеньне набралася сілы, зноў аслабла і зноў набралася сілы. Я ўявіў пустое купэ. Я надаў яму пах халоднага дыму, апэльсынавага шалупіньня, вільготнай гумы, расталага шакаладу, і да пахаў я далучыў вобразы тых, хто быў у купэ раней. Я прымусіў вобразы пальцаў з пазногцямі аблупліваць садавіну і надзяліў вобраз ціхім сапеньнем адстаючага шалупіньня, а над шалупіньнем унікаючыя адны другіх губы. Гэтыя губы я надзяліў пытаньнем, а галаву насупраць адмоўным хітаньнем. Потым я прымусіў вобраз вялікага пальца разьдзяліць вобраз плада і падаць скрылік вобразу другога, і хоць я ўяўляў сабе вобраз другога адмоўнага хітаньня галавой, я ганебна дазволіў вобразу рукі ўзяць вобраз скрыліка плоду і паднесьці яго да вобразу рота, які я перад гэтым надзяліў адным словам. Цяпер я даў магчымасьць абодвум пасажырам зьесьці часткі плоду, аднаму, уласьніку, з хуткай мімікай і жаваньнем па ўсім твары, другому з павольным смактаньнем і грызеньнем перапалага яму скрыліка. Потым я адключыў вобразы пахаў і абязьлюдніў купэ. Я надзяліў цішыню, у якой я ляжаў, гудзеньнем. Гудзеньне я не надзяліў нічым: я ляжаў і ўяўляў сабе гудзеньне. Потым я надзяліў цішыню грукатам тармажэньня, зноў павольным, амаль бязгучным качэньнем колаў, другім грукатам тармажэньня, кляцаньнем стрэлак, выездам на іх цягніка. Неўзабаве я падпусьціў пранізьлівае сіпеньне пары, глухі стук вагонных дзьвярэй аднекуль, торганьне назад, ясную, выразна чутную цішыню. Я надзяліў цішыню цішынёй, потым вобразамі людзей, якія прачынаюцца, гукамі запытаў, рухамі галоваў, што паварочваюцца да акна, гукамі адказаў, размовамі, якія раптам сталі зразумелымі, яркімі гукамі, якія даносяцца з пэрону. Я ствараю вобраз пэрону. Я надзяляю яго электракарам. Я гашу вобраз рухомага электакара і пакідаю пэрон пустым. Я ствараю вобраз чакальні. Для гэтага я прымушаю шчоўкнуць дынамік. Я ствараю вобраз падвойных адкрываных у абодва бакі дзьвярэй чакальні і прыладаў для сядзеньня за дзьвярыма. І лаўкі чакальні я ствараю пустымі. Аднак дзьвярніцы целяпаюцца. Я ствараю вобраз вадзянога крана ў сьцяне вакзалу і вадазбору пад ім. Я ствараю вобраз пустога купэ. Цяпер я надзяляю фантан постацьцю мужчыны. Я прымушаю вялікі палец чалавека заглыбіцца пад матузок марацкай кайстры на плячы і пацягнуць, а локцем паддаць марацкую кайстру вышай і на сьпіну. Я ствараю вобраз чалавека, які нахінаецца, я надзяляю яго вобразам загнутай коўшыкам рукі і вобразам сёрбаючых губ. Далей я запускаю аб’яву па гучнагаварыцелі. Я адначасна ствараю вобраз п’ючага і вобраз пустога купэ. Я прымушаю чалавека піць хутчэй. Сам сабой наплывае вобраз электрычнага гадзіньніка. Я выключаю гэты вобраз. Я прымушаю чалавека пацягнуцца і выпрастацца. Я прымушаю яго выцерці рукавом мокрыя губы. Я гашу гэты вобраз. Я бачу чалавека, які стаіць ля вадазбору. Я гашу, зацямняю вобраз электрычнага гадзіньніка. Я гашу вобраз цягніка і зацямняю вобраз пэрону. Між тым паміма маёй волі пагашаны вобраз надзяляецца вобразам цярпліва