| A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (22) – 2002 |
| Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|
|||
|
Люіс Керал |
|
Зьмест Разьдзел І. Углыб трусінай нары
Углыб трусінай нары Алесі надакучыла сядзець пры беразе каля сваёй сястры і нічога не рабіць. Раз ці два яна зазірнула ў кнігу, якую чытала сястра, але там не было ні малюнкаў, ні гутарак. “А чаго вартая кніга, — падумала сабе Алеся, — дзе няма ні малюнкаў, ні гутарак?” Гэтак яна разважала — хоць разважаць было нялёгка, бо гарачыня наганяла на яе сон і млявасьць. Ёй прыйшла ў галаву ідэя сплесьці сабе вянок з рамонкаў, але тады прыйшлося б уставаць і зьбіраць рамонкі, а ахвоты не было ніякае... Як раптам проста побач зь ёй праляцеў Белы Трус з ружовымі вачанятамі. Ну й што тут такога незвычайнага? Алеся й не падумала, што ўсё ж гэта нешта вельмі незвычайнае, каб Трус казаў сам сабе: — А людцы мае! А людцы мае! Як я пазьнюся! (Перадумваючы пасьля, яна прыйшла да высновы, што павінна была б тады моцна зьдзівіцца, але ў той момант усё здалося ёй цалкам натуральным.) Калі ж Трус дастаў з кішэні свае камізэлькі гадзіньнік на ланцужку, зірнуў на яго і паляцеў яшчэ хутчэй, Алеся ўскочыла, спанатрыўшы, што яна ніколі ня бачыла труса ў камізэльцы з кішэнямі, а з гадзіньнікам і пагатоў! Не ўцярпеўшы ад цікаўнасьці, яна кінулася за ім Заўвага праз поле і пасьпела адно ўгледзець, што той сігануў у вялізную трусіную нару пад кустом. Алеся ўмомант пусьцілася за ім, нават не задумаўшыся, як з тае нары можна будзе вылезьці. |
|
Трусіная нара сьпярша нагадвала тунэль і цягнулася роўна, але потым абарвалася гэтак рэзка, што Алеся і ня скмецілася, як паляцела ўніз, нібы ў нейкі калодзеж. Мяркуючы па тым, што падала яна доўга, калодзеж быў даволі глыбокі. І ці то ён сапраўды быў вельмі глыбокі, ці то падала яна павольна, толькі ў яе было дастаткова часу на тое, каб разгледзецца і запытацца ў сябе, што ж мае быць далей. Найперш яна паспрабавала глянуць уніз і ўявіць, куды яна наагул кіруецца. Але ўнізе было занадта цёмна, каб хоць нешта разгледзець. Тады яна зірнула на бакі і заўважыла, што сьценкі калодзежа абстаўленыя шафамі й кніжнымі паліцамі. Дзе-нідзе віселі мапы й карціны. Летучы, яна схапіла з аднае паліцы слоік з цэтлікам “АПЭЛЬСЫНАВАЯ МАРМЭЛЯДА”. Дарма! — ён быў пусьцюткі. І ўсё ж Алеся не хацела ўпускаць той слоік, Заўвага бо баялася забіць каго-колечы ўнізе, а таму злаўчылася паставіць яго на нейкую іншую палічку. — Ну што ж! — сказала сама сабе Алеся. — Пасьля такога падзеньня мне ня страшна зваліцца і са сходаў! Якой адважнай мяне будуць лічыць усе нашыя! Нават калі прыйдзецца скаціцца з даху нашага дому, я і тое ня пікну! (Што праўда, то праўда!) Заўвага Уніз, уніз, уніз. Няўжо гэтае спаданьне ніколі ня кончыцца? — Цікава, колькі гэта ўжо міляў я праляцела? — прамовіла ўголас Алеся. — Я мушу цяпер знаходзіцца каля самюткага цэнтру зямлі! Трэба зьлічыць... Думаю... гэта якія чатыры тысячы міляў уніз... Алеся, як бачым, сёе-тое ў школе засвоіла. Праўда, тут быў не найлепшы момант для паказу сваіх ведаў — вакол не было нікагутка, хто б яе чуў. Такой бяды, паўтарэньне — маці вучэньня! — Так, нешта блізу таго... Тады незразумела, на якіх Паралелі і Мэрыдыяне я цяпер падаю? Шчыра кажучы, Алеся ня мела ніякага ўяўленьня, што такое Паралель альбо Мэрыдыян, але ёй падабалася вымаўляць такія складаныя й гожыя словы. Счакаўшы, яна пачала спачатку: — А што калі я падаю скрозь зямлю! Заўвага Як будзе цудоўна, калі я прылячу да людзей, што ходзяць галовамі ўніз! Здаецца, іх завуць антыпаты... Цяпер яна нават узрадавалася, што яе ніхтосенькі не пачуў, бо гучала гэта неяк ня надта слушна. — Ну, дык я мушу запытацца ў іх, як называецца тая краіна... Вы ж разумееце! Спадарыня, калі ласка, гэта Новая Зэляндыя? Ці Аўстралія? І пад гэтыя словы яна паспрабавала пакланіцца. Уявеце сабе, што вам прыходзіцца рабіць кніксэн, летучы ўніз! Думаеце, гэта ў вас выйшла б? “Якое неадукаванае дзяўчо!” — падумае цётачка пасьля такога пытаньня. Не, пытацца ні ў якім разе ня варта! Мо’ там дзе будзе шыльда з пазначэньнем, што гэта за краіна? Уніз, уніз, уніз. Раз не было чаго рабіць — Алеся зноў загаварыла сама з сабой. — Здаецца, Дайна моцна затужыць па мне сёньня ўвечары! (Дайна — гэта котка.) Заўвага — Спадзяюся, яны не забудуцца наліць ёй сподачак малака пад вечар. Дайна, любачка! Як бы мне хацелася, каб ты была тут, разам са мной. У паветры мышэй няма. Але ж ты магла б злавіць кажана, а яны, як ведама, такія падобныя да мышэй! Цікава, ці ядуць каты кажаны? Заўвага І тут Алеся нібы пачала засынаць, праз сон гаворачы сама з сабою: — Ці ядуць каты кажаны? Ці ядуць каты кажаны? А часам: — Ці ядуць кажаны каты? Бачыце, калі адказу на нейкае пытаньне няма, дык хіба істотна, якое слова ў ім ставіць раней, а якое пазьней? Яна адчула, што сон змагае яе, і пачала мроіць, як прахаджаецца за руку з Дайнай, вельмі сур’ёзна пытаючыся: — Дайна, скажы мне шчыра: ці каштавала ты калі кажана? І тут раптам: трэсь! трэсь! Яна хлёпнулася на кучу гальля й сухога лісьця. Падзеньне скончылася. Алеся не пабілася ані, таму адразу ўскочыла і глянула ўгору, але там было цёмна. Перад ёй паўстаў доўгі калідор. І Белы Трус яшчэ не зусім прапаў з вачэй, мільгануўшы ў яго канцы. Ні хвілі на роздум! Алеся памкнула, як вецер. Яна пасьпела пачуць, што, забягаючы за рог, Трус сказаў: — Ай, вушкі мае! Ай, вусікі! Як я пазьнюся! Калі Алеся завярнула за рог, здавалася, Трус блізка. Але раптам ён зьнік. А яна апынулася ў доўгім нізкім памяшканьні, асьветленым радочкам лямпаў, што зьвісалі з столі. Абапал стаялі дзьверы — і ўсе замкнёныя. Алеся паспрабавала іх адчыніць і не змагла. Тады яна спынілася ў маркоце пасярэдзіне, ня ведаючы, як ёй наагул адсюль выйсьці. І тут ёй на вочы трапіўся маленькі трохногі столік з таўшчэзнага шкла. На ім нічога не было, акрамя тоненькага залатога ключыка. Алесі прыйшло ў галаву, што ён павінен падыходзіць да адных зь дзьвярэй. Аднак — на жаль! — ці то замковыя шчыліны былі занадта вялікія, ці то ключ быў такі маленькі, але ён нічагутка не хацеў адмыкаць. Урэшце, абыходзячы ўсе дзьверы па другім разе, яна наблізілася да кароценькае фіраначкі, якое ня згледзела раней. Там хаваліся дзьверцы цаляў на пятнаццаць увышкі. Алеся паспрабавала ўставіць у замок маленькі залаты ключ — і, на вялікую радасьць, ён падышоў! Алеся адамкнула дзьверцы і ўбачыла, што вядуць яны ў маленечкі калідорчык, ня большы за пацучыную нару. Яна ўкленчыла і ўгледзела на другім канцы калідорчыка сад Заўвага — такі прыгожы, роўнага якому яна дагэтуль ня бачыла. Як ёй адразу захацелася прэч з гэтага цёмнага памяшканьня ды пахадзіць сярод тых клюмбаў з зыркімі кветкамі, між тых прахалодных фантанаў! Аднак яна не магла прасунуць нават галаву ў прахон. “Калі б мая галава і прайшла ў дзьверы, — падумала няшчасная Алеся, — там зь яе было б вельмі мала карысьці без плячэй. О, як бы мне хацелася скласьціся па-тэлескопнаму! Думаю, у мяне выйшла б, калі б толькі я ведала, з чаго трэба пачынаць”. Бачыце, зь ёй ужо адбылося гэтулькі дзівосаў, што нават пачало здавацца, быццам вельмі мала чаго ў сьвеце зусім не бывае. Чакаць каля маленькіх дзьвярэй не было сэнсу, таму яна вярнулася да стала, у цьмянай надзеі знайсьці на ім яшчэ адзін ключ альбо, прынамсі, інструкцыю па складаньні людзей па-тэлескопнаму. Але гэтым разам яна знайшла там маленькую бутэлечку (“Якой дагэтуль тут пэўна не было”, — сказала сабе Алеся), да шыйкі якой быў прыкручаны папяровы цэтлік з ладнымі друкаванымі літарамі “ВЫПІ МЯНЕ”. Ведама, лёгка сказаць “выпі мяне”! Але маленькая мудрая Алеся не зьбіралася гэтага рабіць адразу. — Не, наперад я гляну, ці не напісана там дзе “Атрута”! — сказала яна. Бо яна чытала некалькі мілых апавяданьнечкаў пра дзяцей, Заўвага якія згарэлі ў агні альбо якіх зжэрлі драпежнікі, дый пра іншыя непрыемнасьці, якія адбыліся адно таму, што дзеці не хацелі помніць простыя правілы, якім іх навучылі сябры. Прыкладам, да чырвані нагрэтая качарга можа вас апячы, калі вы будзеце трымаць яе задоўга. Альбо калі вы вельмі глыбока парэжаце сабе палец нажом, дык звычайна зьяўляецца кроў. І Алеся ніколі не забывалася, што, калі выпіць зашмат з бутэлечкі з надпісам “Атрута”, гэта амаль заўсёды будзе каштаваць вам жыцьця, раней ці пазьней. Так ці інакш, на гэтай бутэлечцы не было надпісу “Атрута”, і Алеся наважылася паспытаць, што ў ёй, і смак зьмесьціва выявіўся вельмі прыемным. На смак гэта было як мяшанка Заўвага вішнёвага пірага, бялковага крэму, ананаса, печанага індыка, ляндрынак і падсмажанага на масьле хлеба. Алеся сама не заўважыла, як выпіла. |
|
* * * Заўвага — Што за дзіўнае адчуваньне! — сказала Алеся. — Здаецца, я складаюся, нібы тэлескоп! А так і было: цяперака яна мела толькі дзесяць цаляў росту. Яе тварык зазьзяў радасьцю ад думкі, што цяпер яна можа ўвайсьці праз маленькія дзьверцы ў той прыгожы сад. Аднак перадусім яна счакала, каб паглядзець, ці ня будзе яна меншаць далей, нават крыху нэрвуючыся з гэтай прычыны. — Бо гэта ж можа скончыцца тым, вы разумееце, што я зусім зьнікну, растану, як сьвечка! Цікава, да чаго я стала б тады падобная? Яна паспрабавала ўявіць сабе, як выглядае агеньчык сьвечкі пасьля таго, як яе задзьмулі. Заўвага Але ня ўспомніла, каб калі што такое бачыла. Празь які час, упэўніўшыся, што нічога больш не адбываецца, яна надумала пайсьці ў сад. Бедная Алеся! Падышоўшы да дзьверцаў, яна ўспомніла, што забылася на залаты ключык, а калі вярнулася да стала, каб узяць яго, убачыла, што ня можа да яго дацягнуцца. Алеся добра бачыла яго праз шкло. Яна зрабіла ўсё, што можна, каб ускараскацца на адну з ножак стала, але ножка была занадта коўзкая. Зьняможыўшыся ад марных высілкаў, бедненькая малюпатка села й заплакала. — Годзе, няма сэнсу гэтак плакаць! — загадала сабе Алеся. — Раю табе, каб ты перастала зараз жа! Звычайна яна давала сабе вельмі добрыя парады, хоць даволі рэдка іх слухалася. А калі-нікалі дык і шчыкала сябе так жорстка, што сьлёзы зьяўляліся ўваччу. Яна помніла, як раз спрабавала накруціць самой сабе вуха за тое, што змахлявала падчас гульні ў кракет, сама ж супраць сябе. (Гэтая прыдума вельмі любіла ўдаваць зь сябе адразу дзьвюх асоб.) Заўвага “Аднак цяпер не да таго, — падумала бедная Алеся, — каб удаваць зь сябе дзьвюх розных асоб! Які ў гэтым сэнс, калі ад мяне засталося так мала, што ці назьбіраецца й на адну сапраўдную асобу!” Тут яе пагляд запыніўся на маленькай шкляной скрыначцы, што валялася пад сталом. Алеся адчыніла яе, а ўсярэдзіне ляжаў малюсенькі піражок, на якім крэмам было напісана “ЗЬЕЖ МЯНЕ”. — Добра, я яго зьем, — сказала Алеся, — і калі ад гэтага пабольшаю — тады змагу дастаць ключык, а калі паменшаю — тады пралезу пад дзьвярыма. Так ці гэтак я патраплю ў сад. Будзь што будзе! Яна крыху ўкусіла і аж запішчала ад нецярпеньня, трымаючы руку на макаўцы, каб адчуць, у які бок яна будзе рухацца. — Вырасту ці паменшаю? Вырасту ці паменшаю? Як жа яна зьдзівілася, калі рост застаўся той самы. Хоць, пэўна ж, яно так і бывае, калі нехта зьесьць кавалачак пірага. Аднак Алеся гэтак звыкла да дзівосных здарэньняў, што, калі рэчы йшлі сваім ходам, гэта яе нават засмучала. Гэтак яна ўзялася за працу і вельмі борзда дакончыла пірог. |
|
Копанка, поўная сьлёз — Ой, усё дзівосіцца і дзівосіцца! Заўвага — закрычала Алеся. Яна гэтак зьдзівілася, што на хвілю пераблытала ўсе словы на сьвеце. — Цяпер я раскладаюся, нібы найвялікшы ў сьвеце тэлескоп! Бывайце, ногі! (Калі яна зірнула на свае ногі — іх было амаль не відаць, гэтак яны аддаліліся.) — Бедныя мае ножачкі! Хто ж цяпер будзе вас абуваць, нацягваць на вас панчошкі, мае любыя? Пэўна, што я не змагу гэта рабіць! Я буду вельмі далёка, каб мець сабе клопат аб вас. Вы мусіце самі даваць сабе рады, калі зможаце... “Аднак трэба быць дабрэйшай зь імі, — падумала Алеся, — а то яны, можа, не захочуць ісьці туды, куды я скажу! Трэба падумаць... Добра, штогод на Каляды буду слаць ім новую пару чаравічак.” І яна ўзялася плянаваць, як будзе гэта рабіць: “Чаравічкі павінны прыходзіць па пошце. Але як гэта сьмешна — слаць падарункі ўласным нагам! І як, пэўна, дзіўна будуць глядзецца адрасы!” Спадарыні Алесінай Правай Назе Заўвага — Божухна! Якую лухту я вярзу! У тую ж хвіліну яе галава ўперлася ў столь. Алеся перарасла ўжо за пяць футаў — таму яна схапіла залаты ключык ды як мага панеслася да дзьверцаў у сад. Нябожанька Алеся! Найбольшае, што яна магла зрабіць, — гэта легчы на падлогу бачком і зазірнуць адным вокам у сад. Патрапіць туды цяпер — зусім не было магчымасьці. Яна села й зноўку заплакала. — І табе ня сорамна за свае паводзіны! — сказала Алеся. — Такая вялікая дзяўчынка (цяпер яна мела поўнае права так казаць) — і ўсё яшчэ плача, як маленькая! Кінь зараз жа, ці чуеш! Аднак яна плакала й плакала, пакуль вакол яе не ўтварылася ладная копанка, паўнюткая сьлёз, — цалі з чатыры ўглыбкі, — заняўшы каля паловы залі. Неўзабаве Алеся пачула блізкі тупат маленькіх ножак і зараз жа выцерла вочы, каб пабачыць, што там робіцца. А гэта вяртаўся Белы Трус, шыкоўна апрануты, з парай зграбных пальчатак у адной руцэ і вялізарным веерам у другой. Ён пратупаў міма ў страшнай сьпешцы, мармычучы сабе пад нос: — О, Княгіня, Княгіня! О! Няўжо яна не разьюшыцца за тое, што я змусіў яе гэтак доўга чакаць? Алеся была ў такім адчаі, што гатовая была папрасіць дапамогі ў каго заўгодна. Таму, калі Трус прабягаў побач зь ёю, яна ціхім, нерашучым голасам сказала: — Выбачайце, калі ласка, спадару... Трус падхапіўся, згубіў белыя пальчаткі, веер і даў такой лататы, што ўмомант прапаў у цемры. Алеся падняла веер з пальчаткамі і, паколькі ў залі было задушна, пачала абмахвацца, увесь час прыгаворваючы: — А Божачкі! Што за дзіўныя рэчы адбываюцца сёньня! Учора ж, здаецца, усё йшло, як заўсёды! Можа, з мною што ўночы здарылася і я моцна перамянілася? Дайце