| A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (36) - 2005 |
| Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|
||
| УІЛЬЯМ ФОЛКНЭР | ||||
|
Гоман і ятра 7 красавіка 1928
Паміж месцамі, дзе кучаравіліся кветкі, я праз плот бачыў, як яны ўдараюць. Яны кіравалі, дзе быў сьцяжок, а я ішоў уздоўж плота. Ластэр шукаў у траве пад гарлачыкавым дрэвам. Яны выцягнулі сьцяжок і ўдарылі па мячыку. Потым уставілі сьцяжок назад і перайшлі на пляцоўку, адзін ударыў, а за ім другі. Потым яны пайшлі далей, а я ішоў уздоўж плота. Ластэр адышоў ад гарлачыкавага дрэва, і мы пайшлі ўздоўж плота, яны спыніліся, і мы таксама, я глядзеў праз плот, а Ластэр шукаў у траве.
— Давай, кэдзі1 . – Ён ударыў па мячыку. Яны пайшлі прэч цераз поплаў. Я трымаўся за плот і глядзеў, як яны ідуць прэч. — Ты зноў сваё, – сказаў Ластэр. – Нічога сабе хлопец, трыццаць тры гадочкі, а ўсё роўна што малы. А я ў горад колькі дарогі схадзіў па торт для цябе. Перастань мне румзаць. Лепш дапамог бы знайсьці той чацьвяртак, а то не схадзіць мне вечарам у цырк. Яны ўдаралі, малыя, па другі бок поплаву. Я вярнуўся ўздоўж плота туды, дзе сьцяжок. Ён лапатаў насупроць яснай травы і дрэваў. — Хадзі, – сказаў Ластэр. – Тут мы ўжо шукалі. Яны ўжо сюды ня прыйдуць. Хадзем долу, пашукаць той чацьвяртак каля ручайка, пакуль які чорны не знайшоў. Сьцяжок быў чырвоны і лапатаў насупроць поплаву. Потым прыляцела птушка, села на ім наўскось. Ластэр шпурнуў. Сьцяжок лапатаў насупроць яснай травы і дрэваў. Я трымаўся за плот. — Перастань румзаць, – сказаў Ластэр. – Я не магу іх прымусіць вярнуцца, раз яны пайшлі. Калі не заціхнеш, дык няня не наладзіць табе дня нараджэньня. Калі не заціхнеш, дык ведаеш, што я табе зраблю. Зьем увесь той торт. І сьвечкі. Усе трыццаць тры сьвечкі зьем. Хадзем, пойдзем над ручаёк. Мне трэба знайсьці мой чацьвяртак. Можа, знойдзем які зь іхных мячыкаў. Там. Там яны. Вунь там, далёка. Бачыш. – Ён падышоў да плота і паказаў рукою. – Бачыш. Яны ўжо ня вернуцца. Хадзем. Мы пайшлі ўздоўж плота і дайшлі да садка. На садковым плоце былі нашы цені. Мой быў на плоце вышэйшы, чымсьці Ластэраў. Мы дайшлі да месца, дзе была дзіра ў плоце, і пралезьлі. — Пачакай хвілінку, – сказаў Ластэр. – Ты зноў зачапіўся за той цьвік. Ніколі ня можаш пралезьці, каб не зачапіцца за яго.
|
амэрыканскі пісьменьнік. ляўрэат нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры (1949) |
|
Кэдзі2 адчапіла мяне і мы пралезьлі. «Дзядзька Моры сказаў, што нас ніхто не павінен убачыць, дык давай лепш пахілімся, – сказала Кэдзі. – Пахіліся, Бэнджы. Вось так, бачыш». Мы пахіліліся і прайшлі садок, дзе аб нас шаргацелі й шалясьцелі кветкі. Зямля была цьвёрдая. Мы пералезьлі цераз плот, за якім парохквалі і пасопвалі сьвіньні. «Яны, відаць, шкадуюць тую, якую сёньня закалолі», – сказала Кэдзі. Зямля была цьвёрдая, утаптаная і гарбастая. «Не вымай рук з кішэняў, – сказала Кэдзі. – А то замерзнуць. А ты ж ня хочаш, каб табе замерзьлі рукі на Каляды, што». — На дварэ захоладна, – сказаў Вэрш. – Табе нельга на двор. — Чаго яму цяпер, – сказала мама. — Ён хоча на двор, – сказаў Вэрш. — Пусьцеце яго, – сказаў дзядзька Моры. — Захоладна, – сказала мама. – Няхай лепш сядзіць дома. Бэнджамін. Перастань жа. — Нічога яму ня будзе, – сказаў дзядзька Моры. — Паслухай, Бэнджамін, – сказала мама. – Калі будзеш нядобры, пойдзеш на кухню. — Няня казала, каб мы яго сёньня не прыводзілі на кухню, – сказаў Вэрш. – Яна сказала, што й так не пасьпявае з гатаваньнем. — Пусьці яго на двор, Кэралайн, – сказаў дзядзька Моры. – А то яшчэ расстроішся і захварэеш. — Я ведаю, – сказала мама. – Гэта крыж, які спаслаў мне Бог. Часам думаецца, за што. — Я ведаю, я ведаю, – сказаў дзядзька Моры. – Табе трэба ашчаджаць сябе. Я зраблю табе пунш. — Ад яго мне стане яшчэ горш, – сказала мама. – Нібыта ты ня ведаеш. — Табе ад яго палепшае, – сказаў дзядзька Моры. – Захутай яго акуратна, хлопча, і выйдзі зь ім на хвілінку на двор. Дзядзька Моры пайшоў. Вэрш пайшоў. — Калі ласка, сьціхні, – сказала мама. – Мы стараемся выправіць цябе на двор найхутчэй, як можам. Я не хачу, каб ты нам расхварэўся. Вэрш надзеў мне боты і паліто, мы ўзялі маю шапку і пайшлі на двор. У сталовай дзядзька Моры ставіў у суднік бутэльку. — Пабудзь зь ім з паўгадзінкі, хлопча, – сказаў дзядзька Моры. – Але не выпускай яго з панадворку. — Так, сэр, – сказаў Вэрш. – Мы ніколі не дазваляем яму адбіцца ад дому. Мы выйшлі на двор. Сонца было халоднае й зыркае. — Ты куды ўзяў, – сказаў Вэрш. – У горад сабраўся, ці што. Мы прайшлі па шалясткім лісьці. Весьніцы былі халодныя. — Лепш не вымай рук з кішэняў, – сказаў Вэрш. – Прымерзнуць да жалеза і што тады зробіш. Чаму табе не пачакаць іх дома. – Ён засунуў мае рукі ў кішэні. Я чуў, як ён шалясьціць па лісьці. Я адчуваў пах холаду. Весьніцы былі халодныя. — На табе арэхаў. Вой. Скокнула на дрэва. Паглядзі на тую вавёрку, Бэнджы. Я зусім не адчуваў весьніцаў, толькі пах зыркага холаду. — Схавай тыя рукі назад у кішэні. Кэдзі ішла. Потым пачала бегчы, сумка з кніжкамі матлялася й падскоквала ззаду. — Прывітаньне, Бэнджы, – сказала Кэдзі. Яна адчыніла весьніцы, увайшла, нахілілася. Пахла як лісьцё. — Ты выйшаў мне на спатканьне, – сказала яна. — Ты выйшаў Кэдзі на спатканьне? Чаму ў яго такія настылыя рукі, Вэрш? — Я яму казаў, каб ён трымаў іх у кішэнях, – сказаў Вэрш. – Ён трымаўся за жалезныя весьніцы. — Ты выйшаў Кэдзі на спатканьне, – сказала яна, расьціраючы мае рукі. – Што. Што ты хочаш сказаць Кэдзі. – Кэдзі пахла як дрэвы і як калі яна гаворыць, што мы ўжо паспалі. «Чаго ж ты енчыш, – сказаў Ластэр. – Калі дойдзем да ручайка, дык зможаш зноў на іх глядзець. На. Вось табе дурнап’ян». Ён даў мне кветку. Мы прайшлі праз плот на пашу. — Што, – сказала Кэдзі. – Што ты хочаш сказаць Кэдзі? Гэта яны выправілі яго з дому, Вэрш. — Яго нельга было ўтрымаць дома, – сказаў Вэрш. – Ён не пераставаў, пакуль яго не пусьцілі, і прыйшоў адразу сюды, глядзець празь весьніцы. — Ну, што? – сказала Кэдзі. – Ты думаў, я прыйду са школы і адразу будуць Каляды. Ты так думаў. А Каляды пасьлязаўтра. Са Сьвятым Мікалаем, Бэнджы. Са Сьвятым Мікалаем. Давай пабяжым дадому пагрэцца. Яна ўзяла мяне за руку, і мы пабеглі па зыркім шалясткім лісьці. Падняліся па прыступках і зь яснага холаду ўвайшлі ў цёмны холад. Дзядзька Моры ставіў бутэльку назад у суднік. Ён паклікаў Кэдзі. Кэдзі сказала: — Завядзі яго да печкі, Вэрш. Ідзі з Вэршам, – сказала яна. – Я праз хвілінку прыйду. Мы пайшлі да печкі. Мама сказала: — Ён прастыў, Вэрш. — Дзе там, – сказаў Вэрш. — Зьнімі зь яго паліто і боты, – сказала мама. – Колькі разоў табе казаць, каб ты не прыводзіў яго ў пакой у ботах. — Так, – сказаў Вэрш. – Стой спакойна. Ён зьняў мае боты і расшпіліў паліто. Кэдзі сказала: — Пачакай, Вэрш. Ці ён ня мог бы яшчэ раз на двор, мама? Я хацела б, каб ён пайшоў са мною. — Няхай лепш застанецца тут, – сказаў дзядзька Моры. – Ён ужо сёньня пабыў на дварэ. — Я думаю, што вы абое павінны застацца дома, – сказала мама. – Дылсі кажа, што ідуць халады. — Ай, мама, – сказала Кэдзі. — Глупства, – сказаў дзядзька Моры. – Яна ўвесь дзень была ў школе. Ёй трэба падыхаць сьвежым паветрам. Бяжы, Кэндэйс. — Пусьці яго, мама, – сказала Кэдзі. – Прашу цябе. Ты ж ведаеш, што ён будзе плакаць. — Дык чаму ты сказала пры ім? – сказала мама. – Чаго табе было ўваходзіць сюды. Каб даць яму зачэпку зноў мяне мучыць. Табе сёньня ўжо хопіць двору. Лепш пасядзі зь ім тут і пазабаўляйся. — Пусьці іх, Кэралайн, – сказаў дзядзька Моры. – Марозік ім не пашкодзіць. Не забывай, што табе трэба ашчаджаць сілы. — Я ведаю, – сказала мама. – Нікому не зразумець, як я баюся Калядаў. Нікому. Я ня з тых жанчын, якія стрываюць усё. Як мне хацелася б быць дужэйшай, дзеля Джэйсана і дзяцей. — Ты павінна рабіць усё магчымае, каб яны цябе не расстройвалі, – сказаў дзядзька Моры. – Бяжыце, абое. Але ненадоўга, бо мама будзе хвалявацца. — Так, сэр, – сказала Кэдзі. – Хадзі, Бэнджы. Пойдзем зноў на двор. Яна зашпіліла маё паліто, і мы пайшлі да дзьвярэй. — Дык ты хочаш вывесьці малога бяз ботаў? – сказала мама. – Дом поўны гасьцей, а ты хочаш, каб ён захварэў. — Я забылася, – сказала Кэдзі. – Я думала, ён у ботах. Мы вярнуліся. — Табе трэба думаць, – сказала мама. «Стой жа спакойна», – сказаў Вэрш. Ён надзеў мне боты. – Аднойчы мяне ня стане, і табе прыйдзецца думаць за яго. – «Цяпер тупні», – сказаў Вэрш. – Хадзі пацалуй маму, Бэнджамін. Кэдзі падвяла мяне да мамінага фатэля, мама ўзяла мой твар у свае рукі, а потым прыціснула мяне да сябе. — Маё беднае дзіцятка, – сказала яна. Пусьціла мяне. – Вы з Вэршам добра за ім прыгляньце, любачка. — Так, мама, – сказала Кэдзі. Мы выйшлі. Кэдзі сказала: – Можаш застацца, Вэрш. Я прайдуся зь ім адна. — Добра, – сказаў Вэрш. – Якая мне пацеха лезьці ў такую халадэчу. Ён пайшоў, а мы спыніліся ў калідоры, Кэдзі прысела, абняла мяне, прыціснула свой халодны ясны твар да майго. Яна пахла як дрэвы. — А ты ня беднае дзіцятка. Хіба ня так. У цябе ёсьць твая Кэдзі. У цябе ёсьць твая Кэдзі, праўда. «Ці ты ня можаш перастаць енчыць і саплячыцца, – сказаў Ластэр. – Як табе ня сорамна падымаць увесь гэты вэрхал». Мы мінулі вазоўню, дзе стаяла павозка. У яе было новае кола. — Залезь туды і сядзі ціха, пакуль ня прыйдзе мама, – сказала Дылсі. Яна ўпіхнула мяне ў павозку. Т. П. трымаў лейцы. – Я зусім не разумею, чаму Джэйсан ня хоча купіць новую каляску, – сказала Дылсі. – Аднойчы гэты драндулет рассыплецца пад вамі на дробныя кавалачкі. Пагляньце толькі на колы. Выйшла мама і апусьціла вуаль. У яе былі кветкі. — А дзе Роскус, – сказала яна. — Роскус сёньня рук не падыме, – сказала Дылсі. – Т. П. таксама ўмее падвезьці. — Я баюся, – сказала мама. – Раз на тыдзень вы маглі б знайсьці мне возьніка. Бог ведае, што прашу ў вас няшмат. — Вы ня горш за мяне ведаеце, міс Кэралайн, што Роскуса хапіў такі раматус, што ён ня можа рабіць больш, чымсьці мусіць, – сказала Дылсі. – Хадзеце і сядайце. Т. П. завязе вас ня горш за Роскуса. — Я баюся, – сказала мама. – З гэтым дзіцяткам. Дылсі ступіла на ганак. — Гэта вы яго называеце дзіцяткам? – сказала яна. Узяла маму за руку. – Ён жа такі бамбіза, як і Т. П. Давайце, калі хочаце ехаць. — Я баюся, – сказала мама. Яны сышлі з ганка, і Дылсі дапамагла маме сесьці. – Мабыць, так будзе найлепш для ўсіх нас, – сказала мама. — Як вам ня сорамна такое гаварыць, – сказала Дылсі. – Быццам ня ведаеце, што васямнаццацігадовага нэгра замала, каб Квіні панесла. Ёй жа будзе больш гадоў, чымся яму і Бэнджы разам. А ты не шалапутнічай з Квіні, чуеш мяне, Т. П. Калі ты ня будзеш кіраваць так, каб міс Кэралайн было даспадобы, я напушчу на цябе Роскуса. Яго скруціла яшчэ не настолькі, каб ён з табою ня ўправіўся. — Так, – сказаў Т. П. — Я проста ведаю, што нешта здарыцца, – сказала мама. – Перастань, Бэнджы. — Дайце яму патрымаць кветку, – сказала Дылсі. – Вось чаго ён хоча. – Яна працягнула руку. — Не, не, – сказала мама. – Так яны ўсе рассыплюцца. — А вы іх прытрымайце, – сказала Дылсі. – Я выцягну яму толькі адну. – Яна дала мне кветку і забрала руку. — Цяпер едзьце, пакуль Квэнтына ня ўбачыла і таксама не захацела ехаць, – сказала Дылсі. — А дзе яна, – сказала мама. — Дома, забаўляецца з Ластэрам, – сказала Дылсі. – Едзь, Т. П. Кіруй гэтай брычкай, як табе казаў Роскус. — Так, – сказаў Т. П. – Но, Квіні. — Квэнтына, – сказала мама. – Не дазволь ёй... — Напэўна не, – сказала Дылсі. Павозка трасла і хрумсьцела па жвіраваным пад’езьдзе. — Я баюся пакідаць Квэнтыну адну, – сказала мама. – Я не павінна ехаць, Т. П. Мы выехалі за браму, дзе ўжо ня трэсла. Т. П. сьцебануў Квіні пугаю. — Што ты робіш, Т. П., – сказала мама. — Трэба запусьціць яе ў ход, – сказаў Т. П. – Каб не заснула, пакуль ня вернецца ў стайню. — Завярні, – сказала мама. – Я баюся пакідаць Квэнтыну адну. — Тут не магу завярнуць, – сказаў Т. П. Потым стала шырэй. — А тут ужо можаш, – сказала мама. — Добра, – сказаў Т. П. Мы пачалі заварочваць. — Што ты робіш, Т. П., – сказала мама, хапаючы мяне. — Я ж мушу неяк завярнуць, – сказаў Т. П. – Тпрру, Квіні. – Мы спыніліся. — Ты нас перакуліш, – сказала мама. — Дык чаго вы ўрэшце хочаце? – сказаў Т. П. — Я баюся, калі ты будзеш заварочваць, – сказала мама. — Давай, Квіні, – сказаў Т. П. Мы паехалі далей. — Я ведаю, што Дылсі безь мяне недагледзіць і Квэнтыне нешта станецца, – сказала мама. – Нам трэба вярнуцца як мага хутчэй. — Но-о, – сказаў Т. П. Ён сьцебануў Квіні пугаю. — Слухай, Т. П., – сказала мама, хапаючы мяне. Я чуў Квініны капыты, і зыркія плямы ішлі гладка й роўна з абодвух бакоў, а цені ад іх плылі па Квінінай сьпіне. Ішлі ўвесь