стаячага ў мроіве чалавека, ад якога адыходзіць вобраз сьветлага раскудлачанага матузка марацкай кайстры, ад якой на куртцы набухаюць столкі. Хутчэй, кажу я. Я бачу загнуты крукам палец паміж ключыцай і матузком. Міжволі я бачу вобраз шчыліны паміж дзьвярніцамі дзьвярэй у чакальню. Я аддаюся гэтым вобразам. Чалавек сам сабой надзяляецца крокамі, крокі надзяляюцца гукам, гук крокаў — шумам каляхуючай вады, якая перад ад’ездам выбягае з паравога катла. Я ствараю вобраз чалавека, які ставіць нагу на падножку. Хутчэй, кажу я. Аднак гэты вобраз гасьне. Я бачу, як ён шоргаючы ідзе ад вадазбору да чакальні. Я бачу шчыліну паміж дзьвярніцамі дзьвярэй у чакальню. Само сабой выплывае пустое купэ, пад якім я адчуваю непазьбежнае торганьне ад таго, што спрацоўваюць буфэры. Я ствараю вобраз чалавека ў вагонным праходзе. Вобраз чэзьне. Я зноў бачу, што чалавек стаіць ля вадазбору; я бачу, як ён прыгінае плячо і спускае марацкую кайстру па матузку на згіб локця. Я гашу вобраз пэрону і ствараю вобраз едучага цягніка. Я прымушаю чалавека спатыкаючыся ісьці па вагонным праходзе. Я ствараю вобраз коса пасаджанай галавы чалавека і матляньне марацкай кайстры. Я надзяляю цішыню прыглушаным сіпеньнем чалавека. Я надзяляю шумы цягніка шумам другога цягніка, які набліжаецца па другой каляіне. Я надзяляю цягнікі, калі яны пачынаюць ехаць упоравень, адным грукатам і ровам, ад якога адстае абшыўка вагону. Я прымушаю чалавека на хаду трэсьці замкнутыя дзьверы, я ствараю вобраз сонных істотаў за дзьвярыма. Аднак я бачу, што чалавек стаіць каля вадазбору. Я гашу гэты вобраз і надзяляю стаячым чалавекам дзьверы ў пустое купэ. Гэты вобраз гасьне. Я надзяляю зноў узьніклае купэ стаячым звонку абрысам чалавека, а вобраз чалавека ў праходзе вагону, які прыкладвае лоб да дзьвярэй і ў роздуме падзёргвае губамі, я надзяляю рухам рукі, а руку гарызантальнай ручкай. |
|
Між тым чалавек зноў закідвае марацкую кайстру на плячо. Я бачу, як ён ідзе назад да чакальні. Я гашу гэты вобраз. Я ствараю вобраз чалавека, які адчыняе грымоткія дзьверы. Аднак я бачу, як ён нагой расхінае дзьвярніцу дзьвярэй у чакальню і ўваходзіць туды, і я гашу гэты вобраз. Я бачу, як ён зноў ідзе ўздоўж лавак. З гэтага я ствараю прагінастыя лаўкі пустога купэ; аднак я бачу лаўкі чакальні. Я гашу вобраз. Я бачу, як ён садзіцца і яшчэ сядаючы вызваляецца ад кайстры. І тое, што я бачу, перамагае волю. Я бачу цела чалавека на лаўцы паміж вольна зьвіслымі пальцамі. Ён у памяшканьні без кампаніі. Ён падымае пагляд над чаравікамі. Ляжаць на лаўках станаўко забаронена. Ён разглядае зьбіты ў лямец пыл у зморшчынах чаравіках. Потым ён выпроствае сьпіну і блукае позіркам па сьценах. Нідзе не відаць выключальніка, пры дапамозе якога ён мог бы зацямніць памяшканьне, каб паспаць. Ён сеў і прачытаў на пыле сваіх чаравікаў свой шлях. Ён паслухаў гудзеньне сьвятла. Перад дзьвярыма пэрону зьявіўся паліціянт, рукі ў звыклай паставе там, дзе заканчваецца сьпіна; гнаны клопатам пра парадак