падумаць: ці была я той самай, калі прачнулася сёньня ўранку? Заўвага Я добра помню, што адчувала сябе крыху інакш. Але калі я не была той самай, тады насоўваецца пытаньне: “Хто я ўрэшце?” Ага! Во дзе ўся штука! І яна пачала перабіраць у памяці дзяцей свайго веку, якіх ведала, каб упэўніцца, ці не ператварылася яна раптам у каго. — Зразумела, што я не Адэлька, — зазначыла Алеся, — у яе такія кудзеркі, а мае валасы зусім не завіваюцца. І пэўна, што я ня Бася, бо ведаю ўсякую ўсячыну, а яна — амаль нічагусенькі! Апрача таго яна — гэта яна, а я — гэта я. Божа мой, Божа!.. Як усё складана! Трэба спраўдзіць, ці ведаю я тое, што раней ведала. Пагледзімо: чатыры на пяць — дванаццаць, чатыры на шэсьць — трынаццаць, а чатыры на сем... О Божухна! Гэтак я ніколі не дайду да дваццаці! Заўвага Вяроўка яе бяры, гэтую табліцу множаньня! Паспрабуем геаграфію. Лёндан — гэта сталіца Парыжу, а Парыж — гэта сталіца Рыму, а Рым... О не! Усё зусім ня так, я ўпэўненая! Дальбог, я ператварылася ў Басю! Паспрабую прачытаць што на памяць: “Не сядзіцца ў...” Яна скрыжавала рукі перад сабой, быццам адказвала заданьне, і пачала паўтараць вершык, аднак голас яе гучаў нязвыкла, хрыпата, а словы выходзілі ня так, як звычайна: Не сядзіцца ў жыце Заўвага — Я пэўная, што вершык выйшаў нейкі няправільны! — сказала няшчасная Алеся, і з кожным новым радком яе вочы напаўняліся сьлязьмі. — Цяпер ясна, я чыстая Бася. А жыць мне прыйдзецца, як і ёй, у гаротнай хацінцы, і цацак у мяне ня будзе. Да таго ж, трэба будзе без канца вучыць і вучыць заданьні! Не! Калі я Бася, дык застаюся тут! І ня трэба засоўваць сюды галаву і ўпрошваць мяне: “Выходзь, золатца наша!” Я толькі гляну на іх і скажу: “А хто я, га? Скажэце мне, хто я такая!” І калі гэта мне спадабаецца, я выйду. А калі не — застануся тут, унізе, пакуль ня стану кім іншым. — О Божухна! Людцы мае! — Алеся залілася сьлязьмі. — Я праўда хачу, каб хто-небудзь паспрабаваў бы ўсунуць сюды галаву! Я так стамілася быць адна! Яна сказала гэта, глянула на свае рукі і вельмі зьдзівілася, калі заўважыла, што надзела адну з трусовых пальчатак. — Як гэта я патрапіла? — падумала Алеся. — Няўжо я зноў паменшала! Яна ўзьнялася і падышла да століка, каб памерацца зь ім. Выходзіла, што цяпер яна каля двух футаў росту і ўсё меншае ды меншае. Неўзабаве яна здагадалася: прычынай служыў веер, які яна трымала ў руках, а потым спрытна адкінула прэч. І вельмі ў пару, інакш скарацілася б дазваньня. Заўвага — Каб яшчэ трохі — дык і ўсё. Капцы! — сказала Алеся, моцна напалоханая раптоўнай пераменай, але шчасьлівая, што ўратавалася. — А цяпер — у сад! І яна ўгрунь панеслася да дзьверцаў. Але дзе там! Дзьверцы, як і даўней, заставаліся пад замком, а залаты ключык ляжаў сабе ціха на шкляным століку. — Ну, гэта проста невядома што! — падумала беднае дзіцё. — Яшчэ ніколі я не была такою шмакадзяўкаю. Далібог! Горш і не прыдумаеш. Што праўда, то праўда! Толькі яна гэта мовіла — нага пасьлізнулася, і — боўць! — Алеся па вушы апынулася ў салёнай вадзе. Першай думкаю было, што яна боўтнулася ў мора. Заўвага — У такім разе мне давядзецца вяртацца дамоў чыгункай, — зазначыла яна сабе. Раз у жыцьці Алеся ўжо была на моры і цьвёрда ведала, што на моры абавязкова павінны быць купальныя кабінкі, Заўвага дзеці, якія граюцца ў пяску, за імі — радочак курортных дамкоў, а далей — чыгуначная станцыя. Але неўзабаве яна даўмелася, што лучыла ў копанку сьлёз, якія сама ж і выплакала, калі была дылдай. — Я ж табе казала, каб ты ня плакала, як румза! — прыкрыкнула Алеся, барахтаючыся ў копанцы і спрабуючы прыбіцца да берагу. — От за тое самае цяпер і буду пакараная патапленьнем ва ўласных сьлязах! Во дзе сапраўды плаксівае становішча! У той момант яна пачула непадалёк нейкі плёскат і падплыла бліжэй, каб даведацца, што там такое. Спачатку ёй падалося, што гэта які морж альбо гіпапатам, але потым успомніла, якая яна цяпер малюсенькая. І тады высьветлілася, што гэта плюхаецца простая мыш, якая гэтаксама ўвалілася ў ямку з вадой. “Ці не пагутарыць мне з гэтай мышшу? — падумала Алеся. — Тут унізе ўсё гэтак дзіўна, можа, яна й умее гаварыць. Зрэшты, паспрабаваць не зашкодзіць.” І яна пачала: — Мышухна! Ці ня ведаеце Вы, як мне вылезьці з гэтага вадаёму? Я вельмі стамілася тут плаваць, Мышухна! Алеся думала, што акурат так трэба гаварыць з мышамі. Яна ніколі дагэтуль ня гутарыла зь імі, але запомніла табліцу скланеньня, якую бачыла ў падручніку гісторыі мовы, што належаў ейнаму брату: Назоўны: мыш Мыша зірнула на яе даволі падазрона і нібыта падміргнула, але нічога не сказала. — Можа, яна ня ведае па-простаму, — падумала Алеся. — Гэта, бадай, мыш-францужанка, што прыбыла з войскам Вільгельма Заваёўніка. Нягледзячы на ўсю сваю абазнанасьць у гісторыі, Алеся, трэба прызнацца, да канца не ўяўляла, калі што адбылося. І яна пачала зноўку: — Où est ma chatte? Заўвага — бо менавіта гэтая фраза стаяла першай у яе падручніку францускай мовы. Мыша нечакана аж падскочыла ў вадзе і, здавалася, уся затрымцела ад жаху. — Ой, выбачайце, калі ласка! — усклікнула Алеся, баючыся, што пакрыўдзіла жывёлінку. — Я зусім забылася, што вы ня любіце катоў. — Не люблю катоў! — перадражніла Мыша віскліва. — А ты любіла б каты, каб была мышшу? — Можа, і не, — разважліва адказала Алеся, — але ня варта дзеля гэтага так злаваць. Я б хацела пазнаёміць Вас з нашай коткай Дайнай. Думаю, Вам бы адразу пачалі падабацца каты. Яна такая мілая і спакойная, — працягвала Алеся, гутарачы найбольш сама з сабою і разьняволена плаваючы па копанцы. — Яна сядзіць сабе пры каміне і вядзе салодкую курну, намывае гасьцей. Яна такая мяккая і свойская! І так добра палюе на мыш... Ой, прабачце, калі ласка! — зноў усклікнула Алеся. Але цяперака Мыша ашчэрылася і нашэршылася. Алеся выразна адчула, што значыць азьвярэць, калі гэтае слова карэктна ўжываць у дачыненьні да мышы. — Ня будзем пра яе гаварыць, калі Вам ня хочацца! — Мне ня хочацца? — закрычала Мыша, якую ўсю аж трасло, ад вушэй да кончыка хвосьціка. — Быццам я магла такое гаварыць! У нашай сям’і заўжды ненавідзелі катоў. Гэтых гідкіх, нізкіх, вульгарных істотаў! Не хачу нават слухаць пра іх і чуць іх імя! — Я праўда больш ня буду! — сказала Алеся, вельмі сьпяшаючыся зьмяніць тэму гаворкі. — А вось Вы... Вы любіце, прыкладам... сабакі? Мыша маўчала, таму Алеся з запалам працягвала: — Каля нашага дому жыве такі ладны сабачка... Каб Вы толькі бачылі! Маленькі тэр’ер з бліскучымі вочкамі! Ведаеце, такі кудлаты, рыжы! Вы кідаеце кіёчак ці яшчэ што, і ён зараз вам прыносіць. А яшчэ ён сядае і просіць у вас есьці. І ўсякія штукі ўмее... Нават паловы ня ўспомніш! Ён жыве ў аднаго фэрмэра, ведаеце... А той ім не нахваліцца, кажа, што ён каштуе цэлыя сто фунтаў! І быццам ён усіх пацукоў і... Божа мой, Божа! — закрычала Алеся ў роспачы. — Здаецца, я зноў яе пакрыўдзіла! А Мыша ўцякала, з усяе сілы перабіраючы лапкамі ў вадзе, так, што хвалі пайшлі. Тады Алеся пяшчотненька гукнула ўсьлед: — Мышуля, любенькая! Вельмі прашу Вас, вярнецеся! Мы ня будзем успамінаць ні пра катоў, ні пра сабак, раз яны Вам так не даспадобы! Мыша пачула, разьвярнулася і павольна паплыла назад. Яе пыска чыста зьбялела. (“Ад расчуленасьці”, — падумала Алеся.) Ціхім дрыготкім голасам Мыша прамовіла: — Рушма да берагу, а там я раскажу табе маю гісторыю. Ты зразумееш, чаму я гэтак ненавіджу каты і сабакі. Быў самы час выпраўляцца ў дарогу, бо ў копанку нападала столькі розных птушак і зьвяркоў, што там стала ўжо не прапіхнуцца. Там былі Гогаль, Дода, Папугай, Арлянё Заўвага і яшчэ колькі дзіўных істот. Алеся ўзяла рэй, і кампанія рушыла да берагу. |
|
Перадвыбарная гонка й гісторыя Кампанія, што згрудзілася пры беразе, выглядала вельмі несамавіта: пер’е ў птушак завэзгалася, на зьвярах пазьліпалася поўсьць. З усіх капала, цякло. Усе таўкліся і калаціліся ад холаду. Першым пытаньнем, ведама, было, каб дзе як абсохнуць. Пачалі радзіцца. І ўжо за колькі хвілін Алеся галёкала са сваімі суседзямі так, як быццам яна ведала іх усё жыцьцё. Яна нават ўступіла ў працяглую спрэчку з Папугайчыкам, які ўрэшце насупіўся і прамовіў: — Я за цябе старэйшы і мне лепш ведаць! Алеся не пагаджалася, бо ня ведала, колькі Папугайчыку гадоў. А раз ён рашуча адмаўляўся называць свае гады — няма чаго і спрачацца. Нарэшце Мыша, якую хіба ўсе тут паважалі, заклікала: — Сядзьце і паслухайце сюды! Я магу лёгка і проста вас высушыць! Усе адразу ж абселі Мышу. Алеся ня зводзіла зь яе вачэй, бо ведала: калі толькі не абсохнуць зараз жа пасьля таго, як намокнеш, — абавязкова моцна расхварэешся. — Кахі-кахі! — паважна адкашлялася Мыша. — Вы гатовыя? Я раскажу вам самую асушальную гісторыю з усіх мне вядомых. Цссссь, будзьце ласкавыя! “Вільгельм Заваёўнік, чыё чало блаславіў пантыфік, Заўвага неўзабаве падпарадкаваў сабе англасаксаў, якім бракавала дастойных правадыроў і якія спрадвеку звыкліся раўнадушна ўспрымаць узурпацыю ўлады і захопы чужых уладаньняў. Эдвін, эрл Мэрсіі, і Моркар, эрл Нартумбрыі...” — Бррррр! — застукаў зубамі Папугайчык. — Выбачайце, што Вы сказалі? — строга, але падкрэсьлена ветліва запыталася Мыша. — Вы нешта сказалі? — Я? Ды я і дзюбы не разяваў! — запратэставаў Папугайчык. — А мне здалося, Вы нешта сказалі, — паўтарыла Мыша. — Дык я працягваю: “Эдвін, эрл Мэрсіі, і Моркар, эрл Нартумбрыі, прысягнулі яму, і нават Стыганд, славуты сваёй любоўю да мілае бацькаўшчыны арцыбіскуп Кентэрбэрыйскі, знайшоў гэта годным...” — Знайшоў што? — спытаўся Гогаль. — “Знайшоў гэта...” — адказала Мыша, моцна раззлаваўшыся. — Вы павінны ведаць, што значыць “гэта”. Заўвага — Я якраз-такі выдатна ведаю, што значыць “гэта”! Калі я што знаходжу, — сказаў Гогаль, — дык яно звычайна альбо жабка, альбо чарвяк. А што арцыбіскуп знайшоў? Мыша пусьціла яго пытаньне між вушамі і не бязь сьпешкі працягвала: — “...знайшоў гэта годным; разам з Эдгарам Атэлінгам ён выступіў насустрач Вільгельму і прапанаваў яму карону Англіі. Вільгельм напачатку праяўляў стрыманасьць, але нахабства яго нарманаў...” Як Вам цяпер, любачка мая? — працягвала яна, павярнуўшыся да Алесі. — Сохнецца? — Мокнецца! — сумна адказала Алеся. — Ваша гісторыя мяне зусім ня сушыць. — У такім разе, — прыўзьняўшыся, урачыста абвясьціла Птушка Дода, — я выстаўляю прапанову пастанавіць адкласьці паседжаньне дзеля неадкладнага прыняцьця больш эфэктыўных захадаў. — Гаварэце па-нашаму! — зрабіла заўвагу Арлянё. — Я не разумею і паловы гэтых доўгіх слоў. Зрэшты, ня думаю, што Вы іх і сама разумееце! І Арлянё ўнюрыла галаву ў плечы, каб схаваць усьмешку. А некаторыя з птушак адкрыта засьмяяліся. — Я зьбіралася сказаць, — пакрыўджана заявіла Птушка Дода, — што найлепшы спосаб высушыцца — перадвыбарная гонка. Заўвага — А што такое перадвыбарная гонка? — спыталася Алеся. Ня тое каб ёй рупіла ведаць гэта, але Птушка Дода зрабіла такую паўзу, быццам нехта нешта мусіць дадаць. А дадаваць ніхто не зьбіраўся. — Ну што ж, — сказала Птушка Дода, — найлепш зразумець — гэта ўзяць удзел у гонцы! (Можа, і вам закарцела ўзяць удзел? Тады я раскажу, як гэта рабіла Птушка Дода.) Спачатку яна намалявала бегавую трасу — нешта накшталт кола. — Дакладная форма неабавязковая! — махнула яна куртатым крылцам. Тады разьмясьціла ўсю грамаду па крузе. Ніхто не камандаваў: “Раз, два, тры — бяжы!” Усе пачыналі калі хацелі. І спыняліся калі хацелі. Цяжка было зразумець, калі гонка скончылася. Аднак за паўгадзіны ўсе досыць-такі абсохлі. Птушка Дода раптам крыкнула: — Гонка скончаная! І ўсе скупіліся вакол яе, задыханыя, пытаючыся: — Ну дык хто перамог? Каб адказаць на гэтае пытаньне, Птушка Дода глыбока задумалася, прыклаўшы адзін палец да лоба (пастава, у якой зазвычай малююць Шэксьпіра). Астатнія тым часам чакалі ў поўнай цішыні. Нарэшце Птушка Дода вымавіла: — Перамаглі ўсе, і кожны мусіць атрымаць прыз. — А хто будзе раздаваць? — запыталіся ўсе амаль хорам. — Яна! Хто ж яшчэ? — адказала Птушка Дода, паказваючы на Алесю пальцам. І ўся кампанія абступіла яе, бязладна крычучы: — Прызы давай! Давай прызы! Алеся ня мела ніякага ўяўленьня, што рабіць. З роспачы яна засунула руку ў кішэнь і выцягнула адтуль бляшанку цукатаў (на шчасьце, салёная вада ў скрынку не папала) і раздала іх. Кожнаму дасталося акурат па ляндрынцы. — Але ж яна й сама павінна атрымаць прыз, — заўважыла Мыша. — Ведама, — адразу пацьвердзіла Птушка Дода. — Што яшчэ маецца ў цябе ў кішэні? — зьвярнулася яна да Алесі. — Толькі напарстак, — разгубілася Алеся. — Перадай яго мне, — загадала Птушка Дода. Усе зноўку абступілі Алесю, тым часам Птушка Дода ўрачыста падала напарстак і мовіла: — Мы маем гонар прасіць Вас ласкава прыняць гэты элегантны напарстак. Заўвага Як толькі яна скончыла сваю кароткую прамову, кампанія запляскала ў далоні і закрычала “ўра!”. Алесі гэты рытуал падаўся даволі бязглуздым, але ўсе выглядалі гэтак сур’ёзна, што яна не наважылася засьмяяцца. Дзяўчынка ня ведала, як падзякаваць, і проста ўзяла напарстак, пакланіўшыся як мага ўрачысьцей. Далей пачалося паяданьне цукерак. Гэта, дарэчы, выклікала гоман і гармідар. Вялікія птушкі скардзіліся, што не пасьпелі рассмакавацца, а маленькія папярхнуліся, і ім давялося стукаць у плечы. Нарэшце тлум скончыўся, усе расьселіся ў кола ды пачалі ўпрошваць Мышу расказаць яшчэ што. — Вы абяцалі расказаць сваю гісторыю. Помніце? — нагадала Алеся. — І чаму вы так ненавідзіце К. і С., — дадала яна шэптам, баючыся, каб Мыша зноў не пакрыўдзілася. — Мая песьня вельмі доўгая й сумная, як мой хвост! — уздыхнула Мыша, паварочваючыся да Алесі. — Так, гэта будзе доўгая песьня, — пагадзілася Алеся, пазіраючы на Мышын хвост. — Але чаму сумная, як хвост?.. І, пакуль Мыша расказвала, дзяўчынка ўсё думала пра гэты хвост, і ўвесь Мышын аповед у яе ў галаве выстройваўся вось так: Кот сказаў мышаняці, Зь
ім спаткаўшыся ў хаце:
— Запрашаю цябе я На
працэс над табой.