час, як яркія вярхі колаў. Потым перасталі з таго боку, дзе была высокая белая будка з жаўнерам. Але па другі бок ішлі гладка й роўна, адно што памалей. — Чаго ты хочаш, – сказаў Джэйсан. Ён меў рукі ў кішэнях і аловак за вухам. — Мы едзем на могілкі, – сказала мама. — Дык едзьце, – сказаў Джэйсан. – Я ж вас не трымаю. Нічога іншага ты не хацела, адно гэта сказаць. — Я ведаю, што ты з намі не паедзеш, – сказала мама. – Але з табой я так не баялася б. — Баялася чаго, – сказаў Джэйсан. – Ні бацька, ні Квэнтын табе нічога ня зробяць. Мама сунула хустачку пад сваю вуаль. — Перастань, мама, – сказаў Джэйсан. – Хочаш, каб гэты кляты прыдурак разроўся пасярод пляцу? Едзь, Т. П. — Но, Квіні, – сказаў Т. П. — Гэта крыж, які спаслаў мне Бог, – сказала мама. – Але хутка ўжо і мяне тут ня стане. — Спыні, – сказаў Джэйсан. — Тпру, – сказаў Т. П. Джэйсан сказаў: — Дзядзька Моры хоча ўзяць пяцьдзясятку з твайго рахунку. Што з тым будзеш рабіць. — Навошта ты ў мяне пытаешся, – сказала мама. – Мой голас тут ні пры чым. Я стараюся ня быць цяжарам для цябе і Дылсі. Хутка ўжо мяне ня будзе, і тады ты... — Едзь, Т. П., – сказаў Джэйсан. — Но, Квіні, – сказаў Т. П. Плямы паплылі зноў. Тыя па другі бок таксама, зырка, хутка і гладка, як калі Кэдзі кажа, што ідзем спаць. «Плакса, – сказаў Ластэр. – Як табе ня сорамна». Мы пайшлі праз стадолу. Стойлы былі паадчыньваныя. «Няма ўжо ў цябе пярэстага коніка, на якім ты мог бы паезьдзіць», – сказаў Ластэр. Ток быў сухі й запылены. Дах абвальваўся. У касых дзірах віравала жоўтае. «Чаго пайшоў тудою. Хочаш, каб які мячык выцяў цябе ў лабаціну». — Трымай рукі ў кішэнях, – сказала Кэдзі. – А то адмарозіш. А Бэнджы ня хоча адмарозіць рук на Каляды, праўда. Мы абыходзілі стадолу. Вялікая карова і малая стаялі ў дзьвярах і было чуваць, як у сярэдзіне стадолы тупаюць Прынс, Квіні і Фрэнсі. – Калі б ня гэтая халадэча, мы праехаліся б на Фрэнсі, – сказала Кэдзі. – Але сёньня захоладна, ты ня ўтрымаўся б. Потым мы ўбачылі ручаёк, над якім снаваўся дым. – Там смаляць сьвіньню, – сказала Кэдзі. – Мы можам вярнуцца тудою і паглядзець. Мы спусьціліся з гары. — Ты хочаш несьці гэты ліст, – сказала Кэдзі. – Дык нясі. – Яна пераклала ліст з свае кішэні ў маю. – Гэта калядны падарунак ад дзядзькі Моры. Дзядзька Моры хоча зрабіць сюрпрыз місіс Патэрсан. Нам трэба аддаць ёй ліст так, каб ніхто ня ўбачыў. Ну, не вымай рук з кішэняў. Мы дайшлі да ручайка. — Замерз, – сказала Кэдзі. – Глядзі. – Яна разьбіла воду зьверху і прыклала кавалачак яе да майго твару. – Лёд. Бачыш, які халодны. – Яна перавяла мяне на другі бок, і мы пайшлі ўверх. – Нам нельга сказаць нават маме і тату. Ведаеш, што гэта, па-мойму. Я думаю, гэта сюрпрыз для мамы і таты, а таксама для містэра Патэрсана, таму што містэр Патэрсан прыслаў табе цукеркі. Помніш, як мінулым летам містэр Патэрсан прыслаў табе цукеркі. Там быў плот. Павойныя расьліны былі сухія, у іх шаргацеў вецер. — Толькі я не разумею, чаму дзядзька Моры не паслаў Вэрша, – сказала Кэдзі. – Вэрш не прагаварыўся б. – Місіс Патэрсан выглядвала з акна. – Пачакай тут, – сказала Кэдзі. – Пачакай у гэтым месцы, я зараз вярнуся. Дай мне ліст. – Яна выняла ліст з маёй кішэні. – Не вымай рук з кішэняў. Зь лістом у руцэ яна пералезла цераз плот і пайшла паміж карычневымі шарготкімі кветкамі. Місіс Патэрсан пайшла да дзьвярэй, адчыніла іх і стала на парозе. Містэр Патэрсан матычыў у зялёных кветках. Перастаў матычыць і глянуў на мяне. Місіс Патэрсан прыбегла да мяне садком. Я ўбачыў ейныя вочы і заплакаў. «Ты, ідыёт, – сказала місіс Патэрсан, – я ж яму казала, каб больш не пасылаў цябе аднаго». «Дай сюды. Хутчэй». Містэр Патэрсан прыбег з матыкай. Місіс Патэрсан нагнулася над плотам, працягваючы руку. Хацела ўзьлезьці на плот. «Дай сюды, – сказала. – Дай сюды». Містэр Патэрсан пералез цераз плот. Узяў ліст. Сукенка місіс Патэрсан зачапілася за плот. Я зноў убачыў ейныя вочы і пабег з гары. — Тамака далей стаяць дамы, – сказаў Ластэр. – Хадзем долу да ручайка. Над ручайком мылі бялізну. Адна зь іх сьпявала. Я чуў у носе выбіваную бялізну і дым, які плыў над ручайком. — Пастой тут, – сказаў Ластэр. – Там наверсе табе няма чаго рабіць. Там напэўна папалі б у цябе. — А што ён хоча рабіць? — Ён ня ведае, што ён хоча рабіць, – сказаў Ластэр. – Ён думае, што ён хоча наверх, дзе яны б’юць у той мячык. Сядзь тут і пазабаўляйся з дурнап’янам. А калі хочаш паглядзець на нешта, дык паглядзі на хлопцаў, як купаюцца ў ручайку. Павёў бы сябе як людзі хоць разок. Я сеў на беразе, дзе яны мылі і плыў сіні дым. — Тут чацьвертака ніхто ня бачыў, – сказаў Ластэр. — Якога чацьвертака? — Такога, што я меў сёньня раніцай, – сказаў Ластэр. – Дзесьці яго згубіў. Ён выпаў праз гэтую во дзірку ў кішэні. Калі не знайду, ня будзе за што пайсьці ў цырк сёньня вечарам. — А адкуль ты ўзяў дваццаць пяць цэнтаў, хлопец. У белага ў кішэні, калі той зазяваўся. — Узяў, дзе давалі, – сказаў Ластэр. – І там яшчэ шмат такіх, як гэты. Але цяпер мне трэба знайсьці якраз гэты. Вы ніхто ня бачылі. — Мне яшчэ толькі чацьвертакі выглядваць. Нібыта іншага клопату не хапае. — Хадзі сюды, – сказаў Ластэр. – Памажы мне шукаць. — Ды ён не пазнае, што грошы, нават калі іх будзе мець перад вачыма, хіба ня так. — Усё роўна няхай памагае, – сказаў Ластэр. – А вы ўсе ідзяце паглядзець той цырк сёньня вечарам. — Не ўпамінай мне пра цырк. Пакуль я ўпраўлюся з гэтай балеяй, буду так зьняможаная, што й рукі не сагну. — Іду ў заклад, што пойдзеце, – сказаў Ластэр. – Іду ў заклад, што вы былі там учора. І што ўсе будзеце там сёньня, як толькі адчыняць тую палатку. — Туды й безь мяне нэграў паналезе. Хадзіла ўжо ўчора. — Чорныя плацяць такія самыя грошы, што й белыя. — Белы плаціць чорнаму, таму што ведае, што як прыедзе першы белы з музыкай, ён дастане ўсё назад, каб чорнаму зноў трэба было ісьці і зарабляць. — Ніхто ж цябе ня гоніць ісьці глядзець той цырк. — Пакуль яшчэ не. Пакуль яшчэ не дадумаліся, мабыць. — А што ты маеш супроць белых. — Нічога супроць іх ня маю. Я іду сваёй дарогай, а белыя сваёй. Мне начхаць на іхны цырк. — Там у іх адзін мужык грае на піле. Усё роўна як на банджа. — Вы хадзілі ўчора, – сказаў Ластэр, – а я пайду сёньня. Калі толькі прыпомню, дзе згубіў той чацьвяртак. — І яго, мабыць, возьмеш з сабою. — Я, – сказаў Ластэр. – Думаеце, мне ён там патрэбны, калі развыецца. — А што ты робіш, калі ён развыецца. — Даю яму лупцоўку, – сказаў Ластэр. Ён сеў і падкасаў нагавіцы. У ручайку забаўляліся. — Вы тут зацураную апуку ніхто не знайшлі, – сказаў Ластэр. — Ты лепш не гавары брыдкіх слоў. А то пачуе твая бабуля, і ты пашкадуеш. Ластэр улез у ручаёк, дзе гулялі. Шукаў у вадзе ўздоўж берагу. — Калі я тут быў раніцай, дык ён яшчэ быў пры мяне, – сказаў Ластэр. — А як жа ты яго згубіў. — Праз гэтую во дзірку ў кішэні, – сказаў Ластэр. Яны шукалі ў ручайку. Потым усе раптам выпрасталіся і перасталі, а потым пачалі пырскаць вадою і біцца. Урэшце ён дастаўся Ластэру, і яны прыселі ў вадзе, паглядаючы ўгору праз кусты. — Дзе яны, – сказаў Ластэр. — Яшчэ не відаць. Ластэр сунуў яго ў кішэню. Тыя спусьціліся з гары. — Сюды мячык не заляцеў. — Ён мусіць быць у вадзе. Вы ня бачылі або ня чулі, хлопцы? — Я ня чуў, каб тут што падала, – сказаў Ластэр. – Вунь там аб дрэва нешта стукнула. Але куды паляцела, ня ведаю. Яны глядзелі ў ручаёк. — Чорт. Паглядзі ўздоўж ручая. Ён упаў сюды. Я бачыў. Яны пашукалі ўздоўж ручайка. Потым вярнуліся на гару. — Ці ня ты ўзяў той мячык, – сказаў хлопец. — А нашто ён мне, – сказаў Ластэр. – Я ня бачыў ніякага мячыка. Хлопец увайшоў у ваду. Пабрыў у вадзе. Адвярнуўся і зноў паглядзеў на Ластэра. Потым пайшоў далей ручайком. Той чалавек наверсе паклікаў: «Кэдзі!» Хлопец вылез з вады і пайшоў пад гару. — А ты зноў сваё, – сказаў Ластэр. – Замоўкні. — Чаго ён зноў румзае? — А Бог яго ведае, – сказаў Ластэр. – Ён заўсёды так пачынае. Усю раніцу ные. Можа, таму, што сёньня ў яго дзень нараджэньня. — А колькі яму? — Трыццаць тры, – сказаў Ластэр. – Сёньня раніцай яму было трыццаць тры. — Ты хочаш сказаць, ужо мінула трыццаць гадоў, як яму тры гады. — Я кажу вам тое, што мне сказала няня, – сказаў Ластэр. – Ня ведаю. Але яму запаляць трыццаць тры сьвечкі на торце. А торцік невялікі. Ледзь памесьцяцца. Замоўкні. Хадзі сюды. – Ён падышоў і схапіў мяне за руку. – Ты, стары прыдурак, – сказаў ён. – Хочаш, каб цябе адлупцавалі. — Так і паверу, што адлупцуеш. — Ня раз ужо лупцаваў. Ша, – сказаў Ластэр. – Колькі разоў табе казаць, што туды наверх табе нельга. Яны табе мазгавешку зьнясуць сваімі мячыкамі. Хадзі сюды. – Ён пацягнуў мяне. – Сядай. – Я сеў, ён зьняў мае чаравікі і падкасаў нагавіцы. – А цяпер ідзі туды ў ваду і гуляй, і каб ня енчыў і не саплячыўся. Я заціх і ўлез у ваду, і прыйшоў Роскус, кліча на вячэру, а Кэдзі сказала: «Яшчэ рана вячэраць. Я не іду». Яна была мокрая. Мы гулялі ў ручайку, і Кэдзі прысела і замачыла сукенку, а Вэрш сказаў: — Твая мама дасьць табе лупцоўку за мокрую сукенку. — Яна нічога такога ня зробіць, – сказала Кэдзі. — А ты адкуль ведаеш, – сказаў Квэнтын. — Проста ведаю, – сказала Кэдзі. – А адкуль ведаеш ты. — Бо яна так сказала, – сказаў Квэнтын. – А да таго я старэйшы за цябе. — Мне сем гадоў, – сказала Кэдзі. – А таму, мабыць, я ведаю. — Я старэйшы за цябе, – сказаў Квэнтын. – Я ўжо хаджу ў школу. Праўда, Вэрш. — Я пайду ў школу ў наступным годзе, – сказала Кэдзі. – Як толькі пачнецца. Праўда, Вэрш. — Сама ведаеш, што табе злояць скуру за мокрую сукенку, – сказаў Вэрш. — Яна ня мокрая, – сказала Кэдзі. Устала ў вадзе і паглядзела на сваю сукенку. – Я зьніму яе, і яна высахне. — Аб што заклад, што ня зьнімеш, – сказаў Квэнтын. — Аб што заклад, што зьніму, – сказала Кэдзі. — Аб што заклад, што пабаішся, – сказаў Квэнтын. Кэдзі падышла да Вэрша і мяне і павярнулася задам. — Расшпілі, Вэрш, – сказала яна. — Ня сьмей, Вэрш, – сказаў Квэнтын. — Гэта не мая сукенка, – сказаў Вэрш. — Расшпілі, Вэрш, – сказала Кэдзі. – Інакш скажу на цябе Дылсі, што ты ўчора зрабіў. І Вэрш расшпіліў. — Толькі паспрабуй зьняць, – сказаў Квэнтын. Кэдзі зьняла сукенку і кінула яе на бераг. На ёй засталіся толькі станік і майткі, Квэнтын ляпнуў яе, і яна пакаўзнулася і ўпала ў ваду. Калі ўстала, пачала пырскаць вадою на Квэнтына, а Квэнтын пачаў пырскаць на Кэдзі. Трохі вады апырскала Вэрша і мяне, Вэрш падняў мяне і вынес на бераг. Ён сказаў, што паскардзіцца на Кэдзі й Квэнтына, і тады Квэнтын і Кэдзі сталі пырскаць на Вэрша. Ён схаваўся за кустамі. — Я скажу на вас на ўсіх няні, – сказаў Вэрш. Квэнтын вылез на бераг і спрабаваў схапіць Вэрша, але Вэрш кінуўся наўцёкі і Квэнтын не дагнаў яго. Калі Квэнтын вярнуўся, Вэрш спыніўся і крыкнуў, што скажа на іх. Кэдзі сказала яму, што калі ня скажа, дык яны дазволяць яму вярнуцца. Вэрш сказаў, што ня скажа, і яны яму дазволілі. — Цяпер ты, мабыць, задаволеная, – сказаў Квэнтын. – Цяпер нам абаім злояць скуру. — Ну й няхай, – сказала Кэдзі. – Я ўцяку. — Я ўжо бачу, – сказаў Квэнтын. — Я ўцяку і ніколі не вярнуся, – сказала Кэдзі. Я пачаў плакаць. Кэдзі павярнулася і сказала «Ціха». Дык я заціх. Потым яны забаўляліся ў ручайку. Джэйсан таксама забаўляўся. Ён быў у ручайку кавалак далей. Вэрш выйшаў з-за кустоў і зноў мяне падняў і паставіў у ваду. Кэдзі была ўсюды мокрая і запэцканая ззаду, і я пачаў плакаць, а яна падышла і прысела на кукішкі ў вадзе. — Будзь ужо ціха, – сказала яна. – Я не ўцяку. – Дык я заціх. Кэдзі пахла як дрэвы пад дажджом. «Што з табою, – сказаў Ластэр. – Перастань хныкаць і забаўляйся ў ручайку як астатнія». «Чаму ты не адвядзеш яго дахаты. Ці табе не загадалі не адводзіць яго далёка ад дому». «Ён усё думае, што гэты поплаў усё яшчэ іхні, – сказаў Ластэр. – Усё роўна ад дому сюды нікому не відаць». «Але мы яго бачым. А чалавеку няма радасьці глядзець на прыдурка. Прыносіць няшчасьце». Роскус прыйшоў і паклікаў на вячэру, а Кэдзі сказала, што на вячэру яшчэ зарана. — Не, не зарана, – сказаў Роскус. – Дылсі кажа, каб вы ўсе ішлі дахаты. Вядзі іх, Вэрш. Ён пайшоў пад гару, дзе мычала карова. — Магчыма, мы абсохнем, пакуль дойдзем дадому, – сказаў Квэнтын. — Гэта ўсё твая віна, – сказала Кэдзі. – Я спадзяюся, нам сапраўды злояць скуру. Яна надзела сукенку, і Вэрш зашпіліў яе. — Яны не пазнаюць, што ты яе замачыла, – сказаў Вэрш. – Нічога не відаць. Калі толькі мы з Джэйсанам ня скажам. — Джэйсан, ты скажаш, – сказала Кэдзі. — На каго, – сказаў Джэйсан. — Ён ня скажа, – сказаў Квэнтын. – Скажаш, Джэйсан. — Ён напэўна скажа, – сказала Кэдзі. – Скажа бабулі. — Ён ёй ня скажа, – сказаў Квэнтын. – Яна хварэе. Калі будзем ісьці паволі, сьцямнее, і яны не заўважаць. — А