і цішыню, ён палічыў за лепшае ўвайсьці і стоячы ўступіць з чалавекам, які сядзіць і пазьбягае глядзець яму ў вочы, у размову пра ягоны ўзрост, месца жыхарства ды прафэсію; чалавек адказаў яму, як было на самой справе. Потым паліцыянт, які тым, што ён пытаў і гаварыў, хацеў ператварыць бясконцую ноч на вакзале ў хуткаплынны дзень, учыніў чалавеку запыт наконт ягоных плянаў; ані не прамарудзіўшы, той раскрыў яму свае пляны, аднак незадаволеным позіркам ён даў паліцыянту зразумець, што хацеў бы спыніць размову. Абодва былі адзіныя і яшчэ ў тым, што разам выйшлі празь дзьверы ў вялікую залю, аднак звонку іхныя шляхі разышліся: паліцыянт з палёгкаю пайшоў да акенца, якое пачало зь ляскатам расчыняцца, а мужчына з кайстрай, пазьбягаючы кампаніі другога, панура пашыбаваў да туалета. Там ён згружае марацкую кайстру з пляча і вымае з кішані дзьве мядзяныя манэткі, адну зь якіх ён засоўвае ў аўтамат для продажу парфумы. Далей ён прысядае і націскае на вагар, так што парфума пахкай балачынай пырскае яму на кашулю. Ён выпростваецца і паціхеньку цягне марацкую кайстру за сабой па плітах падлогі, схапіўшыся за яе матузок. Ягоны твар як заўжды неспакойны і ўзбуджаны, хоць цяпер, напарфуміўшыся, ён выглядае задаволеным. Другую з манэт ён кончыкам вялікага пальца папіхае ў манэтапрыёмнік кабіны. Цяпер ён звыклым рухам адчыняе дзьверы, апускае марацкую кайстру пад ногі і цялёваецца далей да бачка. Без цырымоніяў ён ступае на вызваленую прастору, накідвае кручок і зачыняе дзьверы. Абедзьвюма нагамі ён штурхануў марацкую кайстру аж да сьцяны. Прысеўшы на кукішкі, ён аслабляе на кайстры матузкі і дастае газэту. Аркуш за аркушам ён расьсьцілае яе на плітах. Ён назірае, як вільготныя плямы распаўзаюцца на паперы. Ён пакрывае і высушвае плямы другой газэтай. Шалёны выбух вады ўва ўсіх кабінах скрадвае шамаценьне паперы. На посьцілцы ён уладкаваўся адпачываць. Абапершыся на палову вышыні на рукі, ён яшчэ разглядае здымкі і малюнкі, надпісы, напісаныя і выдрапаныя на сьценах навокал. Потым ён паклаў шыю і патыліцу на марацкую кайстру. Кабіна занадта кароткая, таму ён пераварочваецца на бок і падцягвае калені да чэрава. Цяпер ён ляжыць зусім як той, хто сьпіць у едучым цягніку. На эмалі ачка ён бачыць адбітак нечага, што ён называе сваім тварам; у шчыліне паміж плітамі падлогі і пасадачнай часткай ракавіны ён заўважае карычневы акатыш засохлага салідолу; ён бачыць у ім кароткія калючыя валасы і падобны да пуху пыл на яго тыльным баку, што спакушае яго да таго, каб падзьмуць; ён бачыць, што эмаль вакол адной дзіркі для вінта абколатая; ён бачыць вінт, якога не стае. Не абараняючыся ад таго, што ім апаноўвае, чалавек, з шарготкай рукой пад вухам, заглыбляецца позіркам у пералівы белага, якія пашыраюцца, паглыбляюцца і захопліваюць яго, аж пакуль ягоныя вочы не становяцца белымі, бы глязура. “Ён сьпіць”. Абедзьвюма рукамі я шукаю кубачку дарогу ад рота на стол. Пасьля таго як я наткнуўся на стол, воскавы абрус пачынае