Мы судзіцца
павінны, Гэта,
браце, ня кпі-
ны, У мяне
сёньня зран-
ку Адпавед-
ны настрой.
А ў адказ мы-
шанятка: — Та-
кі суд з Вамі, брат-
ка, Без судзьдзі
і прысяжных,
Я ня стану
цярпець. — Я
судзьдзя і
прысяжны, —
Кажа хлус
гэты важны,—
І цябе
сваёй
лапай
Выра-
кую
на
сьмерць.
— Ты мяне ня слухаеш! — строгім піскам заўважыла Алесі Мыша. — Пра што ты толькі думаеш? — Даруйце! — пачціва адказала Алеся. — Вы расказалі якраз да пятага згібу, так? — Ніякіх згібаў м-мая гісторыя ня м-мае! — запінаючыся ад злосьці, прапішчала Мыша. — Як гэта нямая, калі я чула Вашы словы! — усклікнула Алеся, якую заўсёды абурала няпраўда. — Калі Вы дазволіце, я нават магу прыгадаць Вашы апошнія словы. — Табе і так, відаць, зашмат усяго дазвалялася! — віскнула Мыша і рашуча рушыла ўпрочкі. — Ты зьневажаеш мяне сваімі бязглуздымі выказваньнямі! — Я ня гэта мела на ўвазе! — пачала апраўдвацца бедная Алеся. — Вас так лёгка пакрыўдзіць! Мыша толькі буркнула нешта ў адказ. — Калі ласка, вярнецеся й раскажэце Вашую гісторыю да канца! — закрычала наўздагон Алеся. Астатнія далучыліся да яе, просячы хорам: — Так, зрабеце ласку! Але Мыша толькі раззлавана пакруціла галавой і прысьпешыла крок. — Як шкада, што яна ня хоча застацца! — уздыхнуў Папугайчык, як толькі Мыша прапала з вачэй. А старая Крабіха скарыстала нагоду, каб павучыць сваю дачку: — Вось, даражэнькая! Глядзі і запамінай: трэба заўжды трымаць сябе ў руках! — А яшчэ важней трымаць язык за зубамі! — не змаўчала ёй маладая Крабоўна. — Ваша вечнае каньканьне і вустрыцу выведзе зь сябе! — Каб зараз сюды нашую Дайну, во было б добра! — уздыхнула Алеся, не зьвяртаючыся ні да кога ў прыватнасьці. — Яна б умомант яе прывалакла назад! — А хто такая гэтая Дайна, ці можна даведацца? — пацікавіўся Папугайчык. Алеся падбадзёрылася, бо заўсёды ахвотна гаварыла пра сваю сяброўку: — Гэта нашая котка! Яна так ловіць мышы, вы не ўяўляеце! А каб вы бачылі, як яна птушак падпільноўвае! Ды што там, любую птушку яна зьядае адным заседам! Гэтыя словы моцна ўзрушылі слухачоў. Некаторыя з птушак далі лататы. Старая Сарока пачала сьпешна зьбіраць манаткі, прыгаворваючы: — Мне трэба як мага хутчэй дахаты! Начное паветра шкодзіць майму горлу! А Канарэйка дрогкім голасам гукнула дзеткам: — Хутчэй, мае любыя! Пара спаткі! Пад усялякімі прычынамі яны ціхенька пазьнікалі хто куды, і Алеся засталася адна. “Ня варта было ўспамінаць пра Дайну! — скрушна зазначыла Алеся. — Здаецца, ня надта яе тут любяць! Але ж лепшай коткі ў сьвеце няма! Ах, Дайна мая, любачка! Ці пабачу я цябе калі?” Тут гаротная Алеся зноў пачала плакаць, бо адчула сябе вельмі самотнай. Ды неўзабаве яна пачула, як недзе зноў затупалі маленькія лапкі, і стала ўглядацца ў навакольле, спадзеючыся зноў убачыць пакрыўджаную Мышу, якая мо ўсё ж вырашыла вярнуцца, каб даказаць сваю гісторыю. |
|
Трус запускае Піліпку Але гэта быў Белы Трус, што памалу целяпаўся назад, хапатліва азіраючыся, быццам бы што згубіў. Алеся пачула, як ён мармыча сабе пад нос: — Княгіня! Княгіня! О мае дарагія вусікі! О мая скурка! Яна сьсячэ мне галаву, як раз плюнуць! Не магу ўцяміць, дзе я іх пасеяў? Алеся адразу здагадалася, што ён шукае веер і пару белых пальчатак. І з добрага сэрца таксама пачала прыглядацца, дзе ж яны маглі падзецца. Але марна, іх нідзе не было. Усё так перамянілася з таго часу, як яна плавала ў копанцы: вялізная заля з шкляным столікам і маленькімі дзьверцамі як на той сьвет правалілася. Неўзабаве Трус заўважыў Алесю, занятую шуканьнем, і злосна гукнуў: — Гэй, Мар’яна! А ты што тут робіш? Зараз жа ляці дамоў і прынясі пару пальчатак ды веер! І каб хуценька мне! Алеся так напалохалася, што адразу кінулася туды, куды паказаў Трус, нават не паспрабаваўшы растлумачыць яму ягоную памылку. “Ён пераблытаў мяне з сваёй пакаёўкай, — думала Алеся летучы. — Во, пэўна, зьдзівіцца, калі даведаецца, хто я такая! Але лепей прынесьці яму той веер і пальчаткі. Зразумела, калі я іх знайду!” І толькі яна падумала гэта, як апынулася каля хацінкі, на дзьвярах якой зьзяла медзяная шыльда з выбітым на ёй імем “Б. ТРУС”. Алеся ўвайшла бяз груку і рушыла ўгору па лесьвіцы. Яна вельмі баялася спаткацца з сапраўднай Мар’янай, якая выкіне яе з дому раней, чым яна зможа выканаць даручэньне Труса. “Хоць увогуле дзіўна, — сказала сабе Алеся, — быць на пабягушках у нейкага труса! Калі справы так пойдуць далей, дык наступнаю мяне, напэўна, будзе пасылаць па справах ужо Дайна!” І яна жыва ўявіла сабе карціну: “Спадарыня Алеся! Хадзеце зараз жа сюды і падрыхтуйцеся ісьці на вуліцу!” — “Зараз! Іду, няня! Але я мушу павартаваць гэтую мышыную норку, пакуль ня вернецца Дайна. Трэба дагледзець, каб не ўцякло мышанё”. “Толькі каб жа Дайну не пагналі, — працягвала разважаць Алеся, — калі яна гэтак раскамандуецца людзьмі!” Тым часам Алеся апынулася ў маленькім зграбным пакойчыку. Ля акна стаяла трумо, а на ім, як яна й спадзявалася, ляжалі веер і дзьве ці тры пары белых пальчатак. Алеся ўзяла веер, пару пальчатак і ўжо зьбіралася ісьці, калі ёй на вочы трапілася маленькая бутэлечка, што стаяла каля люстэрка. Гэтым разам на ёй не было цэтліка з напісам “ВЫПІ МЯНЕ”, аднак Алеся адкаркавала бутэлечку і прыклала яе да вуснаў. “Ужо цяпер дык я ведаю, што нештачкі цікавае здарыцца, — сказала яна сабе, — як і заўсёды, калі я штосьці тутака зьядаю ці выпіваю. Я толькі гляну, як дзеіць гэтая бутэлечка. Бог дасьць, ад гэтага пітва я зноў падрасту. А то такая бяда ад маёй драбноты!” І яна сапраўды вырасла, прычым нашмат хутчэй, чым чакала. Не пасьпела яна выпіць і паловы, як адчула, што яе галава ўперлася ў столь. Яна мусіла ўгнуць плечы, каб не скруціць сабе шыі. Алеся хуценька паставіла бутэлечку на месца і сказала: — Вой-вой-вой, до! Спадзяюся, я больш не павялічуся. Я й так ужо не прайду ў дзьверы. І навошта я глынула так шмат, дурнічка! Дарма! Было запозна шкадаваць! Яна ўсё расла ды расла і ўжо мусіла стаць на каленкі, а праз хвіліну і таго месца забракла. Яна паспрабавала легчы, адным локцем упёршыся ў дзьверы, а другі паклаўшы сабе пад галаву. І ўсё адно Алеся расла. Апошняе, што яна магла зрабіць, — гэта высунуць адну руку ў акно, а нагу ў камін, Заўвага толькі й сказаўшы сабе: “Усё, далей ужо няма куды. Заўвага І што зь мяне будзе?” На шчасьце, дзеяньне чароўнай бутэлечкі спынілася — Алеся перастала расьці. Усё адно яе становішча было ніякаватым: ніякай магчымасьці выкараскацца з пакою не прадбачылася. Дзіва што яна зажурылася. “Няма лепш, як дома! — думала бедная Алеся. — Там не бывае, каб хто большаў ці меншаў! Каб камандавалі ўсялякія мышы, трусы... І собіла мне лезьці ў тую нару! Але ж... Але... Яно такое дзіўнае, гэтае тутэйшае жыцьцё! Цікава, што гэта магло адбыцца з мной! Калі я проста чытала казкі — дык уявіць сабе не магла, каб гэтакія штукі дзе здараліся! А тут, на табе, сама патрапіла ў адну! Пра мяне б кніжку напісаць, далібог! Калі вырасту, я таксама напішу кніжку... Толькі я ўжо, здаецца, і без таго вырасла!” — і дадала сумным голасам: — Прынамсі, тут расьці ўжо няма куды. “У такім разе, — падумала Алеся, — мне заўсёды будзе столькі гадоў, як цяпер? Гэта было б нядрэнна! Я ніколі не пастарэю. Зь іншага боку, тады мне давядзецца ўвесь век хадзіць у школу! О, толькі ня гэта!” — Ну ты і дурненькая, Алеся! — адказала яна сама сабе. — Якая школа, якая вучоба? Тут для цябе няма месца, дык дзе ж яно будзе для падручнікаў! Так яна гаманіла, удаючы то адзін бок, то другі. І выходзіла ніштаватая сабе гутарка. Аж тут пачуўся на дварэ нечы крык. — Мар’яна! Гэй, Марка! — крычаў голас. — Давай сюды пальчаткі! Зараз жа! Потым зь лесьвіцы даляцеў тупат маленькіх ножак. Алеся здагадалася: гэта Трус прыбег яе шукаць. І затрымцела так, што страпянулася ўся хата. Алеся забылася, наколькі яна цяпер большая за Труса — і таму ёй не выпадае баяцца. А Трус падышоў да дзьвярэй і паспрабаваў іх адчыніць, але дзьверы адчыняліся ўсярэдзіну, а локаць Алесі шчыльна падпіраў іх. Алеся пачула, як Трус, ня даўшы рады, сказаў сабе: — Прыйдзецца абабегчы вакол і залезьці праз акно. “Так ты і залез!” — падумала Алеся і, счакаўшы, пакуль Трус загрукае пад карнізам, з усяе сілы махнула тою рукой, што высоўвалася ў акно, спрабуючы захапіць Труса ў жменю. Яна нічога не ўхапіла, але пачула танюсенькі віск, удар, а потым звон шкла. Відаць, Трус уваліўся ў цяпліцу з гуркамі ці яшчэ куды. І зараз жа пачуўся яго раззлаваны крык: — Пэт! Пэт! Дзе ты? А потым прагучаў голас, якога Алеся яшчэ ня чула: — Ды тутака я, значыцца! Грушы абкопваю, вашамосьць! — Грушы абкопвае, а няўжо ж! — заенчыў разьюшаны Трус. — Сюды давай! Памажы мне вылезьці! Зноў зазьвінела пабітае шкло. — А цяпер скажы мне, Пэт, што гэта там тырчыць з акна? — Чыяся ручка, значыцца, вашамосьць! Ён так і вымаўляў: “чыяся”. — Якая ручка, ёлуп! Дзе ты бачыў “ручку” такіх памераў? Яна тырчыць на ўсё акно! — Гэта так, вашамосьць! Ды ўсё ж тамака чыяся ручка. — Добра! Аднак ёй няма чаго там рабіць. Ідзі прыбяры яе адтуль! Потым настала доўгая цішыня, і толькі раз-пораз даносіліся шэпты: — Дальбог! Значыцца, не па-мойму гэта, вашамосьць! Авохці мне... Не па-мойму! — Рабі, як я табе кажу, галган! Алеся яшчэ раз хапянула пальцамі ў паветры. Цяпер пачуліся два танюсенькія віскі і зноў — пабітае шкло. “Колькі ж там тых цяпліцаў на гуркі! — падумала Алеся. — Цікава, што яны будуць рабіць далей! Калі выцягваць мяне з акна, дык я ня супраць. Каб толькі ім гэта ўдалося! Так збрыдла сядзець!” На нейкі час усё заціхла, пасьля зарыпелі калёсы. Процьма галасоў зьлівалася ў адзін гоман. Алеся адрозьнівала словы: — Дзе яшчэ адны драбіны? — Дзе-дзе! Мне сказалі прынесьці толькі адны. У Піліпкі павінны быць другія. — Піліпка, хлопча! Давай іх сюды! — Сюды! Стаў іх на вугал. — Не! Спачатку зьвяжы іх! А то й да паловы не дастануць! — Дастануць! Не лапачыся! — Сюды, Піліпка! Бярыся за вяроўку! — Ці вытрымае страха? — Пільнуйся! Там слаба трымаецца, можна ўваліцца! — Падаюць! Беражыся! Раптам моцна грукнула. — Гэй, хто гэта зрабіў? — Відаць, Піліпка! — А хто ў комін палезе? — Не-е, я не палезу! Давай ты лезь! — Лезьці? Ну не! — Піліпка палезе! — А, Піліпка, ты! Гаспадар кажа, ты павінен лезьці ў комін! “Ах, во як! Значыць, Піліпка і ў комін павінен лезьці? — сказала сабе Алеся. — Яны, здаецца, усё звалілі на беднага Піліпку! Я б нізавошта не захацела аказацца на яго месцы. Комін, праўда, вузенькі, але я думаю, што брыкнуцца змагу!” Яна засунула нагу як мага далей у комін і празь які час пачула скробат маленькага зьвярка (здагадацца, што гэта менавіта за зьвярок, яна не магла), які скробся і шамацеў акурат над ёю. — Гэта Піліпка! — сказала яна, рэзка дрыгнула нагой і здумала пачакаць, што ж будзе далей. Перш разьнёсься ўсіхны крык: — Піліпка ляціць! Потым — самотны голас Труса: — Лавеце яго! Гэй, там, каля плоту! Потым — цішыня, і зноў разнабой галасоў: — Прытрымайце яму галаву! — Гарэлкі сюды! — Памалу! Задушыцца... — Ну як, браточак!? — Дык што там было? Раскажы! Нарэшце пачуўся танюсенькі, кволы і пісклявы галасок (“Піліпкаў”, — здагадалася Алеся): — Ну, як вам сказаць... Дзякуй, больш ня трэба. Мне ўжо лепш... Толькі ў галаве нешта блытаецца... Амаль нічога ня помню... Падкінула мяне... як ляльку на спружыне. І чую — лячу, што тая ракета! — Але! Да ракеты ты быў вельмі падобны, браточку! — пацьвердзілі галасы. — Трэба паліць хату! — данёсься раптам голас Труса. Алеся гукнула штомоцы: — Толькі паспрабуйце, я Дайну на вас спушчу! Імгненна настала мёртвая цішыня. Алеся падумала: “Цікава, што яны зараз прыдумаюць! Калі б у іх было хоць трохі мазгоў, яны б ужо разабралі страху”. Праз пару хвілін рух пачаўся зноў. Алеся ўчула, як Трус сказаў: — Пакуль досыць і аднаго вазка. “Вазка чаго?” — падумала Алеся. Але сумневы перарваў град дробных каменьчыкаў, што, як чмялі, пасыпаліся ў акно. А некаторыя нават паранілі яе. “Я ім дам!” — падумала яна і гукнула: — Толькі паспрабуйце яшчэ раз кінуць! Гэта зноў выклікала