мне ўсё роўна, заўважаць ці не, – сказала Кэдзі. – Я сама ім скажу. Панясі яго пад гару, Вэрш. — Джэйсан ня скажа, – сказаў Квэнтын. – Помніш той лук і стралу, што я табе зрабіў, Джэйсан? — Ён ужо паламаўся, – сказаў Джэйсан. — Няхай кажа, – сказала Кэдзі. – Мне на гэта начхаць. Занясі Моры на гару, Вэрш. – Вэрш прысеў на кукішкі, і я залез яму на сьпіну. «Да пабачэньня ў цырку вечарам, – сказаў Ластэр. – Пайшлі. Нам трэба знайсьці той чацьвяртак». — Калі будзем ісьці паволі, сьцямнее, пакуль дойдзем, – сказаў Квэнтын. — Я не хачу ісьці паволі, – сказала Кэдзі. Мы пайшлі пад гару, а Квэнтын застаўся. Калі мы дайшлі да месца, дзе было чуваць сьвіньні, ён усё быў над ручайком. Сьвіньні рохкалі і нюхалі ў карыце ў кутку. Джэйсан ішоў ззаду з рукамі ў кішэнях. Роскус даіў карову ў дзьвярах стадолы. Са стадолы выскачылі каровы. — Давай, – сказаў Т. П. – Завый яшчэ. Я таксама завыю. Ууу. – Квэнтын зноў таўхануў Т. П. нагою. Таўхануў яго ў карыта, дзе елі сьвіньні, і Т. П. у ім застаўся. – Чорт рагаты, – сказаў Т. П. – Вось як ён мяне. Бачылі, як гэты белы мяне таўхануў. Ууу. Я ня плакаў, але ня мог спыніцца. Я ня плакаў, але зямля не хацела застацца на месцы, і таму я заплакаў. Зямля падымалася коса ўверх, і каровы беглі ўверх. Т. П. спрабаваў устаць. Ён зноў упаў, а каровы пабеглі ўніз. Квэнтын трымаў мяне за руку, і мы ішлі да стадолы. Але потым стадолы там не было, і мы мусілі пачакаць, пакуль вернецца. Я ня бачыў, як яна вярталася. Яна вярнулася ззаду, і Квэнтын пасадзіў мяне ў жолаб, адкуль ядуць каровы. Я трымаўся за жолаб. Ён таксама адбягаўся, і я трымаўся за яго. Каровы зноў беглі ўніз, міма дзьвярэй. Я ня мог спыніцца. Квэнтын і Т. П. пайшлі ўверх біцца. Т. П. падаў з гары, а Квэнтын валок яго пад гару. Квэнтын ударыў Т. П. Я ня мог спыніцца. — Устань, – сказаў Квэнтын. – І застанься тут. Нідзе не ідзі, пакуль не вярнуся. — Мы з Бэнджы вяртаемся на вясельле, – сказаў Т. П. – Ууу. Квэнтын зноў ударыў Т. П. А потым пачаў грукаць Т. П. аб сьцяну. Т. П. сьмяяўся. Кожны раз, як Квэнтын грукнуў Т. П. аб сьцяну, той хацеў сказаць Ууу, але ня мог ад сьмеху. Я перастаў плакаць, але ня мог спыніцца. Т. П. паляцеў на мяне, і дзьверы стадолы адышліся. Яны адышліся ўніз, а Т. П. біўся сам з сабою і зноў упаў. Ён усё сьмяяўся, а я ня мог спыніцца, спрабаваў устаць і паваліўся, і ня мог спыніцца. Вэрш сказаў: — Ну, ты сябе паказаў. Нічога ня скажаш. Перастань выць. Т. П. усё сьмяяўся. Паваліўся на вароты і сьмяяўся. — Ууу, – сказаў ён. – Мы з Бэнджы вяртаемся на вясельле. На сарсапарылку. — Будзь ціха, – сказаў Вэрш. – Дзе ты яе дастаў. — У склепе, – сказаў Т. П. – Ууу. — Будзь ціха, – сказаў Вэрш. – А дзе ў склепе. — Усюды, – сказаў Т. П. Ён зноў засьмяяўся. – Там больш за сто бутэлек. Больш за мільён. Зважай, чарнашчокі. Я зараз віскну. Квэнтын сказаў: — Паднімі яго. Вэрш падняў мяне. — Выпі гэта, Бэнджы, – сказаў Квэнтын. Шклянка была гарачая. – І будзь цяпер ціха, – сказаў Квэнтын. – Пі. — Сарсапарылка, – сказаў Т. П. – Дайце і мне папіць, паніч Квэнтын. — Ты заткніся, – сказаў Вэрш. – Паніч Квэнтын зараз дасьць табе пакурыць. — Патрымай яго, Вэрш, – сказаў Квэнтын. Яны прытрымалі мяне. Пякло на маім падбародку і кашулі. — Пі, – сказаў Квэнтын. Прытрымалі маю галаву. Запякло ў маім нутры, і я зноў пачаў. Цяпер я плакаў, а штосьці рабілася ў маёй сярэдзіне, і я плакаў яшчэ мацней, а яны трымалі мяне, пакуль не прайшло. Потым я заціх. Усё яшчэ кружылася, а потым пачаліся тыя плямы. – Адшчапі жолаб, Вэрш. – Яны наплывалі паволі. – Засьцялі гэтыя пустыя мяшкі на падлозе. – Паплылі хутчэй, амаль захутка. – Цяпер схапі яго за ногі. Наплывалі далей, гладкія і зыркія. Я чуў, як расьсьмяяўся Т. П. Я ішоў разам зь імі, пад зыркую гару. Наверсе Вэрш ссадзіў мяне. — Квэнтын, хадзі, – паклікаў ён, паглядаючы долу. Квэнтын усё яшчэ стаяў каля ручайка. Кідаў нешта ў цень, дзе быў ручаёк. — Дык няхай той дрыгунчык застаецца, – сказала Кэдзі. Яна ўзяла мяне за руку, і мы прайшлі міма стадолы ў весьніцы. На цагляным ходніку была жаба, сядзела проста пасярэдзіне. Кэдзі пераступіла яе і пацягнула мяне за сабой. — Хадзем, Моры, – сказала яна. Жаба сядзела далей, пакуль Джэйсан не таўхануў яе наском. — Табе зробіцца бародаўка, – сказаў Вэрш. Жаба паскакала прэч. — Хадзем, Моры, – сказала Кэдзі. — У вашых сёньня госьці, – сказаў Вэрш. — Адкуль ведаеш, – сказала Кэдзі. — Бо ўсюды сьвеціцца, – сказаў Вэрш. – Ува ўсіх вокнах. — А нельга нам запаліць сьвятло, калі захочам, безь ніякіх гасьцей, – сказала Кэдзі. — Аб што заклад, што госьці? – сказаў Вэрш. – Лепш шмыгайце наверх заднімі сходамі. — Мне ўсё роўна, – сказала Кэдзі. – Я пайду проста да іх у гасьцёўню. — Аб што заклад, што тата дасьць табе лупцоўку? – сказаў Вэрш. — Мне ўсё роўна, – сказала Кэдзі. – Я пайду проста ў гасьцёўню. Я пайду проста ў сталовую і сяду вячэраць. — А дзе ты сядзеш? – сказаў Вэрш. — На бабуліна крэсла, – сказала Кэдзі. – Ёй носяць есьці ў ложак. — Я хачу есьці, – сказаў Джэйсан. Ён мінуў нас і пабег па ходніку. Трымаў рукі ў кішэнях і ўпаў. Вэрш падышоў і падняў яго. — Калі б выняў рукі з кішэняў, дык ня ўпаў бы, – сказаў Вэрш. – Такі таўстун ніколі не пасьпее іх выняць, каб нечага хапіцца. Каля кухонных сходаў стаяў тата. — Дзе Квэнтын? – сказаў ён. — Ідзе па ходніку, – сказаў Вэрш. Квэнтын ішоў паволі. Ягоная кашуля была як белая размазаная пляма. — Ага, – сказаў тата. Па прыступках падала на яго сьвятло. — Кэдзі з Квэнтынам пырскалі адно на аднаго вадою, – сказаў Джэйсан. Мы чакалі. — Вось як, – сказаў тата. Квэнтын дайшоў да нас і тата сказаў: – Сёньня будзеце вячэраць на кухні. – Ён змоўк, узяў мяне на рукі, сьвятло пакацілася са сходаў і на мяне, і я глянуў зьверху на Кэдзі, Джэйсана, Квэнтына і Вэрша. Тата павярнуўся да сходаў. – Але будзьце ціха, – сказаў ён. — Чаму мы маем быць ціха, тата, – сказала Кэдзі. – У нас госьці. — Так, – сказаў тата. — Я казаў, што госьці, – сказаў Вэрш. — Ты не казаў, – сказала Кэдзі. – Гэта я казала. І што я пайду... — Ціха, – сказаў тата. Яны заціхлі, тата адчыніў дзьверы, і мы прайшлі заднім ганкам на кухню. Там была Дылсі, тата пасадзіў мяне на крэсла, зашчапіў яго і падсунуў да стала, дзе стаяла вячэра. Зь вячэры ішла пара. — Слухайцеся Дылсі, – сказаў тата. – Не давай ім падымаць гармідар, Дылсі. — Так, сэр, – сказала Дылсі. Тата пайшоў. — Памятайце, каб слухацца Дылсі, – сказаў ён за нашымі плячыма. Я пахіліўся над вячэрай. Пара ішла мне ў твар. — Тата, няхай сёньня вечарам слухаюцца мяне, – сказала Кэдзі. — Я ня буду, – сказаў Джэйсан. – Я буду слухацца Дылсі. — Калі тата табе скажа, дык будзеш, – сказала Кэдзі. – Няхай слухаюцца мяне, тата. — Я ня буду, – сказаў Джэйсан. – Я ня буду слухацца цябе. — Ціха, – сказаў тата. – Значыць, усе слухайцеся Кэдзі. Калі скончаць, завядзі іх наверх заднімі сходамі, Дылсі. — Так, сэр, – сказала Дылсі. — Бачыш, – сказала Кэдзі. – Цяпер будзеш слухацца мяне. — Усе будзьце ціха, – сказала Дылсі. – Сёньня вам нельга падымаць шуму. — Чаму сёньня нам нельга падымаць шуму? – сказала Кэдзі. — Таму што нельга, – сказала Дылсі. – Самі зразумееце, калі настане той Божы дзень. – Яна прынесла маю міску. Пара зь яе паказытала мой твар. – Хадзі сюды, Вэрш, – сказала яна. — А калі настане той Божы дзень, Дылсі? – сказала Кэдзі. — У нядзелю, – сказаў Квэнтын. – Ты нават гэтага ня ведаеш. — Ша, – сказала Дылсі. – Ці містэр Джэйсан не казаў вам усім быць ціха? Ежце сваю вячэру. На, Вэрш. Вазьмі ягоную лыжку. Рука Вэрша ўсадзіла лыжку ў міску, паднесла яе да майго рота. Пара казытала мне ў ноздрах. Усе перасталі есьці, мы моўчкі паглядзелі адзін на аднаго, пачулі тое зноў, і я пачаў плакаць. — Што гэта было, – сказала Кэдзі. Яна паклала сваю руку на маю. — Гэта была мама, – сказаў Квэнтын. Лыжка паднялася да рота, я зьеў і зноў заплакаў. — Ціха, – сказала Кэдзі. Але я ня сьціхнуў, і яна падышла і абняла мяне. Дылсі пайшла, зачыніла адны дзьверы і другія, і мы перасталі тое чуць. — Ну, будзь ціха, – сказала Кэдзі. Я заціх і еў. Джэйсан таксама еў, а Квэнтын не. — Гэта была мама, – сказаў Квэнтын. Ён устаў. — Сядай на месца, – сказала Дылсі. – У іх там госьці, а ў цябе апратка ўся ў гразі. Ты таксама сядай, Кэдзі, і бяры еж сваю вячэру. — Яна плакала, – сказаў Квэнтын. — Гэта хтосьці засьпяваў, – сказала Кэдзі. – Праўда, Дылсі. — Усе бярыцеся за сваю вячэру, як вам сказаў містэр Джэйсан, – сказала Дылсі. – Усё зразумееце, калі настане той Божы дзень. – Кэдзі села назад на сваё крэсла. — Я ж вам казала, што ў іх госьці, – сказала яна. Вэрш сказаў: — Ён ужо ўсё зьеў. — Дай мне ягоную міску, – сказала Дылсі. Міска зьнікла. — Дылсі, – сказала Кэдзі, – Квэнтын ня есьць свае вячэры. А яму казалі слухацца мяне. — Зьеж сваю вячэру, Квэнтын, – сказала Дылсі. – Канчайце і выходзьце з кухні. — Я больш не хачу, – сказаў Квэнтын. — Калі я скажу, дык ты мусіш есьці, – сказала Кэдзі. – Праўда, Дылсі. Міска паравала мне ў твар, Вэрш уваткнуў туды лыжку, і пара паказытала мой рот. — Я больш не хачу, – сказаў Квэнтын. – Як яны могуць прымаць гасьцей, калі бабуля хворая. — Госьці ў іх нанізе, – сказала Кэдзі. – А яна можа выйсьці і паглядзець на іх зьверху. Я таксама так зраблю, калі адзену начную кашулю. — Гэта мама плакала, – сказаў Квэнтын. – Праўда, што плакала, Дылсі. — Не дуры мне галавы, хлопча, – сказала Дылсі. – Вы вось паелі, а мне яшчэ трэба нарыхтаваць вячэру для ўсіх тых людзей. Неўзабаве даеў Джэйсан і расплакаўся. — Яшчэ й ты да хору, – сказала Дылсі. — Ён так кожную ноч, адкуль бабуля захварэла і яму нельга зь ёю спаць, – сказала Кэдзі. – Плакса. — Я на цябе скажу, – сказаў Джэйсан. Ён плакаў далей. — Ты ўжо сказаў, – сказала Кэдзі. – Табе ўжо няма чаго больш сказаць. — Вам усім ужо час ісьці спаць, – сказала Дылсі. Яна падышла, выняла мяне з крэсла і паставіла на падлозе, выцерла мой твар і рукі цёплым шматком. – Вэрш, завядзі іх наверх заднімі сходамі, толькі паціху. Джэйсан, перастань румзаць. — Яшчэ зарана ісьці спаць, – сказала Кэдзі. – Мы ніколі так рана не лягалі. — Сёньня ляжаце, – сказала Дылсі. – Ваш тата сказаў вам ісьці наверх, як толькі скончыце есьці. Вы чулі. — Ён сказаў слухацца мяне, – сказала Кэдзі. — Я ня буду слухацца цябе, – сказаў Джэйсан. — Ты мусіш, – сказала Кэдзі. – Хадзем ужо. Мусіце рабіць, што я вам кажу. — Толькі каб былі ціха, Вэрш, – сказала Дылсі. – Сёньня будзьце ціха, праўда. — А чаму сёньня маем быць ціха, – сказала Кэдзі. — Вашай маме нездаровіцца, – сказала Дылсі. – Пайшлі ўсе за Вэршам. — Я ж вам казаў, што гэта мама плакала, – сказаў Квэнтын. Вэрш падняў мяне і адчыніў дзьверы на задні ганак. Мы выйшлі, Вэрш зачыніў за намі, і дзьверы пачарнелі. Я чуў Вэрша ў носе і пад рукамі. – Цяпер будзьце ціха. Не, хадзем яшчэ наверх. Містэр Джэйсан сказаў вам ісьці адразу пасьля вячэры. Ён сказаў, каб слухаліся мяне. Я не хачу слухацца цябе. Але ён сказаў, каб усе слухаліся. Праўда, Квэнтын. – Пад рукамі была Вэршава галава. Я чуў нас. – Праўда, Вэрш. Так, праўда. Дык я вам загадваю выйсьці трохі на двор. Хадзем. Вэрш адчыніў дзьверы, і мы выйшлі. Мы сышлі па прыступках. — Давайце лепш пойдзем у бок Вэршавага дому, адтуль нас не пачуюць, – сказала Кэдзі. Вэрш паставіў мяне, Кэдзі ўзяла мяне за руку, і мы ўсе пайшлі па цагляным ходніку. — Хадзем, – сказала Кэдзі. – Той жабы ўжо няма. Паскакала ў агарод. Можа, трапіцца якая іншая. Роскус нёс вёдры з малаком. Прайшоў міма нас. Квэнтын з намі не пайшоў. Ён сеў на кухонных сходах. Мы падышлі да Вэршавага дому. Мне падабаўся пах Вэршавага дому. Гарэў там агонь, а Т. П. сядзеў перад ім на кукішках у кашулі, якая падолам ляжала на падлозе, і падкладваў. Потым я ўстаў, Т. П. апрануў мяне, мы пайшлі на кухню і паелі. Дылсі сьпявала, я пачаў плакаць, і яна перастала. — Не пускай яго дадому цяпер, – сказала Дылсі. — Нам туды нельга, – сказаў Т. П. Мы забаўляліся ў ручайку. — Нам туды нельга, – сказал Т. П. – Ты што, ня чуў, як няня сказала, што нельга. Дылсі сьпявала ў кухні, і я пачаў плакаць. — Ціха, – сказаў Т. П. – Хадзі. Давай пойдзем у стадолу. Роскус даіў карову ў стадоле. Ён даіў адной рукою і стагнаў. Птушкі сядзелі на дзьвярах стадолы і глядзелі на яго. Адна зьляцела на зямлю і пачала есьці з каровамі. Я глядзеў, як Роскус доіць, а Т. П. даваў корм Квіні і Прынцу. Цялятка было ў загародцы для сьвіней. Тыцкала пысаю ў дрот і мыкала. — Т. П., – сказаў Роскус. – Так, – сказаў Т. П. у стадоле. Фэнсі выставіла галаву са стойла, бо Т. П. яшчэ не накарміў яе. – Канчай там, – сказаў Роскус. – Прыйдзецца табе дадойваць. Мая правая ўжо зусім не згінаецца. Т. П. падышоў і стаў даіць. — Чаму ты ня пойдзеш да доктара? – сказаў Т. П. — Доктар нічога