клеіцца да пальцаў, калі я хачу прыняць рукі, хоць здаецца, што скура пацее толькі знутры. Кабета, якая млява сядзіць ля пліты на ўслоне і да дрыжыкаў захапляецца сьпінай жуючага бацькі і тварам глытаючага сына, аднатонна пытаецца ў бацькавае сьпіны, што я кагадзе гаварыў. Бацька, у якога на зубох рыпіць скарынка, перш як заглынуць кавалак, самазабыўна з поўным ротам перапытвае, не прыглушваючы між тым рыпеньня, у мяне тое самае амаль тымі самымі словамі. “Ад каго быў ліст?” хацелася спытаць мне. Аднак я толькі голасна пытаюся ў адказ, ці не пара выходзіць. Калі трэба будзе, ён мне пра гэта скажа, адказаў бацька другімі словамі, надаўшы сабе пэўнасьці тым, што адкашляўся з горла. Пасьля гэтага я чую, як скочваецца з шыкаценьнем, выразна памяншаючыся, на пліту вадзяная кропля. Я ўздрыгваю. Кабета падымаецца.
Але калі я з вобразамі дасягнуў межаў досьведу, мне больш нічога не дапамагло. Я ляжаў у змрочным памяшканьні сярод сьпячых і ня сьпячых сьляпых і ня мог больш ані з чога стварыць вобраз. Пачаўся быў шум трамвайных стрэлак, шум цяжарнікоў на аб’язной дарозе, шум цягнікоў, якія зьехаліся, і я называў шумы, якія я чуў, і я зноў і зноў паўтараў назовы гэтых шумоў і даваў назовам шумоў назовы вобразаў, і назовам вобразаў назовы шумоў, якія я ня чуў, але ні для воднага я ня мог стварыць сабе вобраз. Я ўзгадваў вакзалы, у якіх цяпер, калі ўжо я ляжаў тут, натоўпамі стаялі людзі, і я ня мог гэтага зразумець; я згадваў равучыя грукатлівыя цягнікі, якія едуць празь цемру, павеці на станцыях, лаўкі пад павецямі, дзьве надкусаныя складзеныя скібкі хлеба на лаўках, пырхаючую пад ветрам паперу пад хлебам, і я ня мог зразумець і гэта. Тых заснулых у цягніку згадваў я, асьветленыя чакальні, людзей, сьпячых на лаўках чакальняў, сьпячых у прыбіральнях вакзалаў, сьпячых і не пад паветкамі станцыяў, расплюшчаныя вочы сьпячых, заплюшчаныя вочы тых, хто ня сьпіць, сьліну на губах сьпячых, неакрэсьленыя вобразы і словы ў галовах нясьпячых і сьпячых, людзей, жывых істотаў, дзе б яны ні былі — удома альбо ў дарозе, але ўсяго гэтага я ня мог болей зразумець, таму што я там ляжаў ня сьпячы і сьляпы сярод сьляпых, таму што час, пакуль не паверне на дзень, быў мне доўгім як сон, і таму што я так думаў пра здарэньні і рэчы, якія можна ахапіць думкай, быццам ёсьць толькі іхныя назовы. Нешта выпала ў апісаньні. Не. Не згадана наўмысна. Не, забыта. Не. Я ня ведаю, пра што
|
|
Бацькаў твар Пасьля таго як было апісана, як бацька вяртаецца са става: як ён прывязвае каня, як ён абярэмкамі носіць траву ў хлеў і як ён скіроўвае воз за канцы дышляў на патрэбнае месца ў сьвірне, апісаньне адразу спыняецца на пераапрананьні і потым сьняданку; але пасьля таго як было апісана, як бацька на кухні есьць сьняданак, далей ідзе доўгае апісаньне ягонага твару. Між тым ён гаворыць з сынам, нешта яму апавядаючы. Звонку твар бацькі апісваецца як лагодны. Мая галава павернутая набок, каб ён мог гаварыць мне ў вуха. Я чую таксама, як звонку сьпяшаецца