мёртвую цішыню на дварэ. Алеся зьдзіўлена заўважыла, што на падлозе каменьчыкі ператвараюцца ў маленькія піражкі. І шыкоўная думка прышла ёй у галаву: “Калі я зьем піражок — адразу будзе нейкая зьмена ў памерах. Зрабіць мяне яшчэ большаю наўрад ці можна. Думаю, ён мяне толькі паменшыць”. Так яна зьела піражок і была страшэнна задаволеная, калі ўбачыла, што ўмомант пачала скарачацца. А як толькі паменшала, каб выйсьці празь дзьверы, — сіганула з хаты і натрапіла на натоўп дробных зьвяркоў ды птушак, што таўкліся на падворку. Ахвярны Піліпка Заўвага — ці то трытон, ці то яшчарка — ляжаў у цэнтры, на руках у дзьвюх марскіх сьвінак, якія адпойвалі яго з бутэлькі. Усе, зараз разгледзеўшыся, кінуліся на Алесю. Але яна бяз духу так пусьцілася прэч, што неўзабаве апынулася ў бясьпецы сярод густога лесу. — Першай справай, — сказала Алеся, разгледзеўшыся ў гушчары, — трэба вярнуць свае памеры. Другая рэч — знайсьці дарогу ў той чароўны сад. Думаю, гэта найлепшы плян. Плян запраўды падаваўся выдатным: простым і ясным. Адна бяда, яна ня мела найменшага ўяўленьня, як яго ажыцьцявіць. І пакуль Алеся хапатліва разглядалася ў гушчары, кароткі пранізьлівы брэх над самаю галавою прымусіў яе зірнуць угору. Агромністы шчанюк узіраўся вялізнымі круглымі вачыма і асьцярожна выцягваў лапу, спрабуючы да яе дакрануцца. — Беднае сабачанё! — пяшчотна сказала Алеся і паспрабавала падклікаць яго сьвістам. Але дзе там! Алеся баялася, што шчанюк галодны і — сьвішчы не сьвішчы! — можа проста зьесьці яе. Алеся, мала ўсьведамляючы, што робіць, падняла трэсачку і сунула яе шчаняці. А той з радасным віскам падскочыў угору адразу на ўсіх чатырох лапах і кінуўся да трэскі, як быццам вельмі хацеў ёю завалодаць. Тады Алеся матлянулася за куст чартапалоху, каб шчанюк яе не растаптаў. І, калі яна апынулася па той бок куста, шчанюк зноў кінуўся да трэскі, закідваючы ногі за вушы, каб хутчэй яе ўхапіць. Алеся, для якой гэтыя хованкі былі як забаўкі з канём, рызыкавала патрапіць пад шчанюковыя лапы. Яна зноў схавалася за куст. Шчанюк яшчэ некалькі разоў з хрыплым брэхам памыкаўся да трэскі: то крыху ўперад, то далёка назад! І, урэшце, сеў, яхаючы, высалапіўшы язык і прыплюшчыўшы вочы. Выдаўся-такі шанец уцячы ад шчаняці! Алеся наважылася і пабегла, аж пакуль не стамілася і спынілася набрацца духу, а брэх не сьціхаў удалечыні. — І ўсё-ткі, які мілы шчанючок! — сказала Алеся, прыхіліўшыся да сьцябла курасьлепу і абмахваючыся яго лістом. — Навучыць бы яго ўсялякім штукам! Калі б... калі б... я толькі мела патрэбны для гэтага рост! О людцы! Я ледзь не забылася, што павінна зноў вырасьці! Трэба падумаць, як гэта робіцца? Здаецца, я павінна што-небудзь зьесьці ці выпіць. Пытаньне — што!? Пытаньне “што” сапраўды заставалася нявырашаным. Алеся агледзела навакольныя кветкі і травінкі, але ня ўбачыла нічога такога, што варта было б зьесьці альбо выпіць. Паблізу рос вялізны грыб, памерам, бадай што, з Алесю. Яна агледзела яго зьнізу, збоку і ззаду. А чаму б ня глянуць таксама, што там наверсе? Алеся ўзьнялася на дыбачкі, зазірнула за край грыбовай шапачкі і вочы ў вочы спаткалася зь вялізным блакітным вусенем. Ён сядзеў на самай плешцы ды курыў кальян, склаўшы рукі і не зважаючы ні на Алесю, ані на што ў сьвеце. |
|
Вусенева парада Вусень і Алеся пэўны час моўчкі ўглядаліся адно на аднаго. Нарэшце, Вусень выцягнуў з рота кальян і зьвярнуўся да Алесі мройлівым, сонным голасам: — А ты хто такая? Такі пачатак мала натхняў на гутарку. Таму й Алеся адказала ня надта сьмялява: — Я... я... спадару, цяпер і ня ведаю... Але, прынамсі, ведаю, кім я была, калі прачнулася сёньня наранку. З таго часу я, адчуваю, некалькі разоў адмянілася. — Што ты маеш на ўвазе? — стрымана спытаўся Вусень. — Патлумач сваю думку. — Я... спадару, на жаль, ня ўпэўненая, што гэтая думка і праўда мая, — сказала Алеся, — сама, бачыце, ня ведаю, хто я. Заўвага — Нічога я ня бачу, — адказаў Вусень. — Баюся, я не змагу гэта патлумачыць лепей, — пачціва працягвала Алеся, — бо й сама не магу нічагутка зразумець. Мяняцца ў памерах некалькі разоў на дзень — гэта моцна зьбівае з панталыку. — Зусім не, — сказаў Вусень. — Ну што ж, можа, Вы да гэтага яшчэ не дасьпелі, — прамовіла Алеся, — але калі Вы ператворыцеся ў кокан — а некалі ператворыцеся пэўна, Вы ж ведаеце! — а тады ў матыля... Думаю, Вам будзе ад гэтага ніякавата, ці не? — Зусім не, — сказаў Вусень. — Добра, можа, Вы ўсё адчуваеце інакш, — сказала Алеся, — толькі я ведаю, што мне ад гэтага было б крыху ніякавата. — Табе? — кінуў Вусень фанабэрыста. — А хто ты такая? Гэта вяртала іх да стану на пачатак гутаркі. Алеся адчула лёгкае раздражненьне ад занадта ж ляканічных Вусеневых заўваг, таму прыняла велічную позу і дэкляравала: — Я мяркую, што перш Вы мусіце сказаць мне, кім Вы ёсьць. — Навошта? — зьдзівіўся Вусень. Гэта было яшчэ адно складанае пытаньне. І раз Алесі не прыйшло ў галаву добрага адказу, а Вусень, здавалася, быў зусім не ў гуморы, яна павярнулася і пайшла прэч. — Вярніся! — гукнуў яе Вусень. — Я мушу сказаць табе нешта вельмі важнае! Гэта гучала шматабяцальна. Алеся вярнулася. — Трэба быць ураўнаважанай, — сказаў Вусень. — І гэта ўсё? — спытала Алеся, спрабуючы ўтаймаваць сваю злосьць. — Не, — адказаў Вусень. Алеся падумала: можна й пачакаць, балазе ёй няма чаго асабліва рабіць, а раптам Вусень скажа нешта вартае. Некалькі хвілін той пыхкаў кальянам у поўным маўчаньні. Урэшце, ён разьняў складзеныя на жываце рукі, выняў з рота кальян і пачаў: — Дык ты думаеш, што перамянілася, так? — Баюся, што так, спадару, — сказала Алеся. — Я не магу ўспомніць таго, што заўжды дагэтуль помніла. Апроча таго, не праходзіць і дзесяці хвілін, як я мяняюся ў росьце! — Успомніць чаго? — удакладніў Вусень. — Прыкладам, я спрабавала чытаць вершык “Не сядзіцца ў хаце...”, але выйшла зусім ня тое! — засмучана адказала Алеся. — Прачытай тады “Бацьку Ўільяма”, — парадзіў Вусень. Алеся склала на грудзёх рукі і пачала: — Бацька Ўільям, Заўвага ты вельмі глыбокі стары, — — Зусім ня так, — сказаў Вусень. — Вы хацелі сказаць — не зусім так, — няўпэўнена ўдакладніла Алеся, — некаторыя словы ня тыя. — Усё ня тое, ад пачатку й да канца, — настойваў Вусень. Некалькі хвілін стаяла ціша. Першым загаварыў Вусень. — А якога памеру ты б хацела быць? — спытаўся ён. — Ах, я непераборлівая, — пасьпяшалася адказаць Алеся. — Проста, ведаеце, я б хацела мяняцца ня так часта. — Ня ведаю, — прамармытаў Вусень. Алеся нічога не адказала; яшчэ ніколі ў жыцьці яна так не заблытвалася ў супярэчнасьцях і цяпер адчувала, што ёй памалу здраджвае ейная ўраўнаважанасьць. — А цяпер ты задаволеная? — спытаўся Вусень. — Ну, шчыра кажучы, спадару, з Вашага дазволу, я б хацела крышачку пабольшаць, — сказала Алеся. — Тры цалі — гэта мізэрны рост для жывой істоты. — Гэта цудоўны рост! — раззлаваўся Вусень і пад тое ўзьняўся ледзь не на дыбкі. (Ён дакладна меў тры цалі росту.) — Але я да яго не прывыкла! — запратэставала бедная Алеся. А сама падумала: “Каб жа гэтыя стварэньні яшчэ не былі такія крыўдлівыя!” — Прывыкнеш патроху! — сказаў Вусень, засунуў кальян у рот і зацягнуўся. Алеся цярпліва чакала, пакуль Вусень не надумаецца зноў падаць голас. Праз пару хвілін Вусень выняў з роту кальян, пазяхнуў раз-другі і перасмыкнуўся. Потым зьлез з грыба, пасунуўся ў траву і прапаў, пасьпеўшы на разьвітаньне дакінуць: — Адзін бок зробіць цябе большай, другі — меншай. “Адзін бок чаго? Другі бок чаго?” — задумалася Алеся. — Грыба, натуральна, — сказаў Вусень, быццам Алеся ўголас яго пыталася, і зараз зьнік з вачэй. Недзе з хвілю Алеся задуменна ўзіралася на грыб, спрабуючы сьцяміць, дзе які бок. Грыб быў круглюсенькі, таму гэтае заданьне было складаным. Але яна абхапіла рукамі шапку і адламала з кожнага краю па кавалку. — А цяпер — дзе што? — спыталася яна і ўкусіла ад кавалку ў правай руцэ, каб паспытаць яго дзеяньня. У той жа момант Алеся стукнулася барадою аб носік уласнай ступы! Ад раптоўнай перамены яна страшэнна спалохалася. Але ўсьведамляла: часу траціць нельга. І Алеся пасьпяшалася ўгрызьціся ў іншы кавалак, хоць барада яе ўжо так шчыльна ўперлася ў ногі, што не давала нават губы разьняць. Урэшце яна патрапіла адкусіць ад скрыліка, які трымала ў левай руцэ. |
|
* * * — Глянь ты, мая галава ўрэшце вольная! — усклікнула Алеся з захапленьнем, якое тут жа ператварылася ў агаломшанасьць, калі яна згледзела, што плячэй і блізка няма. Усё, што яна бачыла, глянуўшы ўніз, — агромністай даўжыні шыя, што ўздымалася як самотная сьцяблінка над зялёным морам лістоты. — Што тут за зеляніна? — зьдзівілася Алеся. — І дзе падзеліся мае плечы? А вы, мае бедныя ручкі! Чаму ж я вас болей ня бачу? Гаворачы, яна рухала рукамі, але гэта нічога не давала, апрача слабога шолаху сярод далёкай зялёнай лістоты. Ня даўшы рады ўзьняць рукі да галавы, яна паспрабавала нахіліць галаву да іх і была ўсьцешаная тым, што яе шыя лёгка варочаецца на ўсе бакі, як зьмяя. Выхіліўшы галаву элегантным зыгзагам, Алеся мелася зазірнуць пад зеляніну, якая была ня чым іншым — Алеся ўжо скеміла! — як лістотай дрэў. І тут рэзкі сьвіст змусіў яе адхіснуцца. Вялізная галуба кінулася ёй у твар і замалаціла з усяе моцы крыламі. — Гадаўка! — верашчала Галуба. — Ніякая я ня гадаўка! — абурылася Алеся. — Пакіньце мяне ў спакоі! — А я кажу — гадаўка! — паўтарыла Галуба, але ўжо памяркоўней, і, румзаючы, дадала: — Я ўжо спрабавала і тое, і гэта, але хіба дасі ім рады! — Ня цямлю, пра што вы гаворыце, — сказала Алеся. — Я спрабавала рабіць пад каранямі дрэў, на беразе рэчкі, у кустох, — працягвала Галуба, не зважаючы на яе, — але гэтае гадаўё! Рады няма! Тут Алеся ўжо канчаткова перастала нешта разумець. Але падумала, што варта памаўчаць, пакуль Галуба ня скончыць наракаць. — Класьці ды выседжваць яйкі і так ня проста! — казала Галуба. — А тут яшчэ пільнуй іх ад гадаў дзень і ноч! Ды што там! За апошнія тры тыдні я нават вока ня сплюшчыла! — Выбачайце, я надзвычай шкадую, што патурбавала вас, — уставіла Алеся, якая пачала разумець, у чым тут рэч. — І варта мне толькі знайсьці найбольшае дрэва ў лесе, — працягвала скардзіцца Галуба, пераходзячы неўзабаве на енк, — і варта мне толькі паспадзявацца, што тут я нарэшце для іх недасяжная, як на табе! — яны, кручаныя, зь неба лезуць! Ах ты, зьмяя! — Ніякая я не зьмяя, будзьце пэўныя! — сказала Алеся. — Я... Я... — Так я табе і паверыла! У такім разе што ты за жывёла? — спыталася Галуба. — Я разумею, ты шукаеш адчапное! — Я... я... маленькая дзяўчынка! — сказала Алеся ня вельмі ўпэўнена, успомніўшы, колькі яна мянялася за цэлы дзень. — Ага, так я табе й паверыла! — з глыбокаю пагардаю адказала Галуба. — Нагледзелася я на маленькіх дзяўчатак, але ніводнай сярод іх не траплялася з такою шыяй! Не, не! Ты чыстая гадаўка, няма чаго адмаўляццца. Зараз ты скажаш мне, быццам ніколі не каштавала яек! — Я ела яйкі, — запратэставала Алеся, якая была вельмі шчырым дзіцем, — але ж дзяўчынкі, як і гадзіны, таксама ядуць яйкі, каб Вы ведалі. — Я табе ня веру, — сказала Галуба. — Зрэшты, раз дзяўчынкі ядуць яйкі, значыць, і яны такія самыя гадзіны. Заўвага От і ўсё, што я магу сказаць. Гэтая думка падалася Алесі настолькі новай, што яна змоўкла на пару хвілінаў, а Галуба тым часам дадала: — Ты яйкі шукаеш! Я ведаю гэта, і можаш мне тут не апраўдвацца. А якая мне тады розьніца, дзяўчынка ты ці зьмяюка? — Для мяне гэта вялікая розьніца, — перапыніла яе Алеся, — і я не шукаю яек, як бачыце. А каб і шукала, дык ня вашыя. Я ня ем сырых яек! — Тады прэч адсюль! — змрочна крыкнула Галуба, зноў сядаючы на сваё гняздо. Алесі было цяжка прабірацца між дрэваў, шыя раз-пораз чаплялася за гальлё, і ёй абычас даводзілася спыняцца і разблытвацца. Неўзабаве яна ўспомніла, што ўсё яшчэ трымае кавалкі грыба, і вельмі абачліва ўзялася імі частавацца, кусаючы памалюсеньку спачатку ад аднаго, потым ад другога, то большаючы, то меншаючы, пакуль ня здолела, урэшце, вярнуць свае звыклыя памеры. Алеся, якая даўно не была свайго росту, спачатку пачулася ніякавата, але за колькі хвілінаў прызвычаілася ўжо і зноў загаварыла сама з сабою. — Ага, вось я й выканала палову свайго пляну! Якія дзіўныя ўсё ж гэтыя адмены! Я ніколі не магу быць пэўная, чым стану ў наступную хвіліну! Што ж, цяпер я вярнулася да свайго нармальнага росту. Далей варта патрапіць у той цудоўны сад. Цікава, і як жа гэта зрабіць? Толькі яна гэта мовіла, як апынулася на палянцы, дзе пасярэдзіне стаяла хатка ўвышкі з чатыры футы. “Хто б там ні жыў, — падумала Алеся, — з такім ростам туды лепей ня сунуцца. Яны ж, убачыўшы мяне, павар’яцеюць ад жаху!” Яна зноў, па каліве, пачала кусаць ад кавалачка з правай рукі, ня важачыся падысьці, пакуль не паменшала да дзевяці цаляў. |