не дапаможа, – сказаў Роскус. – У гэтым доме. — А што дрэннага ў гэтым доме? – сказаў Т. П. — Гэты дом няшчасны, – сказаў Роскус. – Упусьці цялятка, калі скончыш. «Гэты дом няшчасны», – сказаў Роскус. Агонь за ім і Вэршам уставаў і апускаўся і соўгаўся па іхных тварах. Дылсі паклала мяне спаць. Пасьцель пахла як Т. П. Мне гэта падабалася. — Што ты пра гэта ведаеш? – сказала Дылсі. – У цябе прасьвятленьне ці што. — Мне ня трэба прасьвятленьне, – сказаў Роскус. – Вось знак няшчасьця, ляжыць у гэтай пасьцелі. Ужо пятнаццаць год, як людзі бачаць гэты знак. — Ну й хай сабе, – сказала Дылсі. – Зрабіў ён табе ці тваім якую шкоду. Вэрш працуе, Фроні выдалі замуж, Т. П. расьце і зойме тваё месца, калі цябе твой раматус скруціць дарэшты. — Ужо два было, – сказаў Роскус. – І будзе яшчэ адно. Я бачыў знак, і ты таксама. — Я чуў, як у тую ноч гукала сава, – сказаў Т. П. – І Дэн таксама не падышоў есьці вечарам. Не пайшоў далей, чымсьці да стадолы. Як толькі сьцямнела, пачаў выць. Вэрш таксама чуў. — Туды адыдзе больш, чымсьці адзін, – сказала Дылсі. – Пакажы мне чалавека, які не памрэ. — Тут ідзецца ня толькі пра паміраньне, – сказаў Роскус. — Ведаю, пра што ты, – сказала Дылсі. – Але калі вымавіш тое імя ўголас, дык наробіш бяды і будзеш сядзець пры ім, каб ня румзаў. — Гэты дом няшчасны, – сказаў Роскус. – Я бачыў гэта ад пачатку, але калі зьмянілі яму імя, дык зразумеў дакладна. — Прыкусі сваю мянташку, – сказала Дылсі. Яна падцягнула коўдру. Коўдра пахла як Т. П. – Цяпер усе памаўчэце, пакуль не засьне. — Я бачыў знак, – сказаў Роскус. — Знак, што Т. П. прыйдзецца рабіць за цябе ўсю работу, – сказала Дылсі. – «Т. П., забяры яго і Квэнтыну, няхай пазабаўляюцца каля дому з Ластэрам, дзе Фроні за імі прыгляне, а ты бяжы пасобіць тату». Мы скончылі есьці. Т. П. узяў Квэнтыну на рукі, і мы пайшлі з Т. П. да іх. Ластэр забаўляўся на пяску. Т. П. паставіў Квэнтыну, і яна таксама пачала забаўляцца на пяску. Ластэр меў шпулькі, і Квэнтына зь ім пабілася, і яны апынуліся ў яе. Ластэр заплакаў, прыйшла Фроні, дала Ластэру пазабаўляцца бляшанку, потым я ўзяў шпулькі, Квэнтына пачала біцца, і я заплакаў. — Ціха, – сказала Фроні. – Як табе ня сорамна забіраць цацкі ад малой. Яна забрала шпулькі ад мяне і дала іх Квэнтыне. — Цяпер ужо ціха, – сказала Фроні. – Будзь ціха, кажу. — Замоўкні, – сказала Фроні. – Табе трэба лупцоўку. – Яна падняла Ластэра і Квэнтыну. – Хадзем, – сказала яна. Мы пайшлі да стадолы. Т. П. даіў карову. Роскус сядзеў на скрыні. — А цяпер зь ім што? – сказаў Роскус. — Няхай застанецца тут з вамі, – сказала Фроні. – Зноў б’ецца з малымі. Забірае ім цацкі. Пабудзь тут з Т. П., можа, заціхнеш на які час. — Ужо пакінь і вытры вымя, – сказаў Роскус. – Мінулай зімою ты выдаіў тую маладую да апошняй кроплі. Калі і гэтую так выдаіш, зусім без малака застанемся. Дылсі сьпявала. — Туды нельга, – сказаў Т. П. – Ты ж ведаеш, што няня туды не дазваляе. Яны сьпявалі. — Хадзем, – сказаў Т. П. – Пазабаўляешся з Квэнтыный і Ластэрам. Хадзем. Квэнтына і Ластэр забаўляліся на пяску перад домам Т. П. У доме падымаўся і апускаўся агонь, а Роскус сядзеў перад ім зусім чорны. — Вось і трэцяга Госпад забраў, – сказаў Роскус. – Я яшчэ два гады таму вам казаў. Гэты дом няшчасны. — Дык чаму ты не пераедзеш, – сказала Дылсі. Яна распранала мяне. – Тыя твае гутаркі пра няшчасьце ўдзяўблі Вэршу ў галаву Мэмфіс. Гэтага табе магло б і хапіць. — Каб толькі Вэрша ніколі не спаткала большае няшчасьце, – сказаў Роскус. Увайшла Фроні. — Скончылі ўжо, – сказала Дылсі. — Т. П. канчае, – сказала Фроні. – Міс Кэралайн хоча, каб ты прыспала Квэнтыну. — Прыйду, як толькі ўпраўлюся, – сказала Дылсі. – Магла б ужо ведаць, што ў мяне няма крылаў. — Дык вось я й кажу, – сказаў Роскус. – Якое шчасьце можа быць у доме, дзе нельга вымаўляць імя ўласнага дзіцяці. — Ціха, – сказала Дылсі. – Ты хочаш, каб ён зноў пачаў. — Выхоўваць дзіця, каб ня ведала імя ўласнае маці, – сказаў Роскус. — Не тлумі сабе галавы, – сказала Дылсі. – Я выхавала іх усіх і мяркую, што дам рады выхаваць яшчэ адну. Будзь ужо ціха. Дай яму заснуць, калі захоча. — Вымаўляць імя, – сказала Фроні. – Ён жа ня ведае нікога па імені. — Толькі скажы, а пабачыш, ці ня ведае, – сказала Дылсі. – Ты ў сьне яму скажы, а ён пачуе. — Ён ведае больш, чымсьці людзі думаюць, – сказаў Роскус. – Ён ведаў кожны раз, калі надыходзіў іхны час, як наш пойнтэр. Ён табе сказаў бы, калі настане і ягоны час, калі б мог гаварыць. І калі твой час настане. І калі мой. — Няня, забярэце Ластэра ад яго з пасьцелі, – сказала Фроні. – А то яшчэ сурочыць. — Ціпун табе на язык, – сказала Дылсі. – Нічога лепшага ўжо не прыдумала. А ўвогуле, чаго ты ўвесь час слухаеш таго Роскуса. Лягай, Бэнджы. Дылсі піхнула мяне, і я лёг у ложак, дзе спаў Ластэр. Дылсі ўзяла доўгае палена і паклала яго паміж мною і Ластэрам. – Ляжы спакойна на сваім баку, – сказала Дылсі. – Ластэр яшчэ маленькі і ты можаш яго прыдушыць. «Табе яшчэ нельга ісьці, – сказаў Т. П. – Пачакай». Мы выглядвалі з-за вугла і назіралі, як ад’яжджаюць каляскі. — Ужо, – сказаў Т. П. Ён падняў Квэнтыну, і мы пабеглі ў куток плота паглядзець, як яны праяжджаюць. – Там ён едзе, – сказаў Т. П. – Бачыш тую з тым шклом. Паглядзі на яго. Ён там ляжыць. Бачыш. «Хадзі, – сказаў Ластэр, – я вазьму гэты мячык дахаты, каб не згубіць. Не, табе яго я ня дам. Калі б тыя людзі пабачылі яго ў цябе, яшчэ сказалі б, што ты яго ўкраў. Будзь ціха. Я табе яго ня дам. Што ты зь ім рабіў бы. Усё роўна ня ўмееш ім гуляць». Фроні і Т. П. забаўляліся на пяску каля дзьвярэй. Т. П. меў у бутэльцы сьветлячкі. — Чаго вы выйшлі яшчэ раз вонкі, – сказала Фроні. — У нас госьці, – сказала Кэдзі. – Тата сказаў, каб усе мяне сёньня вечарам слухаліся. Табе і Т. П. таксама трэба мяне слухацца. — Я ня буду цябе слухацца, – сказаў Джэйсан. – Фроні і Т. П. таксама ня трэба цябе слухацца. — Калі я ім скажу, дык будзе трэба, – сказала Кэдзі. – Але, можа, я не захачу сказаць. — Т. П. нікога ня слухаецца, – сказала Фроні. – Ужо пачалі з тымі паховінамі. — Што гэта паховіны, – сказаў Джэйсан. — Ці няня табе не гаварыла, каб ты ім не казала, – сказаў Вэрш. — Гэта калі галосяць, – сказала Фроні. – Над цёткай Бюлай Клэй два дні галасілі. Яны галасілі ў Дылсіным доме. Дылсі галасіла. Калі Дылсі загаласіла, Ластэр сказаў нам «Будзьце ціха» і мы сядзелі ціха, потым я заплакаў і развыўся Блу пад кухоннымі сходамі. Потым Дылсі перастала, і мы таксама перасталі. — Ага, – сказала Кэдзі. – Гэта ў нэграў. У белых няма паховінаў. — Няня гаварыла, каб мы ім гэтага не казалі, Фроні, – сказаў Вэрш. — Што каб вы не казалі, – сказала Кэдзі. Дылсі галасіла, і калі гэта даляцела да дому, я пачаў плакаць, а Блу выць пад сходамі. «Ластэр, – сказала Фроні ў акне, – адвядзі іх пад стадолу, у гэтым вэрхале я не магу нічога ўварыць. І таго сабаку. Забяры іх адсюль». «Я не пайду туды, – сказаў Ластэр. – Яшчэ дзядуля пакажацца. Я бачыў яго ўчора надвячоркам, махаў мне рукамі са стадолы». — А чаму я маю не гаварыць, – сказала Фроні. – Белыя таксама паміраюць. Ваша бабуля памерла ўсё роўна як любая нэгрыцянка. — Гэта сабакі паміраюць, – сказала Кэдзі. – А калі Нэнсі ўпала ў роў і Роскус яе прыстрэліў, прыляцелі коршакі і разьдзелі яе. Там, дзе ў чорным рове былі павойныя расьліны, закругляліся косьці пад месячным сьвятлом, а некаторыя плямы як быццам спыніліся. Потым яны ўсё спыніліся і было цёмна, а калі я перастаў, перад тым як пачаць зноў, я пачуў маму і крокі, якія хутка адыходзілі, а потым пачуў тое ў носе. Потым пакой вярнуўся, але мае вочы заплюшчыліся. Я не перастаў. Я чуў тое ў носе. Т. П. адшпіліў прасьцірадла. — Ціха, – сказаў ён. – Шшшшшш. Але я чуў тое ў носе. Т. П. выцягнуў мяне і хутка апрануў. — Ціха, Бэнджы, – сказаў ён. – Пойдзем да нас. Пойдзем да нас, да Фроні. Ціха. Шшшш. Ён завязаў мае чаравікі, надзеў мне шапку, і мы выйшлі. У калідоры сьвяцілася. Па другі бок калідору мы чулі маму. — Шшшш, Бэнджы, – сказаў Т. П. – Праз хвілінку будзем на дварэ. Дзьверы адчыніліся, і запахла зусім моцна, і паказалася галава. Але ня татава. Тата ляжаў хворы там усярэдзіне. — Выведзі яго з дому. — А я што раблю, – сказаў Т. П. Па сходах уверх ішла Дылсі. — Ціха, – сказала яна. – Ціха. Забяры яго да нас, Т. П. Фроні пасьцеле яму. Прыгляньце за ім там. Ціха, Бэнджы. Ідзі з Т. П. Яна пайшла туды, адкуль было чуваць маму. — Хай там у вас застанецца. – Гэта ня быў тата. Ён зачыніў дзьверы, але я далей адчуваў пах. Мы спусьціліся. Сходы вялі ў цемру, і Т. П. узяў мяне за руку, і мы выйшлі празь дзьверы зь цемры. На панадворку сядзеў Дэн і выў. — Ён гэта чуе, – сказаў Т. П. – У цябе і на гэта ёсьць чуцьцё. Мы сышлі па прыступках туды, дзе былі нашы цені. — Я забыўся надзець табе паліто, – сказаў Т. П. – Трэба было б. Але ня буду ўжо вяртацца. Дэн завыў. — Будзь ціха, – сказаў Т. П. Нашы цені варушыліся, а Дэнаў не, адно тады, калі ён завыў. — Я не забяру цябе да нас, калі ты будзеш так мычаць, – сказаў Т. П. – І раней, калі яшчэ ў цябе не было гэтага жабінага басу, цяжка было трываць. Хадзем. Мы ішлі па цагляным ходніку, а з намі нашы цені. Сьвінячы катух пахнуў сьвіньнямі. Карова стаяла ў загарадзі і жавала на нас. Дэн завыў. — Збудзіш увесь горад, – сказаў Т. П. – Ня можаш цішэй. Мы ўбачылі Фэнсі, якая паслася над ручайком. Калі мы да яе дайшлі, на вадзе сьвяціў месяц. — Не, паночку, – сказаў Т. П. – Гэта яшчэ заблізка. Тут спыніцца ня можам. Пайшлі далей. Ты толькі паглядзі на сябе. Цэлыя нагавіцы замачыў расою. Хадзем. – Дэн завыў. З гудлівай травы выглянуў роў. Косьці закругляліся сярод чорных павойных расьлінаў. — Ну вось, – сказаў Т. П. – Верашчы сабе тут колькі ў змогу. Перад табою ўся ноч і дваццаць акраў поплаву. Т. П. лёг у рове, а я сеў і глядзеў на косьці, дзе коршакі елі Нэнсі і выляталі з рову чорныя, павольныя і цяжкія. «Калі мы тут былі папярэднім разам, дык я яго яшчэ меў, – сказаў Ластэр. – Я табе яго паказваў. Помніш. Я выняў яго з кішэні якраз тут і паказаў табе». — Ты думаеш, што коршакі распрануць бабулю, – сказала Кэдзі. – Ты здурнеў. — Ты балахуда, – сказаў Джэйсан. Ён заплакаў. — А ты дурачмут, – сказала Кэдзі. Джэйсан плакаў. Ягоныя рукі былі ў кішэнях. — Джэйсан будзе багаты, – сказаў Вэрш. – Ён увесь час трымаецца за грошы. Джэйсан плакаў. — Цяпер ты яго запусьціў, – сказала Кэдзі. – Ціха, Джэйсан. Як бы коршакі мелі дастацца туды, дзе ляжыць бабуля. Тата іх ня пусьціць. Ты таксама ня даўся б распрануцца коршаку. Перастань плакаць. Джэйсан перастаў. — Фроні сказала, што гэта паховіны, – сказаў ён. — Ды не, – сказала Кэдзі. – Гэта гасьціна. Фроні нічагуткі пра гэта ня ведае. Ён хоча патрымаць твае сьветлячкі, Т. П. Дай яму на хвіліну. Т. П. даў мне бутэльку са сьветлячкамі. — Іду ў заклад, што калі мы абыдзем дом навокал і заглянем у акно гасьцёўні, дык нешта ўбачым, – сказала Кэдзі. – Тады мне паверыце. — Я ўжо ведаю, – сказала Фроні. – Мне нічога глядзець ня трэба. — Ты лепш перастань ляпаць языком, Фроні, – сказаў Вэрш. – Няня табе ўсыпле. — Што ты ведаеш, – сказала Кэдзі. — Што ведаю, тое ведаю, – сказала Фроні. — Хадзем, – сказала Кэдзі. – Давайце абыдзем да акна гасьцёўні. Мы рушылі. — Т. П. хоча свае сьветлячкі назад, – сказала Фроні. — Дай яму яшчэ крыху патрымаць, Т. П., – сказала Кэдзі. – Мы іх табе прынясём. — Гэта ня вы іх лавілі, – сказала Фроні. — А калі я дазволю, каб вы з Т. П. пайшлі з намі, дык ён можа патрымаць яшчэ трохі, – сказала Кэдзі. — Нам з Т. П. ніхто не загадваў слухацца цябе, – сказала Фроні. — А калі я скажу, што вам ня трэба мяне слухацца, дык ён можа патрымаць, – сказала Кэдзі. — Добра, – сказала Фроні. – Дазволь яму яшчэ патрымаць, Т. П. А мы паглядзім, як там галосяць. — Яны там не галосяць, – сказала Кэдзі. – Я табе кажу, што гэта гасьціна. Праўда, Вэрш. — Калі застанемся тут, дык не даведаемся, што яны там робяць, – сказаў Вэрш. — Хадзем, – сказала Кэдзі. – Фроні і Т. П. ня мусяць мяне слухацца. Але астатнія так. Лепш панясі яго, Вэрш. Ужо амаль цёмна. Вэрш узяў мяне на сьпіну, і мы абышлі кухню. Калі мы выглянулі з-за вугла, дык убачылі, што па пад’езьдзе набліжаецца сьвятло. Т. П. вярнуўся да склепу і адчыніў дзьверы. «Ведаеш, што там нанізе, – сказаў Т. П. – Сода. Я бачыў, як містэр Джэйсан выходзіў адтуль з поўным ахапкам бутэлек. Пачакай хвілінку». Т. П. пайшоў і заглянуў у кухонныя дзьверы. Дылсі сказала: «Чаго ты тут віжуеш. Дзе Бэнджы». «Ён тут на дварэ», – сказаў Т. П. «Ідзі і пільнуй яго, – сказала Дылсі. – Не пускай яго цяпер дадому». «Так, – сказаў Т. П. – Ці ўжо пачалі». «Ты ідзі і гуляй зь ім далей ад вачэй, – сказала Дылсі. – У мяне і без таго поўныя рукі». З-пад дому выпаўз