па сходах, падабраўшы сукенку і не дакранаючыся пятамі паверхні прыступак, жонка. Цяпер я яе больш ня чую. На адной прыступцы яна спынілася і заглянула наверх; яна бачыць ужо апісаную раней бэльку на версе мура і ніжнюю паверхню чарапіцаў. Я чую, як яна паволі ідзе далей; адна яе рука цягнецца за ёю сьледам па парэнчах, так што я чую, як скура рыпіць па дрэве. Яна нешта ўбачыла. Нешта забыта ў апісаньні. Мой бацька мне нешта апавядае. “Пры гэтым здаецца, што ягоны твар утароплены на ўласны рот, які выпускае з–пад вусоў словы бы ваду, і здаецца, што ягоная галава слухае ўласны голас”. Калі бровы ўздрыгваюць, лоб падскоквае аж да валасоў і такім чынам паглынае палоску, белую ад ценю капелюша, і бародаўка на найвышэйшай зморшчыне лоба заціскаецца гэтым зморшчваньнем; аднак калі ён зноў апускае бровы і зводзіць іх на пераносьсі, то пасярэдзіне лоба паўстае вэртыкальная зарубка, і столкі напінаюцца ў гойстрыя рыскі, на краёх якіх адбліскваюць аб’ёмныя палоскі поту; і карычневая бародаўка выпаўзае з валасоў, і за ёю апускаецца чырванавата–гарызантальны адбітак ад капелюша. Не падымаючы рота і шчок, бацька костачкай сагнутага пальца трэ вока; у той час як ён выдаляе праз павеку на сьлёзным мяшэчку чорную пляму і пазногцем выдрапвае муху з твару, рот працягвае ўжо аповед у ранейшым нязьменным тоне. Ён упіраецца локцямі ў стол. Рукавы сурдуту напаўзаюць на рукавы кашулі. Ён упіраецца тварам у паднятыя кулакі. Кулакі асьвятляюць твар. Ён сядзіць павярнуўшыся ад акна, і твар падсьвечваецца яшчэ водбліскам сонца ад сьцяны, так што здаецца, што косткі прасьвечваюць знутры; скура над ярэмнай косткай, якая цягнецца ад краю нашых вушэй да сярэдзіны вушной ракавіны, адблісквае матава, як і ўсялякі раз пасьля галеньня. Валасы яшчэ цёмныя ад поту і пасмамі прыгладжаныя да галавы, аднак пад адбіткам капелюша яны ўкруг падняліся заблытанымі пасмамі, на якіх пот ужо засох. Валасы шчаціністымі пучкамі растуць у яго з вушэй і з носу; калі паглядзець бліжай, то ўбачыш, што зьляжалыя ў лямец бровы адлеглымі канцамі вытыркаюцца на скроні; праз вусы, дзе іншым разам бачная вэртыкальная столка, сівая пасма цягнецца аж да сярэдзіны рота”. Парывіста дыхаючы, чалавек падсмоктвае ніжнюю губу. Так ён услухваецца з тонкай, усё таўсьцеючай ніткай сьліны паміж верхняй і ніжняй губой; сказы і словы, якія ён ужо ўтварыў у глотцы, цяпер гучаць зь яго больш суха і ціха, як бы самі сабой; нарэшце рот зачыняецца для ўсялякай артыкуляцыі і засыхае. Чалавек сядзіць ля стала на крэсьле; яго твар упёрся ў кулакі; ногі, згодна з апісаньнем, ён адставіў ад тулава і падсунуў наўскась у мой бок пад лаўку. Ён перапыніў аповед: нешта заняло яму мову. Вось ён уцягвае паветра і выперхвае яго зноў. Як ні ў чым не бывала ён высоўвае наперад губу і пачынае гаварыць усім тварам. Ён пачаў гаварыць і ніткай сваёй сьліны зноў зачапіў нітку свайго аповеду. Прыкладам, ён апавёў пра тое, як яму давялося ўпірацца зь перакінутым возам і зноў нагружаць траву.