|
Перац і парасё Яна яшчэ пару хвілін стаяла разглядала хатку, ня ведаючы, што рабіць, калі зь лесу раптам выбег лёкай. (Алеся па ліўрэі пазнала, што гэта лёкай, на твар жа ён быў чысты карась.) Заўвага Лёкай гучна забарабаніў у дзьверы. Дзьверы адчыніў яшчэ адзін лёкай у ліўрэі, круглавідны, лупаты — чыстая рапуха. Алеся зьвярнула ўвагу, што ў абодвух на галовах узвышаюцца напудраныя парыкі з доўгімі завітымі буклямі. Ёй адразу стала цікава, што ўсё гэта значыць, і яна высунулася зь лесу, бліжэй да хаткі, каб паслухаць. Лёкай-Карась пачаў з таго, што выцягнуў з-пад пахі велізарны ліст, ці не зь яго ростам, і ўручыў Лёкаю-Рапусе, сказаўшы ўрачыста: — Для Княгіні. Ад Каралевы. Запросіны на кракет. Лёкай-Рапуха паўтарыў тым самым тонам, толькі перамяніўшы крыху парадак слоў: — Ад Каралевы. Для Княгіні. Запросіны на кракет. Тады яны пакланіліся адзін аднаму так, што іх напудраныя кудзеркі ледзьве не пераблыталіся. Алесю гэта так пацешыла, што яна адступіла назад у лес, баючыся выдаць сябе сьмехам. А калі яна выглянула зноў, Лёкай-Карась ужо зьнік, а другі сядзеў на ганку, дурнавата ўтаропіўшыся ў неба. Алеся баязьліва падышла да дзьвярэй і пастукала. — Тваё стуканьне ня мае ніякага сэнсу, Заўвага — заўважыў Лёкай, — зь дзьвюх прычынаў: па-першае, я, як і ты, стаю з гэтага боку дзьвярэй, а па-другое, усярэдзіне такі вэрхал, што ніхто цябе не пачуе. І праўда, зь сярэдзіны далятаў страшэнны гоман. Цяжка было зразумець, што там робіцца: там безупынку скавытала, чхала і штохвіліны даносіўся такі громазд, быццам нехта граміў талеркі. — Будзьце ласкавы, — сказала Алеся, — падкажэце, як мне ўвайсьці? — Тваё стуканьне, магчыма, мела б сэнс, — разважаў Лёкай, ня слухаючы Алесі, — калі б гэтыя дзьверы былі паміж намі. Прыкладам, калі б ты была ўсярэдзіне, ты магла б пастукаць, а я мог бы цябе выпусьціць, разумееш? Гаворачы, ён штораз зіркаў у неба. Алесі гэта падалося надта няветлым. “Хоць, можа, ён інакш ня можа, — сама сабе падумала Алеся. — Вочы ў яго сядзяць на самюсенькай макаўцы. Але ўсё адно, на пытаньні жа ён мог бы адказваць.” — Прабачце, як я магу трапіць у дом? — паўтарыла яна як мага гучней. — Магчыма, я прасяджу тут... — заўважыў Лёкай, — да заўтра... У гэты момант дзьверы расчыніліся — і вялізная талерка паляцела Лёкаю проста ў галаву. Але, на шчасьце, зьлёгку чапіўшы яго па носе, яна разьбілася ўшчэнт аб дрэва ў яго за плячыма. — ...а мо’ й да пазаўтра, — працягваў Лёкай, нібы нічога ня здарылася, нават вухам не павёўшы. (Хоць дзе ў Рапухі тыя вухі?) — Як я магу трапіць у дом? — яшчэ раз запыталася Алеся ўжо зусім гучна. — А ці варта наагул туды трапляць? — сказаў Лёкай. — Во дзе пытаньне! Так яно так, толькі Алесі не падабалася, калі зь ёю гаварылі ў падобным тоне. — Проста жах, — прамармытала яна сабе пад нос, — як уся гэтая жыўнасьць любіць пярэчыць. Ашалець можна! Лёкай, мабыць, падумаў, што прыйшоў час паўтарыць сваю ўлюбёную думку зь некаторымі варыяцыямі. — Я буду тут сядзець і сядзець, — сказаў ён, — дзень пры дні, увесь час. — А мне што рабіць? — спыталася Алеся. — Што сабе хочаш, — адказаў Лёкай і засьвістаў. — Зь ім кашы ня зварыш! — махнула рукою Алеся. — Нейкі ідыёт! Яна адчыніла дзьверы і ўвайшла. За дзьвярыма аказалася вялікая кухня, паўнюткая чаду. Пасярэдзіне сядзела на трыножцы Княгіня Заўвага і гушкала немаўля; кухарка, схіліўшыся над агнём, памешвала ў велічэзнай каструлі нешта накшталт супу. — У гэтым супе зашмат перцу! — зазначыла Алеся, ледзь трываючы, каб ня чхнуць. Прынамсі ў паветры перцу было шмат. Нават Княгіня раз у раз чхала; а дзіця дык і чхала, і верашчала проста безь перадыху. Ня чхалі тут толькі двое: кухарка і агромністы кот, які ляжаў на каберчыку пры печы і лыбіўся аж да вушэй. — Скажэце, калі ласка, — асьцярожна пачала Алеся, бо не была ўпэўненая, ці ветла загаворваць з старэйшымі першай, — чаму ваш кот гэтак пасьміхаецца? — Гэта Чэшырскі Кот, Заўвага — сказала Княгіня, — вось чаму. Сьвіньня! Апошняе слова яна так выкрыкнула, што Алеся ледзь не падскочыла. Але тут жа зразумела, што гэта сказана не на яе адрас, а да дзіцяці, і, набраўшыся адвагі, працягвала: — Я ня ведала, што Чэшырскія Каты заўжды ўсьміхаюцца. Шчыра кажучы, я наагул ня чула, каб каты ўмелі ўсьміхацца. — Усе каты ўмеюць усьміхацца, — сказала Княгіня, — і большая палова зь іх усьміхаецца. — Я ня ведаю ніводнага, які б усьміхаўся, — настойвала Алеся як мага больш ветла, задаволеная тым, што завязалася гутарка. — Ды што ты наагул ведаеш?! — заявіла Княгіня. — Нічагутка! Алесі зусім не спадабаўся тон гэтае заўвагі, і яна падумала, што варта было б разгаварыцца пра што іншае. Пакуль яна спрабавала адшукаць якую-небудзь лепшую тэму, кухарка зьняла з агню рондаль і пачала шпурляць усім, што было пад рукою. У Княгіню і малога паляцелі качэргі, чапёлы, шчыпцы, шуфлікі, потым — патэльні, талеркі і сподкі. Княгіня не зьвяртала аніякай увагі, нават калі яны ў яе траплялі. Што да немаўляці, дык яно й без таго так крычала, што немагчыма было сказаць, ці гэта кухарка яго зачапіла, ці яно крычыць проста так. — Прашу Вас, падумайце, што Вы робіце! — узрушана закрычала Алеся, падскокваючы на месцы. — Ой, проста ў чароўны носік! — жахнулася яна, калі вялізная патэльня пранеслася ля самага твару немаўляці; яшчэ трохі, і застацца яму бяз носу. — Калі б кожны сачыў за сваім носам і ня соваў яго ў чужыя справы, — прабурчала Княгіня, — зямля круцілася б куды хутчэй. — Што не дало б аніякай карысьці, — дакінула Алеся, радая прадэманстраваць сёе-тое з сваіх ведаў. — Толькі ўявеце сабе, як збаламуціліся б дзень і ноч! Зямлі ж патрэбныя дваццаць чатыры гадзіны, каб абляцець вакол сваю... сваю... вось. — Што да восяў, — сказала Княгіня, — то добра было б адсячы некаму галаву тут вось! Алеся занепакоена зірнула на кухарку, ці не ўспрыняла тая гэты дрэнны жарт як загад. Але тая засяроджана мяшала суп і, здавалася, нічога ня чула, так што Алеся працягвала далей: — Дваццаць чатыры гадзіны, здаецца... Ці толькі дванаццаць? — Адчапіся ты ад мяне! — усклікнула Княгіня. — Чаго я цярпець не магу, дык гэта лічбаў. І тут яна зноў узялася за немаўля, сьпяваючы нешта накшталт калыханкі і груба гушкаючы яго пры кожным радку: — Будзь вельмі жорсткай зь немаўлём, Заўвага — На! Можаш пакалыхаць, калі хочаш! — сказала Княгіня Алесі, перакідаючы малое ёй. — А я мушу рыхтавацца да гульні ў кракет з Каралевай, — і рушыла прэч. Кухарка яшчэ шпурнула ёй наўздагон патэльню, але міма. Алеся ледзьве пасьпела падхапіць дзіцё: малеча мела даволі-такі дзіўныя формы і ўвесь час выпроствала ручкі й ножкі ў розныя бакі. “Нібы ў якой марское зоркі”, — падумала Алеся. Беднае немаўлятка сапло, як паравая машына, складалася напалам і выгіналася назад. Адным словам, першыя хвіліны Алеся ледзьве-ледзьве трымала яго на руках. Урэшце, яна знайшла спосаб, як яго закалыхаць: яна ўкруціла яго ў вузельчык, а потым цьвёрда трымала за правае вуха і левую нагу, каб не раскруціўся. Гэтак яны і выйшлі на двор. “Калі я не забяру дзіця з сабой, — падумала Алеся, — яны затаўкуць яго ня сёньня, дык заўтра. Пакінуць яго ў такіх умовах было б злачынствам!” Заўвага Апошнія словы яна прамовіла ўголас, і малеча зарохкала ў адказ (чханьне спынілася). — Ня рохкай, — зрабіла яму заўвагу Алеся, — гэта не найлепшая манера. А тое зноў: рох-рох! Алеся раздражнёна зазірнула яму ў твар. І, далібог, у малога так задзіраўся нос, што больш нагадваў лыч, дый вочы, як для дзіцяці, былі замалыя. Адным словам, ягоны выгляд Алесі зусім не спадабаўся. “Можа, яно такое зарумзанае”, — падумала яна і зазірнула дзіцяці ў вочы, ці няма там сьлёзак. Не, сьлёзак не было. — Калі ты тут зьбіраешся ператварыцца ў парасё, даражэнькае, — сказала Алеся сур’ёзна, — дык я з табой ходацца не зьбіраюся. Май на ўвазе! Беднае дзіцятка зноў зарумзала (ці зарохкала — хто яго ведае!), а потым крыху сьціхла. Алеся ўжо пачала разважаць: “Цікава, што я буду рабіць з гэтым стварэньнем, калі прынясу яго дадому?” Заўвага Тут яно зарохкала так гучна, што Алеся спалохана зазірнула яму ў тварык. Сумневу не заставалася. Гэта было чыстае парасё. Далей цягаць яго на руках было бязглузда. Алеся адпусьціла парасятка і адчула вялікую палёгку, Заўвага пабачыўшы, як задаволена тое пачасала ў лес. “Зь яго магло б выйсьці страшэнна брыдкае дзіцё, — зазначыла сабе Алеся, — а вось як для парасяці — дык і надта ладнае”. Яна пачала перабіраць у памяці ўсіх ведамых ёй дзяцей, зь якіх маглі б удацца добрыя кабанчыкі, і толькі была падумала: “Каб ведаў хто спосаб, як іх перамяняць”, — як скаланулася, бо на суку за пару крокаў ад Алесі раптам зьявіўся Чэшырскі Кот. Ён пазіраў і ўсьміхаўся. Выглядаў ён зычліва, хоць кіпці ў яго былі некароткія і зубоў — поўны рот. Алеся вырашыла, што ставіцца да яго трэба паважліва. — Чэшырскі Кіціська! — нясьмела пачала Алеся, бо зусім ня мела пэўнасьці, ці ўпадабае ён такі зварот, але ўсьмешка ягоная толькі пашырылася. “Ага! Яму гэта падабаецца”, — зазначыла Алеся і працягвала: — Ці не падкажаце Вы, кудою адсюль ісьці? — Гэта залежыць ад таго, куды ты хочаш патрапіць, — адказаў Кот. — Ды мне, бадай што, бяз розьніцы, — разважыла Алеся. — Тады ўсё роўна кудою, — сказаў Кот. — ...калі я толькі куды патраплю, — патлумачыла Алеся. — Куды-небудзь пэўна што патрапіш, Заўвага — запэўніў яе Кот, — калі толькі будзеш ісьці досыць доўга. Алеся адчула, што адмовіць яму ў рацыі цяжка, таму паспрабавала задаць яшчэ адно пытаньне: — А якія людзі там жывуць? — У тым баку, — сказаў Кот, паказваючы некуды праваю лапаю, — жыве Шапавал; а ў тым, — ён узьняў левую, — жыве Марцовы Заяц. Можаш наведаць каго хочаш — абодва вар’яты. Заўвага — Чаго гэта мне хадзіць да вар’ятаў? — запярэчыла Алеся. — А што ты зробіш! — прамармытаў Кот. — Мы ўсе тут вар’яты. І ты. І я. — Адкуль Вы ведаеце, што я вар’ятка? — спыталася Алеся. — А хто ты яшчэ? — зьдзівіўся Кот. — Іначай ты б сюды ня трапіла. Алесю такое тлумачэньне ня дужа пераконвала, і ўсё ж яна працягвала: — А скуль Вы ведаеце, што Вы вар’ят? — Пачнём з сабакі — ён не вар’ят. Ты згодная, што сабака ў сваім розуме? Заўвага — Думаю, што так, — адказала Алеся. — А цяпер глядзі, — працягваў Кот, — сабака, як ведама, гырчыць, калі злуе, і махае хвастом, калі задаволены. А я гырчу, калі задаволены, і махаю хвастом, калі злую. Выходзіць, я вар’ят. — Па-мойму, Вы мурчыцё, а не гырчыцё, — удакладніла Алеся. — Называй гэта як хочаш, якая розьніца, — прамурчаў Кот. — Ты пойдзеш сёньня на кракет да Каралевы? — Мне б вельмі хацелася, — сказала Алеся, — але мяне туды яшчэ не запрасілі. — Убачымся там, — дадаў Кот і растаў у паветры. Алеся ня надта зьдзівілася, бо патроху ўжо прызвычайвалася да ўсялякіх дзівосаў. Яна яшчэ глядзела туды, дзе нядаўна быў Кот, калі ён зноў раптам зьявіўся. — Дарэчы, што сталася зь дзіцем? — пацікавіўся Кот. — Ледзь не забыўся ў цябе спытацца. — Яно ператварылася ў парася, — спакойна адказала Алеся, як быццам так і трэба было, каб Кот аб’явіўся гэтак жа раптоўна, як растаў у паветры. — Я так і думаў, — сказаў Кот і зноў зьнік. Алеся счакала крыху, ці ня вернецца ён, а калі Кот не зьявіўся — рушыла ў той бок, дзе, як ёй сказана было, жыў Марцовы Заяц. “Шапавалаў я ў сваім жыцьці ўжо бачыла, — мовіла сабе Алеся. — Марцовы Заяц — куды цікавейшы тып. І, раз цяпер травень, можа, Заяц ня будзе конікі выкідаць. Прынамсі, мо ён ужо не настолькі вар’ят, якім быў у сакавіку?” І толькі яна ўзьняла галаву, як зноў убачыла Ката на суку. — Ты сказала “ў парася” ці “ў карася”? — удакладніў Кот. — У парася! — паўтарыла Алеся. — І, прашу Вас, ня трэба так раптоўна зьнікаць і зьяўляцца, а то мне млосна робіцца! — Добра, — сказаў Кот і цяпер ужо павольна раставаў у паветры, пачынаючы з канца хваста, пакуль не засталася адна ўсьмешка. Ката ўжо не было, а яна ўсё яшчэ лунала ў паветры. “Авохці! Катоў без усьмешак я нагледзелася, — падумала Алеся, — але каб усьмешку без ката!.. Заўвага Гэта проста нешта неверагоднае!” Яна ішла, ішла, пакуль не набрыла на дом Марцовага Зайца. Што гэта быў акурат ягоны дом, няцяжка было здагадацца — усе коміны нагадвалі заечыя вушы, а страху пакрываў заечы ворс. Хата была такая вялікая, што Алеся наважылася падысьці, толькі калі адкусіла ад грыба ў левай руцэ і вырасла футы на два. Ды ўсё адно ішла яна ня надта сьмялява: “А раптам ён пачне вырабляць свае штукі! Мо варта было ісьці да Шапавала?” |