вуж. Джэйсан сказаў, што ён не баіцца вужоў, а Кэдзі сказала, што ён баіцца, а яна не, а Вэрш сказаў, што яны абое баяцца, а Кэдзі сказала, каб не шумелі, як загадаў тата. «Ты толькі не разравіся мне цяпер, – сказаў Т. П. – На табе лепш гэтай сарсапарылкі». Тое паказытала мяне ў носе і вачах. «Калі ня хочаш, дык дай я вып’ю, – сказаў Т. П. – Ну добра, на. Давай возьмем яшчэ адну бутэльку, пакуль нам ніхто не перашкаджае. Памаўчы цяпер». Мы спыніліся пад дрэвам насупроць акна ў гасьцёўню. Вэрш пасадзіў мяне на мокрую траву. Яна была халодная. Ува ўсіх вокнах сьвяцілася. — Там ляжыць бабуля, – сказала Кэдзі. – Яна цяпер усе дні хварэе. Калі ачуняе, мы будзем мець пікнік. — Што ведаю, тое ведаю, – сказала Фроні. У дрэвах шумела, і ў траве таксама. — А побач пакой, дзе мы хварэем на адзёр, – сказала Кэдзі. – А дзе вы з Т. П. хварэеце на адзёр, Фроні. — Дзе пападзецца, – сказала Фроні. — Яны яшчэ не пачалі, – сказала Кэдзі. «Яны зараз пачнуць, – сказаў Т. П. – Пастой тут, а я пайду прынясу тую скрыню, каб мы маглі заглянуць у акно. Давай ужо скончым з гэтай сарсапарылкай. Ад яе мне ў жываце вухкае сычом». Мы дапілі сарсапарылку, і Т. П. запіхнуў бутэльку цераз драўляную крату пад дом і пайшоў прэч. Я чуў іх у гасьцёўні і пачаў скрэбці па сьцяне. Т. П. валок скрыню. Ён упаў і пачаў сьмяяцца. Ён ляжаў у траве і сьмяяўся. Потым устаў, прывалок скрыню пад акно і стараўся не засьмяяцца. — Я баяўся, што вярэсну, – сказаў Т. П. – Залезь на скрыню і паглядзі, ці ўжо пачалі. — Яны не пачалі, бо яшчэ не прыехалі музыкі, – сказала Кэдзі. — Ня будзе ніякіх музыкаў, – сказала Фроні. — Ты адкуль ведаеш, – сказала Кэдзі. — Што ведаю, тое ведаю, – сказала Фроні. — Ты нічога ня ведаеш, – сказала Кэдзі. Яна падышла да дрэва. – Падсадзі мяне, Вэрш. — Твой тата не дазволіў табе лазіць на гэтае дрэва, – сказаў Вэрш. — Гэта было даўно таму, – сказала Кэдзі. – Я думаю, ён ужо забыўся пра гэта. Да таго, ён прыказаў слухацца мяне сёньня вечарам. Ці ён не сказаў слухацца мяне сёньня вечарам. — Я ня буду цябе слухацца, – сказаў Джэйсан. – Фроні і Т. П. таксама ня будуць. — Падсадзі мяне, Вэрш, – сказала Кэдзі. — Ну добра, – сказаў Вэрш. – Калі будуць лупцаваць, дык цябе, не мяне. Ён падышоў і падсадзіў Кэдзі на першую галіну. Мы глядзелі на яе запэцканыя майткі ззаду. Потым мы яе ўжо ня бачылі. Чулі, як трашчаць і хістаюцца галіны. — Містэр Джэйсан сказаў, што як ты паламаеш гэтае дрэва, ён табе ўсыпле, – сказаў Вэрш. — Я таксама скажу на яе, – сказаў Джэйсан. Дрэва перастала хістацца. Мы глядзелі ў нерухомае гольле. — Што ты там убачыла, – сказала Фроні. Я ўбачыў іх. Потым я ўбачыў Кэдзі, з кветкамі ў валасах, і доўгі вэлюм як бліскучы вецер. Кэдзі. Кэдзі. — Ціха, – сказаў Т. П. – А то яшчэ пачуюць. Мігам злазь. Ён пацягнуў мяне. Кэдзі. Я скроб па сьцяне Кэдзі. Т. П. цягнуў мяне. — Ціха, – сказаў Т. П. – Ціха. Хадзі сюды мігам. – Ён цягнуў мяне. Кэдзі. – Будзь ціха, Бэнджы. Хочаш, каб цябе пачулі. Хадзі, вып’ем яшчэ сарсапарылкі, а потым вернемся, калі замоўкнеш. Хадзем лепш возьмем яшчэ адну бутэльку, пакуль абодва не загарлапанілі. Скажам, што гэта Дэн выпіў. Містэр Джэйсан заўсёды кажа, які ён разумны сабака, а мы скажам, ён і сарсапарылку ўмее піць. Па сходах у склеп спусьцілася месячнае сьвятло. Мы выпілі яшчэ сарсапарылкі. — Ведаеш, чаго б мне хацелася, – сказаў Т. П. – Мне хацелася б, каб сюды ў склеп прыйшоў мядзьведзь. Ведаеш, што я зрабіў бы. Падышоў і плюнуў бы яму ў морду. Дай мне тую пляшку, каб заткнуць рот, пакуль яшчэ не загарлапаніў. Т. П. упаў. Засьмяяўся, дзьверы ў склеп і месячнае сьвятло адскочылі, і нешта мяне ўдарыла. — Ціха, – сказаў Т. П. і стараўся не засьмяяцца. – Божанькі, яны ж нас пачуюць. Уставай, – сказаў Т. П. – Уставай, Бэнджы, хутка. – Ён кідаўся ва ўсе бакі і сьмяяўся, а я спрабаваў устаць. Прыступкі ў склеп уцякалі пад гару ў месячным сьвятле, Т. П. упаў згары ў месячнае сьвятло, я набег на плот, а Т. П. бег за мною і гаварыў: – Цішэй, цішэй. Потым ён упаў у кветкі і сьмяяўся, а я набег на скрыню. Але калі я спрабаваў на яе ўзьлезьці, яна адскочыла і ўдарыла мяне ззаду галавы, а з майго горла вылецеў нейкі гук. Потым яшчэ адзін, і я перастаў намагацца ўстаць, потым з горла вылецеў зноў той гук, і я расплакаўся. Калі Т. П. цягнуў мяне за ногі, маё горла далей выпускала тыя гукі. Выпускала іх далей і далей, а я ня ведаў, плачу я ці не, а потым на мяне са сьмехам упаў Т. П., з майго горла выйшлі далейшыя гукі, а Квэнтын таўхануў Т. П. нагою, а Кэдзі абняла мяне, і той бліскучы вэлюм, але паху дрэваў я ўжо ня чуў і заплакаў. «Бэнджы, – сказала Кэдзі, – Бэнджы». Яна зноў мяне абняла, але я адышоў. — Чаго ты, Бэнджы, – сказала яна. – Ці не ад гэтага капелюша. Яна зьняла капялюш і вярнулася да мяне, але я адышоў. — Бэнджы, – сказала яна. – Чаго ты, Бэнджы. Што Кэдзі зрабіла. — Яму не падабаецца, як ты выфінцілася, – сказаў Джэйсан. – Ты думаеш, што ты ўжо дарослая, што. Ты думаеш, што ты лепшая за астатніх, што. Модніца. — Зачыні зяпу, – сказала Кэдзі. – Ты засморканы паўзунок. Бэнджы. — Ты думаеш, калі табе чатырнаццаць, дык ты ўжо дарослая, што, – сказаў Джэйсан. – Ты думаеш, што ты немаведама хто. Хіба ня так. — Ціха, Бэнджы, – сказала Кэдзі. – Каб не расстроіў маму. Ціха. Але я не заціх, і калі яна пайшла, я пайшоў за ёю, а калі яны спынілася на сходах, я таксама спыніўся. — Чаго, Бэнджы, – сказала Кэдзі. – Скажы Кэдзі. Яна зробіць. Паспрабуй. — Кэндэйс, – сказала мама. — Так, мама, – сказала Кэдзі. — Чаму ты яго дражніш, – сказала мама. – Прывядзі яго сюды. Мы зайшлі ў мамін пакой, дзе яна ляжала з хваробай у белым шматку на галаве. — Што з табой, Бэнджамін, – сказала мама. — Бэнджы, – сказала Кэдзі. Яна падышла зноў, але я адсунуўся. — Ты яму, відаць, нешта зрабіла, – сказала мама. – Чаму ты яго чапаеш, каб я ня мела ні хвіліны спакою. Дай яму скрыначку і, калі ласка, адыдзі, пакінь яго аднаго. Кэдзі дастала скрынку, паставіла на падлогу і адчыніла яе. У ёй было поўна зорак. Калі я стаяў нерухома, яны таксама былі нерухомыя. Калі я паварушыўся, яны замігцелі і зазьзялі. Я заціх. Потым я пачуў, як Кэдзі ідзе прэч, і я зноў пачаў. — Бэнджамін, – сказала мама. – Хадзі сюды. – Я падышоў да дзьвярэй. – Да цябе гавару, Бэнджамін, – сказала мама. — Што там зноў, – сказаў тата. – Куды ты ідзеш. — Завядзі яго наніз, Джэйсан, і скажы, няхай хто-небудзь за ім прыгляне, – сказала мама. – Ты ж ведаеш, што я хворая, аднак. Тата зачыніў дзьверы за намі. — Т. П., – сказаў ён. — Сэр, – сказаў Т. П. зьнізу. — Бэнджы ідзе наніз, – сказаў тата. – Пабудзь з Т. П. Я падышоў да дзьвярэй у ванную. Я чуў ваду. — Бэнджы, – сказаў Т. П. зьнізу. Я чуў ваду. Прыслухаўся да яе. — Бэнджы, – сказаў Т. П. зьнізу. Я прыслухаўся да вады. Я перастаў чуць ваду, і Кэдзі адчыніла дзьверы. — А, Бэнджы, – сказала яна. Яна паглядзела на мяне, а я падышоў і яна мяне абняла. – Ты зноў знайшоў Кэдзі, – сказала яна. – Ты думаў, што Кэдзі зьбегла. Кэдзі пахла як дрэвы. Мы пайшлі ў Кэдзін пакой. Яна села перад люстрам. Калі перастала рукамі, паглядзела на мяне. — Чаго ты, Бэнджы. Што такое, – сказала яна. – Ня трэба плакаць. Кэдзі нікуды не ідзе. Паглядзі, – сказала яна. Яна ўзяла бутэлечку, выняла корак і паднесла яе да майго носа. – Пахне. Панюхай. Як прыемна. Я адышоў і не заціх, а яна трымала бутэлечку ў руцэ і глядзела на мяне. — Ага, – сказала яна. Яна паставіла бутэлечку, падышла і абняла мяне. – Вось у чым рэч. Ты спрабаваў сказаць гэта Кэдзі, але ня змог. Ты хацеў, але ня мог, праўда. Вядома, што Кэдзі гэтага ня зробіць. Вядома, што не. Пачакай, я апрануся. Кэдзі апранулася, узяла зноў бутэлечку, і мы пайшлі на кухню. — Дылсі, – сказала Кэдзі. – Бэнджы дае табе падарунак. – Яна пахілілася і ўклала бутэлечку ў маю руку. – Цяпер дай яе Дылсі. Кэдзі выцягнула маю руку, і Дылсі ўзяла бутэлечку. — Ну, падумайце толькі, – сказала Дылсі. – Маё дзіцятка дае мне пляшачку парфумы. Паглядзі, Роскус. Кэдзі пахла як дрэвы. – Мы з Бэнджы ня любім парфумы. Кэдзі пахла як дрэвы. — Ну, яшчэ чаго, – сказала Дылсі. – Ты ўжо завялікі, каб спаць зь некім у адным ложку. Ты ўжо вялікі. Табе трынаццаць гадоў. Табе ўжо столькі, каб ты спаў адзін у пакоі дзядзькі Моры, – сказала Дылсі. Дзядзька Моры хварэў. У яго былі нездаровыя вока і рот. Вэрш панёс яму вячэру наверх на тацы. — Моры кажа, што застрэліць таго нягодніка, – сказаў тата. – Дык я яму сказаў, каб ён не абвяшчаў гэта Патэрсану загадзя. Ён выпіў. — Джэйсан, – сказала мама. — Застрэліць каго, тата, – сказаў Квэнтын. – І за што дзядзька Моры хоча яго застрэліць. — За тое, што той не разумее жартаў, – сказаў тата. — Джэйсан, – сказала мама. – Як можаш. Калі б Моры забілі з-за нейкага вугла, ты толькі сядзеў бы і пасьмейваўся б. — Дык няхай Моры абыходзіць вуглы здалёк, – сказаў тата. — Застрэліць каго, – сказаў Квэнтын. – Каго дзядзька Моры хоча застрэліць. — Нікога, – сказаў тата. – У мяне няма пісталета. Мама расплакалася. — Калі табе шкада трохі свае ежы для Моры, чаму ты ня скажаш яму гэта як мужчына проста ў вочы. А то падымаеш яго на сьмех перад дзецьмі, за яго сьпінаю. — Мне не шкада, – сказаў тата. – Я захапляюся Моры. Ён дае неацэнны ўклад у падмацаваньне майго пачуцьця расавай перавагі. Я не памяняў бы Моры і на ладную запрэжку. А ведаеш чаму, Квэнтын. — Не, тата, – сказаў Квэнтын. — Et ego in arcadia я забыўся як па-лацінску сена, – сказаў тата. – Ну так, ну так, – сказаў ён. – Я толькі жартаваў. Ён выпіў, адставіў кілішак, падышоў да мамы і паклаў ёй руку на плячо. — Гэта ніякі ня жарт, – сказала мама. – Мой род ні каліва ня горшы за твой. Адно што Моры слабога здароўя. — Безумоўна, – сказаў тата. – Слабое здароўе – першапрычына ўсялякага жыцьця. Створаныя нямогласьцю, мы гніем ажно да распаду. Вэрш. — Так, сэр, – сказаў Вэрш за маім крэслам. — Вазьмі графін і напоўні яго. — І скажы Дылсі, каб прыйшла па Бэнджы і паклала яго спаць, – сказала мама. — Ты ўжо вялікі хлопец, – сказала Дылсі. – Кэдзі ўжо абрыдла спаць з табою. Будзь ціха і сьпі. Пакой адышоў, але я не заціх, пакой вярнуўся і прыйшла Дылсі, села на ложку і глядзела на мяне. — Ты ня хочаш быць добрым хлопцам і заснуць, – сказала Дылсі. – Ня хочаш, што. Ну дык пачакай хвілінку. Яна пайшла. У дзьвярах не было нічога. Потым у іх зьявілася Кэдзі. — Ціха, – сказала Кэдзі. – Я ўжо іду. Я заціх, Дылсі адгарнула покрыўку, і Кэдзі ўлезла паміж покрыўкі і прасьцірадлам. Яна не зьняла купальнага халата. — Ну, бачыш, – сказала яна. – Я тут. Дылсі прыйшла з пледам, прыкрыла і ахутала ім Кэдзі. — Яшчэ хвіліна, і ён будзе гатовы, – сказала Дылсі. – Я пакіну сьвятло ў тваім пакоі. — Добра, – сказала Кэдзі. Яна прымасьціла галаву побач з маёй на падушцы. – Дабранач, Дылсі. — Дабранач, золатка, – сказала Дылсі. Пакой пачарнеў. Кэдзі пахла як дрэвы. Мы глядзелі ўверх на дрэва, дзе была Кэдзі. — Што яна там бачыць, Вэрш, – шапнула Фроні. — Шшшшшш, – сказала Кэдзі на дрэве. Дылсі сказала: — Злазь сюды. – Яна выйшла з-за рогу дому. – Як гэта так, што вы не пайшлі наверх, як наказаў ваш тата, а пракраліся за маёй сьпінай. Дзе Кэдзі і Квэнтын. — Я казаў ёй, каб яна ня лезла на дрэва, – сказаў Джэйсан. – Я скажу на яе. — Каму на якое дрэва, – сказала Дылсі. Яна падышла і глянула ўверх, у дрэва. – Кэдзі, – сказала Дылсі. Галіны пачалі зноў трэсьціся. — Чартоўка адна, – сказала Дылсі. – Злазь долу. — Будзь ціха, – сказала Кэдзі. – Ці ня ведаеш, што тата сказаў быць ціха. – Паказаліся яе ногі, Дылсі выцягнула рукі і зьняла яе з дрэва. — Ты ўжо нічога лепшага не прыдумаў, чымсьці прывесьці іх сюды, – сказала Дылсі. — А што я супроць яе мог сказаць, – сказаў Вэрш. — Што вы тут усе робіце, – сказала Дылсі. – Хто вам дазволіў прыйсьці сюды. — Яна дазволіла, – сказала Фроні. – Яна сказала нам прыйсьці. — А хто вам сказаў рабіць тое, што яна скажа, – сказала Дылсі. – Пайшлі дахаты. Фроні і Т. П. пайшлі. Яны ішлі, але нам не было іх відаць. — На дварэ пасярод ночы, – сказала Дылсі. Яна падняла мяне, і мы пайшлі на кухню. — За маёй сьпінай прашмыгнулі, – сказала Дылсі. – А ведалі ж, што даўно ўжо пара спаць. — Шшш, Дылсі, – сказала Кэдзі. – Не гавары так голасна. Нам трэба паціху. — Дык не падымай шуму сама, – сказала Дылсі. – А дзе Квэнтын. — Ён зазлаваў, што яму сказалі слухацца мяне сёньня вечарам, – сказала Кэдзі. – Ён усё яшчэ мае тую бутэльку са сьветлячкамі ад Т. П. — Т. П. абыдзецца і бязь іх, – сказала Дылсі. – Вэрш, пашукай Квэнтына. Роскус кажа, ён пайшоў да стадолы. – Вэрш ішоў. Але мы яго ня бачылі. — Яны там нічога ня робяць, – сказала Кэдзі. – Проста сядзяць на крэслах і глядзяць. — Яны дзеля гэтага не патрабуюць вашай дапамогі, – сказала Дылсі. Мы абыходзілі кухню. «Куды