|
|
Забыты прадмет Бэлька была названая. Дзіркі ад шашаля ў бэльцы былі названыя. Пілавіньне вакол некаторых дзірак было названае. Аднак нешта было забыта. Не, гэта было прапушчана наўмысна. Можа. Сукі ў бэльцы. Напісаныя цясьлярскім алоўкам на драўніне лічбы. Чырвоныя сьляды ад шнура адвесу на кантах. Задзёртыя шчэпкі. Пыл ад цэглаў на стружках. Павуціньне на стружках. Крылы і пустыя чорныя целы мухаў у павуціньні. Кроквы пад дахам. Кара на некаторых кроквах. Закамянелыя грудкі цэмэнту на адной дрэнна сфармаванай цагліне. Застыглыя кроплі смалы на кроквах. Шэраг вішнёвых костак на гарызантальнай паверхні бэлькі. Засохлае карычневае мяса на костках. Не. Нешта было забыта. Нешта наўмысна не было згадана. На бэльцы? Не. На муры? Не. На падлозе? Не. На цэглах? Так.
|
|
Страта назову Шумы пад дахам, якія я пачуў, я ўспрыняў. Я ўспрымаў шумы і гукі на кухні. Шумы і гукі на падворку і ў хляве, якія я пачуў, — я ўспрыняў. Нешта на кухні, што гаварыла: я ўспрыняў гэта; нешта другое пад дахам у каморцы, што хадзіла: я ўспрыняў і гэта; і нешта другое я ўспрыняў, што хадзіла потым па сходах; нешта другое яшчэ перад гэтым прайшлося па сходах, але яшчэ раней было нешта, яно прайшлося пад дахам побач з мурам, і яшчэ нешта другое зноў сядзела яшчэ да мяне на кухні, яно гаварыла, яно яшчэ гаворыць: яно блядое сядзела на кухні, і я ўспрыняў яго. Гэтае нешта ўспрыняло гэтае другое нешта: яно сядзела на кухні і прасяклася прысутнасьцю другога. Аднак было таксама нешта, што здранцьвела на прыступках, што здранцьвелае ішло па прыступках; яно стаяла на прыступках, калі зышло да іх, стаяла, ідучы па іх, і рабіла сукенкай і чаравікамі шолахі, якія я здуру ўспрымаў за сапраўдныя. Гэтае нешта нешта апавядала; другое, якое не было нечым, слухала; тое, што не было нечым і што слухала, слухаў я, хто ня быў нечым, слухаў і ўсё–такі не ўспрымаў. Дом зеўраў пустэчай. У пакоях стаялі крэслы і лаўкі, ложкі і сталы. У зьліве вады пад кранам лопнула бурбалка. Гэта ўсё мяне, хто адасобіў сябе ад усяго і быў другім, зрабіла зьдзіўленым і адчужаным, і я вельмі зьдзівіўся і не знаходзіў болей назову ні для чога ў доме, але я ўсьведамляў яго прысутнасьць. Нешта, што было нечым іншым, чымся я, то ўзыходзіла на сходы, то спускалася па іх: я ўсьведаміў яго прысутнасьць; нешта іншае выслухоўваючы расказвала мне на кухні нейкую гісторыю — я ўсьведамляў гэта. Аднак нешта слухала, і я не ўсьведамляў яго, не ўспрыняўшы раней.
|