|
Гарбата ў вар’ятаў Пад дрэвам перад домам стаяў засланы стол, за сталом пілі гарбату Марцовы Заяц і Шапавал. Між імі спала Соня, Заўвага і яны абапіралі на яе локці, нібы на падушку, і гаманілі церазь яе галаву. “Бедны зьвярок! — падумала Алеся, — Зрэшты, раз яна сьпіць, наўрад ці ёй гэта замінае”. Хоць стол быў доўгі, усе трое цясьніліся на рагу адно пры адным. — Месца няма! Месца няма! — закрычалі яны, як толькі ўбачылі Алесю. — Тут колькі хочаш месца! — абурылася Алеся і ўселася ў вялікім фатэлі зь іншага канца стала. — Частуйся віном! Заўвага — закамандаваў Марцовы Заяц. Алеся абгледзела стол, але нічога, апрача гарбаты, там не заўважыла. — Нешта я ня бачу ніякага віна, — зазначыла яна. — А яго й няма, — адказаў Марцовы Заяц. — У такім разе, ня надта ветла з вашага боку запрашаць мяне ім пачаставацца, — разгнявілася Алеся. — А з твайго боку — ня надта ветла сядаць за стол без запрашэньня, Заўвага — заўважыў у сваю чаргу Марцовы Заяц. — Я ня ведала, што стол толькі для вас, — сказала Алеся. — Ён сэрвіраваны на большую колькасьць людзей. — Табе трэба пастрыгчыся! — раптам заявіў Шапавал. Ён ужо каторы час пазіраў на Алесю зь вялікай цікавасьцю. — А Вам трэба навучыцца не рабіць малазнаёмым людзям заўваг асабістага характару, — не бяз строгасьці парыравала Алеся. — Гэта няветла. Шапавал, відаць, не чакаў такога пачуць, бо сумеўся і перавёў размову на іншую тэму: — Чым крумкач падобны да грыфэльнае дошкі? Заўвага “А-а! Вось і пабавімся! — падумала Алеся. — Загадкі я люблю!” — Думаю, што мне па сілах гэта адгадаць, — дадала яна ўголас. — Ты маеш на ўвазе, што разьлічваеш знайсьці слушны адказ на гэтую загадку? Заўвага — спытаўся Марцовы Заяц. — Менавіта, — пацьвердзіла Алеся. — Тады і кажы тое, што маеш на ўвазе, — дадаў Марцовы Заяц. — А я так і кажу, — адрэзала Алеся. — Прынамсі... прынамсі, я маю на ўвазе тое, што кажу... Гэта ж тое самае... — Ай-я! Тое самае! — запярэчыў Шапавал. — Ты яшчэ скажы, нібыта “я бачу тое, што ем” і “я ем тое, што бачу” — гэта адно і тое самае! — Гэтак ты магла б сьцьвярджаць, — дадаў Марцовы Заяц, — што “я люблю ўсё, што маю” і “я маю ўсё, што люблю” — гэта адно і тое самае! — Гэтак ты магла б сьцьвярджаць, — дадала Соня, якая гаварыла нібы праз сон, — што “я дыхаю, калі сплю” і “я сплю, калі дыхаю” — гэта адно і тое самае! — Вось так і ты, — падвёў рысу Шапавал. Тут гутарка перарвалася, і ўся кампанія нейкі час сядзела моўчкі. Тым часам Алеся спрабавала ўспомніць усё, што толькі ведала пра крумкачоў і грыфэльныя дошкі. Выходзіла небагата. Шапавал загаварыў першым: — Які ў нас сёньня дзень? — спытаўся ён, зьвяртаючыся да Алесі. Потым дастаў з кішэні гадзіньнік і напружана ўглядаўся ў яго, час ад часу заклапочана страсаючы і падносячы да вуха. Алеся трошкі падумала й адказала: — Сёньня — чацьвертага. — На два дні позьніцца! — уздыхнуў Шапавал. — Я ж табе казаў, што нельга мазаць гадзіньнік маслам! — дадаў ён, злосна пазіраючы на Марцовага Зайца. — Дык жа гэта ж было масла вышэйшага гатунку! — рахмана апраўдваўся Заяц. — Ну і што? Усё адно туды маглі трапіць крошкі! — прабурчаў Шапавал. — Ня трэ’ было лазіць у мэханізм нажом, якім хлеб кроім. Марцовы Заяц узяў гадзіньнік і скрушна зірнуў на яго, потым апусьціў у кубак з чаем, выняў і зноў зірнуў. Аднак ня змог прыдумаць нічога лепшага за сваю ранейшую фразу: — Дык жа гэта ж было масла вышэйшага гатунку! Ты ж сам бачыў! Алеся зь цікавасьцю казерылася на яго. — Які вясёлы гадзіньнік! Заўвага — заўважыла яна. — Паказвае дзень месяца, але не паказвае, каторая гадзіна! — А навошта? — прамармытаў Шапавал. — Няўжо твой гадзіньнік паказвае год? — Ведама ж, не! — борзда адказала Алеся. — Бо год доўга застаецца той самы. — Дык і мой таксама, — сказаў Шапавал. Алеся была проста зьбітая з тропу. Яна ня бачыла ў заўвазе Шапавала ніякага сэнсу, хоць усе словы быццам бы былі правільныя. Заўвага — Я вас не зусім зразумела, — перапытала яна як мага ветлівей. — Соня зноў сьпіць, — сказаў Шапавал і пляснуў ёй на нос гарачай гарбаты. Соня раздражнёна пакруціла галавой і мармытнула, не расплюшчваючы вачэй: — Ведама, ведама, гэта я й хацела сказаць. — Ну дык што, ты ўжо адгадала загадку? — спытаўся Шапавал, зьвяртаючыся да Алесі. — Не, здаюся, — абвесьціла Алеся. — Які адказ? — Нават не ўяўляю, — сказаў Шапавал. — Я таксама, — дакінуў Марцовы Заяц. Алеся стомлена ўздыхнула: — Я думаю, што можна бавіць час нашмат цікавей, чым марнаваць яго на загадкі без адгадак. — Каб ты ведала пра час гэтулькі, як я, Заўвага — сказаў Шапавал, — ты б не гаварыла пра яго марнаваньне. Час — гэта Яна. Гэта наша Доля. — Незразумела, што вы хочаце гэтым сказаць, — спыталася Алеся. — Дзе ж табе будзе зразумела! — сказаў Шапавал, пагардліва матляючы галавой. — Падазраю, што ты нават ніколі не гаварыла зь Ёю! — Можа, і не, — унікліва адказала Алеся. — Але я ведаю, што, калі развучваеш музычную п’есу, трэба адбіваць долю. — А! Дык во дзе прычына! — сказаў Шапавал. — Доля ня церпіць біцьця. Затое калі ты зь Ёю сябруеш, Яна робіць з тваім гадзіньнікам усё, што ты хочаш. Уяві, скажам, што цяпер дзявятая раніцы і павінны пачацца заняткі ў школе. Досыць табе шапнуць: “А Долечка ты ж мая!”, як стрэлкі гадзіньніка ўмомант праходзяць патрэбную табе долю! Палова на другую — пара палуднаваць! (“Хацеў бы я, каб надышоў час полудня”, — шапнуў сабе Заяц.) — Так, гэта было б здорава, — задуменна сказала Алеся. — Але ў такім разе я не пасьпела б адчуць голад. Заўвага — Спачатку, можа, і не, — сказаў Шапавал. — Але ты магла б і пачакаць. — Дык вось як, значыцца, вы бавіце час, — здагадалася Алеся. Аднак Шапавал паныла пакруціў галавой. — Дзе там! — адказаў ён. — Мы з Доляю пасварыліся яшчэ летась у сакавіку — якраз перад тым, як ён, ну, ты зразумела... (і паказаў лыжачкай на Марцовага Зайца) звар’яцеў. Гэта было на славутым канцэрце, што давала тады Каралева Чырвань, дзе я мусіў пяяць: Котка, котачка, крычы Заўвага Ці ведаеш ты гэтую песеньку? — Нешта падобнае я чула, — сказала Алеся. — Яна мае працяг, ты ж ведаеш, — расказваў Шапавал. — Вось ён: Абуджаючы ўвесь сьвет, Тут Соня зварухнулася і запяяла ў сьне: — Котка, котка, котка, котка... — і цягнула б так бясконца, калі б яе не ўшчыкнулі. — ...Не пасьпеў я дацягнуць першы куплет, — працягваў Шапавал, — як Каралева зараўла: “Ён цягне ката за хвост, скуралуп! Сьцяць яму галаву!” — Якое зьверства! — усклікнула Алеся. — А самае галоўнае, што Доля пакрыўдзілася, — жаласьліва працягваў Шапавал. — Цяпер Яна дзеля мяне ня тое што стрэлкай — пальцам не зварухне! І цяпер абычас у нас пятая гадзіна. Тут Алеся скеміла: — Дык вось чаму ў вас так стол накрыты! — усклікнула яна. — А як жа ж! — уздыхнуў Шапавал. — У нас увесь час — час піць чай, таму й няма часу на мыцьцё посуду. — Во чаму ў вас столькі посуду на стале! — здаўмелася Алеся. — Ты правільна зразумела, — кіўнуў Шапавал. — Калі адзін прыбор робіцца брудны, мы перасоўваемся далей. — А што вы робіце, калі вяртаецеся ў пачатак? Заўвага — наважылася запытацца Алеся. — Ці не зьмяніць нам тэму? — умяшаўся, пазяхнуўшы, Марцовы Заяц. — Я ўжо стаміўся ад гэтых размоваў. Хай маладая спадарычна раскажа нам якую гісторыю. — Баюся, што я ніводнай ня ведаю, — сказала Алеся, зьнянацку засьпетая прапановай. — Тады Соня раскажа! — закрычалі разам Шапавал і Марцовы Заяц. — Уставай, Соня! — І яны ўшчыкнулі яе з двух бакоў. Соня паволі расплюшчыла павекі. — Я ня сплю, сябры мае, — сказала яна гугнява і квола, — я чула кожнае ваша слова. — Раскажы нам якую-небудзь гісторыю! — загадаў Марцовы Заяц. — Так, калі ласка! — папрасіла Алеся. — І не марудзь, — дадаў Шапавал, — іначай ты зноў засьнеш раней, чым скончыш. — Жылі-былі тры сястрычкі, — борзда пачала Соня, — і зваліся яны Леська, Алька і Цылька, а жылі яны на дне ручая... Заўвага — А што ж яны там елі і пілі? Чым яны жывіліся? — спыталася Алеся, якую заўжды цікавілі пытаньні ежы й піцьця. Соня задумалася на пару хвілінаў і адказала: — Яны жывіліся жывіцай. — Але ведаеце, гэта было б цяжка ажыцьцявіць, — ласкава запярэчыла Алеся. — Ім бы ўвесь час балеў жывот. — Так і было, — пагадзілася Соня. — Ім вельмі балелі жываты. Алеся паспрабавала ўявіць гэтакі незвычайны лад жыцьця, аднак такі экстраардынарны спосаб харчаваньня быў для яе непрагляднай таямніцай, і яна зноў запыталася: — А чаму яны жылі на дне ручая? — Выпі яшчэ гарбаты, — строга прапанаваў ёй Марцовы Заяц. — Я пакуль нічога не піла, — пакрыўдзілася Алеся,— таму не магу выпіць яшчэ. — Ты хочаш сказаць, што ня можаш ня выпіць яшчэ гарбаты, — перабіў яе Шапавал. — Нельга ж выпіць яшчэ нічога. — А Вас ніхто не пытаўся, — кінула яму Алеся. — І хто гэта, цікава, цяпер робіць малазнаёмым людзям заўвагі асабістага характару? — пераможна запытаўся Шапавал. Алеся не знайшлася, што яму на гэта адказаць. Таму яна наліла сабе крыху чаю й намазала маслам лусту хлеба, а потым зьвярнулася да Соні й паўтарыла сваё пытаньне: — Дык чаму яны жылі на дне ручая? Соні падумала яшчэ пару хвілін і нарэшце адказала: — Бо гэта быў жывічны ручай. — Няма такіх ручаёў! — Алеся ўжо пачала абурацца, аднак Шапавал і Марцовы Заяц зашыкалі на яе, а Соня раздражнёна адзначыла: — Калі ты ня ўмееш паводзіць сябе ў калектыве, тады даказвай гісторыю сама. — Не, будзьце ласкавая, працягвайце! — паспрабавала замірыцца Алеся. — Абяцаю больш Вас не перапыняць. Можа, і сапраўды недзе ёсьць адзін такі ручай. Заўвага — Адзін, яна кажа. Не, вы толькі падумайце — адзін! — усё яшчэ бушавала Соня. Аднак яна пагадзілася працягваць. — І вось, гэтыя тры сястрычкі вучыліся чэрпаць поўнымі чарпакамі, чэрпаць поўнымі чарпакамі... — А што чэрпаць? — спыталася Алеся, забыўшыся на сваё абяцаньне. — Жывіцу, — адказала Соня, ня думаючы ні хвіліны. — Мне патрэбны чысты кубак, — абвесьціў Шапавал. — Перасядзьма на адно месца далей. З гэтымі словамі ён узьняўся й перасеў, Соня пасунулася на яго месца, Марцовы Заяц апынуўся на месцы Соні, а Алеся без асаблівага жаданьня перасела на месца Марцовага Зайца. Шапавал быў адзіны, каму перасадка дала нейкую выгаду. Што да Алесі, дык яна прагадала, бо Марцовы Заяц толькі што перакуліў гладыш з малаком. Алесі не хацелася зноў крыўдзіць Соню, і яна запыталася вельмі асьцярожна: — Я ўсё ж не зразумела, адкуль жа яны чэрпалі жывіцу? — Калі можна чэрпаць ваду з воднага ручая, — умяшаўся Шапавал, — дык, думаю, можна чэрпаць і жывіцу з жывічнага. Але якая дурніца! — Дык жа яны жылі ўсярэдзіне ручая, — настойвала Алеся, робячы выгляд, што ня чула апошніх словаў. — Ну, вядома ж, яны жылі ўсярэдзіне! — заявіла Соня. Гэты адказ настолькі заблытаў бедную Алесю, што некаторы час яна слухала Соніна апавяданьне моўчкі. — Дык, значыцца, вучыліся яны чэрпаць, вучыліся, — расказвала далей Соня, пазяхаючы й паціраючы вочы, бо сон ізноў даймаў яе, — і вычэрпвалі яны ўсякую ўсячыну... усё, што пачынаецца на М... Заўвага — Чаму на М? — зьдзівілася Алеся. — А чаму не? — адшыў яе Заяц. Алеся прыкусіла язычок. Соню тым часам зусім змарыў сон, і яе вочы заплюшчыліся. Але Шапавал яе ўшчыкнуў, яна тоненька піскнула, падхапілася і працягвала далей: — ...