ты цяпер, – сказаў Ластэр. – Зноў глядзець, як яны б’юць па тых мячыках. Мы ўжо там шукалі. Пастой. Пачакай хвілінку. Пачакай тут, пакуль я зьбегаю дахаты па той мячык. Мне нешта падумалася». На кухні было цёмна. Дрэвы былі чорныя насупроць неба. Дэн вышкандыбаў з-пад ганка і пасьлініў мне шчыкалатку. Я абышоў кухню да месца, дзе быў месяц. Дэн пацягнуўся за мной, да месяца. — Бэнджы, – сказаў Т. П. у доме. Гарлачыкавае дрэва каля акна гасьцёўні не было цёмнае, але густыя дрэвы былі. Трава гудзела пад месячным сьвятлом у месцы, дзе праходзіў мой цень. — Гэй, Бэнджы, – сказаў Т. П. у доме. – Куды ты схаваўся. Вышмыгнуў на двор. Я ведаю. Ластэр вярнуўся. «Пачакай, – сказаў ён. – Тут. Туды ня ідзі. Там на гушкалцы панна Квэнтына з сваім кавалерам. Хадзі сюдою. Вярніся, Бэнджы». Пад дрэвамі было цёмна. Дэн не хацеў да мяне. Застаўся ў месячным сьвятле. Потым я ўбачыў гушкалку і расплакаўся. «Хадзі назад, Бэнджы. Ведаеш, што міс Квэнтына можа раззлавацца». На гушкалцы былі двое, потым адзін. Кэдзі хутка падышла, белая ў цемры. — Бэнджы, – сказала яна. – Як ты вышмыгнуў з дому. Дзе Вэрш. Яна абняла мяне, і я заціх, схапіў яе за сукенку і хацеў адцягнуць. — Чаго табе, Бэнджы, – сказала яна. – Чаго. Т. П., – паклікала яна. Адзін на гушкалцы ўстаў і падышоў да нас, я заплакаў і пацягнуў за Кэдзіну сукенку. — Бэнджы, – сказала Кэдзі. – Гэта Чарлі. Ты ж ведаеш Чарлі. — Дзе ягоны нэгр, – сказаў Чарлі. – Чаму яго пускаюць без дагляду. — Будзь ціха, Бэнджы, – сказала Кэдзі. – Адыдзі, Чарлі. Ты яму не падабаешся. – Чарлі адышоў, і я заціх. Я цягнуў Кэдзі за сукенку. — Чаго табе, Бэнджы, – сказала Кэдзі. – Няўжо ты ня пусьціш мяне пасядзець тут хвілінку і пагаварыць з Чарлі. — Пакліч таго нэгра, – сказаў Чарлі. Ён вярнуўся. Я заплакаў мацней і пацягнуў за Кэдзіну сукенку. — Адыдзі, Чарлі, – сказала Кэдзі. Чарлі падышоў і ўзяў Кэдзі рукою, я заплакаў мацней. Я плакаў голасна. — Не, не, – сказала Кэдзі. – Не. Не. — Ён ня ўмее гаварыць, – сказаў Чарлі. – Кэдзі. — Ты з глузду зьехаў, – сказала Кэдзі. Яна пачала хутчэй дыхаць. – Але бачыць. Пакінь. Пакінь. – Кэдзі вырывалася. Яны абое хутка дыхалі. – Прашу цябе. Прашу цябе, – шапнула Кэдзі. — Пашлі яго прэч, – сказаў Чарлі. — Добра, – сказала Кэдзі. – Пусьці мяне. — А пашлеш яго прэч, – сказаў Чарлі. — Так, – сказала Кэдзі. – Пусьці мяне. – Чарлі пайшоў. – Будзь ціха, – сказала Кэдзі. – Ён пайшоў. Я заціх. Я чуў і бачыў, як падымаюцца яе грудзі. — Я мушу адвесьці яго дадому, – сказала Кэдзі. Яна ўзяла мяне за руку. – Я прыйду, – шапнула яна. — Пачакай, – сказаў Чарлі. – Пакліч нэгра. — Не, – сказала Кэдзі. – Я вярнуся. Хадзі, Бэнджы. — Кэдзі, – шапнуў Чарлі ўголас. Мы ішлі. – Толькі вярніся. Вернешся. – Мы з Кэдзі пачалі бегчы. – Кэдзі, – сказаў Чарлі. Мы выбеглі на месячнае сьвятло да кухні. — Кэдзі, – сказаў Чарлі. Мы з Кэдзі беглі. Мы ўбеглі па кухонных сходах на ганак, і Кэдзі стала на калені ў цемры і прыціснула мяне да сябе. Я адчуваў, як падымаюцца яе грудзі. — Ня буду, – сказала яна. – Я больш ня буду, ніколі. Бэнджы, Бэнджы. – Потым яна заплакала, і я заплакаў, і мы трымалі адно аднаго. – Ціха, – сказала яна. – Ціха. Я больш ня буду. Я заціх, Кэдзі ўстала, і мы пайшлі на кухню і запалілі сьвятло, Кэдзі ўзяла кухоннае мыла і памыла сабе рот пад кранам, дакладна. Кэдзі пахла як дрэвы. «Колькі разоў казаць, што табе туды нельга», – сказаў Ластэр. Яны селі на гушкалку, хутка. Квэнтына трымала рукі на сваіх валасах. На ім быў чырвоны гальштук. «Ты няшчасны дурнаваты вар’ят, – сказала Квэнтына. – Я скажу Дылсі, як ты яго пускаеш цягацца за мною, дзе б я ні ішла. Яна табе зрэжа азадак за гэта». — Я ня змог яго ўтрымаць, – сказаў Ластэр. – Хадзі сюды, Бэнджы. — Ты мне не кажы, што ня змог, – сказала Квэнтына. – Ты не схацеў. Вы абодва віжуеце за мною. Вас бабка паслала, каб вы сачылі тут за мною. – Яна саскочыла з гушкалкі. – Калі ты не забярэш яго ў гэтую самую хвіліну і яшчэ раз яго сюды пусьціш, я скажу Джэйсану, каб цябе адлупцаваў. — Я яму не даю рады, – сказаў Ластэр. – Сама паспрабуй, калі думаеш, што дасі рады. — Заткні дзюбу, – сказала Квэнтына. – Забярэш яго адсюль ці не. — Ды няхай застаецца, – сказаў ён. У яго быў чырвоны гальштук. Сонца на ім было чырвонае. – Глянь сюды, Джэк. – Ён запаліў запалку і сунуў яе сабе ў рот. Потым выняў запалку з рота. Яна яшчэ гарэла. – Хочаш паспрабаваць сам, – сказаў ён. Я падышоў да іх. – Адкрый рот, – сказаў ён. Я адкрыў. Квэнтына ўдарыла ў запалку рукою і запалка зьнікла. — Каб цябе ў пекле смалілі, – сказала Квэнтына. – Ты хочаш, каб ён пачаў. Як бы ты ня ведаў, што ён можа ныць увесь дзень. Я зараз паскарджуся на вас Дылсі. Яна пабегла. — Пачакай, любка, – сказаў ён. – Гэй, вярніся. Я ўжо ня буду яго цьвяліць. Квэнтына бегла дадому. Павярнула за кухню. — Ну, ты заварыў кашу, Джэк, – сказаў ён. – Хіба не. — Ён не разумее, што вы кажаце, – сказаў Ластэр. – Ён глуханямы. — Вось як, – сказаў ён. – І доўга ён ужо так. — Сёньня стукнула трыццаць тры гадочкі, – сказаў Ластэр. – Дурнаваты ад нараджэньня. Ці вы ня будзеце ад тых з цырку. — Чаму, – сказаў ён. — Я неяк не прыгадаю, каб бачыў вас раней, – сказаў Ластэр. — Ну, а што, – сказаў ён. — Нічога, – сказаў Ластэр. – Я іду паглядзець сёньня вечарам. Ён глянуў на мяне. — А вы ня будзеце той, што ўмее зайграць песьню на піле, – сказаў Ластэр. — Гэтага даведаешся, калі заплаціш чацьвяртак, – сказаў ён. Ён глянуў на мяне. – Чаму яго ня возьмуць дзе-небудзь пад ключ, – сказаў ён. – Чаго ты яго сюды прывёў. — Гэта не ў мяне пытацца, – сказаў Ластэр. – Я зь ім не даю рады. Я сюды прыйшоў пашукаць згубленага чацьвертака, каб схадзіць сёньня ў цырк. Толькі што цяпер яно выглядае, што схадзіць не змагу. – Ластэр паглядзеў на зямлю. – У вас лішняга чацьвяртака не знайшлося б, – сказаў Ластэр. — Не, – сказаў ён. – Не знайшлося б. — Відаць, мне трэба будзе знайсьці той, – сказаў Ластэр. Ён сунуў руку ў кішэню. – А мячыка купіць ня хочаце, – сказаў Ластэр. — Якога мячыка, – сказаў ён. — Гольфавага мячыка, – сказаў Ластэр. – Больш чымсьці чацьвяртак не хачу. — Навошта ён мне, – сказаў ён. – Што я зь ім буду рабіць. — Я так і думаў, – сказаў Ластэр. – Хадзем, дубовая галава, – сказаў Ластэр. – Пайшлі глядзець, як яны гупцяць тыя мячыкі. Паглядзі. Вось табе яшчэ цацка пазабаўляцца разам з тым дурнап’янам. Ластэр падняў і падаў мне. Яно блішчала. — Дзе ты гэта ўзяў, – сказаў ён. Калі ён ішоў на сонцы, ягоны гальштук чырванеў. — Знайшоў пад гэтым во кустом, – сказаў Ластэр. – Я быў падумаў, што гэта мой чацьвяртак. Ён падышоў і забраў. — Будзь ціха, – сказаў Ластэр. – Як толькі паглядзіць, дык аддасьць табе назад. — Агнэс Мэйбл Бэкі, – сказаў ён. Паглядзеў у бок дому. — Будзь ціха, – сказаў Ластэр. – Ён зараз аддасьць. Ён даў мне, і я заціх. — Хто ў яе быў учора вечарам, – сказаў ён. — Ня ведаю, – сказаў Ластэр. – Яны тут ходзяць кожны вечар, калі яна навучылася злазіць па дрэве. Я іх не адсочваю. — Але адзін зь іх пакінуў сьлед, – сказаў ён. Ён глянуў на дом. Потым пайшоў і лёг на гушкалцы. – Пайшлі адсюль, – сказаў ён. – Ня дзейнічайце мне на нэрвы. — Хадзем, – сказаў Ластэр. – Ты цяпер разьвязаў мех з чартамі. Самы час, каб міс Квэнтына на цябе наскардзіла. Мы пайшлі да плота і глядзелі празь месцы, дзе кучаравіліся кветкі. Ластэр шукаў у траве. — У гэтым месцы я яго яшчэ меў, – сказаў ён. Я бачыў, як на шырокім газоне лапатаў у касым сонцы сьцяжок. — Неўзабаве хто-небудзь тут будзе праходзіць, – сказаў Ластэр. – Тамака нехта ёсьць, але яны адыходзяць. Хадзі і памажы мне шукаць. Мы ішлі ўздоўж плота. — Будзь ціха, – сказаў Ластэр. – Я ж іх не прымушу, каб яны ішлі сюды, калі яны ідуць туды. Пачакай. Хто-небудзь сюды неўзабаве прыйдзе. Паглядзі туды. Ужо ідуць. Я пайшоў уздоўж плота, да весьніц, дзе праходзілі дзяўчаткі з школьнымі сумкамі. — Гэй, Бэнджы, – сказаў Ластэр. – Хадзі назад. «Няма сэнсу выглядваць на дарогу, – сказаў Т. П. – Міс Кэдзі цяпер далёка адсюль. Выйшла замуж і пакінула цябе тут. Няма сэнсу тырчаць каля весьніц і плакаць. Яна цябе ня ўчуе». «Чаго ён увесь час хоча, Т. П., – сказала мама. – Пазабаўляйся зь ім, няхай замоўкне». «Ён хоча ісьці туды і выглядваць празь весьніцы», – сказаў Т. П. «Гэтага якраз яму нельга, – сказала мама. – Падае. Няўжо ты ня можаш пазабаўляцца зь ім, каб ён замоўк. Перастань, Бэнджамін». «Ён не замоўкне ад нічога, – сказаў Т. П. – Ён думае, калі ён будзе стаяць тут каля весьніц, дык міс Кэдзі вернецца». «Глупства», – сказала мама. Я чуў, як яны размаўляюць. Я выйшаў за дзьверы і ўжо іх ня чуў, і пайшоў да весьніц, дзе праходзілі дзяўчаткі з школьнымі сумкамі. Яны паглядзелі на мяне, адвярнулі галовы і хутка мінулі. Я хацеў сказаць, але яны ішлі далей, і я пайшоў уздоўж плота і ўсё хацеў сказаць, але яны пайшлі хутчэй. Потым яны пабеглі, а я дайшоў у куток плота і ня мог ісьці далей, і я трымаўся за плот, глядзеў за імі і стараўся сказаць. — Слухай, Бэнджы, – сказаў Т. П. – Чаго ты ўсё ўцякаеш з дому. Хочаш, каб Дылсі цябе адсьцябала. — Што толку енчыць і саплячыцца каля плота, – сказаў Т. П. – Ты толькі дзяцей напужаў. Бачыш, яны ідуць па другі бок дарогі. «Як ён выйшаў навонкі, – сказаў тата. – Ці ты забыўся зачыніць весьніцы на засаўку, калі ўваходзіў, Джэйсан». «Вядома, што не. У мяне яшчэ не настолькі слабая галава, каб я забываўся. Ці ты, можа, думаеш, што я хацеў, каб нешта такое счаўплося. Бог бачыць, што і бяз гэтага ў нашай сям’і хапае. Я ўвесь час ведаў, што так яно і кончыцца. Цяпер, мабыць, ужо звозіш яго ў Джэксан. Калі толькі місіс Бэрджыс не застрэліць яго раней». «Ціха», – сказаў тата. «Я ўвесь час ведаў, што так яно і кончыцца». Я крануў весьніцы, і яны былі адчыненыя, і я схапіўся за іх у сутоньні. Я ня плакаў, я стараўся перастаць, і глядзеў на дзяўчатак, якія ішлі ў тым сутоньні. Я ня плакаў. — Вунь ён. Яны спыніліся. — Ён ня можа выйсьці. А прытым, ён нікому ня зробіць крыўды. Хадзем. — Я баюся. Баюся. Я лепш пайду па другі бок. — Ён ня можа выйсьці. Я ня плакаў. — Ня будзь такая баязьліўка. Хадзем. Яны ішлі ў сутоньні. Я ня плакаў, я трымаўся за весьніцы. Яны надыходзілі паволі. — Я баюся. — Ён табе нічога ня зробіць. Я кожны дзень сюдою хаджу. Ён толькі бегае ўздоўж плота. Яны пайшлі далей. Я адчыніў весьніцы, яны спыніліся і адвярнуліся. Я хацеў сказаць, таму я схапіў яе і спрабаваў сказаць, а яна вярэснула, а я ня мог сказаць і ня мог, і зыркія плямы перасталі, і я спрабаваў вырвацца. Я спрабаваў сарваць з майго твару, але зыркія плямы пабеглі зноў. Яны пабеглі на гару, дзе яна падала ўніз, і я схацеў крыкнуць. Але калі набраў паветра, дык ня мог выдыхнуць, каб крыкнуць, і я не хацеў упасьці з гары, але ўпаў з тае гары ў віраваньне зыркіх плямаў. «Глядзі, прыдурак, – сказаў Ластэр. – Вунь нехта надыходзіць. Канчай тут свае сусьлі-гусьлі». Яны дайшлі да сьцяжка. Ён выняў яго, яны ўдарылі, і ён уставіў яго назад. — Містэр, – сказаў Ластэр. Ён аглянуўся. – Што, – сказаў ён. — Хочаце купіць гольфавы мячык, – сказаў Ластэр. — Пакажы, – сказаў ён. Ён падышоў да плота, і Ластэр прасунуў празь яго мячык. — Дзе ты яго ўзяў, – сказаў ён. — Знайшоў, – сказаў Ластэр. — Я гэта ведаю, – сказаў ён. – Дзе. У чыімсьці гольфавым мяшку. — Ён ляжаў там у нас на панадворку, – сказаў Ластэр. – Аддам за чацьвяртак. — Як ты дапяў, што ён твой, – сказаў ён. — Я яго знайшоў, – сказаў Ластэр. — Тады знайдзі сабе яшчэ адзін, – сказаў ён. Ён паклаў мячык у кішэню і пайшоў. — Я мушу сёньня вечарам у цырк, – сказаў Ластэр. — Вось як, – сказаў ён. Ён пайшоў на пляцоўку. – Увага, кэдзі. – сказаў ён. Ён ударыў. — З табой не разабрацца, – сказаў Ластэр. – Калі іх ня бачыш, скуголіш, калі іх бачыш, таксама скуголіш. Ня мог бы ты замоўкнуць. Ня цяміш, што людзям ужо абрыдла слухаць цябе ўвесь час. Глядзі. Ты і свой дурнап’ян упусьціў. – Ён падняў і даў яго мне. – Табе трэба новая кветка. Гэтая ўжо ўся памятая. Мы стаялі каля плота і глядзелі на іх. — З тым белым цяжка дайсьці да ладу, – сказаў Ластэр. – Бачыў, як ён забраў мой мячык. Яны пайшлі далей. Мы пайшлі ўздоўж плота. Мы дайшлі да садка і не маглі ісьці далей. Я трымаўся за плот і глядзеў паміж кветкамі. Яны адышлі. — Цяпер табе няма чаго енчыць, – сказаў Ластэр. – Сьціхні. Гэта мне трэба было б раўці, а табе няма чаго. Глядзі. Чаго ты ўпускаеш сваю кветку. А потым пачнеш выць празь яе. – Ён даў мне кветку. – Куды ты сабраўся. На траве былі нашы цені. Яны дайшлі да дрэваў хутчэй, чымсьці мы. Мой дайшоў туды першы. Потым мы туды дайшлі, і цені прапалі. У бутэльцы была кветка. Я ўставіў у яе другую кветку. — Такі дарослы бамбіза, – сказаў Ластэр. – Забаўляецца з траўкамі ў бутэльцы. А ведаеш, што з табою зробяць, калі памрэ міс Кэралайн. Яны пашлюць цябе ў Джэксан, дзе тваё месца. Містэр Джэйсан так кажа. Там будзеш сабе зь іншымі псыхамі трымацца за краты і саплячыцца ўвесь дзень. Як табе гэта падабаецца. Ластэр махнуў рукою і перакуліў кветкі. — Вось што табе зробяць у Джэксане, калі спрабуеш там зараўці. Я хацеў пазьбіраць кветкі. Ластэр пазьбіраў іх, і кветкі зьніклі. Я расплакаўся. — Раві сабе, – сказаў Ластэр. – Раві сабе. Хочаць мець чаго раўці. Дык добра. Кэдзі, – шапнуў ён. – Кэдзі. Раві цяпер. Кэдзі. — Ластэр, – сказала Дылсі з кухні. Кветкі вярнуліся. — Будзь ціха, – сказаў Ластэр. – Вось яны. Глядзі. Зноў усё так, як было раней. Сьціхні, кажу. — Слухай, Ластэр, – сказала Дылсі. — Так, няня, – сказаў Ластэр. – Ужо ідзем. Ты нам наварыў кашы. Уставай. Ён тузануў мяне за руку, і я ўстаў. Мы выйшлі з дрэваў. Нашы цені зьніклі. — Будзь ціха, – сказаў Ластэр. – Паглядзі, як усе на нас глядзяць. Будзь ціха. — Прывядзі яго сюды, – сказала Дылсі. Яна сыходзіла па сходах. — Што ты яму зноў зрабіў, – сказала яна. — Я яму нічога не зрабіў, – сказаў Ластэр. – Ён папросту пачаў раўці. — Не, ты зрабіў, – сказала Дылсі. – Ты штосьці яму зрабіў. Дзе вы былі. — Вунь там, пад кедрамі, – сказаў Ластэр. — Каб угнявіць Квэнтыну, – сказала Дылсі. – Чаго ты водзіш яго туды, дзе яна. Ці ня бачыш, што яна гэтага ня любіць. — У яе столькі часу для яго, што і ў мяне, – сказаў Ластэр. – Гэта яшчэ і ня мой дзядзька, а ейны. — Не нахабнічай перада мною, чарнапысы, – сказала Дылсі. — Я яму нічога не зрабіў, – сказаў Ластэр. – Ён забаўляўся і ні з таго ні зь сяго разроўся. — Ці не раскідаў ты ягоных могілак, – сказала Дылсі. — Я не чапаў ягоных могілак, – сказаў Ластэр. — Не хлусі мне, хлопча, – сказала Дылсі. Мы ўвайшлі па сходах на кухню. Дылсі адчыніла дзьверцы пліты, прыцягнула перад іх услон і я сеў. Я заціх. «Вы хацелі, каб яна зноў пачала, – сказала Дылсі. – Навошта ты яго туды водзіш». «Ён толькі глядзеў на агонь, – сказала Кэдзі. – Мама прывучала яго да ягонага новага імя. Мы не хацелі, каб яна зноў пачала». «Яшчэ каб хацелі, – сказала Дылсі. – На гэтым канцы дому зь ім давай рады, на тым зь ёю. Мае справы тут пакіньце ў спакоі. Не кранайце нічога, пакуль не вярнуся». — Як табе ня сорамна дражніць яго, – сказала Дылсі. Яна паставіла на стале торт. — Я яго не дражніў, – сказаў Ластэр. – Ён забаўляўся з той бутэлькай з сабачым румянкам і ні з таго ні зь сяго пачаў раўці. Вы самі чулі. — Кажаш, што не чапаў ягоных кветак, – сказала Дылсі. — Я не чапаў ягоных могілак, – сказаў Ластэр. – Навошта мне гэтае ягонае барахло. Я шукаў свой чацьвяртак. — Дык ты яго згубіў, – сказала Дылсі. Яна запаліла сьвечкі на торце. Некаторыя былі малыя. Некаторыя былі вялікія, разрэзаныя на меншыя кавалкі. – Я табе казала, каб ты яго схаваў. Цяпер, як мяркую, хочаш, каб я выпрасіла табе другі ад Фроні. — Я мушу схадзіць у той цырк, Бэнджы нябэнджы, – сказаў Ластэр. – Мала днём, дык яшчэ вечарам зь ім цягайся. — Будзеш рабіць тое, што ён хоча, чарнапысы, – сказала Дылсі. – Чуеш, што кажу. — А што я ўвесь час раблю, – сказаў Ластэр. – Ці ж я не раблю ўвесь час таго, што ён хоча. Праўда, Бэнджы. — Так і рабі далей, – сказала Дылсі. – А не каб прыводзіць яго сюды, каб ён роў і расстройваў яшчэ і яе. Давайце ежце гэты торт, пакуль не прыйшоў Джэйсан. Я не хачу, каб ён чапляўся да мяне за торт, які я купіла за свае грошы. Паспрабуй упячы нешта тут, калі ён лічыць кожнае яечка, як прыйдзе на кухню. Глядзі, не чапай яго цяпер, калі хочаш пайсьці ў той цырк. Дылсі пайшла. — Ты й так гэтых сьвечак ня зьдзьмухнеш, – сказаў Ластэр. – Глядзі, як гэта зраблю я. – Ён пахіліўся і надзьмуў шчокі. Сьвечкі адышлі. Я заплакаў. – Будзь ціха, – сказаў Ластэр. – Глядзі, які ў пліце агонь. А я парэжу торт. Я чуў гадзіньнік, чуў, як за мною стаіць Кэдзі, і чуў дах. «Усё яшчэ ліе, – сказала Кэдзі. – Я ненавіджу дажджу. Я ненавіджу ўсяго». Яе галава лягла на мае калені, Кэдзі заплакала і прыціснулася да мяне, і я таксама заплакаў. Потым я зноў паглядзеў на агонь, і зыркія плямы паплылі зноў. Я чуў гадзіньнік, і дах, і Кэдзі. Я зьеў трохі торта. Ластэрава рука прыйшла і ўзяла яшчэ кавалак. Я чуў, як ён есьць. Я паглядзеў на агонь. Над маім плячом зьявіўся доўгі кавалак дроту. Ён дайшоў да дзьверцаў, і агонь зьнік. Я заплакаў. — Чаго ты зноў заскуголіў, – сказаў Ластэр. – Глядзі. – Агонь быў ззаду. Я заціх. – Чаму ты ня можаш сядзець і глядзець на агонь і быць ціха, як табе наказала няня, – сказаў Ластэр. – Як табе ня сорамна. На. Вазьмі яшчэ кавалак. — Што ты яму тут зрабіў, – сказала Дылсі. – Чаму ты ня можаш адстаць ад яго. — Я акурат стараўся, каб ён заціх і не перашкаджаў місіс Кэралайн, – сказаў Ластэр. – А ён зноў чагосьці пачаў. — Я ведаю, як тое штосьці называецца, – сказала Дылсі. – Як прыйдзе дахаты Вэрш, я яму скажу, каб узяў на цябе кій. Ты ўвесь дзень кія просіш. Ты вадзіў яго да ручайка. — Не-а, – сказаў Ластэр. – Мы ўвесь дзень былі на панадворку, як вы сказалі. Ягоная рука прыйшла па новы кусок торта. Дылсі ўдарыла па гэтай руцэ. — Яшчэ раз пацягнешся, дык я адсяку яе гэтым во секачом, – сказала Дылсі. – Іду ў заклад, што ён ня зьеў яшчэ ні кавалка. — Яшчэ як зьеў, – сказаў Ластэр. – Ён зьеў у два разы больш за мяне. Няхай сам скажа. — Паспрабуй толькі пацягнуцца яшчэ раз, – сказала Дылсі. – Паспрабуй толькі. «Слушна, – сказала Дылсі. – Мабыць, цяпер самы час заплакаць мне. Як мяркую, Моры не супроць, каб і я трохі паплакала над ім». «Яго цяпер завуць Бэнджы», – сказала Кэдзі. «Чаму ж гэта, – сказала Дылсі. – А імя, зь якім ён нарадзіўся, ужо знасілася, ці што». «Бэнджамін паходзіць зь Бібліі, – сказала Кэдзі. – Гэта лепшае імя для яго, чым Моры». «Чаму ж гэта», – сказала Дылсі. «Мама так кажа», – сказала Кэдзі. «Га, – сказала Дылсі. – Новае імя яму не дапаможа. А старое не пашкодзіць. Але зьмена імя не прыносіць людзям шчасьця. Я называюся Дылсі, адкуль сябе помню, і буду называцца Дылсі, калі ўсе пра мяне даўно забудуць». «Як яны будуць ведаць, што ты называешся Дылсі, калі даўно пра цябе забудуць», – сказала Кэдзі. «Яно застанецца ў Кнізе, любачка, – сказала Дылсі. – Запісанае». «А ты зможаш прачытаць яго», – сказала Кэдзі. «Мне ня будзе трэба, – сказала Дылсі. – Яны прачытаюць гэта за мяне. Мне хопіць сказаць – я тут». Доўгі дрот зноў зьявіўся над маім плячом, і агонь адышоў. Я пачаў плакаць. Дылсі з Ластэрам біліся. — Я ўбачыла, – сказала Дылсі. – Ага, цяпер я ўбачыла. – Яна выцягула Ластэра з кутка і пачала ім трэсьці. – Дык вось тваё я яго не чапаў. Пачакай толькі, аж прыйдзе твой тата. Калі б я была маладзейшая, я табе вушы з галавы паабрывала б. Вазьму і замкну ў пограбе, і столькі ты пабачыш той цырк сёньня вечарам. — Вой, няня, – сказаў Ластэр. – Вой, няня. Я паклаў руку, дзе быў агонь. — Схапі яго, – сказала Дылсі. – Адцягні яго. Мая рука адскочыла назад, і я сунуў яе ў рот, а Дылсі мяне схапіла. Паміж сваім голасам я далей чуў гадзіньнік. Дылсі адвярнулася і дала Ластэру па галаве. Мой голас крычаў і крычаў. — Падай мне тую соду, – сказала Дылсі. Яна выняла руку з майго рота. Мой голас выкрыкнуў і рука хацела вярнуцца назад у рот, але Дылсі схапіла яе. Мой голас выкрыкнуў. Яна папырскала содай на маю руку. — Паглядзі ў каморы, там на цьвіку анучка, адарві кавалак, – сказала яна. – Будзь ціха. Хіба ты хочаш, каб твая мама зноў расстроілася. Паглядзі лепш на агонь. Дылсі зараз забярэ больку з твае рукі. Глядзі на агонь. Яна адчыніла дзьверцы. Я глянуў на агонь, але боль не перастаў, і я не перастаў. Мая рука хацела ў рот, але Дылсі не пускала. Яна абвязала руку анучкай. Мама сказала: — Што тут зноў. Ці я і пахварэць не магу спакойна. Ці мне трэба ўставаць з ложка і ісьці да яго, нават калі там займаюцца ім два дарослыя нэгры. — Зь ім ужо добра, – сказала Дылсі. – Ён зараз перастане. Ён толькі трохі апёк руку. — Два дарослыя нэгры, а прыводзяць яго дадому, калі раве, – сказала мама. – Вы так наўмысна, бо ведаеце, што я хворая. – Яна падышла да мяне і стала. – Перастань, – сказала яна. – У гэтай жа хвіліне. Вы далі яму гэтага торта. — Я яго купіла, – сказала Дылсі. – Гэта ня з Джэйсанавай каморы. Я зрабіла яму дзень нараджэньня. — Ці ты захацела атруціць яго гэтым танным купленым тортам, – сказала мама. – Гэтага, відаць, хочаш. Ці я не магу мець нават хвіліны спакою. — Ідзеце наверх і ляжце, – сказала Дылсі. – Праз хвілінку яму перастане пячы і ён заціхне. Ідзеце. — Ісьці і пакінуць яго тут, каб вы яму яшчэ што-небудзь зрабілі, – сказала мама. – Як я магу там ляжаць, калі ён тут вішчыць. Бэнджамін. Тут жа перастань. — Няма куды яго ўзяць, – сказала Дылсі. – У няс няма ўжо столькі месца, як раней. А на дварэ ён заставацца ня можа, там яго бачылі б усе суседзі, як плача. — Ведаю, ведаю, – сказала мама. – Гэта ўсё мая віна. Але я ўжо доўга тут не пабуду, дык табе і Джэйсану стане лягчэй. Яна расплакалася. — Ну, перастаньце, – сказала Дылсі. – А то зноў занядужаеце. Ідзеце наверх. Ластэр завядзе яго ў бібліятэку і пазабаўляецца зь ім, пакуль я звару яму вячэру. Дылсі і мама выйшлі. — Ціха, – сказаў Ластэр. – Ціха мне. А то апяку табе другую руку. Ужо ж не баліць. Замоўкні. — На, – сказала Дылсі. – Ня плач ужо. – Яна дала мне пантофлік, і я заціх. – Вазьмі яго ў бібліятэку, – сказала яна. – А калі я пачую яго яшчэ раз, дык адсьцябаю цябе сама. Мы пайшлі ў бібліятэку. Ластэр запаліў сьвятло. Вокны пачарнелі, а на сьцяне зьявілася высокае цёмнае месца, і я падышоў і дакрануўся. Яно было як дзьверы, але гэта не былі дзьверы. За мною зьявіўся агонь, я падышоў да агню і сеў на падлозе, трымаючы пантофлік. Агонь вырас. Дарос да падушачкі на маміным фатэлі. — Будзь ціха, – сказаў Ластэр. – Ці ня можаш перастаць хоць на хвілінку. Я распаліў табе тут агонь, а ты нават не зірнеш. «Цябе называюць Бэнджы, – сказала Кэдзі. – Чуеш. Бэнджы. Бэнджы». «Не гавары да яго так, – сказала мама. – Прывядзі яго да мяне». Кэдзі ўзяла мяне пад пахамі і падняла. «Устань, Мо... гэта значыць, Бэнджы», – сказала яна. «Не насі яго, – сказала мама. – Ня можаш яго сюды папросту прывесьці. Хаця б гэта магла запомніць». — Я магу яго і падняць, – сказала Кэдзі. – Дылсі, дай мне занесьці яго наверх. — Але ж, драбнюта, – сказала Дылсі. – Ты яшчэ ня вырасла, каб і блыху туды занесьці. Ідзеце паціху, як прыказаў містэр Джэйсан. Зьверху на сходах было сьвятло. Там быў тата, толькі ў кашулі. Глядзеў, нібыта казаў «Будзь ціха». Кэдзі шапнула: — Мама занядужала. Вэрш паставіў мяне, і мы ўвайшлі ў мамін пакой. Там быў агонь. Ён падымаўся і апускаўся на сьценах. У люстры быў другі агонь. Пахла хваробай. Хвароба была ў белым шматку на маміным лобе. Маміны валасы былі на падушцы. Агонь не дасягаў да іх, але сьвяціўся на ейнай руцэ, і маміны пярсьцёнкі падскоквалі. — Хадзем, скажам маме дабранач, – сказала Кэдзі. Мы падышлі да ложка. Агонь выйшаў зь люстра. Тата ўстаў з ложка і падняў мяне, а мама паклала руку мне на галаву. — Колькі гадзін, – сказала мама. Яе вочы былі заплюшчаныя. — Дзесяць да сёмай, – сказаў тата. — Яшчэ зарана класьці яго спаць, – сказала мама. – Ён прачнецца на досьвітку, а я проста не перанясу яшчэ адзін такі дзень, як сёньня. — Не кажы так, – сказаў тата. Ён дакрануўся да мамінага твару. — Я ведаю, што я табе толькі цяжарам, – сказала мама. – Але мяне ўжо хутка ня стане. І ўжо ня буду нікому дакучаць. — Перастань, – сказаў тата. – Я вазьму яго на хвіліну наніз. – Ён падняў мяне. – Ідзем, мой сябра. Пойдзем на хвіліну наніз. Але мы мусім быць ціха, бо Квэнтын цяпер вучыцца. Кэдзі падышла, пахілілася над ложкам, і маміна рука зьявілася ў сьвятле агню. Маміны пярсьцёнкі скакалі на Кэдзінай сьпіне. «Мама занядужала, – сказаў тата. – Дылсі пакладзе цябе спаць. Дзе Квэнтын». «Вэрш пайшоў па яго», – сказала Дылсі. Тата стаяў і глядзеў, як мы праходзім каля яго. Мы чулі маму ў яе пакоі. Кэдзі сказала «Ціха». Джэйсан яшчэ ішоў па сходах наверх. Рукі трымаў у кішэнях. — Сёньня ўсе павінны быць добрыя, – сказаў тата. – І будзьце ціха, не трывожце маму. — Мы будзем ціха, – сказала Кэдзі. – Ты павінен быць ціха, Джэйсан, – сказала яна. Мы ішлі на пальчыках. Мы чулі дах. Агонь відаць і ў люстры. Кэдзі падняла мяне зноў. — Хадзі, – сказала яна. – Потым можаш яшчэ вярнуцца да агню. Будзь ціха. — Кэндэйс, – сказала мама. — Ціха, Бэнджы, – сказала Кэдзі. – Мама хоча цябе на хвілінку да сябе. Будзь добрым хлопчыкам, Бэнджы. А потым можаш сюды вярнуцца. Кэдзі паставіла мяне, і я заціх. — Пакіньце яго тут, мама. Калі ён наглядзіцца на агонь, дык тады яго будзеце вучыць. — Кэндэйс, – сказала мама. Кэдзі пахілілася і падняла мяне. Мы хістануліся. – Кэндэйс, – сказала мама. — Будзь ціха, – сказала Кэдзі. – Ты ж яшчэ бачыш