што пачынаецца на М, напрыклад, машыны, месяц, мэмуары, матэматыку, мноства... Вось часам, калі рэчаў шмат, ты кажаш, што іх “мноства”. Але пры гэтым ці бачыла ты калі, як гэтае мноства вычэрпваюць? — Гэта Вы ў мяне пытаецеся? — зьбянтэжылася Алеся. — Можа быць... але я ня пэўная... — Раз ня пэўная, дык і не выступай, — зноў перабіў яе Шапавал. Гэта было ўжо занадта! Алеся не магла сьцярпець такой грубасьці: яна сьціснула губкі, устала і ганарліва пайшла ўпрочкі. Яна спадзявалася, што яе перапросяць, паклічуць назад, і таму пару разоў нават азірнулася цішком. Нічога падобнага: Соня адразу заснула, а двое астатніх нават не глядзелі ёй усьлед. Калі Алеся аглянулася апошні раз, дык пабачыла, што яны заняліся засоўваньнем Соні ў імбрычак. — Не, сюды я болей ні нагой! — сказала сабе Алеся, апынуўшыся на лясной сьцежцы. — Гэта самая ідыёцкая кампанія, якую я сустракала ў сваім жыцьці! І тут у адным з дрэваў яна пабачыла дзьверцы, што адчыняліся ўсярэдзіну ствала. “Да чаго цікава! — захапілася яна. — Сёньня ўсё цікава! Мусіць, варта і тут пабываць!” Яна ўвайшла і зноў апынулася ў той самай доўгай залі каля шклянога століка. — Ага, цяпер я ўжо ведаю, што рабіць! — сказала яна сабе. Перш-наперш яна ўзяла ключык і адамкнула дзьверцы ў сад. Потым узялася за грыб, кавалак якога прыхавала ў кішэні, і адшчыпвала ад яго патрошку, пакуль ня зьменшылася да фута росту. Тады яна прайшла калідорчыкам і апынулася нарэшце ў прыгожым садочку сярод яркіх кветнікаў ды халадкіх фантанаў. |
|
Кракет з Каралевай Пры ўваходзе ў сад цьвіў вялізны куст белых ружаў. Але тры садоўнікі, абступіўшы яго, старанна перамалёўвалі кветкі ў чырвоны колер. Алесі гэта падалося нечым неверагодным, і толькі яна падышла бліжэй, каб зразумець, ці можна давяраць сваім вачам, як пачула такую размову: — Асьцярожней ты, Пятка! Годзе ўжо мяне фарбай пэцкаць! — А што я зраблю, — буркнуў Пятка. — Гэта Сёмка мяне пад локаць штурхнуў. Сёмка кінуў на яго злосны позірк і сказаў: — Ага, малайцом, Пятка! Усю віну вярні на іншых! — Чыя б карова мычала! — не здаваўся Пятка. — Яшчэ сам чуў учора ад Каралевы, што па тваёй галаве сякера плача. — За што? — спытаўся першы. — Ня сунь носа ў чужое проса, Двойка! — цыкнуў на яго Сёмка. — Цябе гэта не датычыць. — Гэта ўсіх датычыць! — крычаў Пятка. — І я яму скажу, за што. За тое, што прынёс кухару цыбуліны туліпанаў замест цыбулінаў цыбулі! Сёмка шпурнуў пэндзаль на зямлю: — Чуў я ўсякую лухту, але каб такое! — завёўся ён і раптам пабачыў побач Алесю. Сёмка адразу ж сумеўся й сьціх, астатнія таксама заўважылі яе, і ўсе трое нізка пакланіліся. — Выбачайце, будзьце ласкавы патлумачыць, — папыталася Алеся сарамяжліва, — навошта вы перамалёўваеце ружы? Пятка й Сёмка пераглянуліся і зьвярнулі свае погляды на Двойку. Той ціхутка адказаў: — Шчыра кажучы, спадарычна, выйшла такая штука: тут меліся пасадзіць чырвоныя ружы, а мы далі маху, утыркнулі белыя. Дык калі б Каралева гэта заўважыла, паляцелі б нашы галовы. Вось мы, спадарычна, і намагаемся, каб да яе зьяўленьня... І тут Пятка, які палахліва разглядаўся па садзе, закрычаў: — Каралева! Каралева! І ўся тройка ніцма ўпала на зямлю. Пачуўся тупат, і Алеся пачала выглядаць Каралеву, бо вельмі хацела яе пабачыць. Першымі крочылі дзесяць жаўнераў, узброеных дзідамі. Яны былі такія самыя кантаватыя і пляскатыя, як і садоўнікі, а з рагоў у іх тырчалі ручкі ды ножкі. Сьледам выступалі парамі дзесяць прыдворных, усе ў крыжыках жалудоў. За імі высыпалі дзесяць каралянятаў, яны таксама скакалі вясёлымі парамі, усьцяж абсыпаныя сэрцайкамі ў выглядзе чырвонае масьці. Потым чынілі ход госьці, пераважна Каралі й Каралевы, і сярод іх Алеся пазнала Белага Труса; ён нешта некаму хапатліва і нэрвова даводзіў, усьміхаючыся пры кожным слове. Алесі ён не заўважыў. Далей ішоў Валет Чырвань, несучы на падушцы з барвовага аксаміту карону Караля. А замыкалі ўрачыстае шэсьце КАРОЛЬ І КАРАЛЕВА ЧЫРВАНЬ. Алеся трохі засумнявалася, ці не распасьцерціся і ёй ніцма, як тыя садоўнікі, але нешта яна не магла прыпомніць, каб дзе чула пра такія правілы паводзінаў падчас шэсьцяў, і падумала: “Якая ж тады ад шэсьця карысьць, калі ўсе будуць ляжаць ніцма і нічога ня бачыць?” І яна засталася стаяць, чакаючы, што будзе. Калі шэсьце наблізілася да Алесі, усе спыніліся і ўзерыліся ў яе, а Каралева сурова запыталася ў Валета Чырвань: — Хто такая? Аднак той у адказ толькі пакланіўся і вінавата ўсьміхнуўся. — Дурань! — кінула Каралева, нецярпліва крутнуўшы галавой, і зьвярнулася да Алесі. — Як тваё імя, дзяўчынка? — Мяне завуць Алеся, з ласкі Вашай Вялікасьці, — адказала Алеся вельмі ветла. Аднак сама сабе падумала: “Яшчэ стану я баяцца ўсякіх картачных дамаў!” — А гэта хто такія? — спыталася Каралева, паказваючы на трох садоўнікаў, што ляжалі покатам пад ружавым кустом. (Як вы ўжо здагадаліся, яны ляжалі тварам долу, а рысунак у іх на плячох быў такі самы, як і ва ўсіх картаў, таму Каралева не магла пазнаць, садоўнікі гэта, жаўнеры ці прыдворныя, ці яе дзеці.) — А я адкуль знаю? — у тон Каралеве адказала Алеся, сама зьдзіўляючыся сваёй сьмеласьці. — Што яны мне?.. Каралева пачырванела ад злосьці. Заўвага Можа, з хвіліну яна ўзіралася на Алесю, як дзікі зьвер, і нарэшце заверашчала: — Сьцяць ёй галаву! Сьцяць... — Яшчэ чаго! — сказала Алеся моцна і цьвёрда. Каралева сьціхла. Кароль узяў сваю жоначку пад руку і нясьмела мовіў: — Дарагая, яна ж яшчэ дзіця! Каралева злосна адвярнулася ад мужа і загадала Валету: — Перавярнуць іх! Валет асьцярожненька выканаў загад, перавярнуўшы садоўнікаў наском бота. — Устаць! — зараўла Каралева, і тры садоўнікі ўмомант падхапіліся і пачалі кланяцца Каралю, Каралеве, іх дзецям і ўсім астатнім. — Досыць! — закрычала Каралева. — Мне ўжо галава кружыцца ад вашых паклонаў. Потым павярнулася да ружавага куста і спыталася: — Што вы тут рабілі? — З Вашага дазволу, Вашая Вялікасьць, — паслужліва сказаў Двойка, апусьціўшыся на адно калена, — мы спрабавалі... — Я ўжо бачу! — мовіла Каралева, якая тым часам пільна разглядала ружы. — Сьцяць ім галовы! Шэсьце рушыла далей, толькі тры жаўнеры засталіся, каб пакараць сьмерцю няшчасных садоўнікаў. Тыя кінуліся да Алесі, шукаючы паратунку. — Ня бойцеся, вам нічога ня зробяць! — сказала Алеся і схавала іх у вялізны вазон, што стаяў побач. Тры жаўнеры пахадзілі-пахадзілі вакол, усё абшукалі і патупалі даганяць астатніх. — Вы сьцялі ім галовы? — крыкнула салдатам Каралева. — Ім капцы, Ваша Вялікасьць! — гаркнулі жаўнеры. — Выдатна! — сказала Каралева. — Ты гуляеш у кракет? Жаўнеры гэтым разам маўчалі, пазіраючы на Алесю, відаць, пытаньне задавалася ёй. — Але! — гукнула Алеся. — Дык хадзі сюды! — прараўла Каралева. Алеся далучылася да шэсьця, дзівячыся: што ж зараз будзе? — Сёньня... сёньня цудоўнае надвор’е! — вымавіў нечы слабы галасочак. Яна азірнулася: побач трухаў Белы Трус, настойліва заглядаючы ёй у вочы. — Найцудоўнейшае! — пагадзілася Алеся. — А дзе Княгіня? — Ш-ш! — перарваў яе Трус. Пад тое ён трывожна азірнуўся, потым прыўзьняўся на дыбачкі і прашаптаў Алесі на вушка: — Яна засуджаная на сьмерць. — За што? — спыталася Алеся. — Вы, здаецца, сказалі “Як шкада!”? — спытаўся Трус. — Не, я гэтага не казала. Ня думаю, што гэта той выпадак, калі трэба шкадаваць. Я спыталася: “За што?” — Яна накруціла Каралеву за вушы... — пачаў Трус. Алеся не ўтрымалася ад сьмеху. — Ой, цішэй! — спалохана зашаптаў Трус. — Каралева пачуе! Рэч у тым, што Княгіня моцна спазьнілася, і Каралева сказала... — Усе па сваіх месцах! — зараўла Каралева грамавым голасам. І ўсе пачалі мітусіцца туды-сюды, спатыкаючыся адзін аб аднаго. За пару хвілін гульцы разьмеркаваліся, і гульня пачалася. Алеся ў жыцьці ня бачыла такой дзіўнай кракетнай пляцоўкі: усюды адны гурбы ды разоры, замест кракетных куляў — жывыя вожыкі, бітамі служылі жывыя флямінга, Заўвага а жаўнеры мусілі сагнуцца напалам і, стоячы на зямлі рукамі й нагамі, удаваць зь сябе брамкі. Галоўная цяжкасьць, зь якой Алеся спатыкнулася на самым пачатку, палягала ва ўтаймаваньні флямінга. Каб хоць неяк выкруціцца, яна запхнула сабе тулава флямінга пад паху нагамі ўніз. Але, як толькі Алеся выпрастала да належнага стану птушыную шыю, каб лупцануць па вожыку флямінгавай галавой, птушка выгнулася і так занепакоена зазірнула Алесі ў вочы, што дзяўчынка не магла не засьмяяцца. Тады яна ўзяла флямінга галавой уніз, але не пасьпела ўдарыць, як вожык ужо перавярнуўся і падаўся па сваіх справах. Апрача таго, на шляху яе вожыкаў, як на злосьць, штораз трапляліся яміны, а жаўнеры абычас уставалі і пераходзілі на іншае месца пляцоўкі. Алеся неўзабаве прыйшла да высновы, што тутэйшы кракет — насамрэч вельмі складаная гульня. Усе гулялі без чаргі і раз-пораз сварыліся ды біліся за вожыкаў. Каралева ж проста ашалела і лётала па пляцоўцы з крыкам: — Сьцяць яму галаву! Сьцяць ёй галаву! Алеся пачувалася ніякавата. Праўда, яна сама з Каралевай яшчэ не пасварылася, аднак разумела, што сутычка можа адбыцца ў кожную хвіліну. “Што будзе тады са мною? — падумала яна. — Тут страшна любяць сьцінаць людзям галовы. Дзіўна, што тут увогуле яшчэ засталося нешта жывое!” Алеся стала разглядацца, шукаючы магчымасьці ціхенька зьнікнуць, калі раптам угледзела дзівосную паветраную зьяву. Тая спачатку зьбіла яе з панталыку, але пасьля хвілінных назіраньняў Алеся ўпэўнілася, што гэта лунае ўсьмешка. “Чэшырскі Кот! — сказала яна сабе. — Цяпер будзе хоць да каго слова закінуць”. — Як твае посьпехі ў кракеце? — спытаўся Кот, як толькі ў паветры зьявілася настолькі вялікая частка ягонага рота, каб ён стаў здольны штосьці вымавіць. Алеся пачакала, пакуль пакажуцца вочы, і тады хітнула галавой. “Які сэнс яму нешта казаць, — падумала яна, — пакуль не відаць ані вуха”. Праз хвіліну зьявілася ўся галава. Алеся паставіла свайго флямінга на зямлю і пачала расказваць пра гульню, вельмі радая, што сустрэла суразмоўцу. А Кот, пэўна, вырашыў, што цяпер яго досыць, і ўжо болей ня рос. — Па-мойму, яны ўсе гуляюць бяз правілаў, — пачала Алеся скардзіцца, — яны так б’юцца і крычаць, што нічагутка не чуваць. Можа, у іх наагул правілаў няма. А калі яны й ёсьць, іх ніхто не пільнуецца. Вы не ўяўляеце сабе, як лёгка заблытацца, калі ўсё навокал варушыцца. Вунь, прыкладам, брамка, празь якую я павінна прайсьці, шпацыруе на другім канцы поля. Я мусіла ўдарыць па вожыку Каралевы, але ён уцёк, калі ўбачыў, што я набліжаюся! — А як табе Каралева? — ціхенька спытаўся Кот. — Зусім не падабаецца, — сказала Алеся. — Яна так... Раптам яна заўважыла, што Каралева стаіць у яе за сьпінай і прыслухоўваецца. — ...