яго. Ціха. — Прывядзі яго сюды, – сказала мама. – Ён ужо завялікі, каб ты яго насіла. Перастань браць яго на рукі. Яшчэ хрыбет сабе пашкодзіш. Жанчыны ў нашым родзе заўсёды ганарыліся сваёй паставай. Хіба ты хочаш горбіцца, як прачка. — Ён не такі цяжкі, – сказала Кэдзі. – Я магу яго падняць. — Але я не хачу, каб яго насілі, – сказала мама. – Пяцігадовае дзіця. Не, не. Толькі не на мае калені. Няхай пастаіць. — Калі вы возьмеце яго на калені, дык ён перастане, – сказала Кэдзі. – Ціха, – сказала яна. – Зараз туды вернешся. Глядзі. Вось твая падушачка. Бачыш. Я паглядзеў на падушку і заціх. — Вы яму занадта патураеце, – сказала мама. – Ты і твой бацька. Вы не ўсьведамляеце, што за ўсё прыйдзецца плаціць мне. Такім жа чынам бабуля расьпесьціла Джэйсана, і два гады цягнулася, пакуль ён з таго вырас, а ў мяне няма столькі сілы, каб я праходзіла гэта яшчэ раз з Бэнджамінам. — Вы ня мусіце ім тлуміць сабе галавы, – сказала Кэдзі. – Я люблю ім апекавацца. Праўда, Бэнджы. — Кэндэйс, – сказала мама. – Я табе забараніла, каб ты да яго так зьвярталася. Хопіць, што твой бацька заўпарціўся называць цябе гэтай дурнаватай мянушкай. Я не дазволю, каб і да яго зьвярталіся мянушкай. Мянушкі вульгарныя. Толькі просты народ карыстаецца імі. Бэнджамін, – сказала яна. — Глядзі на мяне, – сказала мама. — Бэнджамін, – сказала яна. Яна ўзяла мой твар у рукі і павярнула да свайго. — Бэнджамін, – сказала яна. – Забяры гэтую падушачку, Кэндэйс. — Ён будзе плакаць, – сказала Кэдзі. — Я сказала, забяры гэтую падушачку, – сказала мама. – Яго трэба навучыць слухацца. Падушачка зьнікла. — Будзь ціха, Бэнджы, – сказала Кэдзі. — Адыдзі ад яго, сядзь сабе там, – сказала мама. – Бэнджамін. – Яна трымала мой твар блізка свайго. — Перастань, – сказала яна. – Перастань. Але я не перастаў, і мама абняла мяне і заплакала, і я таксама плакаў. Потым падушачка зьявілася зноў, Кэдзі трымала яе над мамінай галавою. Яна пацягнула маму за плячо і паклала яе назад у фатэль, і мама ляжала на чырвона-жоўтай падушачцы і плакала. — Ня плачце, мама, – сказала Кэдзі. – Ідзеце наверх, ляжце на ложак і хварэйце. Я пайду паклічу Дылсі. Яна падвяла мяне да агню, і я глядзеў на зыркія плаўныя плямы. Я чуў агонь і дах. Бацька падняў мяне. Ён пахнуў як дождж. — Ну, Бэнджы, – сказаў ён. – Ці сёньня ты быў добрым хлопчыкам. Кэдзі і Джэйсан біліся ў люстры. — Кэдзі, – сказаў тата. Яны біліся. Джэйсан пачаў плакаць. — Кэдзі, – сказаў тата. Джэйсан плакаў. Ён ужо ня біўся, але мы бачылі ў люстры, што Кэдзі б’ецца, і тата паставіў мяне, пайшоў у люстра і таксама пачаў біцца. Ён падняў Кэдзі. Яна білася. Джэйсан ляжаў на падлозе і плакаў. У ягонай руцэ былі нажніцы. Тата трымаў Кэдзі. — Ён распароў усе Бэнджавы лялькі, – сказала Кэдзі. – Я яму зараз распару пуза. — Кэндэйс, – сказаў тата. — Вось пабачыце, – сказала Кэдзі. – Вось пабачыце. Яна пачала вырывацца. Тата трымаў яе. Яна таўханула нагою Джэйсана. Ён пакаціўся зь люстра ў куток. Тата паднёс Кэдзі да агню. У люстры не было нікога. Толькі агонь. Выглядала, нібыта агонь быў у дзьвярах. — Перастань, – сказаў тата. – Ты хочаш, каб мама расхварэлася ў сваім пакоі. Кэдзі перастала. — Ён распароў усе лялькі, што мы з Мо... з Бэнджы зрабілі, – сказала Кэдзі. – Ён зрабіў гэта назло. — Я не назло, – сказаў Джэйсан. Ён сядзеў і плакаў. – Я ня ведаў, што гэта ягоныя лялькі. Я думаў, гэта старыя паперыны. — Ты ня мог ня ведаць, – сказала Кэдзі. – Ты зрабіў гэта... — Ціха, – сказаў тата. – Джэйсан, – сказаў ён. — Я табе заўтра зраблю іншыя, – сказала Кэдзі. – Мы зробім шмат лялек. На, глядзі сабе на падушачку. Увайшоў Джэйсан. «Калькі разоў табе казаць, заціхні», – сказаў Ластэр. «Што тут робіцца», – сказаў Джэйсан. — Ён проста так, – сказаў Ластэр. – Ён увесь дзень так цягне. — Дык чаму ты ад яго не адчэпішся, – сказаў Джэйсан. – Калі ты ня ўмееш яго супакоіць, дык пайшлі зь ім на кухню. Мы ўсе ня можам зачыніцца ў пакоі, як мамуля. — Няня казала не прыводзіць яго на кухню, пакуль ня зварыць вячэры, – сказаў Ластэр. — Дык пазабаўляйся зь ім, каб быў ціха, – сказаў Джэйсан. – Цэлы дзень працуеш не адгінаючыся, а як прыходзіш дадому, тут як у вар’ятні. – Ён разгарнуў газэту і стаў чытаць. «Можаш глядзець на агонь, і ў люстра, і на падушачку, – сказала Кэдзі. – Ня мусіш чакаць да вячэры, каб паглядзець на падушачку». Мы чулі дах. Мы таксама чулі Джэйсана, як плакаў за сьцяною. Дылсі сказала: — Хадзі сюды, Джэйсан. А ты пакінь чапляцца да яго. — Так, – сказаў Ластэр. — Дзе Квэнтына, – сказала Дылсі. – Вячэра амаль гатовая. — Я ня ведаю, – сказаў Ластэр. – Я яе ня бачыў. Дылсі пайшла. — Квэнтына, – сказала яна ў калідоры. – Квэнтына. Вячэра гатовая. Мы чулі дах. Квэнтын таксама пахнуў як дождж. «Што Джэйсан зрабіў», – сказаў ён. «Распароў усе лялькі Бэнджы», – сказала Кэдзі. «Мама казала не называць яго Бэнджы», – сказаў Квэнтын. Ён сядзеў на дыване з намі. «Каб толькі дождж хутчэй перастаў, – сказаў ён. – А то нельга нічога рабіць». «Ты біўся, – сказала Кэдзі. – Праўда». «Не зашмат», – сказаў Квэнтын. «Па табе відаць, – сказала Кэдзі. – Тата пазнае». «Ну і няхай, – сказаў Квэнтын. – Каб толькі дождж хутчэй перастаў». Квэнтына сказала: — Дылсі не казала, ці вячэра гатовая. — Так, – сказаў Ластэр. Джэйсан паглядзеў на Квэнтыну. Потым зноў стаў чытаць газэту. Квэнтына ўвайшла. – Яна сказала, што амаль гатовая, – сказаў Ластэр. Квэнтына ўскочыла ў мамін фатэль. Ластэр сказаў: — Містэр Джэйсан. — Чаго, – сказаў Джэйсан. — Вы не далі б мне дваццаць пяць цэнтаў, – сказаў Ластэр. — Навошта табе, – сказаў Джэйсан. — Пайсьці сёньня вечарам у цырк, – сказаў Ластэр. — Я чуў, што Дылсі хацела для цябе папрасіць гэты чацьвяртак ад Фроні, – сказаў Джэйсан. — Яна яго дастала, – сказаў Ластэр. – Толькі што я згубіў. Мы з Бэнджы шукалі яго ўвесь дзень. Запытайце ў яго. — Дык ад яго і пазыч, – сказаў Джэйсан. – Я свае грошы мушу запрацаваць. Ён зноў чытаў газэту. Квэнтына глядзела на агонь. Агонь быў у яе вачах і на яе вуснах. Яе вусны былі чырвоныя. — Я стараўся, каб ён туды не хадзіў, – сказаў Ластэр. — Трымай язык за зубамі, – сказала Квэнтына. Джэйсан паглядзеў на яе. — Я табе што абяцаў зрабіць, калі пабачу цябе яшчэ раз з тым цыркоўцам, – сказаў ён. Квэнтына глядзела на агонь. – Ты мяне чуеш, – сказаў Джэйсан. — Я вас чую, – сказала Квэнтына. – Дык чаму ня зробіце. — Будзь спакойная, – сказаў Джэйсан. — Я і ёсьць, – сказала Квэнтына. Джэйсан зноў пачаў чытаць газэту. Я чуў дах. Тата пахіліўся дапераду і паглядзеў на Квэнтына. «Во як, – сказаў ён. – Хто перамог». — Ніхто, – сказаў Квэнтын. – Нас разьвялі. Настаўнікі. — Хто гэта быў, – сказаў тата. – Скажаш мне. — Усё было справядліва, – сказаў Квэнтын. – Ён быў роўны са мною. — Дык гэта ў парадку, – сказаў тата. – А можаш мне сказаць, за што вы. — За нішто, – сказаў Квэнтын. – Ён сказаў, што пакладзе жабу ў яе сумку, а яна пабаіцца яму ўсыпаць. — Ага, – сказаў тата. – Яна. А потым што. — Так, тата, – сказаў Квэнтын. – А потым я яго стукнуў. Мы чулі дах, і агонь, і пахліпваньне за дзьвярыма. — А дзе ён хацеў узяць жабу ў лістападзе, – сказаў тата. — Ня ведаю, тата, – сказаў Квэнтын. Мы чулі іх. — Джэйсан, – сказаў тата. Мы чулі Джэйсана. — Джэйсан, – сказаў тата. – Хадзі сюды і перастань. Мы чулі дах, і агонь, і Джэйсана. — Зараз жа перастань, – сказаў тата. – Хочаш, каб я табе зноў урэзаў. Тата падняў Джэйсана на фатэль побач з сабою. Джэйсан хліпаў. Мы чулі дах і агонь. Джэйсан усхліпнуў мацней. — Яшчэ толькі раз, – сказаў тата. Мы чулі агонь і дах. «Добра, – сказала Дылсі. – А цяпер хадзеце ўсе вячэраць». Вэрш пахнуў як дождж. Ён таксама пахнуў як сабака. Мы чулі агонь і дах. Мы чулі, як хутка ідзе Кэдзі. Тата і мама паглядзелі на дзьверы. Кэдзі хутка прайшла міма. Не паглядзела. Прайшла хутка. — Кэндэйс, – сказала мама. Кэдзі перастала ісьці. — Так, мама,– сказала яна. — Ня трэба, Кэралайн, – сказаў тата. — Хадзі сюды, – сказала мама. — Ня трэба, Кэралайн, – сказаў тата. – Пакінь яе ў спакоі. Кэдзі падышла да дзьвярэй, спынілася, паглядзела на тату і маму. Яе вочы заляцелі да мяне і адляцелі. Я заплакаў. Потым заплакаў больш і ўстаў. Кэдзі ўвайшла, стала пад сьцяной, паглядзела на мяне. Я пайшоў да яе, плачучы, яна прыціснулася сьпінай да сьцяны, я ўбачыў яе вочы, заплакаў мацней і пацягнуў яе за сукенку. Яна выставіла рукі, але я цягнуў. Яе вочы ўцякалі. «Ты цяпер называешся Бэнджамін, – сказаў Вэрш. – А ведаеш, чаму ты цяпер называешся Бэнджамін. Яны хочуць зрабіць зь цябе сінядзяснага. Няня кажа, за старым часам твой дзед зьмяніў імя нэгру, і той стаў прапаведнікам, а калі паглядзелі, у яго і дзясны сінія. Хоць раней у яго не было сініх дзяснаў. А калі цяжарная паглядзіць такому сінядзяснаму ў вочы ў час поўні, дзіця ў яе народзіцца таксама зь сінімі дзяснамі. І аднойчы вечарам, калі ўжо тут па панадворку бегала з тузін сінядзясных дзяцей, ён не вярнуўся дадому. Паляўнічыя за апосумамі знайшлі яго потым у лесе, абабранага дачыста. А ведаеце, хто яго зьеў. Тыя сінядзясныя дзеці». Мы былі ў калідоры. Кэдзі глядзела ўвесь час на мяне. Руку трымала каля рота, а я бачыў яе вочы і плакаў. Мы пайшлі па сходах уверх. Яна зноў спынілася, абаперлася аб сьцяну і паглядзела на мяне, а я плакаў, яна пайшла далей, і я за ёй, я плакаў, а яна абаперлася аб сьцяну і глядзела на мяне. Яна адчыніла дзьверы ў свой пакой, але я цягнуў яе за сукенку, мы ўвайшлі ў ванную, і яна стала каля дзьвярэй і глядзела на мяне. Потым закрыла твар рукою, а я папіхаў яе да ўмывальніка і плакаў. «Што ты яму робіш, – сказаў Джэйсан. – Чаго ты да яго чапляешся». «Я да яго не чапляюся, – сказаў Ластэр. – Ён сёньня ўвесь дзень так цягне. Яго трэба адлупцаваць». «Яго трэба адаслаць у Джэксан, – сказала Квэнтына. – Як можна жыць у такім доме». «Калі вам, маладая дама, у нас не падабаецца, дык не жывеце». «А я і не зьбіраюся, – сказала Квэнтына. – Не турбуйцеся». Вэрш сказаў: — Адсунься крыху, дай мне пасушыць ногі. – Ён адсунуў мяне крыху. – І не пачынай нам зноў раўці. Табе ўсё яшчэ відаць. Толькі ў цябе і работы, што на агонь глядзець. Пад дажджом табе, як мне, мокнуць не прыходзіцца. Ты нарадзіўся шчасьліўцам і сам пра гэта ня ведаеш. – Ён лёг на сьпіну перад агнём. — А ведаеш, чаму ты цяпер называешся Бэнджамін, – сказаў Вэрш. – Паводле няні, твая мама занадта ганарыстая, каб ты. — Сядзі ціха і дай мне пасушыць ногі, – сказаў Вэрш. – А не, дык ведаеш што табе зраблю. Аблуплю табе скуру з пасядзелкі. Мы чулі агонь, і дах, і Вэрша. Вэрш хутка сеў і тузануў ногі назад. Тата сказаў: — У парадку, Вэрш. — Я пакармлю яго сёньня вечарам, – сказала Кэдзі. – Ён часам плача, калі яго корміць Вэрш. — Занясі гэтую тацу наверх, – сказала Дылсі. – І бяжы назад карміць Бэнджы. — Хочаш, каб Кэдзі цябе пакарміла, – сказала Кэдзі. «Ці яму яшчэ трэба класьці на стол той стары брудны пантофель, – сказала Квэнтына. – Чаму вы ня корміце яго на кухні. Чалавеку здаецца, што есьць са сьвіньнёю». «Калі табе не падабаецца, як мы ямо, дык не прыходзь да стала», – сказаў Джэйсан. Ад Роскуса ішла пара. Ён сядзеў перад плітой. Дзьверцы духоўкі былі адчыненыя, і Роскус трымаў у ёй свае ногі. Пара ішла ад міскі. Кэдзі лёгка сунула ложку мне ў рот. У місцы паказалася чорнае месца. «Ну, ну, – сказала Дылсі. – Ён табе ўжо ня будзе больш дакучаць». Ежа была ўжо пад значком. Потым міска стала пустой. Адышла. — Ён сёньня такі галодны, – сказала Кэдзі. Міска вярнулася. Я ня бачыў чорнага месца. Потым убачыў. – Ён сёньня выгаладаўся, – сказала Кэдзі. – Паглядзеце, колькі зьеў. «Але ж будзе, – сказала Квэнтына. – Вы ўсе пасылаеце яго, каб ён віжаваў за мной. Я ненавіджу гэты дом. Я адсюль уцяку». Роскус сказаў: — Будзе падаць усю ноч. «Ты ўжо ўцякаеш даволі доўга, але кожны раз не застаешся там даўжэй, чым да абеду», – сказаў Джэйсан. «Вось пабачыце», – сказала Квэнтына. — Ня ведаю, што мне рабіць, – сказала Дылсі. – Схапіла мяне ў клубе так моцна, што амаль не магу рухацца. Увесь вечар бегаеш па гэтых сходах уверх-уніз. — Гэтым мяне ня зьдзівіш, – сказаў Джэйсан. – Гэтым ты мяне зусім ня зьдзівіш. Квэнтына кінула сурвэтку на стол. — Замоўкні, Джэйсан, – сказала Дылсі. Яна падышла і абняла Квэнтыну. – Сядай, любка, – сказала Дылсі. Як яму ня сорамна папікаць цябе чужой віною. — Яна зноў мігрэніцца, праўда, – сказаў Роскус. — Замоўкні, – сказала Дылсі. Квэнтына адпіхнула Дылсі. Глянула на Джэйсана. Яе вусны былі чырвоныя. Яна падняла сваю шклянку з вадою, замахнулася рукою, глядзела на Джэйсана. Дылсі схапіла яе за руку. Яны сталі біцца. Шклянка разьбілася аб стол, вада пацякла ў стол. Квэнтына пабегла. — Мама зноў захварэла, – сказала Кэдзі. — А як жа іначай, – сказала Дылсі. – У гэ |