моцна гуляе, — не разгубілася Алеся, — што проста хоць ты адразу здавайся. Каралева ўсьміхнулася і рушыла далей. — З кім ты гаворыш? — спытаўся Кароль, падыходзячы да Алесі і зь цікаўнасьцю паглядаючы на каціную галаву. — Гэта мой сябар, Чэшырскі Кот, — сказала Алеся. — Дазвольце, я вас пазнаёмлю. — Ня дужа прыемнае аблічча, — заўважыў Кароль, — але ўсё адно ён можа пацалаваць мне руку, калі мае ахвоту. — Дзякуй, абыдуся, — сказаў Кот. — Што за дзёрзкасьць! — абурыўся Кароль. — І ня трэба на мяне гэтак глядзець! З гэтымі словамі ён схаваўся за Алесю. — У Ката таксама можа быць свой погляд на караля, Заўвага — сказала Алеся. — Я пра гэта чытала ў нейкай кнізе, ня помню толькі дзе. — Яго трэба адтуль прыбраць, — цьвёрда сказаў Кароль і клікнуў Каралеву, якая праходзіла побач. — Мая даражэнькая! Я жадаю, каб Вы загадалі прыняць гэтага ката! У Каралевы быў толькі адзін спосаб разьвязаньня ўсіх праблемаў, як вялікіх, так і малых. — Сьсячэце яму галаву! — заявіла яна, нават не зірнуўшы ў той бок. — Я асабіста паклічу кaта, — нецярпліва сказаў Кароль і засьпяшаўся. Пачуўшы здалёк разьюшаны роў Каралевы, Алеся падумала, што ёй таксама трэба вярнуцца й паглядзець, што там з гульнёй. Яна ўжо чула, як тая прысудзіла трох гульцоў, што абмінулі сваю чаргу, да “пакараньня горлам”. І Алесі зусім не спадабалася такая замятня, калі не разабраць, за кім чыя чарга. Яна пайшла шукаць свайго вожыка. Знайшла: той біўся зь іншым. Гэта падалося Алесі цудоўнай акалічнасьцю, каб абодвух загнаць у брамку. Але куды там! Яе флямінга даўно ўцёк на іншы край саду і безь вялікіх посьпехаў спрабаваў узьляцець на дрэва. Калі яна злавіла флямінга і вярнулася, вожыкі ўжо кончылі біцца і некуды запрапасьціліся — хай яны згараць. “Ні бяды, — падумала Алеся, — усё адно брамкі таксама ўцяклі”. Яна ўзяла флямінга пад паху, каб той зноў ня ўцёк, і вярнулася да свайго сябра-Катa. Але вакол таго, на яе зьдзіўленьне, назьбіраўся ладны натоўп. Кат, Кароль і Каралева гаварылі ўсе трое адначасова, а астатнія захоўвалі цішыню і мелі вельмі заклапочаны выгляд. Калі зьявілася Алеся, усе трое папрасілі яе вырашыць спрэчку. Але паколькі ўсе яны гаварылі адначасова, ёй было вельмі цяжка зразумець, што менавіта мае на ўвазе кожны зь іх. Довад кaта палягаў у тым, што немагчыма сьсячы галаву, калі няма цела, ад якога яна павінна быць аддзеленая, што ён ніколі ня чуў аб нечым падобным раней і першым у гісторыі на такое не наважыцца. Довад Караля палягаў у тым, што ўсё, што мае галаву, можа быць яе пазбаўленае, і няма чаго лухты вярзьці. Довад Каралевы палягаў у тым, што калі з гэтым Катом зараз жа не разьбяруцца, дык пастрачваюць галовы ўсе пагалоўна! (Акурат гэтая заўвага надала грамадзе такі несамавіты выгляд.) Алеся нічога не магла прыдумаць, як толькі сказаць: — Кот належыць Княгіні, і лепш у яе спытацца, што зь ім рабіць. — Яна арыштаваная, — сказала Каралева кaту. — Прывесьці яе сюды! Кат паляцеў з хуткасьцю стралы. А галава Катa зараз пачала зьнікаць. Калі ж кат прывёў Княгіню — Кот выпарыўся дазваньня. Кароль з кaтам замітусіліся, шукаючы Катa, а астатнія вярнуліся да гульні. |
|
Гісторыя недачарапахі — Вы не ўяўляеце сабе, якая я радая зноў Вас бачыць, сэрцайка маё, сябровачка мая, зорка ясная! — сказала Княгіня, ласкава ўзяўшы Алесю пад локаць. Алеся ўсьцешылася, што ў Княгіні такі зычлівы настрой, і падумала: можа, тады, пры першай сустрэчы на кухні, тая ад перцу была такой дзікай? “Калі я стану Княгіняй, — падумала Алеся (праўда, безь вялікага спадзеву), — у мяне на кухні ня будзе перцу зусім. Суп смачны й безь яго... Можа, гэта ад перцу людзі адзін аднаго пераць...” Гэтая думка ёй спадабалася, і яна яе разьвіла: “Ад воцату — адзін аднаго цапаюць, ад гарбаты — гарбацяцца, ад кашы — кашлацеюць, ад солі — салавеюць. А вось ад цукерак і ўсякага такога салодкага дзеткі робяцца — ну проста залатымі. От каб людзі пра гэта даведаліся і вялі рацыянальнае харчаваньне...” Яна амаль забылася аб прысутнасьці Княгіні і таму крыху спалохалася, пачуўшы над самым вухам: — Ты думаеш пра нешта, каханенькая, і забылася, што трэба падтрымліваць гутарку. А ў чым тут мараль, ня ўспомню... Мо’ згадаю празь нейкі час... — Можа, ні ў чым, — наважылася Алеся. — Ай-яй-яй, дзіця-дзіця! — сказала Княгіня. — Ва ўсім ёсьць нейкая мараль... Заўвага Калі толькі ўмееш яе знайсьці! І з гэтымі словамі яна прытулілася да Алесі. Алесі ня вельмі падабалася імкненьне Княгіні трымацца як мага бліжэй. Найперш таму, што Княгіня была аж такая брыдкая, а другое — росту яна была такоўскага, што сваім вострым падбародзьдзем упіралася Алесі ў плячо. Аднак Алесі не хацелася быць няветлаю, і яна, як магла, цярпела на плячы Княгініну галаву. — Гульня, здаецца, памалу разрухалася, — сказала яна, каб неяк падтрымаць размову. — Так, — пагадзілася Княгіня. — І тут мараль: “Каханьне — пачуцьцё, што ў рух прыводзіць зоры...” Заўвага — А нехта, помню, казаў, — прашаптала Алеся, — што нябесныя целы круцяцца, бо кожны сочыць за сваім носам і ня совае яго ў чужыя справы! — А няўжо ж! Гэта ж азначае ў прынцыпе тое самае, — сказала Княгіня і ўпілася барадою ў Алесіна плячо. — І тут мараль: дбай пра сэнс, а словы самі падбаюць пра сябе. “Да чаго ж некаторым людзям падабаецца ўсюды шукаць мараль!” — падумалася Алесі. — Ты, пэўна, думаеш, чаму я не абдыму цябе? — счакаўшы, запыталася Княгіня. — Рэч у тым, што я сумняюся ў нораве твайго флямінга. Але, можа, паспрабаваць? — Ён сапраўды можа скубануць! — папярэдзіла Алеся, якая зусім не хацела стаць абнятай. — Праўду кажаш! — заківала Княгіня. — Флямінга скубуцца ня горш за гарчыцу. І тут ізноў мараль: падобнае прыцягваецца да падобнага. Заўвага — Адно што гарчыца не падобная да флямінга, Заўвага — зазначыла Алеся. — Гарчыца ж ня птушка! — Ты, як заўсёды, праўду кажаш! — зноў заківала Княгіня. — Як ты добра ва ўсім разьбіраешся! — Па-мойму, гарчыца — гэта мінэрал, — працягвала разважаць Алеся. — А як жа ж, іменна мінэрал, — заківала Княгіня, гатовая пагадзіцца з усім, што казала Алеся. — У гары непадалёк адсюль ёсьць вялікае радовішча мінэральнае гарчыцы. І тут мараль: хай ты згары — такое жыцьцё. — Успомніла! — усклікнула Алеся, не зьвярнуўшы ўвагі на апошнюю выснову. — Гарчыца — гэта фрукт! Яна не зусім падобная да простае садавіны, але ўсё-ткі. — Твая праўда! Гарчыца — фрукт, і такі фрукт, што ого-го! — сказала Княгіня. — І тут мараль: заўжды будзь самім сабою. Альбо, калі перадаць гэтую самую думку прасьцей, ніколі не імкніся Заўвага здацца іншым, каб іншым не здалося, што тое, які ты быў альбо мусіў быў быць, было іншым, чым тое, які ты быў, іначай іншым здалося б, што ты быў іншы. — Я лепш зразумела б, — сказала Алеся вельмі ветла, — калі б запісала Вашыя словы. А то мне цяжкавата ўлавіць іх сэнс. — Гэта яшчэ што ў параўнаньні з тым, што я магла б выдаць, калі б яшчэ крыху падумала, — задаволена адказала Княгіня. — Прашу Вас, не абцяжвайце сябе яшчэ больш простай перадачай думкі, — узмалілася Алеся. — Пра якую цяжкасьць вы гаворыце! — замахала рукою Княгіня. — Усё, што я вам дагэтуль сказала, — гэта мой вам падарунак. “Нішто сабе падаруначак! — падумала Алеся. — Як добра, што людзі ня дораць адзін аднаму на дзень народзінаў такіх падарункаў!” Аднак паўтарыць гэта ўголас яна не насьмелілася. — Ты зноў задумалася? — пацікавілася Княгіня, упіваючыся ў Алесіна плячо востраю барадою. — Я маю права думаць столькі, колькі захачу, — адказала Алеся даволі рэзка, бо Княгіня ўжо пачынала ёй надакучваць. — Ты маеш такое ж права думаць, — заявіла Княгіня, — як сьвіньні лётаць, і тут ма-а... Але, на вялікае зьдзіўленьне Алесі, голас Княгіні перарваўся на пачатку яе ўлюбёнага слоўца “мараль”, а руку, якою яна трымалася за Алесін локаць, раптам узялі дрыжыкі. Алеся падняла вочы і ўбачыла, што перад імі, склаўшы рукі на грудзях і нахмурыўшы бровы, як хмара, стаіць Каралева. — Якая цудоўная пагода, Вашая Вялікасьць! — сказала Княгіня ціхім, слабым голасам. — Дык вось, з ласкі сваёй усялітасьцівай, папярэджваю, — закрычала Каралева і тупнула нагою, — альбо ты, альбо твая галава — адно з двух — павінны паляцець прэч. Зараз жа! Не, ні разу! Альбо цябе, альбо тваёй галавы тутака быць не павінна праз паўсэкунды! Выбірай! Княгіня выбрала й зараз жа зьнікла. — Працягваем гульню! — скамандавала Алесі Каралева. Алеся была занадта напалоханая, каб прамовіць хоць слова, і ціхутка пайшла сьледам да кракетнай пляцоўкі. Госьці, карыстаючыся з адсутнасьці гаспадыні, прыляглі адпачыць у цяньку. Але ўбачыўшы яе, умомант кінуліся на пляцоўку. Каралева тут жа абвясьціла, што той, хто забавіцца зь вяртаньнем у гульню, неўзабаве пазбавіцца жыцьця. Усю гульню Каралева няспынна сварылася з гульцамі і крычала: — Сьцяць яму галаву! Сьцяць ёй галаву! Асуджаных салдаты бралі пад варту. Ясная рэч, дзеля гэтага яны мусілі пакідаць поле, і за якія паўгадзіны на полі не засталося ніводнай брамкі, а ўсе гульцы, апрача Караля, Каралевы й Алесі, былі арыштаваныя ды чакалі сьмерці. Тады Каралева спынілася, задыханая, і сказала Алесі: — Ты ўжо бачыла Недачарапаху? — Не, — адказала Алеся. — Я нават ня ведаю, што гэта такое. — Гэта тое, з чаго робіцца Недачарапахавы Суп, Заўвага — патлумачыла Каралева. — Ніколі ня бачыла, нават ня чула, — паўтарыла Алеся. — То хадзем — пабачыш, — прапанавала Каралева, — і пачуеш яе гісторыю. Толькі яны адышліся, Алеся пачула, як Кароль ціхенька паведаміў усёй арыштанцкай партыі: — Вам усім дарована. “Ну во, гэта ўжо лепей!” — сказала сабе Алеся, бо яе вельмі маркоціла гэткая колькасьць сьмяротных прысудаў. Неўзабаве яны пабачылі Грыфона, Заўвага што драмаў на сонцы. (Калі вы ня ведаеце, як выглядае Грыфон, зірнеце на малюнак.) — Уставай, гультаіна, — сказала Каралева, — і завядзі гэтую юную лэдзі да Недачарапахі! Хай тая раскажа ёй сваю гісторыю. А я мушу вярнуцца і прасачыць за адсячэньнем парачкі гарачых галоваў. І пайшла, пакінуўшы Алесю з Грыфонам. Нельга сказаць, што Алеся прыйшла ў захапленьне ад выгляду гэтай істоты, але гэта, прынамсі, было бясьпечней, чым кампанія гняўлівай Каралевы. Алеся засталася. Грыфон узьняўся, сеў і прадзёр вочы. Потым паўзіраўся Каралеве ўсьлед, пакуль тая ня зьнікла, а тады зарагатаў. — Во дзе сьмехатура! — сказаў Грыфон ці то сабе, ці то Алесі. — Дзе сьмехатура? — спыталася тая. — Вунь дзе пайшла! — сказаў Грыфон. — Гэта ўсё адна сьмехатура. Яны ж ніколі нікога не караюць. Хадзем! “І кожны табе камандуе!.. “Хадзем”!.. — сама сабе думала Алеся, сунучыся памалу за Грыфонам. — Мне яшчэ ніколі ў жыцьці столькі не загадвалі, як тут!” Не прайшлі яны і трохі, як здалёк пабачылі Недачарапаху, што ў скрушнай самоце сядзела на скалістым беразе. А калі падышлі бліжэй, Алеся пачула, што тая ўздыхае так горка, што сэрца проста само разрывалася ад спачуваньня ёй. Алесі стала вельмі-вельмі шкада Недачарапахі. — Што ў яе за бяда? — спыталася яна ў Грыфона. І ён адказаў амаль тымі самымі словамі, якімі гаварыў пра каралеву: — Гэта ўсё сьмехатура. Якая бяда ў яе! Сьмех адзін! Хадзем! Яны падышлі да Недачарапахі, якая зірнула на іх вялікімі вачыма, поўнымі сьлёз, але нічога не сказала. — Гэтая во спадарычна, — сказаў Грыфон, — хоча паслухаць тваю гісторыю. Далібог! — Добра, раскажу, — азвалася Недачарапаха глыбокім, глухім голасам. — Сядайцеся — і ні слова, пакуль я ня скончу. Сеўшы, яны з добрую хвіліну маўчалі. “Не разумею, каля ж яна зьбіраецца скончыць, калі яна дагэтуль не пачала”, — падумала Алеся, але цярпліва чакала. — Некалі, — глыбока ўздыхнуўшы, сказала нарэшце Недачарапаха, — я была сапраўднаю Чарапахай. Пасьля гэтых словаў ізноў запанавала доўгая цішыня, перарываная рэдкімі Грыфонавымі ўскрыкамі (накшталт “Хгкррг!”) і няспынным румзаньнем Недачарапахі. Алеся ўжо зьбіралася ўзьняцца й сказаць: “Дзякуй вам, спадарыня, за вашую цікавую гісторыю”, — але ніяк не магла паверыць, што працягу ня будзе, таму й сядзела ціхенька. — Калі мы былі маленькія, — супакоіўшыся, загаварыла нарэшце Недачарапаха, хоць раз-пораз яшчэ шморгала носам, — мы хадзілі ў морскую школу. Настаўнікам быў адзін стары Чарапах, міжсобку мы называлі яго Гадам... — Чаму ж вы называлі яго Гадам, калі ён быў Чарапахам? — пацікавілася Алеся. — Мы называлі яго Гадам, бо мы былі ягоныя гадаванцы, — незадаволена патлумачыла Недачарапаха. — Але ж ты тупая, трэба сказаць! — Сорамна задаваць такія прымітыўныя пытаньні, — дадаў Грыфон. І жывёліны моўчкі так утаропіліся на бедную Алесю, што ёй захацелася скрозьдонна праваліцца. Нарэшце Грыфон сказаў Недачарапасе: — Давай далей, матухна! Не сядзець жа нам тут цэлы дзень! І тая зноў загаварыла: — Так, мы хадзілі ў морскую школу, хоць ты, можа, мне й ня верыш... — Я не казала, што ня веру Вам! — перабіла Алеся. — Ты мне ня верыш, — бубнела Недаарапаха. — Змоўкні! — цыкнуў Грыфон, перш чым Алеся здолела што адказаць. Недачарапаха працягвала. — У нас была найлепшая адукацыя — гэта праўда, бо мы хадзілі ў школу кожны Божы дзень... — Я таксама хад |